Запрашаем прыняць удзел у велікапосных анлайн рэкалекцыях “Шлях праслаўлення”. Суправаджаць нас на гэтым шляху сваімі штодзённымі разважаннямі будзе айцец Міхайла Станчышын SJсвятар-езуіт, бірытуаліст (які служыць у двух абрадах), кандыдат тэалагічных навук, дацэнт кафедры экуменічнага і дагматычнага багаслоўя Тэалагічнага інстытута ім. св. Я. Більчэўскага. Праводзіць класічныя (8-дзённыя) ігнацыянскія духоўныя практыкаванні (рэкалекцыі) ва Украіне і за яе межамі, з’яўляецца сузаснавальнікам Школы духоўнага суправаджэння “Єлеазар”, кіраўніком Школы ігнацыянскага духоўнага суправаджэння “Ініго”, духоўна суправаджае кансэкраваных асоб, а таксама Супольнасць Маці-Апосталак (МА) ва Украіне.

Падчас гэтых рэкалекцый на кожны дзень Вялікага посту прапануецца ўрывак Святога Пісання, разважанне, малітва і заклік да асаблівага праслаўлення Пана за Яго любоў і дары. Мы дадалі таксама аўдыёфайлы, каб змест можна было не толькі прачытаць, але і паслухаць. З украінскай мовы тэксты пераклала і апрацавала Тэрэса Клімовіч.

Уступнае слова айца Міхайлы Станчышына: 

“Шукаць і знаходзіць Бога ва ўсім” (св. Ігнацый Лаёла). Дарагія і Богам умілаваныя браты і сёстры Беларусы! Шчыра зычу вам плённых рэкалекцый! Час рэкалекцый – гэта заўсёды час пошуку Бога. Добрыя рэкалекцыі – гэта ў першую чаргу сустрэча з асобай жывога Бога, які прыходзіць у тваё жыццё. Мэта рэкалекцый – знайсці абдымкі Бога! Рэкалекцыі даюць нагоду для распазнавання Яго прысутнасці і дзеяння ў гісторыі твайго жыцця. Бог прыходзіць сёння, каб дакрануцца да твайго сэрца і напоўніць яго паўнатою радасці і любові. “Бог ёсць любоў” (1 Ян 4, 18). 

Пачатак

Існуе багата шляхоў для плённага перажывання Вялікага посту. Вельмі часта для сярэднестатыстычнага хрысціяніна пост становіцца цялеснай практыкай адмаўлення ад нечага, але без дакладнага вызначэння мэты і глыбейшага разумення сэнсу. У Вялікім посце можна цалкам адмовіцца ад нейкай ежы, а можна абраць іншы шлях – толькі крыху абмежаваць сябе, захоўваючы вялікую ўдзячнасць за дар ежы, і гэта прынясе большы плён! Уяві, што ты адмаўляешся, але за ўсё дзякуеш, дзякуеш усім сэрцам: за кожны кавалак смачна прыгатаванага мяса, за хлеб ці нават глыбок вады… Удзячнасць і ёсць малітвай, праслаўленнем!

Вялікі пост – гэта запрашэнне і магчымасць духоўнага абнаўлення, рэформы жыцця. Вялікі пост можа стаць часам вялікіх рэкалекцый. Гэты час не абавязкова патрабуе вялікіх рашэнняў, але ён, безумоўна, азначае большыя намаганні і дае магчымасці для вялікіх перамен у жыцці, асабліва ў адносінах з Богам, бліжнім і самім сабой. 

Вялікі пост – гэта перадусім твая адкрытасць на вялікую справу Бога.

Вялікі пост – гэта любоў Бога да цябе!

Можна на час Вялікага посту зрабіць пастанову часцей размаўляць са сваімі роднымі, прысвячаць больш увагі дарагой асобе, сваім бацькам, дзеткам, сябрам. Дапамагчы патрабуючаму, бяздомнаму ў сваім горадзе. Можна паспрабаваць прымірыцца са сваім крыўдзіцелем. Шмат чаго можна зрабіць “дзеля большай хвалы Божай”…

Адным з асаблівых шляхоў духоўнага ўзрастання падчас Вялікага посту з’яўляецца малітва праслаўлення. Праслаўленне як спосаб жыцця – гэта святкаванне дароў, якія ты кожны дзень і нават кожнае імгненне няспынна шчодра атрымліваеш з любячага Сэрца Бога. Чалавек праслаўлення – чалавек відушчы і ўдзячны. Чалавек праслаўлення – па-сапраўднаму жывы чалавек! Праслаўленнем жыве той, хто прагне ўбачыць дары, а яшчэ больш – пазнаваць Таго, хто дорыць іх.

Таму ў Вялікім посце ты можаш духоўна практыкавацца ў праслаўленні Бога. Пастанаві штодня прысвячаць 15-30 хвілін малітве праслаўлення. Магчыма, лепш маліцца раніцай, калі ты адчуваеш сябе больш бадзёрым. Шукаючы духоўнага ўзрастання, у Вялікім посце ты можаш:

  •  праслаўляць Бога за яшчэ адзін дзень жыцця. Ты мог сёння не прачнуцца! Цябе магло ўвогуле не быць! Проста паразважай над гэтым і шчыра падзякуй…
  • праслаўляць Бога за сваіх дзяцей, мужа, жонку, сяброў… Іх таксама магло не быць! 
  • праслаўляць Бога за свой народ. У час посту ты можаш прачытаць хаця б адну кнігу па гісторыі краіны. Ты можаш зачытацца, закахацца ў творчасць аднаго з паэтаў, узяць тыя ці іншыя вершы для малітвы. Я перакананы, што праслаўлення Бога стане больш, калі вырасце твая любоў да роднага краю. 
  • праслаўляць Бога за Яго стварэнні: за сонца і месяц, нябесныя зоркі, дажджы і росы, усе вятры, агонь і холад, святло і цемру, дні і ночы, маланкі і хмары, пагоркі і нізіны, расліны і жывёлы, пушчы і рэкі… Праслаўляць Бога за “зямлю пад белымі крыламі” і яе прыгожую прыроду. 
  • праслаўляць Бога чытаннем Бібліі (Пс 23; 63; 91; Дан 3; Лк 11, 1-4 і інш.), павольным, уважлівым, разважаючы над кожным словам, нібы размаўляючы і слухаючы іншую асобу – найдаражэйшага Сябра.
  • праслаўляць, проста шукаючы больш нагодаў сабрацца за адным сталом са сваімі блізкімі і сябрамі. Евангелле паводле Яна паказвае нам Езуса, які любіць разам з вучнямі спажываць пасілкі, пачынаючы з Каны Галілейскай і заканчваючы Апошняй вячэрай… Езус кожны раз запрашае цябе да надзвычай урачыстага Эўхарыстычнага стала Яго любові. Прымі Яго запрашэнне на Банкет! Час Вялікага посту – гэта падрыхтоўка менавіта да гэтай Трапезы Жыцця і Любові!
  • праслаўляць Бога можна… 

А як бы ты хацеў/хацела праславіць Бога ў гэтым Вялікім посце?

Езус адыходзіў ад сваіх сяброў у самотнае, поўнае глыбокай цішыні месца дзеля размовы з Айцом. Наследуючы Хрыста, пастарайся рабіць гэтаксама і заставацца хаця б з дзясятак хвілін у поўнай цішыні і самоце дзеля сустрэчы з Ім.

Запрасі Хрыста спадарожнічаць табе ў гэтай вандроўцы, спытай, чаго менавіта Ён чакае ад цябе? Не бойся спытаць Пана аб мэце гэтага Вялікага посту. І ўслухайся ў адказ Любячага Айца. 

Няхай Вялікі пост стане магчымасцю па-сапраўднаму ўзрастаць у веры, надзеі і любові. Няхай прынясе досвед большай радасці, сэнсу жыцця праз блізкасць іншых людзей. Няхай, Вялікі пост стане праслаўленнем Бога, нягледзячы ні на што! Няхай Пан дакранецца да твайго жыцця, розуму, волі, сэрца і цела, і няхай будзе праслаўлена Яго Святое Імя!

Жадаю шмат плёну Вялікага посту, 2023 года Божага!

Падзякуем Богу вечнага жыцця!

Дзень 2

Пан – мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы,
Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах.
Да водаў спакойных вядзе мяне,
Ён душу маю пажыўляе.
Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці
дзеля Імя свайго.
Калі нават пайду далінай смяротнага ценю,
не буду баяцца зла, бо Ты са мною.
Твой жэзл і Твой посах мяне суцяшаюць.
Ты стол для мяне накрываеш
на вачах маіх ворагаў;
намашчваеш галаву маю алеем,
келіх мой перапоўнены.
Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана
на доўгія дні.
Пс 23 (22)

Дарагія браты і сёстры, дарагія сябры, запрашаю вас знайсці 15-30 хвілін часу для праслаўлення Бога!

Вялікі пост – час навяртання, скіравання свайго сэрца да любячага Сэрца Божага і Ягонага Слова. Пост – час адрачэння ад сваёй волі і пошуку Яго святой волі. Найвышэйшае праслаўленне Бога ёсць там, дзе душа шукае волі свайго Стварыцеля і засяроджваецца на Ім! Таму я імкнуся знайсці і аддаць 15 хвілін свайго часу на тое, каб Пан на самай справе атрымаў магчымасць стаць маім Пастырам.

Аднак, ці сапраўды я гэтага хачу? Тых некалькі хвілін – свайго роду момант праўды, рахунак сумлення, ці дазволю Яму стаць маім пастырам, хаця б на 15 хвілін, падчас малітвы? Не здзіўляйся і не наракай, калі чагосьці не хапае: спакою, радасці жыцця і ўдзячнасці! Магчыма, гэта таму, што Пан усё яшчэ не твой Пастыр, а дадатак… Ён настолькі прагне быць маім Пастырам, што гатовы аддаваць свайго Адзінароднага Сына зноў і зноў дзеля мяне, але мне ўсё яшчэ цяжка знайсці час для Яго… Не ўмею, не магу, а можа, і не хачу засяроджваць на Ім усю ўвагу нават на 5-10 хвілін падчас каралеўскага банкета св. Літургіі. …і мяне гэта нават не палохае! Я вырашаю ў думках свае праблемы, ратую свет, быццам я адзіны пастыр і “збаўца”!

Прабач мне, Пане, што я адмаўляюся ад Цябе і ад Тваёй любові, а Ты так цярпліва заўсёды гатовы чакаць майго навяртання!

Чаго мне/нам больш за ўсё не хапае сёння? Чалавеку заўсёды больш за ўсё не хапае любові. Чалавек створаны, каб яго любілі! Сёння ўсім нам не хапае спакою і вяртання да нармальнага жыцця! Аднак чаго жадае для нас Пан? Ён хоча толькі аднаго: чагосьці большага, чым звычайны спакой! Ён прагне быць нашым Пастырам. Яшчэ не раз давядзецца прайсці “далінай смяротнага ценю”. Колькі ўжо іх было?.. Аднак “не буду баяцца зла, бо Ты са мною”. Я ніколі не буду баяцца зла, калі Пан сапраўды стане маім Пастырам – назаўсёды! Для жыцця чалавека не істотна, ці існуюць праблемы, якія яны і як іх вырашаць. Вельмі важна, каб Пан быў маім Пастырам, які суправаджае мяне па жыцці, таксама і па цёмных далінах. Хіба не самай вялікай “далінай смяротнага ценю” з’яўляецца стан чалавечай душы, якая не ведае, не шукае і не імкнецца шукаць свайго Пастыра? Пякельная адзінота – вось найглыбейшая “даліна смяротнага ценю”, здольная спарадзіць вайну. Вайна ў душы спараджае вайну вакол сябе. Аднак Ён прывядзе мяне да “зялёных пашаў” і да “спакойных водаў” свайго спакою, сапраўднага і непрамінальнага, які мае смак вечнасці.

Дык хто твой пастыр сёння? Не стамляйся пытацца ў сябе, чаго ты баішся і ці не з’яўляюцца страхі тваімі фальшывымі пастырамі. Страх азначае недавер, нават адсутнасць Пастыра. Распазнавай гэта на працягу ўсяго жыцця!

Добры Пастыр “душу маю пажыўляе. Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці дзеля Імя свайго”. Ён накрывае стол “на вачах маіх ворагаў”, намашчвае “галаву маю алеем, келіх мой перапоўнены”. “Дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною ва ўсе дні жыцця майго, і пасялюся я ў доме Пана на доўгія дні”.

Хвала Табе, Пане! Будзь Добрым Пастырам для нашай краіны! Дай нам, Пане, пастыраў мудрых і ахвярных – у час выпрабаванняў і, асабліва, пасля!

Езус спадарожнічае табе ў гэтай вандроўцы, пакінь неспакой і страх, а старайся сапраўды клапаціцца пра стан сваёй душы. Даверся Яму. Дзякуй Богу сёння за ўсё, што адбываецца ў табой, што б гэта не было. У канцы дня запішы 10 рэчаў, за якія хочаш падзякаваць Любячаму Айцу.

Дзень 3

Дарагія сябры, запрашаю вас на 15-30 хвілін малітвы праслаўлення!

“Для дасягнення мэты абсалютна неабходна штодзённая кантэмпляцыйная малітва. Гэта дыханне жыцця нашай душы, без яе немагчыма дасягнуць святасці” (св. Маці Тэрэза).

Кантэмпляцыйная малітва (або малітва сузірання) – гэта прабыванне ў прысутнасці Бога і Яго любові, якая напаўняе сэрца. Ты створаны, каб цябе любілі. Тваё галоўнае пакліканне – быць любімым! Толькі тады ты зможаш і, галоўнае, захочаш дарыць любоў! “Цэлага свету замала, каб любіць, калі Пан жыве ў тваім сэрцы” (св. Ігнацый Лаёла). Чалавек атрымлівае сілу любові ад Бога, які з’яўляецца крыніцай любові.

