Гамілія на V Велікодную нядзелю, Год C

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Калі Юда выйшаў з вячэрніка, Езус сказаў: Цяпер услаўлены Сын Чалавечы, а Бог услаўлены ў Ім. Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго. Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі.

Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго.

Ян 13, 31–33а. 34–35

Запаведзь любові — дар дзеля паўнаты жыцця

У Евангеллі паводле Яна мы не знаходзім аповеду пра ўстанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі падчас Апошняй вячэры, затое менавіта з гэтай падзеяй евангеліст звязвае вельмі важную частку вучэння Пана. Разважанне над словамі, прамоўленымі Езусам непасрэдна перад Ягонай мукай, дазваляюць нам усё глыбей адкрываць значэнне тых знакаў, якія Хрыстус пакідае сваім вучням «на памяць пра Яго» (пар. Лк 22, 19). Яны з’яўляюцца неад’емнай часткай Новага Запавету, заключанага ў Крыві Сына Божага.

Як пры заключэнні запавету паміж Ягвэ і Ізраэлем на гары Сінай выбраны народ атрымаў збор Божых наказаў, так цяпер Хрыстус дае вернікам новую запаведзь: яна тлумачыць спосаб атрымаць спадчыну — быць спадкаемцамі вялікага Божага абяцання.

Слова «запаведзь» найхутчэй асацыюецца ў нас з нейкім юрыдычным кантэкстам: запаведзі з’яўляюцца часткай Закону — таго, што трэба выконваць, інакш будуць негатыўныя наступствы. Этымалогія грэчаскага слова ἐντολή дапамагае ў больш правільным святле ўспрымаць сэнс запаведзяў: яно паходзіць ад корня «мэта, канец» і азначае «тое, што вядзе да мэты».

Успомнім таксама, што больш дакладным тлумачэннем габрэйскага слова «Тора» з’яўляецца не «закон», а «вучэнне», таму і тут легалістычны кантэкст — не галоўны. У юдэйскай традыцыі з вялікай радасцю ў свята Пяцідзесятніцы адзначаецца дар Торы — крыніцы мудрасці, якая адрознівае Ізраэль ад іншых народаў (пар. Дрг 4, 6).

Такім чынам, у словах Езуса «новую запаведзь даю вам» гаворка менавіта пра дар, пра той бясцэнны сродак, які дазваляе нам жыць як спадкаемцам Божага абяцання: быць «Ягоным народам», а Ён будзе «Богам з імі», як кажа сённяшняе другое чытанне.

Любіць, як Езус — любіць, бо любімыя Езусам

«Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго»: вось новая запаведзь, якую дае Езус. Яе навізна не ў тым, што яна кажа пра любоў, бо добра ведаем, што ўжо ў Старым Запавеце існаваў наказ любіць Бога ўсёй сваёй істотай і бліжняга — як самога сябе (пар. Дрг 6, 5; Лев 19, 18).

Арыгінальнасць запаведзі Езуса ў тым, што ў яе фармуліроўцы Ён узгадвае сваю любоў да нас.

Хрыстус указвае на сябе самога як першы ўзор любові — і гэты ідэал, прызнаемся шчыра, можа выклікаць у нас вострае пачуццё неадэкватнасці, бо чалавеку вельмі складана сваімі высілкамі і стараннем падняцца на тую вяршыню самаадданасці, якую мы бачым у нашым Збаўцу. Таму злучнік «як», перш чым заклікаць нас да высокага ідэалу любові паводле прыкладу Хрыста, насамрэч запрашае нас спачатку ўбачыць, як моцна мы любімыя, якой вялікай любоўю палюбіў кожнага з нас Божы Сын. Калі мы не напоўнімся ўсведамленнем гэтай любові, не зможам любіць так, як вучыць нас Езус.

