Гамілія на XVI звычайную нядзелю, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці Прарокаў. Не адмяніць прыйшоў Я, а выканаць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не міне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не зменіцца ў Законе, пакуль не збудзецца ўсё. Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным.

Бо кажу вам, калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

Вы чулі, што было сказана продкам: “Не забівай”, а хто заб’е, падлягае суду. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду. Хто ж скажа брату свайму “рака”, падлягае Сінэдрыёну, а хто скажа “неразумны”, падлягае геене вогненнай. Таму, калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі свой дар. Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слугу, і каб не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош.

Вы чулі, што сказана: “Не чужалож”. 28А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сваім сэрцы. Калі правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё будзе кінута ў геену. І калі правая рука твая  спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё пойдзе ў геену. Сказана: “Калі хто адпускае жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст”. А Я кажу вам: кожны, хто развядзецца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да чужалоства, а хто ажэніцца з разведзенаю, той чужаложыць.

Вы чулі, што сказана было продкам: “Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае”. А Я кажу вам: не прысягайце наогул: ні небам, бо гэта пасад Божы; 35ні зямлёю, бо гэта падножжа ног Ягоных; ні Ерузалемам, бо гэта горад вялікага Караля. Ні галавою сваёй не прысягай, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым або чорным. Няхай будзе слова вашае “тактак”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога.

Мц 5, 17-37

Новая праведнасць Новага Запавету

Сённяшні евангельскі ўрывак — працяг Казання на гары паводле Мацвея. Пан Езус абвяшчае «новыя стандарты» праведнасці для тых, хто жадае ўвайсці ў новы Запавет з Богам — Запавет у целе і крыві, у чалавечнасці Божага Сына.

Адначасова наш Настаўнік сцвярджае, што Ён не адмяняе Закон, які быў падставай першага Запавета Бога з Ізраэлем. Гэты Закон (альбо больш дакладна ў перакладзе з габрэйскага арыгінала «вучэнне») быў «рэцэптам свабоды» для выбранага народу, які выйшаў з Егіпта — зямлі няволі, але павінен быў навучыцца абараняць іншую свабоду — свабоду ад зла і граху; свабоду, якая дазваляе чыніць дабро і любіць. Прававерныя габрэі добра разумелі, што на гэтым шляху свабоды ім патрэбна вельмі дакладная інструкцыя і ўсведамлялі той вялікі дар, які атрымалі ад Бога. Юдэі з вялікай радасцю адзначалі гэты дар, святкуючы Пяцідзесятніцу — «свята тыдняў». Сённяшні рэспансарыйны псальм — частка найдаўжэйшага 119-а псальма, у якім у кожным другім радку паўтараецца сінонім выразу «Закон»: «наказы, пастановы, прысуды, словы…»

Езус кажа, што Яго мэта — не скасаваць Закон, а выканаць, інакш кажучы — раскрыць яго сутнасць і давесці да паўнаты.

Гаворка не проста пра знешнія дзеянні, але пра тое, каб Божыя наказы (альбо «словы», як у Бібліі названы Дэкалог — Дзесяць запаведзяў) перамянялі ўсю сутнасць чалавека, ягонае сэрца. Зрэшты, калі ў адносінах партнёры захоўваюць толькі нейкія «знешнія рамкі», але паміж імі няма больш глыбокай еднасці, ці можна лічыць такія адносіны сапраўднымі і трывалымі?

Таму прарокі — і Езус следам за імі — засмучаліся з прычыны таго, што народ Ізраэля часта толькі павярхоўна захоўваў запісаныя наказы і традыцыі, але не звяртаўся да Бога ўсім сэрцам. Ерамія прадказвае, што прыйдзе эпоха «новага запавету», які будзе запісаны не на знешніх носьбітах, а ў самым сэрцы чалавека (пар. Ер 31, 31–33).

Глядзець углыб

Частка Казання на гары, якую чуем сёння, датычыцца некалькіх вымярэнняў людскіх узаемадносінаў: па-першае, каштоўнасці жыцця і годнасці бліжняга; па-другое, стаўлення да цела свайго і іншай асобы, а таксама сутнасці адносінаў паміж жанчынай і мужчынам, і па-трэцяе, значэння прысягі і вагі нашых словаў.

Езус запрашае нас адсачыць сваю рэакцыю на іншых асоб: можа, нечыя адрозненні ад нас, альбо нават аб’ектыўныя недахопы і памылкі, якія нясуць шкоду нам ці іншым, выклікаюць у нас злосць і жаданне пакараць ці нават пазбавіцца «раз і назаўсёды» ад іх? Словы, якія вылятаюць з вуснаў у момант канфлікту, могуць глыбока раніць — а ў некаторых крайніх выпадках даслоўна забіваць, напрыклад, прывесці да самазабойства.

Ці, гледзячы на асобу супрацьлеглага полу, у сваіх думках і фантазіях не разглядаю яе як рэч, якой хачу валодаць і маніпуляваць дзеля ўласнай прыемнасці і задавальнення — не толькі сексуальнага? Наша культура прасякнута такім стаўленнем да чалавечага цела, дзе яно разглядаецца як інструмент для атрымання асалоды, фактычна робячы нас залежнымі ад мноства рэчываў, прадметаў і звычак — і ў першую чаргу ад уласнага «эга», якое з’яўляецца супрацьлегласцю нашай сапраўднай сутнасці дзяцей Божых, створаных для камуніі і любові.

Урэшце, настаўленне наконт прысягі закранае больш шырокае пытанне адносна таго, чаму служаць нашыя словы: жаданню будаваць жыццё па-свойму, спрабуючы «змусіць» Бога быць гарантам нашых планаў, ці пакорліваму пошуку праўды і Божай волі?..

Закон ці ласка?

Калі мы сур’ёзна ўспрымаем той новы «стандарт праведнасці», пра які кажа Езус, можам жахнуцца ад усведамлення таго, як далёка нам да ідэалу, і нават не спрабаваць штосьці рабіць з гэтай дыстанцыяй, бо шлях здаецца немагчымым. Тут нам патрэбна «навяртанне» (перамяненне) перш за ўсё нашага разумення самой сутнасці закліку, які да нас, сваіх вучняў, скіроўвае Пан. «Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста», — сцвярджае Ян на пачатку свайго Евангелля (Ян 1, 17).

Насамрэч, як ужо было сказана раней і як напісана тым жа Янам, Закон быў «ласкай», якая папярэджвала іншы дар Айца (пар. Ян 1, 16), самы вялікі магчымы дар — Божага Сына, які стаў нашым Братам і праз якога нам спасланы Дух Святы — Суцяшыцель.

Без жывой і любячай прысутнасці Бога, адзінага ў Тройцы, любы наказ будзе не крыніцай свабоды для чалавека, а халоднай і мёртвай літарай, якая не закранае сэрца.

Так, у нашых сэрцах яшчэ столькі цемры, пажадлівасці, злосці, эгаізму, якія адбіраюць нашу свабоду і перашкаджаюць жыць з бліжнімі як з братамі і сёстрамі, але з усім гэтым у поўнай шчырасці мы можам прыйсці да любячага Бога, каб зноў і зноў прасіць аб ласцы вызвалення, аб ласцы ачышчэння праз Кроў Адзінароднага, пралітую дзеля таго, каб мы жылі новым жыццём. Нашая камунія з Ім робіць нас усё больш удзельнікамі Новага і вечнага Запавету Ягонай любові да нас. Амэн.

Віктар Жук SJ