О, Пане, калі Ты прагнеш, каб я любіў Цябе, дай мне любоў. Калі Ты прагнеш, каб я любіў бліжняга і самога сябе, дай мне любоў.

Каб любіць, мне спачатку трэба атрымліваць любоў. Святасць – гэта перадусім пагружэнне ў любоў Бога, які з’яўляецца яе крыніцай. Наколькі я ўсведамляю сваю залежнасць ад Божай любові? Езус паказвае вучням дзіця і ягоную залежнасць ад любові. “Хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго” (Мк 10, 15). Веліч дзіцяці ў абсалютнай залежнасці ад любові.

Пане, навучы мяне прызнаваць і прымаць сваю залежнасць ад Тваёй любові, як немаўлятка! У той час Езус сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям” (Мц 11, 25). Езу, маю яшчэ адзін дзень, каб навучыцца любіць так, як буду любіць Цябе ў небе.

Старайся сёння з любоўю ставіцца да людзей і рэчаў, асабліва да тых, якія магчыма табе не надта даспадобы.  

Дзень 4

Сёння зноў запрашаю на 15-30 хвілін малітвы праслаўлення. Пан і сёння годны твайго праслаўлення. Нагадаю, што асабістая малітва слухання мае большае значэнне, чым звычайнае чытанне нават найлепшага тэксту. Больш істотна тое, што сэрцу кажа Пан праз сваё Слова. Лепш сустрэцца з Ім цераз слуханне: Ягоныя вусны, якія прамаўляюць, спатыкаюць тваё вуха, тваё сэрца, якое слухае і прымае Слова.

“Усе раны вылечваюцца, а рана ад языка не мае вылячэння. (…) Вось жа, пазбягайце асуджэння іншых і намагайцеся маўчаць” (св. Антоній Вялікі).

“Хлусня не пасуе нам ні ў судах, ні ў іншых справах – нам, якія выбралі просты шлях і праўду ў жыцці» (св. Васіль Вялікі).

“Язык – палова ўсіх чалавечых грахоў” (св. Грыгорый Багаслоў).

Сёння жыццё і малітва ў цішыні не вельмі папулярныя. Сёння аўтарытэт не здабываецца маўчаннем. Маўклівы чалавек выклікае падазрэнне. Кожны намагаецца штосьці казаць, балбатаць, крычаць і перакрыкваць іншага. Людзі часта ідуць за пустаслоўем. Кожны ведае штосьці сваё, мае нейкую ідэю, план выратавання, уласную філасофію… Мала хто хоча слухаць, каб прыняць. Слухаць, каб палюбіць, суцешыць словам. Падчас малітвы мы толькі гаворым, багата гаворым, загаворваем Пана насмерць…

Аднак слуханне заўсёды было і застаецца прыкметай пакоры, пачаткам мудрасці і яскравым учынкам любові Бога, які слухае… Бог прыходзіць у Езусе, каб выслухаць цябе, прыняць.. Калі Бог гаворыць, Ён ацаляе сваім Словам. І ўсё ж, перадусім Ён слухае.

Не ўсё, што мы называем малітвай, сапраўды нават падобна на малітву. Езус маліўся ў святыні, іншымі словамі, прымаў удзел у літургічнай малітве, але таксама штодня прабываў у самотным або пустынным месцы, каб слухаць свайго Айца, нярэдка ноччу. Першыя трыццаць год схаванага жыцця Езуса былі часам малітвы і пакорнага жыцця Бога. Падаецца, такой малітвы – у адзіноце, – у Яго зямным жыцці было вельмі шмат. Жыццё Езуса – гэта жыццё ў глыбокай еднасці з Айцом! Колькі ж там любові!.. Гэтаксама і мы павінны знаходзіць і шанаваць час, які можам правесці сам-насам з Богам. 

Езус распачаў сваю дзейнасць у пустыні, у пасце і малітве, каб Яго місія дала вялікія плады. Каб нашае слова апранулася ў сілу, яно павінна таксама выплываць з цішыні і маўчання – з крыніцы Жыцця, з Бога, які ёсць любоўю. У малітве вельмі важна сустрэцца з Езусам, які ўважліва слухае свайго Айца. Ён таксама прагне выслухаць і ацаліць чалавечае сэрца. Менавіта тады сэрца чалавека пачынае слухаць сэрца Бога і прамаўляць: сэрца да Сэрца. Выслухаўшы Бога, чалавек можа штосьці сказаць іншым, не асудзіць, але стварыць, як Бог. Чалавечае слова, прасякнутае Божым словам і Божай прысутнасцю, становіцца здольным ствараць жыццё. Толькі Божая іскра, ласка здольная запаліць агонь любові ў нашых сэрцах. 

Маўчанне – асноўная сіла для малітвы, таму што сустрэча з Богам, які гаворыць у ціхім лагодным ветрыку (пар. 1 Вал 19, 12), можа адбыцца толькі ў цішыні. Езус прагне, каб сцішылася, супакоілася чалавечае сэрца, зраненае страхам і болем. Ён супакоіў шум мора і ветру, каб настала “вялікая ціша” (Мк 4, 39) – усё гэта дзеля сустрэчы з табой.

Пане, я дзякую Табе за “вялікую цішу”, якую Ты ствараеш і дорыш мне і ўсім патрабуючым, асабліва сёння, калі навокал столькі цярпення і няшчасця!

Бог і я – гэта час для сустрэчы, сёння!

Час для Неба ў тваім сэрцы!

Час для Неба на зямлі!

Супраціў змроку!

Пане мой…

Падумай, ці бываюць моманты наракання? Не ідзе гаворка аб прыкрым выпадку і адпаведнай эмоцыі, але аб паўсядзённасці – ці маеш звычку марудзіць, наракаць, быць незадаваоленым? Паспрабуй адсачыць цягам дня, як часта ты ўпадаеш у нараканні. Спытай Езуса ці Яму даспадобы твае скаргі? Збяры іх і аддай у Яго рукі, дазволь дзейнічаць Езусу ў тваім жыцці!

Дзень 5

“Можа, нехта зраніў тваю славу? Тады падумай пра славу, якая чакае цябе ў небе за цярплівасць! Цябе пакрыўдзілі? Зірні на нябесныя багацці і скарбы, якія добрымі справамі сабе рыхтуеш! Цябе выгналі з радзімы? Але нябесны Ерузалем – твая айчына” (св. Васіль Вялікі, Пра падзяку).

“Памажы нам ва ўціску (Пс 69, 13). Не будзем шукаць дапамогі ні ў сіле, ні ў добрым стане цела. Не будзем шукаць яе ні ў кім, хто знакаміты і шляхетны ў людскіх вачах. Ані ў лішку грошай, ані ў пыхлівасці ўласнай моцай, ані ў велічнай славе – бо ў вялікіх цярпеннях Пан прыходзіць на дапамогу тым, хто Яго шукае” (св. Васіль Вялікі, Гамілія).

Праслаўленнем Бога з’яўляецца тваё ўважлівае і цярплівае слуханне Яго Слова, пошук Яго прысутнасці, засяроджанасць на Ім і адкрытасць на Ягоную волю!

Цярплівасць – цнота штодзённага жыцця. Цярплівасць дае стратэгію барацьбы і ключ да перамогі. Яна патрэбная для таго, каб выслухаць крык зраненай нягодамі ды вайной душы, але таксама каб дачакацца завяршэння вайны ў галавах і сэрцах людзей, якім пашчасціла выжыць фізічна. Цярплівасць неабходная, каб канчаткова перамагчы. Без цярплівасці немагчымыя ніякія адносіны: не будзе супольнасці ні з Богам, ні з іншай асобай, ні з самім сабой. Адносіны непазбежна ўскладняюцца, становяцца невыноснымі, нават смяротна небяспечнымі. Нам трэба шмат духоўна практыкавацца ў школе ўзаемнага прыняцця і цярплівасці. Патрэбен час Вялікага посту, патрэбен больш працяглы час, нават пакаленне!

Для першых хрысціян цярплівасць была шчыльна спалучана з загартоўкай у веры ў час пераследу. Таму казаць пра цярплівасць азначае таксама казаць пра выпрабаванні, пра пакуты, праз якія мы сёння пакліканы праходзіць. Цярплівасць – цнота і знак пэўнай дасканаласці, але таксама магчымасць, запрашэнне да яшчэ большага ўзрастання ў ёй дзеля Божага Валадарства – дзеля нас саміх і – цераз нас – для свету. Святы Павел кажа: “Уціск нараджае цярплівасць, цярплівасць – вытрываласць, вытрываласць – надзею, а надзея не асароміць, таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам” (Рым 5, 3-5).

Цярплівасць ёсць улітым дарам Святога Духа, дадзенага нам. Ці мы сёння на самай справе ўсведамляем гэты дар Святога Духа, шукаем яго найперш і ва ўсім, прагнем большага і знаходзім яго? Ці мы прагнем стаць людзьмі надзеі, якая не асароміць?

“Гімн любові”, які святы Павел спявае ў сваім першым Пасланні да Карынцянаў у пачатку 13 раздзела, сёння з’яўляецца для нас пэўным указальнікам, праграмай хрысціянскага жыцця і рахункам сумлення, дзякуючы якому мы можам праверыць, ці нашая любоў застаецца пустымі словамі, ці ўвасабляецца ў канкрэтным штодзённым жыцці. Святы Павел вучыць сапраўднай любові, якая ахоплівае шматлікія праявы цярплівасці

Сапраўдная любоў “доўгацярплівая”. Узброеныя канфлікты і ўціск некалі скончацца. Аднак наступствы іх знішчальнай сілы будуць яшчэ доўга трываць у сэрцах і галовах многіх людзей. Ці мы гатовыя да трывалай барацьбы? Увогуле, ці ўспрымаем выпрабаванні як выклік і дапушчэнне Божае, каб таксама нам ачысціцца, адрадзіцца ды яшчэ і спрыяць узрастанню ўсяго свету ў хрысціянскіх каштоўнасцях і еднасці чалавека з Богам? Ці гатовыя ўсвядоміць свае правіны і пакаяцца? Ужо сёння нам трэба над гэтым разважаць. 

Сапраўдная любоў “усё церпіць”. А колькі сёння гатовы выцерпець я, калі спатыкаюся з наступствамі трагедый, з няшчасцем іншых людзей, калі гляджу ім у вочы?

Сапраўдная любоў “ласкавая” Яна “не ганарыцца” і “не памятае зла”. Колькі ўва мне крыўдаў за дробязі?!

Цярплівасць – неад’емны складнік стрыжня хрысціянскай веры. 

Выпрабаванне, безумоўна, патрабуе цярплівай любові ў адносінах з нашымі бліжнімі, дальнабачнай цярплівасці ў барацьбе з наступствамі канфліктаў. Ці хопіць у нас цярплівасці змагацца з сабой: з уласным гневам, непрабачэннем, непрызнаннем памылак?

Пасланне да Габрэяў заклікае нас у час выпрабавання скіраваць позірк на Езуса як на ўзор цярплівасці і трываласці. Езус праходзіць праз свае выпрабаванні ў адзінстве з Айцом, які быў Ягонай падтрымкай. Ён просіць аб міласэрнасці для сваіх крыўдзіцеляў. Ён і сваім вучням прадказвае выпрабаванні, падбадзёрвае і настаўляе аб важнасці цярплівасці як сродка іхняй і нашай перамогі, паратунку для ўсяго свету. “Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя” (Лк 21, 19).

Дарагія сябры, сёння нам патрэбна цнота цярплівасці больш, чым калі-небудзь раней. Нам патрэбна “ласкавая” і “доўгацярплівая” любоў, якая перамагае ўсякае зло. Мы хочам прасіць Вялікага Бога аб вялікіх дарах! Мы просім Яго аб святой і нязломнай цярплівасці ў нашай духоўнай барацьбе за любячае Сэрца Бога!

Жывем на вялікай хуткасці, спяшаемся ўвесь час, хочам атрымаць усё адразу, не ўмеем проста чакаць. Бо мы нецярплівыя да сяброў, да бліжніх, да пэўных абставін. Нецярплівыя, бо аддаляемся ад асноўнай Крыніцы Любові – нашага Айца. Чым больш мы ўмеем цярпліва чакаць, тым больш блізкімі становімся да Любячага Айца. 

Пражыві гэты дзень памятаючы што Езус прабывае ў табе. Пастарайся цярпліва ставіцца да абставін, якія цябе спаткаюць, будзь цярплівым да блізкіх, сяброў і ўсіх, хто трапіцца на шляху. Прасі аб гэтай ласцы ў Пана, бо Ён вельмі цярплівы і міласэрны да цябе кожнае імгненне. 


Дзень 6

“Калі часам здаецца, што Бог быццам бы аддаліўся, то ці не таму, што я цураюся нейкай сястры? Толькі адна рэч можа бясспрэчна гарантаваць нам нябёсы: любоў і дабрыня, якія асвятляюць нашае жыццё. Мы нават не ўяўляем, якую карысць можа прынесці простая ўсмешка. Мы гаворым людзям, які добры Бог, як Ён можа прабачаць і разумець усіх, а ці з’яўляемся мы жывым прыкладам гэтага? Ці сапраўды яны бачаць у нас гэтую дабрыню, прабачэнне і разуменне?” (Св. Маці Тэрэза).

Праслаўленнем Бога можа быць тваё ўважлівае і цярплівае слуханне Яго Слова, пошук Яго прысутнасці, засяроджанасць на Яго Асобе і адкрытасць на Яго волю! Праслаўленнем з’яўляецца твая ўсмешка!

