Вядома, можна проста прытрымлівацца першапачатковага пяцікрокавага рахунку, які прадставіў святы Ігнацый. Аднак калі крыху змяняць пытанні для разважанняў, то вы заўважыце, што ў вашым рахунку сумлення будзе больш навізны і спантаннасці. Канчатковая мэта адна: перажыць сустрэчу з Богам у штодзённасці, у знешніх падзеях і ў тым, што адбываецца ў глыбіні сэрца. У сённяшнім рахунку сумлення мы засяродзімся на пачуццях. 

Каб з засяроджанасцю ўвайсці ў малітву, спачатку знаходжу зручную паставу цела, стараюся суцішыцца і супакоіцца… Усведамляю свае фізічныя адчуванні, адпускаю напружанне, адзначаю пачуцці, з якімі цяпер стаю перад Богам: можа, гэта радасць, цікаўнасць? А можа, сум, знеахвочанасць, трывога…

Нагадаю сабе, што ў гэты момант Бог, мой Сябра, мой найбліжэйшы Спадарожнік, глядзіць на мяне з бязмернай любоўю…

У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн

  1. Успомню і падзякую за два або тры дары, атрыманыя сёння ад Бога. Гэта можа быць штосьці значнае… ці дробязь, аб якой ведаю толькі я і Ён…
  2. Пане, Божа мой, прашу, будзь са мной падчас сёняшняга рахунку сумлення. Дай мне святло Твайго Духа, каб заўважыць свае пачуцці і эмоцыі. Сагрэй мяне сваёй любоўю, прагані трывогу і напоўні даверам, каб у Тваіх абдымках мне адкрылася праўда пра сябе, і я здолеў прыняць сябе з усім тым, што ўва мне ёсць.
  3. Цяпер разам з Богам гляджу, як на працягу дня змяняўся мой эмацыйны стан.
    Якія пачуцці ахапілі мяне адразу пасля абуджэння? Ці памятаю сваю першую думку і след, які яна пакінула ўва мне…
    Убачыўшы сябе ў люстэрку, ці адчуў радасць, удзячнасць за сябе?
    Ранішняя малітва… Якія пачуцці ажываюць цяпер, калі я ўспамінаю яе? Радасць ад сустрэчы з Панам? Якімі думкамі, вобразамі, адчуваннямі Ён дакрануўся да мяне? Ці, можа, сёння была толькі сухасць, нуда, пустка?
    З якімі пачуццямі я ўзяўся за працу? Са спакойнай душой, свабодна і энергічна? А, можа, з унутранай нязгодай, неахвотна, стомлена?.. Якія пачуцці суправаджалі мяне ў дарозе? У вольны час?..
    Узгадаю сустрэчы і размовы гэтага дня, асаблівую ўвагу звяртаючы на свае першыя эмоцыі пры сустрэчы, рэакцыі, словы, сказаныя ў адказ… Ці былі там любоў, свабода, цікаўнасць, ці, можа, нейкая горыч, злосць, гнеў, страх… Мімалётныя пачуцці я толькі адзначаю і іду далей, затрымліваючыся на больш моцных і трывалых. Якія з іх засталіся дагэтуль?..
  4. Звяртаюся да Пана, распавядаючы Яму пра змены свайго настрою, пра ўсё, што ажыло падчас гэтага прагляду пачуццяў… Называю самыя моцныя пачуцці Пану і прашу, каб Ён паказаў мне, ці паходзілі яны ад добрага духа? Ці вялі да ўзрастання ў веры, надзеі, любові? А можа, ад духа, які супрацьстаіць Богу? Духа, які кіруе мяне не да свабоды дзіцяці Божага, а на дрэнныя шляхі, да нізкіх думак, прыземленых жаданняў, ганебных залежнасцяў?
  5. Выбіраю найбольш выразнае і глыбокае пачуццё сённяшняга дня… і ў Божай прысутнасці ўспамінаю свае рэакцыі на гэтае пачуццё ў розны час дня. Які ўплыў яно аказала на мяне? Ці была мая рэакцыя вынікам свядомага рашэння, ці я дазволіў гэтаму пачуццю вызначаць тое, як я думаю, гавару і дзейнічаю на працягу дня?
  6. Паразмаўляю з Богам пра тое, што мне адкрылася ў гэтым праглядзе дня. Дзякую Яму за выпадкі, калі мае думкі, словы і ўчынкі адпавядалі майму хрысціянскаму пакліканню, і прашу прабачэння, калі сталася інакш.
  7. Ведаючы, што кантраляваць свае пачуцці я магу толькі часткова, падумаю цяпер, якія эмоцыі я хацеў бы адчуваць заўтра. Калі б можна было выбраць толькі адну, то якую? Радасць? Спакой? Любоў? Мужнасць? Удзячнасць? Выбіраю адно з пажаданых пачуццяў і ўяўляю, што яно будзе суправаджаць мяне заўтра ўвесь дзень…

Малюся. Пане, заўтра дай мне Сваю ласку адкрыцца на пачуццё, аб якім прашу, а таксама дай мне мудрасць і здольнасць выкарыстаць яго добра…

Хвала Айцу…

У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.

Паводле кнігі а. Марка Цібадо SJ «Reimagining the Ignatian Examen» («Пераасэнсаванне ігнацыянскага рахунку сумлення»)

Фота: Янез Север SJ