Гамілія на ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара cусвету, Год С

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

 А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!» Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: «Калі Ты кароль юдэйскі, уратуй сябе!»

І быў над Ім надпіс: «Гэта кароль юдэйскі».

Адзін з павешаных на крыжы злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці Ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за нашыя ўчынкі. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». А Езус адказаў яму: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».

Лк 23, 35–43

Укрыжаваны Валадар і валадары зямныя

Калі сённяшняя ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, была ўстаноўлена Папам Піем ХІ у 1925 годзе, у турбулентную эпоху ХХ стагоддзя, у якую нарастала супрацьстаянне паміж рознымі палітычнымі ідэалогіямі, яна павінна была стаць напамінам кожнай чалавечай уладзе пра яе канчатковы сэнс і крытэрый ацэнкі ў святле Божага аб’яўлення.

У першым чытанні са Старога Запавету, якое распавядае пра пачатак валадарання Давіда над усім Ізраэлем, старэйшыны агучваюць заданне, ускладзенае Панам на Ягонага абранніка: «пасвіць народ Мой Ізраэля». У адрозненне ад тых злоўжыванняў уладай, жудасныя наступствы якіх мы бачым сёння ў выглядзе вайны і насілля, абавязак пастыра-караля, паводле Божага наказу, заключаецца ў руплівым клопаце пра статак у супакоі і справядлівасці. Найвышэйшым прыкладам такой любові да тых, хто Яму даручаны, з’яўляецца Хрыстус — Добры Пастыр, які «аддае жыццё сваё за авечак» (Ян 10, 11). Менавіта гэтае прароцтва Езуса, які стаў ахвярай інтрыгаў моцных гэтага свету, здзяйсняецца ў сённяшнім Евангеллі.

Хрыстус — Укрыжаваны Валадар усяго сусвету, супрацьлегласць зямных каралёў, якія імкнуцца даць доказ сваёй велічы бляскам багацця і ваеннай моцы.

Ягоны трон — крыж, з вышыні якога Ён распасцёртымі рукамі абдыме ўсю гісторыю загубленага чалавецтва і кожную ахвяру граху і зла. Менавіта такім чынам аб’явіцца найвышэйшая ўлада: усемагутнасць любові, якая не адказвае злом на зло, а праз прабачэнне вяртае страчаную праз грэх годнасць.

Да абавязкаў караля належыць бараніць сваіх падданых ад пагрозаў і перамагаць ворагаў. Там, на крыжы, адбываецца самая вялікая перамога ў гісторыі: перамога над смерцю, бо Езус, Умілаваны Айца, — адзіны, хто можа даць і выканаць абяцанне: «Сёння будзеш са Мной у раі».

Пасярод двух злачынцаў

Тройчы ў Евангеллі гучыць у бок Езуса насмешлівы заклік: «Уратуй сябе, калі Ты — Месія!» У арыгінале тут той самы дзеяслоў, што азначае «збавіць». Адзін са злачынцаў дадае да гэтых словаў: «Уратуй сябе і нас».

Напэўна, нам не хацелася б у гэтым чалавеку, асуджаным на смерць за злачынства, убачыць саміх сябе, але калі шчыра прыслухаемся да нашых думак, магчыма, пачуем там падобны заклік: «Калі Ты сапраўды ўсемагутны, калі Ты здольны чыніць цуды, чаму ў маім жыцці ці тых, хто мне дарагі, ёсць боль і цярпенне? Ці Ты не можаш нас уратаваць ад гэтага? Ці я штосьці раблю не так? Чаму мне не шчасціць? Чым я гэта заслужыў?..»

Прызнаемся, што рэлігія, вера ў нашым разуменні павінна прынесці шчасце, даць нам задавальненне ад жыцця, уратаваць ад няшчасця. І ў пэўным сэнсе гэта праўда, але залежыць ад таго, што мы бачым як сваю мэту, як крыніцу задавальнення, а што — як пагрозу. Унутры нас ёсць тая частка, якая патрабуе ад Бога паратунку, дабрабыту ў гэтым свеце, як гэта робіць першы злачынец разам з тымі, хто выдаў Езуса на смерць. Аднак калі мы сузіраем нашага Збаўцу на крыжы, калі чуем Ягонае маўчанне ў адказ на заклік сысці з крыжа, пачынаем разумець, што Ягонае збаўленне — штосьці іншае, чым задавальненне нашых чаканняў, надта засяроджаных на нас саміх.

Менавіта праз тое, што Езус не ратуе сябе, Ён здольны прынесці збаўленне ўсім, пачынаючы ад другога злачынцы, які выбірае не кпіць з Яго, а верыць у будучае Валадарства.

«Сёння будзеш са Мной у раі»: у гэтым абяцанні «са Мной» і «ў раі» — гэта сінонімы, выразы, якія азначаюць адно і тое ж. Быць з Езусам, спасцігнуць глыбіню Ягонай любові, якая пашырае наш гарызонт па-за мяжы зямнога існавання, якая вызваляе ад страху і нясталай засяроджанасці на сабе і на сваёй бяспецы, — вось наш рай, які нам даступны праз веру ў Божага Сына ўжо тут, у гэтым жыцці.

Улада ў нашых руках

Калі мы такім чынам зразумеем сэнс валадарання нашага Караля-Збаўцы, Уваскрослага і вечна жывога Пана, у якім «было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае» (гл. другое чытанне), тады самі зможам правільна карыстацца уладай, дадзенай кожнаму з нас, незалежна ад таго, ці з’яўляецца хтосьці топ-менеджарам, дзяржаўным служачым, ці проста мамай альбо татам. Кожны з нас мае магчымасць і свабоду, каб паўплываць на жыццё іншай асобы, каб аднесціся да бліжняга з дабрынёй, пашанай і любоўю, каб падзяліцца сведчаннем веры і надзеі.

Перад тым, як узнесціся на неба, Езус кажа: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі» (Мц 28, 18), але таксама абяцае вучням, што яны «апрануцца ў моц з вышыні» (пар. Лк 24, 49), калі на ніх сыдзе Дух Святы.

Езус жадае дзяліцца сваёй жыццядайнай уладай з намі, спасылаючы Духа — адпаведна той меры, у якой мы адкрытыя і гатовыя Яго прыняць.

Адкрыем жа сёння нашыя сэрцы на дар Духа, каб быць сведкамі і пасрэднікамі Божага валадарання — «валадарства праўды і жыцця, святасці і ласкі, справядлівасці, любові і супакою» (гл. Прэфацыя на ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету). Амэн.

Віктар Жук SJ