Усмешка можа быць вясёлай, лагоднай. Насмешка, ухмылка – паблажлівая, іранічная, з’едлівая. Гэтыя словы часам блытаюць. Памылкова будзе лічыць іх сінонімамі.

Твой твар распавядае штосьці пра стан душы, пра яе святло і цень. Твар адлюстроўвае гісторыю жыцця. Распавядае пра тваіх продкаў. Усмешка на тваім твары кажа пра тое, што ў тваім сэрцы тут і цяпер, ці вольнае яно і гатовае да палёту, ці зняволенае. 

Сэрца, напоўненае Богам, выпраменьвае ласкі. Шчырая ўсмешка і ёсць Ягонай ласкай, якая кранае сэрца чалавека. Усмешка поўніцца ласкай і дорыць яе, стварае мікракосмас святла. Шчырая дзіцячая ўсмешка здольная вярнуць сумнага чалавека да жыцця. Глыбокая ўсмешка можа “ўваскрасіць” сэрца чалавека да адносінаў. 

Езус зірнуў на багатага юнака з любоўю, усміхнуўся яму. Багаты юнак, здаецца, не ўбачыў гэтай усмешкі, не паспытаў яе глыбіні. Менавіта таму багаты юнак, “засмуціўся ад гэтых слоў і адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць” (Мк 10, 22). Багаты юнак быў моцна прывязаны да нейкага багацця, да пусткі, якая ніяк не магла наталіць яго сэрца. Што заўгодна можа стаць нагодай для кпінаў, але не можа нарадзіць сапраўднай ўсмешкі, якая запальвае веру, надзею і любоў! Юнак аддаляўся ад крыніцы сапраўднай радасці, таму быў асуджаны на маркоту і смутак. Юда таксама не спазнаў усмешкі і сэрца Хрыста…

Усмешка Бога дае сілы да жыцця ў час крызісаў. Усмешка Бога напаўняе жыццё сэнсам, нават калі навокал пануе цемра і бясконцая вайна, бо Бог ёсць любоў (1 Ян 4, 18).

“Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі” (Мц 6, 16). Шукаць усмешку Бога няпроста. Духоўнае жыццё вымагае ведаў і дысцыпліны, вялікіх высілкаў і вялікага посту. 

“Каб не плакаць, я смяялася,” – пісала Леся Украінка. Смехам можна (а часам трэба) абараніцца. Аднак смяяцца, калі ўсё плача, вельмі цяжка, дзесьці немагчыма, і такі смех вельмі каштоўны!

Каб усміхацца і не знясільвацца, я мушу знайсці сувязь з крыніцай любові, якая жывіць маё сэрца. Вялікая сіла ўсмешкі месціцца ў цішыні і маўчанні, у прыгажосці прыроды, у самым Сэрцы Бога. Калі Пан – надзейная аснова маёй усмешкі, тады мая душа смяецца, увесь час…

Усмешка – вялікі дар з неба, які моцна ўплывае на жыццё чалавека. 

У змроку маіх крыўдаў бывае цяжка на душы. Тым не менш, у свой час надыходзіць світанне і ты абавязкова ўсміхаешся. І нібы горы падаюць, смерць знікае і жыццё вяртаецца ў сваё рэчышча, як глыбокая рака… Адкрыты пагляд і ўсмешка – гэта ўжо новае жыццё. Табе хочацца быць з людзьмі. Ты пачынаеш зноў верыць у людскую зычлівасць. 

Праслаў сёння Бога сваёй успешкай. А найперш шукай Яго прысутнасці, якая напоўніць тваё сэрца радасцю, каб засмяялася душа. Шукай Яго ўсмешкі на старонках Святога Пісання. 

Шукай усмешкі Нябеснага Айца ў прыродзе, у вясне, якая ўжо блізка, у спеве птушак, у пралесках. Ты бачыў ты ўжо пралескі? Я лічу, што іх, нягледзячы ні на што, трэба шукаць і гэта таксама паспрыяе перамозе святла над цемрай!

Шукай і радуйся ўсмешцы кожнага чалавека, які побач. Пазнаёмся з ім!

Шукай чыстай успешкі дзіцяці. Сузірай таямніцу ўсмешкі, каб яна пранікла ў тваё сэрца, укаранілася, стала часцінкай цябе і ззяла вонкі – у бясконцасць.

Ідзем за Езусам кожны па-свойму, хто як умее і як любіць. Няўжо вучні сумавалі ў прысутнасці Хрыста? Паглядзім на жыццё святых – яны радаваліся ў Богу. Езус навучаў не хадзіць панурымі і так напраўду сэрца як святыня Бога, напоўненае шчыраю любоўю да Езуса, не мае месца для смутку, зайздрасці, нянавісці. Тады чаму мы, наследуючы Хрыста, маем не радавацца? Радуемся, весялімся на знак шчырай любові да Езуса. Адчуй, як усміхаецца да цябе Езус. 

Вялікі пост – гэта інструмент для духоўнага ўзрастання. Усмешка штосьці кажа пра добрыя плады духоўнай барацьбы, мабыць, посту таксама…

Пане, навучы мяне маліцца ўсмешкай!

Пражыві гэты дзень з усмешкай, “інфікуючы” сваёй радасцю іншых. Абвясці бітву смутку і цяжкасцям з пачуццём гумару. Усміхайся, бо ўсмешка здатная адкрыць найбольш замкнёнае сэрца. 

Дзень 7

“Я, святло, прыйшоў на свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры” (Ян 12, 46).

Ты можаш праслаўляць Бога сваім уважлівым і цярплівым слуханнем Ягонага слова, пошукам Ягонай прысутнасці, засяроджанасцю на Ягонай Асобе і адкрытасцю на Ягоную волю. 

Слова Божае нясе святло гэтаму свету. Слова кліча да існавання і спрыяе пазнанню таго, што існуе. Езус – святлом свету. У Ім мы нараджаемся як сыны і дочкі Божыя. Вера заўсёды мае повязь са святлом. Яна дазваляе пазнаць гэтую рэчаіснасць. Хто верыць у Езуса, той змяніў памяшканне: перамясціўся з цемры ў святло, перайшоў ад смерці да жыцця. Вера ў Сына асвятляе нас пазнаннем праўды пра нас саміх, пра Бога. Праўда пра Бога выяўляецца ў пазнанні Бога як Айца і нас як Яго дзяцей. 

Быць у святле азначае шукаць перш за ўсё сустрэчы з жывым Богам. Быць у святле – гэта не пра бліскучыя веды, не пра дагматы, але пра сустрэчу з Ім, уваскрослым Хрыстом, Сябрам. Жанчына, грэшніца, прыходзіць у дом Сымона фарысея дзеля сустрэчы з Хрыстом. І ёй гэта ўдалося! Сымон, які запрасіў Езуса ў свой дом, не змог спаткацца ў Ім. Мабыць таму, што па па-сапраўднаму не хацеў гэтага, не шукаў, не ведаў… (Лк 7, 36-50).

А ты – ці прагнеш сёння? Якая твая вера? Ці шукаеш сустрэчы?

Вера неад’емна спалучана з сустрэчай з жывым Богам. Асновай хрысціянства з’яўляецца сустрэча з асобай Уваскрослага Хрыста. Веды пра Яго, тыя ж катэхезы, маюць значэнне, аднак не з’яўляюцца і не могуць быць асновай. Веды не збаўляюць. Для хрысціяніна заўсёды існуе небяспека “гнозісу”, інакш кажучы, небяспека спыніцца на ўзроўні ведаў пра Бога. Хрысціянін можа трапіць у пастку пераканання, што дастаткова ведаў, культу і запаведзяў і не трэба шукаць большага, не трэба шукаць сустрэчы з жывым Богам – у Слове, сакрамэнце пакаяння, Эўхарыстыі, а таксама ў іншай асобе. Хрысціянін можа нават не ведаць пра існаванне магчымасці сустрэчы. 

Багаты юнак мае свае скарбы і сваё бачанне жыцця. А Езус прапануе яму большы скарб: асабістыя адносіны (Мк 10, 17-22). Хрыстус прапануе Сябе замест багацця. Сёрэн К’еркегор, дацкі філосаф (1813-1855), у адным са сваіх твораў навучае пра тры ўзроўні духоўнага развіцця хрысціяніна:

І. Узровень эстэтыкі: калі для пачаткоўцаў маюць значэнне рытуалы, абразы, кадзіла і традыцыі.

ІІ. Узровень этыкі: калі для больш дасведчаных важнымі робяцца запаведзі, маральна правільнае жыццё. Мы ўжо не разважаем пра абразкі, але пра тое, як выконваць запаведзі і любіць.

ІІІ. Узровень рэлігійнасці: найвышэйшы ўзровень асабістых адносінаў, узровень сустрэчы і сяброўства з Езусам. Эстэтыка і этыка засяроджваюць нашую ўвагу на традыцыі і на захаванні запаведзяў. На ўзроўні асабістай сувязі Езус пытаецца, кім Ён з’яўляецца для вучня і колькі месца займае ў яго сэрцы? 

Багатаму юнаку гэты ўзровень недасяжны, таму ён вымушаны адыйсці, маркотны і смутны. Дзе ты знаходзішся цяпер і дзе хацеў бы быць?

Сустрэча з Езусам – гэта ласка і святло, якія мы атрымліваем, калі шукаем Яго. Якога Бога ты ведаеш? Багаццем юнака мог быць яго скажоны вобраз Бога (напрыклад, тырана), якому ён маліўся і ад якога не здолеў адмовіцца. Ён мог спалохацца Езуса. Багаты юнак мог маліцца да традыцый і абразоў, якія не з’яўляюцца Богам, а толькі “вокнамі” да святла і да пазнання жывога Бога і Яго любові. 

Пане, дазволь Цябе “больш шукаць, каб больш любіць і наследаваць” (св. Ігнацый Лаёла)! Навучы прабываць у святле Твайго Слова! Дапамажы мне распазнаваць у бліжнім святло Тваёй прысутнасці! Няхай усё стварэнне, напісанае Табой, як “цудоўная кніга”, стане для нас святлом Тваёй прысутнасці (Папа Францішак, Laudato Si’, 85).

Праслаўляю Цябе, Пане!

Пане, штодня Ты ствараеш для мяне бязмежную колькасць дабра, падстаўляеш мне плячо, каб я меў апору, пракладаеш новыя масткі, каб я мог вярнуцца на Твой шлях. Прамаўляеш, але я, як тая згубленая авечка сярод безлічы гукаў гэтага свету, так часта не чую Твайго голасу. Ты паказваеш мне сапраўдны, высцелены Тваёй міласэрнасцю шлях, але я, як сляпы, блукаю, шукаючы дарогі без перашкодаў. Ахінаеш маё сэрца бязмежнай Любоўю, але яно застаецца зачыненым. Дзейнічаеш цягам дня праз іншых людзей, але я не маю адвагі гэта прыняць. Езу, прабач, што не давяраю Табе і ў выніку блукаю ў цемры гэтага свету. 

Уяві на момант, што ты, прачнуўшыся, атрымаў толькі тое, за што падзякаваў учора Пану! Спаткайся сёння з Эўхарыстычным Езусам і прасі, каб Ён спадарожнічаў табе і далей. Прысвяці час на тое, каб пабыць з Езусам блізка-блізка. Ён чакае цябе, услухайся сэрцам, што Ён кажа. Так пачуеш больш.

Дзень 8

Пайшоўшы адтуль, Езус прыйшоў у іх сінагогу. Там быў чалавек з усохлай рукой. І, каб абвінаваціць Езуса, спыталіся ў Яго: «Ці можна аздараўляць у шабат?» А Ён адказаў ім: «Ці ёсць сярод вас чалавек, які, маючы адну авечку, не возьме і не выцягне яе, калі яна ў шабат зваліцца ў яму? Наколькі ж чалавек каштоўнейшы за авечку! Таму ў шабат дазволена рабіць дабро». Пасля сказаў чалавеку: «Працягні сваю руку». Той працягнуў – і яна стала здаровай, як другая. Фарысеі ж выйшлі і мелі нараду супраць Езуса, як бы загубіць Яго (Мц 12, 9-14).

Праслаўленнем Бога з’яўяецца адкрытасць сэрца на дзеянне Бога ў жыцці. Праслаўленнем можа быць твая працягнутая рука, якая моліць аб дапамозе, але таксама гатовая дарыць любоў. 

Езус прыйшоў аздаравіць рукі Адама і Евы, якія высахлі пасля таго, як яны працягнулі іх па забаронены плод. Вылечаная далонь адкрываецца, каб прыняць жыццё. Адкрытасць далоні на прыняцце дару – справа жыцця і смерці. Немагчыма жыць, не беручы дары. 

Сёння надзвычай важна заўважыць у сабе гэтага чалавека з усохлай рукой. Не трэба саромецца ці баяцца яго вызнаць. Ён дакладна ўва мне ёсць. Ці распазнаеш яго ў сабе? 

Засохнуць можа мая рука, зняволеная некай “маёмасцю”, узгадаем таго багатага юнака, які прыйшоў да Пана, але не змог Яго прыняць і не адкрыўся на абдымкі Бога, які яго палюбіў.

Засохнуць могуць твае ногі, якія ўжо даўно перасталі быць носьбітамі спакою і прабачэння. 

Засохнуць можа язык, які пустасловіць.

Засохнуць могуць вочы, якія не заўважаюць прыгажосці жыцця – насуперак усяму злу, а таксама вочы, якія не ў стане бачыць бедных. 

Засохнуць можа сэрца, якое страціла адчувальнасць да няшчасця бліжняга.

Засохнуць можа розум, якому не хапае святла для распазнавання дабра і зла.

Засохнуць можа воля да барацьбы, зняволеная страхам захавання свайго жыцця нават цаной няволі.

