Цыкл катэхез аб распазнаванні працягваецца тэмай пакінутасці, станам, у якім мы адчуваем унутраную цемру, неспакой і аддаленасць ад Бога, ад суцяшэння, якое дае вера. Для нашага духоўнага росту важна сутыкнуцца з гэтымі цёмнымі начамі душы і распазнаць, што Пан праз іх хоча нам сказаць. Часам пакінутасць можа азначаць заклік прызнаць сваю грахоўнасць і прыняць Божую прапанову любові і прабачэння. Святы Тамаш кажа, што душа, як і цела, можа адчуваць боль, які прымушае нас усведамляць пагрозу духоўнаму здароўю. У іншы час досвед пакінутасці можа быць спакусай паслаблення малітвы і дысцыпліны хрысціянскага жыцця. І тут выбітныя духоўныя настаўнікі заклікаюць нас не паддавацца гэтай спакусе, але вытрываць, ведаючы, што праз гэтае выпрабаванне Пан прывядзе нас да большага разумення Ягонага міласэрнага плана для нашага жыцця і да больш глыбокай еднасці з Ім у веры, надзеі і любові.

Распазнаванне, як мы заўважылі цягам папярэдніх катэхез, не з’яўляецца ў першую чаргу лагічнай працэдурай. Яно абапіраецца на дзеянні, афектыўнае адценне каторых варта ўсведамляць, бо так Бог прамаўляе да сэрца. Таму звернемся да першага афектыўнага стану, прадмету распазнавання: пакінутасці. Што гэта значыць?

Вызначэнне пакінутасці: “Зацямненне душы, хваляванне ў ёй, схільнасць да рэчаў нізкіх і зямных, неспакой з-за розных імпульсаў і спакус, якія вядуць да нявер’я, [стан] без надзеі, без любові; калі чалавек адчувае сябе абыякавым, астылым, сумным і нібы адлучаным ад свайго Творцы і Пана” (св. Ігнацый Лаёла, Духоўныя практыкаванні, 317). Мы ўсе мелі падобны досвед. Я думаю, што так ці інакш кожны адчуваў сябе пакінутым. Праблема ў тым, як гэты стан інтэрпрэтаваць, бо пакінутасць можа сказаць нам нешта важнае, а калі мы спяшаемся вызваліцца ад яе, то рызыкуем не пачуць гэтага.

Ніхто не хоча быць пакінутым, сумным: гэта праўда. Мы ўсе хочам жыць заўсёды радасна, вясёла і насычана. Тым не менш, акрамя таго, што гэта немагчыма – а гэта немагчыма – не было б гэта для нас і карысным. На самай справе, адвярнуцца ад заганнага жыцця можа дапамагчы менавіта стан смутку, раскаяння за ўчыненае зло. Этымалогія слова “раскаянне” вельмі прыгожая: згрызоты сумлення, знаёмыя ўсім нам. Раскаянне: літаральна, гэта сумленне, якое грызе [па-італьянску, mordere], якое не дае спакою. Алесандра Манцоні ў “Заручаных” даў нам цудоўнае апісанне раскаяння як магчымасці змяніць сваё жыццё. Гэта знакаміты дыялог паміж кардыналам Федэрыка Барамеа і Неназваным, які пасля жудаснай ночы прыходзіць, знясілены, да кардынала, і той звяртаецца да яго з дзіўнымі словамі: “У цябе ёсць для мяне добрыя навіны; чаму ты саромеешся іх распавесці?” “Добрыя навіны? – кажа другі. – У мяне на душы пекла […]. Скажы мне, скажы, калі ведаеш, якой добрай навіны чакаць ад такога, як я”. “Той, што Бог дакрануўся да твайго сэрца і прыцягвае да Сябе”, – спакойна адказаў кардынал (раздзел 23). Бог дакранаецца да сэрца, і ты нешта адчуваеш унутры: сум, раскаянне ў нечым, і гэта з’яўляецца запрашэннем выйсці на новы шлях. Чалавек Божы ўмее заўважаць рухі глыбока ў сэрцы.

Малюнак з кнігі “Заручаныя”, раздзел 23 (Крыніца: Wikimedia Commons)

Важна навучыцца чытаць сум. Усе мы ведаем, што такое сум: кожны з нас. Але ці ведаем, як разумець яго сэнс? Ці ведаем, што ён значыць для мяне сёння? У наш час смутак у асноўным успрымаецца негатыўна, як хвароба, якой трэба пазбягаць любой цаной. А ён можа быць незаменным трывожным званочкам для жыцця, запрашаючы нас даследаваць багацейшыя і ўрадлівейшыя ландшафты, куды мімалётнасць і эскапізм не даюць трапіць. Святы Тамаш вызначае смутак як боль душы. Падобна нервам у целе, ён скіроўвае нашую ўвагу на магчымую небяспеку або занядбанае дабро (пар. Summa Theologica I-II, q. 36, a.1). Таму для здароўя ён незаменны, бароніць нас ад прычынення шкоды сабе і іншым. Куды больш сур’ёзна і небяспечна было б не адчуваць яго і ісці наперад. Часам смутак працуе як святлафор: “Стоп, стоп! Тут чырвонае. Стоп”.

