У свята Святой Сям’і, 30 снежня, дзеці парафіі св. Уладзіслава сыгралі ў батлейцы – традыцыйным спектаклі, у якім апавядаецца пра радасную падзею Нараджэння Божага Сына ў нашым свеце. Адметнай рысай сюжэту батлейкі было спалучэнне гістарычных абставінаў, пра якія даведваемся з Евангелля, і сённяшняй рэчаіснасці: героі сцвердзілі, што цяпер увесь свет – гэта яслі для Езуса, бо Ён хоча нарадзіцца паўсюль, дзе жывуць людзі; зорка, якая вядзе да ясляў – гэта Слова пра любоў Божую, што паказвае нам шлях да Збавіцеля.

Маляўнічыя строі юных акцёраў былі падрыхтаваныя супольным высілкам дарослых парафіянаў на чале з с. Серафінай, катэхеткай. Акрамя акцёрскага таленту, удзельнікі батлейкі наблізілі прысутным атмасферу Раства пры дапамозе спеваў і танцаў.