Засохнуць могуць думкі, якія толькі асуджаюць.

Засохнуць можа голас, які не абвяшчае Евангелле.

Засохнуць можа вуха, якое не слухае, таму што ніколі не было пачутым.

Засохнуць можа сумленне, замерзнуць, быццам памерці.

Езус просіць чалавека: “Працягні сваю руку”.

Пане, сёння мы таксама прыходзім у святыню і просім Цябе: працягні свае любячыя рукі над намі, каб абараніць ад варожых сіл. І адкрый нас, просім, на святло Тваёй любові і Тваёй волі!

Увайдзі ў глыбіню свайго сэрца, адчыні ўсе запыленыя скрыні і шуфлядкі. Як часта тое, што месціцца ў іх, табе баліць? Баліць з-за перажытых крыўдаў, якія пакінулі раны на сэрцы.

Найбольш балючыя раны – атрыманыя ў дзяцінстве. Ты носіш іх як неацэнны скарб, хоць мог бы ўжо пазбыцца гэтага цяжару. Часта рэагуеш на гэтыя раны пачуццём страху, хаваешся, замыкаешся ў сабе або, наадварот, выбухаеш злосцю, атакуеш, крытыкуеш. І гэта ўсё з прычыны таго, што нешта ў табе крычыць ад болю. Але што? Езу, увайдзі ў самыя патаемныя куткі майго сэрца, выкрый усе мае раны, бо толькі Ты здольны ацаліць мяне.

Адсачы моманты, калі цябе хтосьці раніць. Затрымайся, калі цябе штосьці моцна закранае, нібы датыкаецца застарэлых шнароў і зноў робіцца балюча. Паглядзі на гэтыя раны, пастарайся зразумець, чаму так баліць? Даверся Езусу, працягні свае далоні, поўныя болю, і прасі аб ласцы ацалення твайго сэрца. 

Дзень 9

Усё мае свой адпаведны час,
свой час мае кожная справа пад небам:
час нараджацца і час паміраць;
час саджаць і час збіраць, што пасадзілі;
час забіваць і час лячыць;
час руйнаваць і час будаваць;
час плакаць і час смяяцца;
час смуткаваць і час плясаць;
час раскідваць камяні і час іх збіраць;
час абдымацца і час ухіляцца ад абдымкаў;
час шукаць і час губляць;
час зберагаць і час выкідаць;
час разрываць адзенне і час зашываць;
час маўчаць і час гаварыць;
час любіць і час ненавідзець;
час ваяваць і час мірыцца.

Экл 3, 1-8.

Праслаўленнем Бога можа стацца тваё жыццё. Праслаўленне – твая шчырая падзяка за ЎСЁ без выключэння, што Бог дае і дапускае. Праслаўленнем з’яўляецца твая малітва як расповед сваімі словамі пра кожнае імгненне жыцця.

Не кажы, што не маеш часу. Толькі мёртвыя на самай справе не маюць часу! Ты заўсёды маеш час і гэта тваё багацце. Час – гэта той дар, якім Пан шчодра цябе адорвае. Магчыма, ты пакутуеш ад крыўдаў мінулага ці баішся будучыні, але сапраўднае жыццё – толькі “сёння”. Пан прысутны ў табе таксама толькі “сёння”. Ён “сёння” прагне перамагаць твой і мой страх. Паспрабуй спыніцца і, занурыўшыся ў “сёння”, распазнаваць любячую прысутнасць Бога…

“Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі” (Лк 4, 21). Пан заўсёды жыве ў “сённяшнім” часе.

Праслаўляю Бога за сёння – яшчэ адзін дзень жыцця. За тое, што я зноў прачнуўся. Дзякую за святую Літургію і за сняданне. Адчуваю, што цяпер адзін дзень жыцця азначае значна больш, чым раней. Адзін дзень жыцця сёння – гэта сапраўды вялікі падарунак! Пане, дзякую за 9 сакавіка 2023 Твайго года.

Сёння ўсё яшчэ маем час лепш разгледзець колеры неба над галавой і першыя пупышкі на дрэвах, маленькія парасткі вясны. Мы на парозе новай і цудоўнай пары году. Дзякую Табе, Пане, за незнішчальную тугу па вясне!

Дзякую, Пане, за час цішыні і спакою, але таксама і за ўсе выпрабаванні, якія я прымаю і ахвярую Табе ў малітве. Праслаўляю Бога за людзей навокал мяне. Так добра, што яны са мной сёння, а я маю для іх час.  Праслаўляю Бога за тых, хто “губляе сваё жыццё” дзеля мяне.

Дзякую Табе, Пане, за час, дадзены сёння, каб плакаць, сумаваць і маўчаць дзеля таго, каб аднойчы настаў час смяяцца, спяваць, танцаваць і з вялікай радасцю абдымаць адно аднаго. 

Сёння ёсць час, каб любіць і ненавідзець. І ты ўсё яшчэ маеш час, каб выбраць. Сёння ёсць час на войны. Некалі настане мірны час…
А яшчэ ёсць час, каб шчыра дзякаваць і праслаўляць Бога за Яго прысутнасць. Вельмі важна, каб заўсёды ставала часу на праслаўленне. Бог дзейнічае і прыходзіць, каб ратаваць…

“Бо Ён кажа: «У час спрыяльны Я пачуў цябе і ў дзень збаўлення дапамог табе». Вось цяпер час спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення” (2 Кар 6, 2). Пане, навучы мяне з любоўю глядзець і ўважліва слухаць, каб распазнаваць час спрыяльны і дзень збаўлення!

“Усё мае свой адпаведны час”. О, мой Пане, дзякую Табе за гэты неацэнны дар! 

Кожнае імгненне пражываецца ў часе. Запрасі Езуса спадарожнічаць табе цяпер. Бо калі кажаш пра мінулае, то ў прызме часу гэтага ўжо не існуе, бо стала ўсяго толькі ўспамінамі; калі разважаеш над будучыняй – маеш толькі спадзяванні. Існуе адзінае неймавернае і непаўторнае імгненне “цяпер”.

Езу, мне хочацца ўсё запланаваць, умела распарадзіцца часам, прымаць гэты дар Пане ад Цябе, але не заўсёды хочацца аддаваць яго іншым. Ці не раблюся я эгаістам? Пане, навучы мяне з любові да Цябе ўмець аддаваць часткі дня Табе, а таксама ўмець аддаваць латку свайго часу для іншых, як Ты гэта рабіў. 

Зважай, каб так часта не казаць “няма часу” …  Старайся знаходзіць час для патрабуючых, для тых, хто просіць дапамогі, бо давярае табе, для тых, хто просіць сяброўскай размовы, бо ты для яго надзейная апора, і час для Езуса, бо гэта Ён – Святло твайго жыцця. Намагайся запланаваць дзень па гадзінах і трымацца гэтага. Важна ў сваёй штодзённасці ўмець аддаваць свой час Богу і бліжнім, знаходзячы час і для адпачынку.

Дзень 10

“Ты стварыў маё нутро і выткаў мяне ва ўлонні маёй маці” (Пс 139, 13).

Жыццё – неацэнны дар і нагода для штодзённага праслаўлення Бога. Вялікім праслаўленнем з’яўляецца ўдзячнасць за бацькоў. Праслаўляй сёння Пана Бога за сваіх бацькоў, якія прынялі тваё жыццё з Ягоных рук, адзінага Даўцы ўсяго жывога. Хвалі Яго за тое, што твае бацькі адкрыліся на новае жыццё. Не запярэчылі! Прымаючы тваё жыццё, бацькі сталі ўдзельнікамі вялікай таямніцы Божай задумы. Чалавек – гэта плод “вялікага Божага плану”. Чалавек нараджаецца з Божай мроі. Тата і мама з’яўляюцца першымі сааўтарамі творчай ініцыятывы Бога, які любіць кожнае жыццё. 

Праслаўляй Пана за дабрыню тваіх бацькоў, за іх клопат. Узгадай, як тата насіў цябе на руках і як моцна цябе абдымала мама. Прыгадай, як разам снедалі і падарожнічалі. Няхай ажываюць самыя светлыя ўспаміны… Маліся ўспамінамі пра сваіх бацькоў. 

Без бацькавых надзей,
без ціхай ласкі маці,
Куды б ані заехалі,
вы будзеце адны…

Рыгор Барадулін 

Бацькі ў вялікай ступені фармуюць вобраз Бога свайго дзіцяці і свет яго каштоўнасцяў. Цяпло бацькоў – гэта цяпло Бога. Дзіця глядзіць на тату і маму, як на Бога! Успомні, хто вучыў цябе маліцца. 

Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў, Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю. Здалёк разумееш мае думкі, Ці іду, ці адпачываю, Ты са мною, і ўсе мае шляхі вядомыя Табе (Пс 139, 1-3).

Дзякую Табе, Пане, што Ты ўсё пра мяне ведаеш. Радасць напаўняе сэрца, калі Хтосьці магутны і любячы ведае пра цябе ўсё. Тады быццам знікае патрэба аб нечым Цябе прасіць, бо Ты і так усё ведаеш. Калі прашу, а Ты маўчыш, мае просьбы ачышчаюцца. Ты маўчыш, каб я прасіў пра большае. Ты маўчыш, каб я шукаў Цябе – больш, чым любых Тваіх дароў. Ты маўчыш, каб я навучыўся знаходзіць Тваё аблічча і праз Твае вочы ўглядацца ў Тваё Сэрца… Ты маўчыш, каб я навучыўся слухаць і бачыць Цябе ва ўсім. Ты маўчыш, каб я сціх і ўсвядоміў, што Ты любіш мяне і асыпаеш дарамі. Ты маўчыш, каб я навучыўся слухаць і шчыра маліцца Табе. Ты маўчыш, бо “ўсе мае шляхі вядомыя Табе”…

Ты ахінаеш мяне, турбуешся пра мяне… Пане, Табе давяраю маю будучыню. Прашу толькі мудрасці, каб шукаць “большай хвалы Твайго Сына” і знаходзіць адпаведныя шляхі. Дай мне сілы і адвагі! Вядзі і натхняй! “Кладзі на мяне сваю руку”: на мае вушы, каб умелі цярпліва слухаць і пачуць Твой Голас у знядоленых людскіх сэрцах. Кладзі руку сваю на мае вусны, каб яны ведалі, калі маўчаць, а калі прамаўляць. Кладзі сваю руку на мае вочы, каб яны сапраўды шукалі і бачылі Тваю прысутнасць. Кладзі руку на мой розум, каб мог распазнаваць Тваю святую волю і каб мая душа яе шукала і спаўняла. Кладзі сваю руку на маё сэрца, каб яно спачувала і шукала прабачэння. Кладзі сваю руку на мае рукі і ногі, каб яны сталі цалкам Тваімі. Прамаўляй, Пане, як раней, а галоўнае, “дай мне толькі любоў Тваю і ласку, і мне гэтага хопіць” (св. Ігнацый Лаёла).

Пане, вось, я прайшоў чвэрць нашага непаўторнага падарожжа. Дай мне ласку глянуць шчырым вокам на свой унутраны свет, убачыць глыбіню сэрца так, як Ты бачыш. Ты ведаеш мяне лепш за ўсіх, бо гэта Ты мяне стварыў. Ты любіш мяне дасканалай любоўю, не зважаючы на мае ўчынкі і падзенні. Любіш мяне такім, які я ёсць. Ты ідзеш гэтым шляхам поруч са мною, падзяляючы мае перажыванні, страхі, праблемы. Ты адзіны, хто ніколі мяне не пакідае, хоць я столькі разоў адыходзіў ад Цябе. Ты так блізка, а я так часта адмаўляюся прыйсці, калі Ты клічаш. 

Езу, прашу, падчас гэтага велікапоснага падарожжа перамяні маё сэрца, укладзі ў яго новы дух. Бо толькі Ты Адзіны можаш паказаць шлях да сапраўднага жыцця. Навучы мяне пазбягаць усяго, што мае хоць кроплю зла. 

Паглядзі на сябе вачамі міласэрнага Езуса. Каго Ён бачыць? Каго Ён мог угледзець у табе? Жыві, не звяртаючы ўвагі на тое, што думаюць пра цябе іншыя. Жыві для Езуса і ідзі за Ім. Тваё жыццё ўнікальнае, бо табе яго даў Пан, а не блізкія. Не прывязвайся да свету, бо рызыкуеш пражыць чужое жыццё, а не свае. Будзь сабой, слухай голас Езуса. 

Дзень 11

“Маўчанне вуснаў навучыць нас многаму: размаўляць з Хрыстом, цешыцца ўнутранай цішынёй і ўсведамленнем таго, што так шмат трэба Яму сказаць. Калі мы пагружаемся ў бязмоўнасць, Хрыстус прамаўляе да нас праз іншых, а падчас медытацыі звяртаецца непасрэдна. Маўчанне робіць нас вельмі падобнымі да Хрыста, бо Ён асабліва ўпадабаў гэтую цноту” (св. Маці Тэрэза).

Праслаўленнем Бога можа быць тваё ціхае жыццё. Праслаўленнем з’яўляецца цішыня, якую ты насуперак усяму знаходзіш у свеце і ствараеш вакол сябе. Цішыня незаменны складнік паўнацэннага жыцця – жыцця, поўнага радасці.  

Сёння цішыня – гэта раскоша, таму што шум і грукат быццам бы авалодалі светам. Аўтарытэт здабылі балбатлівасць, пустаслоўе і крытыканства. Чалавек крычыць вонкі і ўнутры сябе. Крычаць бацькі і крычаць дзеці. Няма цішы ні ў садочках, ні ў кляштарах, як кажа кардынал Роберт Сара. Чалавек шуміць і моліцца на шум. Быццам усталяваўся культ ляманту і цывілізацыя цемры.

