Гамілія на ХІХ звычайную нядзелю, Год С

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Езус сказаў сваім вучням: Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя, а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.

Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца, і пасадзіць іх і, падышоўшы, пачне служыць ім. І калі ў другую варту і ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх так, то шчаслівыя яны.

Езус сказаў сваім вучням: Ведайце ж, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.

Лк 12, 35–40

Чуваць у кожны час

Пра патрэбу чуваць мы звычайна чуем на пачатку і ў канцы літургічнага года, калі Касцёл праз слова Божае асаблівым чынам нагадвае нам пра мэту ўсёй гісторыі і кожнага чалавечага жыцця, якой з’яўляецца поўнае аб’яўленне Валадарства Нябеснага пасля Божага суда над усялякім стварэннем. Але і сёння, у сярэдзіне звычайнага літургічнага перыяду – і ў сярэдзіне Евангелля паводле Лукі, якое чытаем у нядзелі гэтага года – Пан Езус заклікае нас, сваіх вучняў, быць гатовымі ў кожны час да сустрэчы з Гаспадаром Сусвету. Таму мы павінны практыкавацца ў чуванні не толькі падчас Адвэнту, але быць уважлівымі і пільнымі заўсёды, каб не выпусціць з-пад увагі самае важнае ў нашым жыцці. 

Пастава чування неабходная ў першую чаргу для таго, каб сцерагчыся небяспекі зла і граху. “Будзьце цвярозымі, чувайце. Праціўнік ваш, д’ябал, як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці. Моцныя ў веры, станьце супраць яго”, вучыць апостал Пётр (1 П 5, 8-9).

Гэта зусім не пустая перасцярога для любога верніка, бо, на жаль, вакол нас – і ўнутры нас! – вельмі шмат спакусаў, якія прывабліваюць ілжывымі абяцаннямі прыемнасці і шчасця, а ў выніку знявольваюць чалавека і пакідаюць нас расчараванымі, разбітымі і аслабленымі.

Досыць успомніць нават толькі новыя формы залежнасцяў, звязаныя з сучаснымі тэхналогіямі і інтэрнэтам: парнаграфія, азарт, відэа-гульні… Але нават калі гаворка пра штосьці больш “нявіннае”, д’ябал ужо дасягае сваёй мэты, калі адцягвае нас ад таго, на чым нам трэба быць засяроджанымі. Таму варта заўсёды “духоўна практыкавацца”, перад Богам даследуючы сваё сумленне, думкі, словы і дзеянні, каб пазбаўляцца ад усялякай “закваскі граху” (пар. 1 Кар 5, 6) і браць прыклад з тых, хто годны наследавання. 

Божыя адведзіны

Быць уважлівымі і пільнымі значыць не толькі ў негатыўным сэнсе не паддавацца спакусам. Пан Езус кажа, што мы павінны быць гатовыя сустрэць Гаспадара нашага жыцця, які можа вярнуцца ў любы момант. Наша канчатковая сустрэча з Панам адбудзецца пасля заканчэння гэтай зямной вандроўкі, але на працягу жыцця – на працягу кожнага дня! – ёсць мноства момантаў, калі Ён “наведвае” нас і чакае нашага ўзаемадзеяння.

Пан прыходзіць да нас у нашым бліжнім (пачынаючы ад самых блізкіх), жадаючы крыху спагады, пяшчоты і любові; прыходзіць праз унутранае натхненне зрабіць добры ўчынак, перамагчы супраціў і страх, каб паспрабаваць штосьці новае, паверыць у свае здольнасці і зрабіць маленькі крок у вучобе ці праекце… Пан прыходзіць, заклікаючы актыўна ўдзельнічаць у жыцці Касцёла, супольнасці Ягоных вернікаў; запрашае нас да малітвы разам з іншымі сваімі дзецьмі не толькі ва ўласных намерах, але і за тых, хто сёння ў найбольшай патрэбе – ахвяраў вайны і насілля, каму мы часта не ў сілах дапамагчы акрамя як толькі гарачай просьбай да Бога… Наведвае нас, спасылаючы промень надзеі пасярод сітуацый, якія здаюцца безнадзейнымі і поўнымі паралізуючага жаху – “надзеі насуперак надзеі” (пар. Рым 4, 18), якая не мае ніякай лагічнай асновы… Праз мноства такіх штодзённых абставінаў наш Айцец хоча ўвайсці ў наша жыццё, і менавіта такія Божыя адведзіны нам трэба старацца не прапусціць. 

Як мы можам чуць і ведаць, што Пан такім чынам жадае нас сустрэць? – Праз веру. Сённяшняе другое чытанне нагадвае пра гэты дар, дадзены нам як “талент”, які мы павінны “пусціць у абыходак”.

Вера – гэта не штосьці статычнае, што, вобразна кажучы, як шафа стаіць у куце майго жыцця, а той асаблівы рэсурс, які дазваляе бачыць нябачнае і дзейнічаць, не маючы пераконваючых з чалавечага пункту гледжання гарантый.

Дзякуючы веры я бачу ў бліжнім твар Езуса, бо Хрыстус сам так сказаў; дзякуючы веры я магу ўспрымаць сваю працу і старанні не проста як пазбаўлены ўсялякай узнёсласці высілак, а як мой сціплы ўнёсак у будаванне Божага Валадарства. Дзякуючы веры я прымаю абяцанне, спаўненне якога буду доўга чакаць, але ведаю, што не буду асаромлены, бо атрымаў яго ад Стварыцеля ўсяго Сусвету. І, урэшце, дзякуючы веры я магу “быць на сувязі” з усемагутным Богам, які адначасова мой Тата: звяртацца да майго Нябеснага Айца, ведаючы, што Ён мяне чуе, і ўслухоўвацца ў Ягоны голас, які гучыць у Божым слове, у маім сумленні, у жыццёвых абставінах, заклікаючы да супрацоўніцтва з Ягонай усемагутнасцю. 

Усемагутны Пан, які мне служыць

Гаспадар, пра якога кажа Пан Езус у евангельскай прыпавесці, незвычайны: як дзіўна паводзіць Ён сябе са сваімі слугамі, калі, вярнуўшыся, знаходзіць іх у чуванні!

Замест таго, каб прымаць ад іх паслугу, Ён сам падпяразваецца і служыць ім!

І ў гэтым вобразе заключана эсхаталагічная рэчаіснасць – узнагарода, якая нас чакае, калі сустрэнемся з Айцом у вечнасці, але таксама і ўсе тыя шматлікія праявы Божай любові і пяшчоты, якія знаходзім у нашай штодзённасці – і якія нам варта старацца не прамінаць, каб адкрывацца на яшчэ больш шчодрыя Ягоныя дары.

Часам мы надта нясмела прымаем Божы клопат, недастаткова давяраючы міласэрнасці Айца і больш засяроджваючыся на ўласнай нявартасці. Але наш Пан менавіта такі: так, Ён заклікае нас служыць Яму, працаваць у гэтым свеце дзеля будавання Ягонага Валадарства любові, супакою і справядлівасці, але ў непараўнальна большай меры Ён сам служыць нам, сваім дзецям, вучням і супрацоўнікам, няспынна выходзячы нам насустрач сваім Провідам у радаснай і пяшчотнай міласэрнасці. Няхай Пан сёння дапаможа нам праз веру адчуць свой любячы клопат і натхніць нас шчодра адказваць Яму ў любові. Амэн. 

Віктар Жук SJ