У «Духоўных практыкаваннях» святы Ігнацый Лаёла прапануе вернікам малітву, якую называе «Сузіраннем дзеля адшукання любові». У ім ён кажа па чарзе ўспомніць усе тыя праявы Божай любові, бенефіцыярам якой з’яўляецца кожны чалавек: дар жыцця як часткі прыгожай і велічнай справы стварэння; дар збаўлення і адкуплення (які ў пасхальнай літургіі Касцёла абвяшчаецца як яшчэ больш велічны, чым стварэнне); Божы высілак, падобны да высілку работніка, які стараецца і клапоціцца праз свой Провід пра кожную сваю істоту; Божую прысутнасць і дзейнасць праз іншыя стварэнні дзеля нашага дабра…

Толькі пасля такога малітоўнага сузірання святы Ігнацый кажа прынесці Богу сваю ахвяру жыцця, бо не насыціўшыся Божай любоўю, чалавек не ў стане сам любіць.

Нам варта прынамсі ў кароткай форме часта рабіць падобнае практыкаванне: «завастраць» свой позірк, каб напаўняцца любоўю, якая рухае сонцам, зоркамі і ўсім іншым, як кажа паэт Дантэ. Тады будзем здольныя самі дзейнічаць паводле натхнення Духа, які ёсць не чым іншым, як самой Любоўю.

Любоў чыніць усё новым

Запаведзь Езуса з’яўляецца «новай» і ў іншым сэнсе. Звяртаючыся да вобразаў сённяшняга чытання з кнігі Апакаліпсіса, можам сцвердзіць, што менавіта любоў — крыніца ўсялякай навізны: не той навізны, за якой ганяецца мода (і якая назаўтра губляе сваю свежасць), а той, што сапраўды абнаўляе чалавечае жыццё, перамяняе чалавека ў «новае стварэнне» (пар. 2 Кар 5, 17).

«Вось чыню ўсё новае», — кажа той, хто сваёй любоўю да канца перамог смерць.

У святкаванні юдэйскай Пасхі ёсць вельмі вымоўны звычай: пазбаўляцца старай закваскі. Апостал Павел, звяртаючыся да гэтага вобраза, кажа: «Будзем святкаваць не ў старой заквасцы, не ў заквасцы зла і подступу, але ў прэсным хлебе чыстасці і праўды» (1 Кар 5, 8). Святы Аўгустын, каментуючы навізну запаведзі Хрыста, кажа: «Любоў аднаўляе таго, хто слухае Пана… Любоў аднаўляе нас, каб мы былі новымі людзьмі, спадкаемцамі новага запавету, песнярамі новай песні».

Любоў — не толькі рамантыка

Святое Пісанне і хрысціянская традыцыя не абмяжоўвае разуменне любові цеснымі рамкамі рамантычнага захаплення, як гэта часта адбываецца ў поп-культуры. Нагадаем, што сённяшні евангельскі ўрывак знаходзіццца непасрэдна паміж раскрыццём здрады Юды і прадказаннем адрачэння Пятра. Акурат у гэтым кантэксце з вуснаў Езуса мы чуем словы пра праслаўленне Сына Чалавечага: праслаўленне Таго, хто здольны перамяніць здраду сябра — і ўсе нашыя здрады — у акт найвышэйшай праявы любові, якая не любіць за заслугу, а любіць, вяртаючы страчаную годнасць.

Менавіта так зло і смерць пераможаныя сілай любові.

«Трэба прайсці праз многія цярпенні, каб увайсці ў Божае Валадарства», — папярэджваюць Павел і Барнаба вернікаў першых хрысціянскіх супольнасцяў у чытанні з Дзеяў апосталаў. Гэта не пагроза, а вызнанне веры ў тое, што ўсе цяжкасці на шляху да Валадарства будуць пераадоленыя тымі, хто навучыўся любіць той любоўю, якой палюбіў іх Божы Сын.

Як вучні Езуса мы штодзённа знаходзімся ў «школе» Ягонай любові, і гэта найважнейшае наша «хатняе заданне». Няхай жа запаведзь любові сапраўды будзе найважнейшым прыярытэтам для нас — компасам, які ўказвае шлях да паўнаты жыцця. Амэн.

Віктар Жук SJ

Фота: кадр з серыялаThe Chosen