Калі Пан супакоіў буру на моры, настала “вялікая ціша” (Мк 4, 39). Ён дакладна ведае, што чалавеку карысна. Гэтай цішыні чалавек шукае ў глыбіні сваёй сутнасці. Сэрца чалавека прагне цішыні дзеля таго, каб жыць, пераадольваць перашкоды і, галоўнае, каб радавацца жыццю – у паўнаце і нягледзячы ні на што. Ціша – люстра душы. Ціша дазваляе адчуць смак прысутнасці Бога, які наведвае душу і перамяняе яе. Дазваляе пільна прыслухоўвацца да натхнення Духа Святога, глыбока прымаць і засвойваць Слова, каб яно – як піша Бэнэдыкт XVI – стала “формай жыцця” (Verbum Domini, 27).

Зноў і зноў задаюся пытаннем пра значэнне цішыні і маўчання ў маім жыцці. Хачу сёння паразважаць над гэтым. Хачу спасцігнуць дар цішыні. Зразумець, каб прыняць. Цішыня – Божы дар. У ёй жыве сам Бог. Св. Маці Тэрэза з Калькуты кажа, што маўчанне – наймагутнейшая мова Бога Айца, Стварыцеля ўсяго існага. “Паглядзі на гэтае дрэва, на траву, на хмары… Ты іх бачыш? Яны маўчаць, але Пан гаворыць праз іх”. Ён стварыў іх з любові да цябе і да мяне. Ён гаворыць праз іх, няспынна. Прырода – гэта велічнае праслаўленне Стварыцеля!

Грукат вайны руйнуе ўсё жывое на сваім шляху. Аднак ён можа навучыць мяне больш берагчы скарб сцішанасці і маўчання. Магчыма, з сённяшняга дня я буду больш шукаць цішыні ў адносінах з Богам і людзьмі. Буду імкнуцца больш слухаць іншых. Маўклівасць спрыяе ачышчэнню розуму і сэрца ад наступстваў вайны. Магчыма, упершыню з’явіцца мара аб васьмідзённых рэкалекцыях у поўным маўчанні – сам-насам з Богам, які здольны ацаліць мяне ад ляманту ўсіх маіх крыўдаў. 

Чалавека, які знайшоў і дасведчыў цішыню, ужо не спыніць. Ён шукае глыбіні бязмоўя да канца свайго жыцця, каб у паўнаце дасягнуць гэтага ў вечнасці, у абдымках Таго, хто ёсць Цішай і прыходзіць у ціхім подыху ветру (1 Вал 19, 12).

Малітва ў цішыні неабходная, каб даць месца голасу Бога, даверыцца Яму безумоўна, упасці ў Яго абдымкі, каб Ён мог суправаджаць нас. Малітва словамі часта азначае ўцёкі ад поўнага даверу Богу ў цішыні свайго сэрца. Чалавеку часта не хапае цярплівасці. Таму Езус кажа пра людзей, якія шануюць Яго вуснамі, а сэрца іх далёка ад Яго (Мк 7, 6). 

У Вялікім посце справа ідзецца пра вялікую цішу і маўчанне Бога, які змоўк на дрэве крыжа. Вялікі пост запрашае і мяне сціхнуць, менавіта ў самым сэрцы свайго існавання, каб пачуць найглыбейшы голас Бога ўва мне: “Люблю цябе”… 

Упадзі ў абдымкі Езуса, у абдымкі Айца, дазволь сябе абняць і прымі гэтую Дасканалую Любоў усім сэрцам. Бо толькі сэрца, поўнае Любові, не здатнае да крытыкі і зла. Дазволь Богу вылечыць твой язык ад крытыцызму, абгавораў іншых, насмешак над слабейшымі і кпінаў з чалавечых недахопаў падчас асабістай малітвы. Утрымайся ад крытыкі і вострых слоў, якімі можаш параніць сэрца блізкага чалавека. 

Дзень 12

Дарагія сябры, запрашаю вас зноў на 15-30 хвілін малітвы праслаўлення!

Час ліхалецця вучыць зусім па-іншаму глядзець на жыццё, падштурхоўвае чалавека задумвацца пра найвышэйшыя каштоўнасці і найбольшыя таямніцы. Раптам дзень жыцця набывае зусім іншую, значна большую вагу. Чалавек пачынае больш выразна бачыць і цешыцца дарам жыцця. Нібы ўпершыню прачнуўся! Дзённае святло, моманты звычайнай цішыні, простае сняданне, вось гэтая маленькая пралесачка, усмешка незнаёмага чалавека – усё ўспрымаецца, як сапраўдныя скарбы. Усмешка стаецца роднай, а незнаёмец блізкім. Вельмі хочацца дзякаваць і ўсіх абдымаць, не баючыся вірусу. Марка машыны, памеры жылля, іншае – усё нібыта страціла сваё значэнне. Быццам губляеш права ўласнасці і гэта табе не баліць. Тваё – толькі тое, што змяшчаецца ў далоні і ў сэрцы. Ты вымушаны шукаць чагосьці вышняга. У табе пасяляюцца чысцейшыя думкі і глыбейшыя прагненні. Ты радуешся гэтаму. У апраметнай цемры вакол сябе, ты шукаеш больш святла! Чаму? Таму што ты створаны, каб быць любімым. Ты крок па кроку адкрываешся на Стварыцеля свету. Ты пачынаеш шукаць і знаходзіць Бога ва ўсім. Пачатак працэсу ачышчэння пакладзены. Ты аб ім нават не прасіў і не марыў, але ён настаў і нясе ў сабе безліч ласкаў. Збаўленне завітала да цябе. Яно – тут, на парозе твайго жыцця і цудоўнай хацінкі твайго сэрца. І цяпер…

Цяпер трэба толькі зрабіць добры выбар – дзеля ачышчэння. Цяпер трэба толькі даверыцца Яму – дзеля большай свабоды! Трэба распазнаваць і прымаць добрыя рашэнні – дзеля любові! Трэба больш паддавацца Яго волі і давяраць Яму ў бліжніх. 

“Аддацца азначае ахвяраваць Яму з чыстай верай сваю свабодную волю, свой розум, сваё жыццё. Мая душа можа быць спавіта прыцемкамі. Выпрабаванні і цярпенні – гэта найбольш пэўная мера маёй сляпой адданасці. Адданасць – гэта таксама сапраўдная любоў. Чым большая нашая адданасць, тым большая нашая любоў да Бога і людзей. Калі мы напраўду любім людзей, то павінны быць гатовымі стаць на іх месца, узяць на сябе іх грахі і адкупіць іх правіны нашай пакутай і пастаяннай аскезай. Мы павінны быць жывой ахвярай, бо гэта патрэбна людзям” (св. Маці Тэрэза).

Наколькі я ўмею дарыць сябе бліжнім? Наколькі магу стаць Эўхарыстыяй, як Езус, для многіх? Наколькі прагну ахвяраваць сябе “дзеля большай хвалы Божай”?

Пане, без Тваёй ласкі не магу нават вымавіць “Божа, Ты Бог мой! Цябе шукаю” (Пс 63, 2). Аднак няспынна паўтараю, што Ты, Пане, мяне стварыў з прагай любові і таму “Цябе прагне душа мая, маё цела па Табе тужыць”.  Гэтая праўда напаўняе мяне надзеяй, што Ты пакажаш мне добры шлях і канчаткова пераможаш, у першую чаргу, ува мне… Ты ачышчаеш мяне…

Мой Пане, аддаючы Адзінага Сына на смерць, Ты паказаў свету дарогу збаўлення. Няма нічога важнейшага, чым досвед Тваёй любові, чым спасцігнуць тое, што пісала св. Тэрэза ад Езуса: “Дастаткова толькі Бога”. Бо ўсё іншае на зямлі разам з маім целам ператворыцца ў прах. Збаў мяне, Езу, ад ілюзіі першаснасці матэрыялізму гэтага свету. Спалі ўсё гэта полымем Сваёй любові і напоўні Сваёй прысутнасцю маё сэрца. 

Задумайся, без чаго ты мог бы абыйсціся? Што так па праўдзе лішняе ў жыцці і перашкаджае табе прывітаць Езуса ўсім сэрцам? Праслаўляй Бога за тое, што твая душа Яго прагне, няхай нават недасканала…

Дзень 13

“Тады Пан скіраваў да мяне слова, кажучы: Ці не магу Я зрабіць з вамі, дом Ізраэля, як той ганчар? Вось, як гліна ў руцэ ганчара, так вы, дом Ізраэля, у Маёй руцэ” (Ер 18, 5-6).

Барацьба святла з цемрай трывае. Кожны чалавек у нейкім сэнсе адчувае на сабе цяжар гэтага ліха. Пагроза вайны лунае над усім светам. Дзе сёння ты можаш шукаць і знаходзіць дапамогу, абарону і суцяшэнне? “Устань і пайдзі ў дом ганчара, і там пачуеш словы Мае” (Ер 18, 2). Ужо цяпер бяры свой збаночак і вырушай у дарогу! 

“Вось, як гліна ў руцэ ганчара, так вы ў Маёй руцэ”, дом беларускі, – кажа Пан. Прыняць запрашэнне. Прыйсці да гарчара са збаном свайго жыцця – каб даверліва аддаць яго ў Божыя рукі, аддаць сябе ў Божыя абдымкі! Мабыць, гэта і ёсць найбольшы выклік для чалавека, які не ведае ганчара і няздольны прызнаць сваю слабасць. “Той чалавек дасканалы, які дасканала ведае сваю слабасць”, – вучаць айцы пустыні. Бог руйнуе перашкоды, каб знайсці чалавека і прывесці яго да святла. Толькі святло Хрыста можа перамагчы нашую цемру. Прыняць Яго святло азначае змяніць сваё жыццё: дазволіць Богу змяніць яго. Прыняць Яго волю і поўнасцю ёй даверыцца. Але сёння трэба вырушаць у дарогу. Час Вялікага посту – гэта час падарожжа ў дом ганчара. 

“Калі б чалавек ведаў, які шэдэўр Пан можа з яго стварыць, ён бы даверыўся Яму без рэшты” (св. Ігнацый Лаёла).

Пане, дазволь даверыцца Табе без рэшты! Дазволь трываць “у працэсе”… Дакраніся, прашу, “гліны” майго нутра і ўчыні яго святлейшым. Дакраніся ног, каб сталі носьбітамі еднасці. Дакраніся рук маіх. Дакраніся вуснаў, каб абвяшчалі праўду Тваю. Учыні маё сэрца спагадлівым – “на Твой вобраз і падабенства”.

Езу, пакорна аддаюся у Твае творчыя рукі. Ты, як ганчар, старанна выбраў матэрыял, ачысціў ад каменьчыкаў, дадаў вады, і ўсё гэта сведчыць пра Тваю бязмежную ласку, якой Ты мяне адорваеш. Пачынаеш ствараць з донца – дзеля таго, каб я лепш мог пазнаць самога сябе. Выкругляеш сценкі, падтрымліваючы гліну звонку і знутры на знак таго, што Ты ёсць апораю для мяне ўвесь час. Штодня творыш гэтае дзіва, фармуючы мяне. 

Давер Езусу сваё жыццё, а Ён злепіць з цябе дасканалага чалавека. 

Дзень 14

“І ўстанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць і каб яны мелі ўладу выганяць злых духаў” (Мк 3, 14-15).

Менавіта гэтыя словы навучаюць пра асновы і прынцыпы духоўнага жыцця. Быць з Панам – гэта першаснае пакліканне Хрыстовага вучня. Евангеліст Марк невыпадкова ставіць тут акцэнт, бо на першым месцы заўсёды павінна быць прабыванне з Богам, на другім – прапаведванне, на трэцім – выгнанне злых духаў і аздараўленне.

Ці раней звяртаў увагу на гэтыя словы Пісання? Што для цябе азначае “быць з Ім”? 

Перш за ўсё, гэта азначае наяўнасць асабістай малітвы, блізкія адносіны з Панам. Евангеліст ставіць дзейнасць на другое месца, бо калі няма ніякай сувязі з Езусам, то пропаведзь не атрымаецца, а служэнне стане прэсным. Быць з Богам – гэта распазнаваць сваё пакліканне, якое перадусім азначае быць з Ім, інакш кажучы, быць Ягоным умілаваным, дазволіць палюбіць сябе.

Вучні тры гады былі з Хрыстом, каб Яго больш пазнаць, мацней палюбіць і руплівей наследаваць. За ўвесь гэты час яны нічога вялікага не здзейснілі. Час ад часу Езус даваў ім нейкія заданні. Былі выпадкі, калі ім удавалася выганяць дэманаў, тады вучні радаваліся, але часам – не ўдавалася, і яны прыходзілі да Хрыста з апушчанымі галовамі. Вось жа, найгалоўнейшым для іх было проста навучыцца быць з Панам. 

У першую чаргу, мы зважаем на запаведзь любові да бліжняга. Нас упарта вучаць служыць і дарыць любоў. Аднак, не прыняўшы любові, мы не зможам палюбіць бліжняга. Не прыняўшы любові Бога, мы не зможам, не здолеем і не захочам любіць Бога, які ёсць Духам. Калі дзіця ў маленстве не дасведчыла любові, яно з цягам часу не зможа і не пажадае выяўляць любоў да іншых, бо няма крыніцы любові. Бог ёсць любоў (1 Ян 4, 16) і толькі ў Ім знаходзіцца крыніца любові. Езус звяртаецца да апосталаў: “Дзеці”. 

Прызначэнне дзіцяці – атрымліваць любоў, бо яно напоўніцу залежыць ад яе. Паразважай над тым, што ты – дзіця, якое Пан прагне адарыць сваёй любоўю.

Быць з Богам – значыць усведамляць, што ты створаны на Яго вобраз і падабенства.