Для тых жа, хто мае жаданне чыніць дабро, смутак з’яўляецца перашкодай, якой спакушальнік спрабуе знеахвоціць нас. У такім выпадку чалавек павінен дзейнічаць цалкам насуперак гэтай прапанове і з рашучасцю працягваць тое, што меўся рабіць (пар. Духоўныя практыкаванні, 318). Падумаем пра вучобу, працу, малітву, узятыя на сябе абавязацельствы: калі б мы пакінулі іх, як толькі адчулі нуду ці сум, то ніколі нічога не скончылі б. Гэта спраўджваецца і ў духоўным жыцці: дарога да дабра, як нагадвае Евангелле, вузкая і цяжкая, яна патрабуе барацьбы, пераадолення сябе. Ледзь пачынаю маліцца ці прысвячаю сябе добрай справе, – і, як ні дзіўна, адразу ў галаву прыходзяць рэчы, якія трэба тэрмінова зрабіць – абы не маліцца і не рабіць добрых спраў. Так бывае з усімі. Важна, каб чалавек, які хоча служыць Пану, не збіўся са шляху з прычыны пакінутасці і думак кшталту: “Але не, я не хачу, гэта сумна…” – будзь уважлівы. На жаль, некаторыя людзі вырашаюць адмовіцца ад малітоўнага жыцця альбо зробленага выбару, ад сужэнства ці манаства, пад уплывам пакінутасці, не затрымаўшыся, каб разважыць гэты стан душы, і асабліва без дапамогі разумнага дарадцы. Мудрае правіла кажа, што не трэба змяняць рашэнні, апынуўшыся ў стане пакінутасці. Пасля будзе лепшы час, чым гэты хвілінны настрой, які пакажа, ці добрым быў наш выбар.

Цікава адзначыць, што ў Евангеллі Езус адхіляе спакусы з рашучасцю (пар. Мц 3, 14-15; 4, 1-11; 16; 21-23). Выпрабаванні атачаюць з усіх бакоў, аднак заўсёды, сутыкаючыся з Ягонай цвёрдасцю, гатоўнасцю выконваць волю Айца, церпяць паразу і перастаюць замінаць на шляху. У духоўным жыцці выпрабаванне з’яўляецца важным момантам, пра што выразна нагадвае Біблія, кажучы: “Калі збіраешся служыць Пану, падрыхтуй сваю душу да выпрабавання” (Сір 2, 1). Калі хочаш пайсці добрым шляхам, рыхтуйся: будуць перашкоды, будуць спакусы, будуць хвіліны смутку. Можам параўнаць гэта з тым, як прафесар апытвае студэнта. Калі ён бачыць, што студэнт ведае асновы прадмета, то не настойвае: тэст залічаны. Але студэнт павінен прайсці выпрабаванне.

Калі здолеем перажыць адзіноту і пакінутасць з адкрытасцю і ўважлівасцю, то станем мацнейшымі ў чалавечым і духоўным плане. Ніводнае выпрабаванне не пераўзыходзіць нашыя магчымасці, ніводнае не будзе большым за тое, што мы ў стане зрабіць. Але не ўцякай ад выпрабаванняў: паглядзі, што гэты “тэст”значыць? Што значыць мой сум: чаму мне смутна? Што значыць пакінутасць, у якой я цяпер знаходжуся? Чаму ў пакінутасці я не магу рухацца далей? Святы Павел нагадвае нам, што нікога не выпрабоўваюць звыш сіл, бо Пан ніколі не пакідае нас, і побач з Ім мы можам перамагчы любую спакусу (пар. 1 Кар 10, 13). І калі не пераможам сёння, устанем яшчэ раз, працягнем шлях і пераможам заўтра. Але мы не павінны заставацца мёртвымі, так бы мовіць, не павінны заставацца пераможанымі хвілінамі смутку, пакінутасці: хадзем наперад. Няхай Пан благаславіць вас на гэтым шляху – адважным шляху! – духоўнага жыцця, які заўсёды з’яўляецца падарожжам.

Папа Францішак. Генеральная аўдыенцыя, 26 кастрычніка 2022г.

Крыніца: https://www.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2022/documents/20221026-udienza-generale.html

Галоўная выява: Папа Францішак на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане 26 кастрычніка 2022 г. (Крыніца: vatican.va).