Быць з Ім – тое месца, дзе нараджаецца сапраўдная місія, жывая пропаведзь, а таксама вялікае сэрца, гатовае да барацьбы.

Быць з Панам азначае даверыцца Яму, быць у Яго абдымках, больш пазнаваць Яго, але таксама і сябе, умілаванае дзіця. 

Быць з Панам азначае, што Ён заўсёды перад табой і поруч з табой.

Быць з Панам – значыць проста слухаць, захоўваць цішыню, прымаць Яго слова. 

Быць з Панам у час небяспекі – не толькі пытанне выжывання, але і вялікая магчымасць паглыбіць адносіны з Богам, з бліжнімі і з сабой. Можа, хтосьці ўпершыню здабудзе досвед блізкасці Хрыста? 

Сёння проста ўважліва слухай Божае слова і старайся быць з Ім. Няхай гэтае Яго слова дапаможа табе распазнаць галоўнае і першаснае пакліканне: як быць з Панам. Амэн.

Дзень 15

“Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі паралізаванага” (Мк 2, 3).

Зноў запрашаю вас на 15-30 хвілін малітвы праслаўлення. Праслаўленнем Бога можа быць тваё жыццё, нават калі ў ім ёсць параліч! Большым праслаўленнем з’яўляецца прызнанне гэтага параліча і запрашэнне Бога, каб дакрануўся да твайго жыцця.

Чалавек ёсць пілігрымам, ён створаны для руху. Жыццё – гэта рух і пастаяннае змаганне. Пілігрым заўсёды ідзе да мэты, пакліканы шукаць і знаходзіць супольнасць са сваім Стварыцелем, з іншай асобай і з самім сабою.

Біблія вучыць, што чалавека паралізавалі страх і няведанне, куды ісці (Быц 3). Чалавек разгублены. Ён паверыў хлусні і ў выніку страціў лучнасць з Богам і арыенцір жыцця. Чалавек страціў траістую супольнасць. Параліч закранае ўсяго чалавека, цалкам – у сэнсе розуму, волі, адносін…

Вялікі пост – гэта час для ўсведамлення свайго паралічу. Няма руху! Няма жыцця! Прызнанне схаванага параліча – ужо перамога, палова шляху да ацалення. Ці адчуваеш параліч у сабе? Можа, табе цяжка камунікаваць з кімсьці. Можа, не зносіш прысутнасці той ці іншай асобы. Табе панічна сорамна за свае ўчынкі або ўчынкі іншага чалавека. Ты паралізаваны навінамі. Не можаш прабачыць…

Паралітыка прынеслі чацвёра чалавек, якія сімвалізуць касмічную лічбу: чатыры элементы свету (вада, паветра, зямля, агонь), а таксама чатыры бакі і вымярэнні свету. Для Айцоў Касцёла чатыры асобы, якія нясуць паралізаванага, – гэта таксама чатыры евангелісты, чыя місія – весці ўсіх да Хрыста. За хворага можна парадавацца, таму што ён мае неабыякавых памочнікаў, сяброў. Ты можаш убачыць сябе сярод тых чатырох, якія нясуць, суправаджаюць многіх іншых людзей да Хрыста. Ці распазнаеш пакліканне да апостальскага служэння – насіць паралітыкаў да Хрыста? Цудоўная місія! Для таго, каб насіць іншых, спачатку трэба дазволіць Хрысту зрушыць тваё жыццё. Важней распазнаць свой параліч і запрасіць туды Хрыста.

Жывеш, бегаеш, размаўляеш, знаёмішся з новымі людзьмі, адных называеш сябрамі, іншых найлепшымі сябрамі, іншых – проста знаёмымі… Але, па шчырасці, хто для цябе ўсе гэтыя людзі? Хто на самай справе добры прыяцель? Кім ты з’яўляешся для ўсіх гэтых людзей? Якой дарогай яны вядуць цябе? Ці з імі ты сустрэў Езуса? Ці часам ты не застаўся адзін? Найлепшы прыяцель – той, які табе не здрадзіць, які ў тваім падзенні і немачы душы не пакіне цябе, а возьме за руку і павядзе да Хрыста. Не супраціўляйся, не крыўдуй на яго, бо ён можа стаць тваім малым шляхам да збаўлення.

Пане, дазволь убачыць маю спаралізаванасць! Дай мне чатырох сяброў, якія мяне панясуць у Твае абдымкі! Пакліч мяне да служэння найбольш патрабуючым і зраненым людзям…

Зрабі невялікі спіс сяброў і праглядзі, ці ёсць сярод іх той, праз каго Бог да цябе прамаўляе, той, які табе заўсёды пакажа на твой учынак. Пазвані яму, сустрэнься і шчыра падзякуй, успамінаючы гэтыя яскравыя моманты. Будзь сам для іншых сябрам – шляхам да Хрыста.

Дзень 16

“Забярыце гэта адсюль! Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю” (Ян 2, 16).

Праслаўленнем Бога з’яўляецца тваё жыццё, нават слабое і крохкае. Большым праслаўленнем з’яўляецца вызнаванне сваёй крохкасці і запрашэнне Бога ў сваю крохкасць.

Езус уваходзіць у святыню. Прызначэнне святыні – быць домам малітвы. Езус любіць святыню, якая з’яўляецца домам Айца, часта прыходзіць, каб сустрэцца там са сваім Айцом. Сёння Ён зноў прыйшоў у святыню, каб памаліцца, і “знайшоў тых, хто гандляваў…”. Святыня – месца, дзе Бог адорвае чалавека. “Сасмаглыя, усе ідзіце да водаў. І вы, якія не маеце срэбра, ідзіце. Ідзіце купляйце без срэбра і без платы за віно і малако (Іс 55, 1). Бог не прадае, але дорыць сваю любоў, бо Ён “ёсць любоў” (1 Ян 4, 18), а “чалавек створаны, каб хваліць Бога, нашага Пана, шанаваць Яго і служыць Яму, і праз гэта збавіць сваю душу” (Св. Ігнацый Лаёла). Святыня не з’яўляецца месцам, дзе чалавек можа штосьці прадаваць. Чалавек, які сам голы (Быц 3, 7), не можа нічога прадаваць, хіба што распаўсюджваць уласную пустку. Каб чалавек мог дарыць хаця б крыху любові, яму спачатку трэба прыйсці ў святыню і прыняць любоў – на каленях, моўчкі і перад Укрыжаваным. Пан ёсць Словам (logos), якое паходзіць з вуснаў Божых. Бог – Вусны, а прызначэнне чалавека – быць вухам, якое прымае Яго Слова і Яго Любоў. Чалавек, які нічога не мае, можа толькі адкрыцца на Божую любоў і штосьці атрымаць ад Бога, каб потым таксама дарыць, як Ён заўсёды дорыць сваю любоў. Бог не прадае, але адорвае сваіх Адама і Еву, народ Ізраэля і наш.

Езус ачышчае святыню ад галякоў-гандляроў. Пан бачыць пустку майго сэрца. Ён прагне ачысціць мяне ад няспыннага гандлю пусткай, які я вяду ў глыбіні сэрца. Я магу гандляваць уладай над іншымі людзьмі, у думках узвялічваючы сябе. Магу гандляваць маёмасцю, нават той нешматлікай. Магу гандляваць наяўнасцю свайго часу, калі не знаходжу яго, каб праслаўляць Бога і ўдзельнічаць у нядзельнай св. Імшы. Магу гандляваць сябрамі, калі адварочваюся ад іх, таму што яны не маюць дастаткова высокага статусу і мне з іх няма карысці. Чым яшчэ можна гандляваць у святыні свайго сэрца?

Можна гандляваць прыгожымі словамі і дальнабойнымі фразамі. Можна прапаведваць досыць добрую філасофію жыцця (але выключна для іншых). Можна дэманстраваць сілу і ўладу. Сацыяльны статус, якім нехта ўзвялічвае сябе, каштуе нямала, ды толькі ў людскіх вачах, а не Божых. Можна жыць дзеля задавальнення і кар’еры. Можна гандляваць скажоным вобразам Бога, не жадаючы Яго пазнаваць, каб любіць і ісці за Ім. Можна гандляваць сваім сумленнем і г.д.
Сёння Езус прагне ўвайсці ў тваё і маё сэрца і ачысціць яго ад усялякага смецця. Езус ачышчае святыню ў пачатку Евангелля, каб потым увесь час напаўняць яе Словам сваёй прысутнасці. Важна дазволіць Яму ўвайсці ў сваю святыню, каб Ён ачысціў яе таксама ад наступстваў ліхалецця… Цяпер вельмі важна разважаць больш над патрэбай і здольнасцю дазволіць Яму перакрочыць парог святыні і дзейнічаць. Няхай Ён ачышчае яе і няхай жыве там… Нават калі я не магу і не хачу прабачаць, галоўнае, што Ён прагне і Ён ёсць прабачэннем!

Пане, прашу Цябе, знайдзі шляхі да майго сэрца і Ты прабачай ува мне, калі я не здолею, не дам рады і нават не захачу гэтага зрабіць! Ты ёсць прабачэннем. Час Вялікага посту – час ачышчэння святыні майго сэрца. Час Вялікага посту – час напаўнення святыні Яго прысутнасцю і Яго прабачэннем! “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34).

Падчас гэтага велікапоснага падарожжа Езус уваходзіць у тваё сэрца, каб абудзіць, перамяніць, умацаваць. Скончыўся час, калі вера была звычкай… Пачынаецца час адновы і сустрэчы.

Езус прагне ўвайсці ў тваё сэрца. Гнеў і абурэнне! Езус “лупцуе” словам і бічом гандляроў. Менавіта такім гневам выбухае Хрыстус, каб абудзіць цябе з летаргічнага духоўнага сну! Яго гнеў не з’яўляецца гневам нянавісці і помсты, але гневам Таго, хто не можа дастукацца, бо сэрца закамянела, знямела, аслепла! Ці твая святыня не сталася святыняй гандлю? Калі не маеш Любові і даверу, губляеш сэнс быцця.

Падумай, чым ты на самай справе гандлюеш у духоўным жыцці? Што перашкаджае ўвайсці Езусу ў тваё сэрца і перамяніць яго? Дазволь Яму павыганяць усю жывёлу і адарыць цябе паўнатой Сваёй прысутнасці.

Дзень 17

“Бо так кажа Пан Бог, Святы Ізраэля: «У навяртанні і супакоі будзеце збаўлены; у цішыні і даверы будзе сіла ваша. Але вы не хацелі»” (Іс 30, 15).

Праслаўляе Бога твой давер Яму, хоць бы нават яшчэ вельмі кволы. Ты праслаўляеш Бога, калі шукаеш і знаходзіш большы давер.

“Што значыць давяраць Божаму Провіду? Значыць мець моцную і жывую веру, што Бог можа нам дапамагчы і абавязкова прыйдзе з дапамогай. Тое, што Ён можа дапамагчы, не падлягае сумневу, бо Ён усемагутны. Тое, што Ён ахвотна дапаможа – відавочна, бо Ён абяцае нам гэта ў многіх месцах Святога Пісання, а Бог нязменна верны сваім абяцанням. Хрыстус заахвочвае нас да абсалютнага даверу словамі: “Таму кажу вам: усё, чаго просіце ў малітве, верце, што атрымаеце і будзе вам” (Мк 11, 24). Таму апостал Пётр таксама кажа нам усе турботы аддаць Богу, які клапоціцца пра нас. Як жа мог бы Ён не клапаціцца, калі паслаў нам свайго Сына і разам з Ім адарыў нас усім, што нам патрэбна? Св. Аўгустын кажа: “Як можаш сумнявацца ў тым, што Бог дае табе дабро, калі Ён захацеў прыняць дзеля цябе зло?” (св. Маці Тэрэза).

Давер – гэта зарука поспеху і спаўнення абяцання. Давер дорыць сілу і мае прысмак перамогі. Давер ужо сведчыць аб перамозе над страхам, праз які выяўляе сябе смерць. Давер азначае, што ты не самотны, але можаш абаперціся на кагосьці. Таму давер – прыкмета моцнай супольнасці. Давер ратуе. Нават крышынка даверу прыносіць супакой сэрцу. Толькі давер трымае нас у гэтыя часы!

О, Пане, дазволь убачыць Твой бязмежны і безумоўны давер да нас, каб мы цалкам захапіліся Табой! Дай ласку, каб мы прагнулі ўсім сэрцам, усёй душой і ўсімі сіламі “ўсё больш пазнаваць Цябе, каб мацней любіць і лепш наследаваць” (св. Ігнацый Лаёла). Давяраць – гэта ўжо любіць і быць любімым і свабодным. Пане, навучы мяне больш давяраць Табе, маім бліжнім і сабе, асабліва ў сваіх слабасцях…

Пакінь трывогі, неспакой і даверліва аддай Богу сваё жыццё, бо толькі ў Ім спазнаеш супакой. Праслаў Пана за людзей, якім ты давяраеш. Праслаў Яго і за тых, якія навучылі цябе давяраць. 

Дзень 18

Тады Езус сказаў ім: «Вы ўсе зняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі статку” (Мц 26, 31).

Зняверанасць … Зняверанасць прыходзіць уначы, больш за тое, яна сама – цемра, глыбокі змрок чалавечага жыцця. Зняверанасць надзвычай “плодная”. Яна спараджае чэрствасць, абыякавасць, роспач, нянавісць, гнеў, злосць, здраду… Зняверанасць прыглушае яскравыя колеры ў жыцці чалавека, робіць яго сляпым на ўсмешку, радасць, добрае слова, дапамогу… Усё навокал становіцца чорна-белым і аднастайным.

Зняверанасць прыходзіць знянацку, падступна. Гэта пярэварацень даверу, даверу да Бога, людзей і да самога сябе. Калі і ў якіх абставінах я губляю давер да Бога? Ці задумваюся аб гэтым? Што з’яўляецца прычынай расчаравання ў веры? А найгалоўнешае пытанне – ці я заўважаю гэты стан? Дзе і ў каго шукаю паратунак?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, трэба затрымацца і ўслухацца ў свой унутраны шум. Што не дае майму сэрцу адчуць спакой і мір? Напэўна, у цяперашнім свеце хапае прычын, якія разбіваюць усе імкненні да спакою і глыбокага даверу да Бога. Пан кажа: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі” (Мц 11,28-30).

Ва ўсіх сваіх справах і цягам усяго жыцця самае галоўнае – памятаць, што Пан любіць нас такімі, якімі мы ёсць зараз, у дадзены момант, тут і цяпер. Нягледзячы на нашыя незлічоныя праявы святла і цемры, Пан любіць кожнага і кожную з нас. Толькі ў Ім можна знайсці суцяшэнне і паратунак.

Недавер… Словы веру/не веру, давяраю/не давяраю гучаць вельмі часта ў тваім жыцці. Кагосьці асуджаеш, кагосьці ўзнагароджваеш, кагосьці апраўдваеш… І часцей за ўсё, робіш гэта дзеля ўласнай выгады, дзеля свайго камфорту… Езуса здрадзілі… Дзе ты сярод гэтых падзей? Хто ты сёння? Пётр, які адрокся ад свайго ўмілаванага Настаўніка? Ян – любімы вучань, які застаўся з Хрыстом да апошняга імгнення? Марыя Магдалена, якая так шчыра Яго любіла? Юда Іскарыёт, які здрадзіў за ўзнагароду?

О, Пане, Ты бязмежна нас любіш сваёй Айцоўскай любоўю! Дазволь выстаяць у гэты цяжкі час і не перастаць давяраць Табе. Дай сілы гадаваць у сэрцы надзею на Тваю міласэрнасць. Прагну з дзіцячым даверам бегчы да Цябе з распасцёртымі рукамі, каб упасці ў Твае любячыя абдымкі!

Падумай: калі ты застаешся з Панам, а калі зняверваешся? У якіх выпадках пазбягаеш Яго, а ў якіх бяжыш, раскінуўшы рукі, у Яго абдымкі? Праслаў Бога за людзей, якія сталі прыкладам даверу да Бога.

Дзень 19

“Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі” (Гал 5, 1).

Праслаўленне Бога – гэта тваё жыццё, нават калі ў ім поўна страху і адчаю, нават калі не адчуваеш свабоды. Большым праслаўленнем з’яўляецца прызнанне свайго паняволення і запрашэнне Бога ў сваё жыццё.

“Свабоды знешняй – хоць яна такая каштоўная – самой па сабе не можа быць дастаткова. Яе крыніцай заўсёды павінна быць свабода ўнутраная, уласцівая сынам Божым” (св. Ян Павел ІІ).

Першае і асноўнае пакліканне чалавека – любіць і быць любімым. Жыць у гармоніі з Богам, людзьмі і самім сабой! “У любові няма страху” (1 Ян 4, 18). Хрыстовая свабода вядзе нас да таго, каб служыць іншым, і выяўляецца ў любові. Мы вольныя, калі служым, мы здабываем жыццё, губляючы яго. Толькі страх вядзе да ўнутранага шуму і няволі, да ўнутранай вязьніцы. Страх – гэта шлях да непазбежнага цярпення і страты пачуцця, што мы любімыя.

“Любоў Хрыста вызваляе нас ад рабства перад уласным “эга”. “Без любові няма свабоды”, а эгаістычнае карыстанне свабодай не прыносіць плёнаў. Свабода ўзрастае дзякуючы любові. Гаворка, аднак, не ідзе пра любоў з тэлесерыялаў ці пошук уласнага задавальнення, але пра любоў, якую бачым у Хрысце – міласэрную любоў. Толькі яна па-сапраўднаму вызваляе” (Папа Францішак падчас катэхезы 20.10.2021г.).

Як часта я адчуваю страх і адсутнасць любові? Што на самай справе мяне знявольвае: страх страціць жыццё, блізкую асобу, матэрыяльныя каштоўнасці, страх быць пакінутым, не выслуханым, страх перад асуджэннем, крытыкай, дакорам? Што няволіць мяне звонку і ўнутры? Што не дае мне ўдыхнуць на поўныя грудзі і адчуць Божую любоў? За што я так моцна трымаюся, што адчуваю сябе скаваным? Чаму не магу супраціўляцца і знайсці сілы, каб гэта змяніць?

Адважыцца наблізіцца да Пана, быць адкрытым, не баяцца Яго – менавіта гэтыя крокі з’яўляюцца ключавымі для вызвалення з прыгнёту і няволі. Каб зрабіць гэты крок, трэба спыніцца і выдыхнуць. Усвядоміць, што са мной адбываецца, і знайсці мужнасць перагарнуць нейкую старонку свайго жыцця. Не вырваць, не знішчыць, а менавіта – перагарнуць, выносячы з папярэдняга жыццёвага досведу тое, што наблізіць да свабоднага дыхання, дасць сілу пачаць цаніць жыццё, радавацца яму, дарыць камусьці сваё жыццё а таксама дапаможа прыняць Божую Любоў, бо толькі гэта стварае і надае сэнс кожнаму чалавечаму існаванню.

Чалавек прызначаны быць свабодным. Пакуль расце і жыве ў сучасным свеце, ён будуе ў сэрцы муры, прывязваючыся да свету матэрыяльнай марнасці (як навучае св. Ян ад Крыжа). Выдыхні… Пакінь гэта…. Стань свабодным… Перагарні старонку свайго жыцця, распачні новы шлях наследавання Хрыста, бо Ён з вялікай любоўю вызваліў цябе. Што насамрэч не дае табе распасцерці крылы і паляцець? Што не дае вырушыць у дарогу? Ці ты шчаслівы сярод марнасці гэтага свету? Ці не пачуваешся вязнем? Разваж, што цябе насамрэч няволіць? Што перашкаджае табе спакаваць свой заплечнік, абуць зручны абутак і распачаць падарожжа з Хрыстом, у Хрысце, з любові да Хрыста?

Божа, Ты мой Бог і я на Цябе спадзяюся! Прашу – дапамагай мне і будзь маім прытулкам. Ты не толькі побач са мной, Ты – ува мне, а я – у Табе. Праслаўляю Цябе за гэта! Ці можа баяцца дзіця на руках свайго Айца? Пане, умацуй мяне ў духоўным узрастанні і пераадоленні цяжкасцяў, звязаных з немаччу паняволення, навучы шукаць вызвалення толькі ў Табе. Дапамажы распачаць новае падарожжа з Табой і з любові да Цябе!

Праслаў Пана за Тваіх сяброў, якія шчырым сэрцам наследуюць Яго!

Дзень 20

“І вось пройдзе Пан, і будзе перад Ім вецер вялікі і моцны, які разрывае горы і крышыць скалы, але не ў ветры Пан. А пасля ветру будзе землятрус, але не ў землятрусе Пан. Пасля землятрусу будзе агонь, але не ў агні Пан. Пасля ж агню — шум ціхага ветру” (1 Вал 19, 11-12). 

Праслаўленнем Бога з’яўляецца тваё жыццё, нават калі яно напоўнена шумам і бязладдзем. Большым праслаўленнем будзе пошук цішыні і глыбокае прагненне Божага дотыку, пяшчотнага і лагоднага дотыку Пана.

Жыццё чалавека напоўнена шумам. Сучаснае грамадства – гэта дыктатура шуму! Шум становіцца наркотыкам, у ім шукаюць забыцця, заспакаення, адцягнення ад праблем. Аднак, на самай справе, шум – гэта ўцёкі, шум – гэта падманлівая тэрапія, якая не заспакойвае. За шумам крыецца несвабода. Нават калі знешне пануе цішыня, унутры можа віраваць шторм, зняверанасць, паняволенне. Падчас малітвы, чытання Бібліі ці ўдзелу ў Літургіі, калі мы стаім перад Богам, унутры можа быць шум. Падчас вайны навакольны свет для многіх людзей нібы застыг. Для многіх свет быццам замёр. Бяжым у сховішча, там “цішыня”! Але ці сапраўды? Чакаем, баімся, хвалюемся, слухаем…! Што ў гэтыя хвіліны жыве ў нас?

Прыслухайся сёння да глыбіні свайго сэрца. Што ты чуеш? Стому, гнеў, трывогу, боль, адчай, няўпэўненасць, разгубленасць, а можа нават нянавісць? Не бойся адчуць гэта, не бойся прызнаць і прыняць. Не бойся прыйсці з гэтым да Пана і ўсё Яму аддаць. Толькі так ты дазволіш Богу сёння дзейнічаць у табе.
“У маўчанні мае слухаць Пана кожная душа,” – пісаў св. Ян ад Крыжа, а таксама: “Хто забівае цішыню – той забівае Бога”.

Бог прамаўляе ў цішыні. Мы Яго можам пачуць толькі тады, калі змоўкнем. У чалавечым сэрцы месціцца прыроджаная цішыня. Цішыня і маўчанне – гэта не бяздзейнасць ці адсутнасць чагосьці або кагосьці. Вялікія рэчы творацца ў цішыні. Сам Хрыстус, стоячы перад Пілатам, маўчаў. Але гэтае маўчанне не было праявай немачы ці страху – Яго маўчанне было вялікай сілай!

Калі шум знявольвае, то ціша – вызваляе. Бог нас стварае і перамяняе ў цішыні. Калі ёсць унутраная цішыня і спакой, то знешні хаос і шум можа зраніць чалавека, але не заб’е. Цішыню і маўчанне трэба выхоўваць, песціць і любіць. Толькі тады нараджаецца плод, толькі тады сціхаюць словы, а пачынае гаварыць сэрца!

Цішыню нялёгка захоўваць і вытрымліваць, але яна дазваляе чалавеку даверыцца Богу, каб Ён яго вёў. З боскай Цішыні нараджаецца цішыня нашая. Ад маўклівага Бога можам атрымаць сваё маўчанне. Чалавека няспынна суправаджае святло, якое струменіць, нібы крыніца. Маўчанне – цяжэйшае за любыя чалавечыя ўчынкі таму, што яўляе Бога. Сапраўдная рэвалюцыя пачынаецца з маўчання, вядзе нас да Бога і нашых бліжніх, каб пакорна і велікадушна прысвяціць сябе служэнню.

Пане, прыдзі сёння і пасяліся ўва мне! Суціш маё ўзбаламучанае сэрца. Перамяні маё нутро. Гавары са мной так, як ты гаварыў дагэтуль. Пане, навучы мяне бачыць Цябе ва ўсіх рэчах і ўважліва слухаць, каб лепш Цябе пазнаць, мацней любіць і больш аддана служыць Табе.

Знайдзі цішыню… Адчуй, як уваходзіць Пан. Адчуй, як абдымае цябе. Адчуй, як закранае струны твайго сэрца. Прымі дотык Яго прысутнасці. Застанься ў цішыні і проста слухай… Прысвяці свой час сустрэчы з Езусам у поўнай цішыні. Вучыся любіць Яго цішынёй.

Дзень 21

“Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. А Ён сказаў ім: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце»” (Мк 6, 30-31).

Хвалой Бога ёсць тваё жыццё. Жыццё – гэта шлях, на якім можам адчуць стому, няўпэўненасць, бязраднасць. Большая хвала выяўляецца ў жаданні шукаць адпачынак, які магчымы толькі ў абдымках любячага Бога.

Апосталы, вучні Езуса, мелі вялікае жаданне дзейнічаць. Яны бачылі перад сабой Езуса, які аздараўляў, уваскрашаў, выганяў злых духаў, памнажаў хлеб, прапаведваў, і хацелі ў тым наследаваць свайго Настаўніка, рабіць так, як Ён. Здабыўшы пэўныя поспехі, яны бягуць да Хрыста, каб Яму распавесці пра ўсё. Зразумела, па-чалавечы яны былі стомленыя, бо напрацаваліся, сутыкнуліся з мноствам людзей, перажылі пэўныя эмоцыі. Прыйшоўшы да Яго, вучні навыперадкі пачалі распавядаць, што з імі сталася, апавядаць пра поспехі і няўдачы, радасць і боль, натхненні і сумневы… Езус, як сапраўдны духаўнік, іх выслухаў. Ён не даў ніякай ацэнкі іх дзеянням, не пахваліў, не зганіў, не выправіў, а толькі даў ім тое, чаго ім на дадзены момант было так патрэбна – цішыню, самоту і маўчанне.

Сёння, ідучы шляхам Вялікага посту, які супадае з “крыжовым шляхам” народу, ты можаш адчуваць стому. Навокал багата грукату, багата слоў, багата інфармацыі… Людзі перадаюць адзін аднаму рознымі спосабамі свае перажыванні, эмоцыі, страхі, аповеды… Гэта ўсё закранае цябе і асядае ў табе! Спыніся, зазірні ў сябе, супакойся. Можа менавіта цяпер ты патрабуеш адпачынку? Можа варта знайсці час, каб пабыць з дзецьмі, патэлефанаваць родным ці сябрам? А, можа, яшчэ больш – пабыць з Хрыстом сам-насам і толькі ў Ім знайсці сілы, каб працягваць шлях? Колькі ўсяго за апошнія чатыры тыдні ты вынес ці вынесла на сваіх плячах? Магчыма, цяпер якраз той момант, калі ты ўсё гэта можаш аддаць Хрысту? Той час, калі можаш дазволіць Яму цябе панесці?

Што найчасцей перашкаджае чалавеку знайсці цішыню – гэта думкі. Неспакой нашых думак можна параўняць з бурай, у якую патрапіў човен з вучнямі на Галілейскім моры. Як і апосталы ў чаўне нашага жыцця, мы апынаемся бездапаможнымі, поўнымі трывогі і няздатнымі знайсці спакой. Але Хрыстус можа прыйсці нам на дапамогу. Гэтаксама, як Ён загадаў мору і ветру супакоіцца, і “настала вялікая ціша” (Мк 4, 39), так можа супакоіць нашае сэрца, змучанае страхамі, болем, стратамі і турботамі.

Прабываючы ў маўчанні, мы давяраем і спадзяемся на Пана. Мы нават не ўсведаляем што маўчанне з’яўляецца малітвай, якая вядзе да самых блізкіх адносінаў з Хрыстом. Папа Францішак кажа, што адарацыя – гэта калі Бог глядзіць на мяне, а я на Яго. Замоўкнуць вуснамі – а яшчэ больш у глыбіні сэрца – азначае прытуліцца да Самога Бога.

Час Вялікага посту – гэта шлях духоўнай вандроўкі! Бог нясе нас, а мы трываем у Ім і з Ім кожнае імгненне нашага жыцця, зберагаючы маўчанне. Нішто так не дазваляе нам знайсці Бога, як Яго маўчанне, якое ўпісана ў самую нашую сутнасць. Калі не клапоцімся пра ўнутранае, то якім чынам знойдзем Бога? Мы любім падарожнічаць, ствараць, здзяйсняць вялікія адкрыцці. Але тымчасам застаемся звонку ад сябе і далёка ад Бога, які моўчкі прабывае ў нашых душах. Як жа важна выпеставаць у сабе цішыню, каб праўдзіва быць з Панам на сваім жыццёвым шляху! Не знойдзем Яго дзесьці там, пераадольваючы моры і акіяны, а толькі ў сэрцы. Па-сапраўднаму праходзім шлях толькі тады, калі зберагаем цішыню ў глыбіні сябе!

Пане, дай сілы спыніцца, сцішыцца, замоўкнуць, каб адшукаць цішыню, а тым самым і Цябе! Без Тваёй ласкі не магу заглушыць сваё “я” і даверыцца Табе да канца. Хачу ў самоце, у Тваіх абдымках, адпачыць, каб з новай сілай пачуць Твой голас, які кажа: “Люблю цябе!”

Ты ўжо адолеў палову шляху Вялікага посту… Ці сапраўды гэта зрабіў? Можа, стаміўся? Ты можаш азірнуцца і спытаць сябе, якім быў для цябе пройдзены шлях? За табой ужо 20 дзён посту – што змянілася ў табе? Магчыма, Езус нёс цябе усю дарогу… І будзе далей несці, каб ты дайшоў да мэты свайго збаўлення – Ягонага і свайго ўваскрасення. Дазволь Яму поруч з табой несці твой крыж, як калісьці з прымусу зрабіў гэта Сымон Кірынеец…

Дзень 22

У тыя дні Ён узышоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога (Лк 6, 12).

Вялікае і шчодрае праслаўленне Бога – гэта тваё жыццё ў цішыні і маўчанні. Для сучаснага чалавека ціша – вялікае выпрабаванне ў пустыні. Аднак гэта не азначае, што ты не маеш права і магчымасцяў спрабаваць пашукаць пустыні і такім чынам праславіць Бога.

Першыя 30 год схаванага жыцця Езуса ў Назарэце маюць яскравыя прыкметы духоўнай і містычнай пустыні. Саракадзённае прабыванне ў Юдэйскай пустыні з’яўляецца таксама часам духоўнай барацьбы і рыхтавання Езуса да Яго публічнай місіі. Езус моліцца няспынна, пустыня для Яго – асаблівае месца духоўнага ўзрастання.

Езус праз увесь час свайго зямнога жыцця нібы прабывае ў пустыні і моліцца. Евангеліст Лука аж восем разоў бачыць Езуса, пагружанага ў малітве. Ён моліцца начамі. Езус досыць часта аддаляецца ў пустыню ў пошуку самотнасці і начной цішыні. Знаходзіць там Божую прысутнасць, якая вядзе Яго туды, дзе жыве Бог, да канчатковай сустрэчы з Айцом на Галгоце.

Пустыня – месца духоўнага росту. Пустыня мае ў сабе штосьці з ночы выпрабавання і ачышчэння, якая гартуе дух. Пустыня дазваляе пераадольваць крызіс і ўзрастаць праз яго. Пустыня матывуе сузіраць і ўзрастаць. Чалавек, які носіць Бога ў сэрцы, заўжды будзе прагнуць цішыні і маўчання пустыні дзеля глыбейшай сустрэчы з Богам. Такі чалавек не спалохаецца пустыні, а, наадварот, будзе шукаць яе паўсюль і з усіх сіл. Прагненне пустыні з’яўляецца таксама найбольшым выпрабаваннем. Прагненне любові і ёсць тым выпрабаваннем, якое ўпісана ў чалавечае сэрца. Чалавек створаны з прагненнем пустыні, нібы з компасам і месцам прыбыцця адначасна. Пустыня кліча нас як месца сустрэчы з Богам.

Ніводзін прарок не сустрэўся б з Богам, не шукаючы самотнасці і маўчання. Прарокі знаходзілі Яго ў вялікай цішыні пустыні. Аднак пустыня – гэта не толькі пэўная прастора, але стан душы. Не досыць проста замоўкнуць, трэба стаць маўчаннем!

Важна, што да пустыні, самоты і маўчання Бог ужо прысутны ў сэрцы чалавека. Сапраўдная пустыня – у нашай душы. Там Ён чакае нас. Адзінота – найлепшы стан, каб слухаць Бога, які маўчыць. Няма патрэбы выходзіць за горад, каб знайсці цішу, якая заўсёды ёсць унутры. Маўклівая прысутнасць Бога няспынна жыве ў сэрцы. Цішыня, якую мы шукаем, – у нашым сэрцы і яўляе нам любячага Бога. Ці перыяд Вялікага посту мае для цябе прысмак пустыні?

Пане, навучы мяне не баяцца пустыні ў сваім жыцці, як і Ты не баяўся! Паказывай мне пустыню і будзь там са мной, калі будзе цяжка. Ведаю, што Ты клічаш у пустыню, каб спаткацца са мной. У пустыні змагу Цябе лепш распазнаць і прыняць. Пане, пустыня майго сэрца. Знайдзі мне ў пустцы майго жыцця і прытулі да бязмежнай пустыні Свайго сэрца, дзе не існуе шуму і няма кананады… Пане, няхай досвед выпрабаванняў навучыць мяне прагнуць пустыні “дзеля большай хвалы Тваёй”. Навучы любіць пустыню і там Цябе шукаць і знаходзіць “кожны раз і ў любы час” (Св. Ігнацый Лаёла).

Сучасны свет прапагандуе актывізм. Цішыні могуць пазбягаць і кансэкраваныя асобы. Яе губляюць нават дзеці ў школах. Але ты можаш знаходзіць цішыню паўсюль, асабліва там, дзе пануе найбольшае бязладдзе. Ці прагнеш быць у цішыні? Ці шукаеш, ці просіш аб ёй у малітве? Ці асягнуўшы яе, гатовы дарыць бліжнім? Праслаў Бога за прагненне пустыні і яе досвед.

Дзень 23

Паглядзіце на палявыя кветкі, як растуць. Яны не працуюць і не ткуць. Але кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх (Лк 12, 27).

Запрашаю цябе зноў на 15-30 хвілін малітвы праслаўлення! Праслаўляе Бога само тваё жыццё. Яшчэ большым праслаўленнем з’яўляецца тваё жыццё, поўнае любові і ўдзячнасці Богу за ўсе даброты, якімі Бог цябе атачае.

Кожнае стварэнне ў гэтым свеце мае сваё прызначэнне. Чалавек створаны Богам, каб любіць і быць любімым. Адным з галоўных пакліканняў чалавека ёсць пакліканне да цеснай сувязі з прыродай, якую стварыў Бог і падарыў чалавеку, каб ён, у супрацы са Стварыцелем, перамяняў сябе і навакольны свет. Увасабляючы ў свеце Божую любоў, чалавек пакліканы валодаць стварэннем, над якім ён пастаўлены, клапаціцца і аберагаць гэты вялікі дар. Так Стварыцель бязмежна давярае нам споўніць тое, што Ён пачаў ствараць сваім Боскім Словам. Адарыўшы чалавека свабодай панаваць над усёй прыродай, Пан узняў яго, вянок усяго стварэння, да велічнай годнасці сустваральніка.

Калі чалавек праз забаронены плод абраў грэх, нанёс сабе вялікую шкоду. Розум зацьміўся. Наступствы граху адбіліся на ўсіх узроўнях чалавечага жыцця, а таксама і на сферы стасункаў з велічным Божым творам – прыродай.

Навакольны свет, у тым ліку прырода, стаўся прадметам нажывы і эгаістычнага ўзбагачэння. Чалавек уяўляе сябе валадаром свету, а тым самым перастае быць Божым супрацоўнікам. Краса прыроды ў вачах чалавека зацямняецца, а сэрца чарствее.

“Калі, ідучы дарогай, знойдзеш на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з маці і птушанятамі або з маці, якая выседжвае яйкі, то не бяры маці з птушанятамі. Маці пусці, а дзяцей вазьмі сабе, каб табе добра было і каб доўгімі былі дні твае” (Дрг 22, 6-7).

Бог дбае пра найменшыя свае стварэнні, якія жывуць поруч з намі, і хоча, каб мы цанілі тое, што Ён нам даў.

Ці бачу навокал сябе красу прыроды дзень па дню? Ці бачу, што Пан дорыць мне сёння пралеску, зеляніну травы, якая пачала прабівацца з-пад зямлі, блакітнае неба? Ці чую першы веснавы птушыны спеў? Ці напаўняецца сэрца ўдзячнасцю і трымценнем перад Богам за гэтыя дары? Ці ўсведамляю сябе часцінкай гэтай агромністай праявы Божай велічы? Ці распавядаю свайму дзіцяці пра тое, што лёгкі ветрык з’яўляецца Божымі абдымкамі? А першая кветка – Яго ўсмешкай? Ці разумею, наколькі Бог дбае пра мяне, асыпаючы мяне гэтымі незлічонымі дарамі?

Бог ніколі не забывае пра чалавека і заўсёды намагаецца вярнуць яго на добры шлях. Ён нагадвае пра забытае ім пакліканне, пакліканне асвячаць не толькі сваё жыццё і жыццё родных і блізкіх, але і жыць у гармоніі з прыродай, быць разумным, любячым і адказным гаспадаром на зямлі.

Пане, праз прыгажосць, пяшчоту, веліч прыроды стукайся ў дзверы майго сэрца. Усход ці захад сонца, пялёсткі кветкі, гоман крынічкі, бела-шэрыя хмаркі на небе, зоркі, месяц, магутныя горныя вяршыні, леднікі, статкі дзікіх жывёл, чароды птушак… Няхай усё гэта вучыць мяне праслаўляць Цябе – майго Бога і Стварыцеля!

Усё стварэнне праслаўляе Бога і з’яўляецца непераўзыдзенай Яго іконай. Хто мае вочы і вушы, той можа заўважыць Яго творчую дзею ў кожным нават найменшым стварэнні. Паглядзі на ўсё жывое вакол сябе, на Божыя дары: на яблык, на ваду, на сваю далонь… Яны цудоўныя! Ва ўсім выўляецца веліч Бога. Падзякуй Творцу ўсяго існага за ўсё, што Ён нам падараваў…


Дзень 24

Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату (Мц 6, 34).

Праслаўленнем Бога з’яўляецца тваё жыццё, напоўненае радасцю, якая перамагае ўсялякую журботу. Яна гняце чалавека сумам і тугою, выклікае галавакружэнне, спазм пачуццяў і розуму. У такім смутку здаецца, што нясеш вялікі і непасільны цяжар. Журба – цяжкі стан душы.

Ты турбуешся і маркоцішся аб заўтрашнім дні. Нявызначанасць выклікае недавер і страх. Ты часта не разумееш сваёй трывогі. Не ведаеш, з кім падзяліцца сваім горам. Усё больш занурваешся ў адчай…

“Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні”, – заклікае Пан.

Што турбуе цябе? Аб чым сёння ты найбольш бядуеш? Пра што перажываеш, калі чуеш трывожныя гукі і бачыш спалоханыя твары людзей? Якой сёння была твая першая думка пасля абуджэння?

Засмучэнне выяўляе стан душы, штосьці кажа пра каштоўнасці, напрамак думак і пачуццяў. Яно паказвае глыбіню адносінаў з Богам. Гэта крык аб большым даверы. Калі з’яўляецца журба, ты можаш скіраваць позірк на тое, у чым месціцца больш святла. Ты можаш шукаць прыгажосці прыроды. Можаш знаходзіць суцяшэнне ў музыцы, паэзіі… Можаш шукаць размовы з іншым чалавекам, сябрам, якому можна давяраць. Ты можаш вучыцца больш дзякаваць. Можаш шукаць сустрэчы з Богам і Яму аддаць сваю журбу. Стан журбы хавае магчымасці глыбейшых адносінаў з Богам.

“Дробныя клопаты пра будучыню, якія паглынаюць найлепшыя творчыя сілы чалавека, трэба выводзіць, як блох. Мы прымаем у думках рашэнні адносна будучыні, а ўсё складваецца зусім па-іншаму. Кожны дзень мае досыць уласных турботаў. Мы мусім рабіць тое, што рабіць неабходна, а па-за гэтым не дайма сябе апанаваць процьме розных страхаў, хваляванняў і таксама частым момантам недаверу да Бога. (…) Чым больш цішыні людзі будуць знаходзіць у сабе, тым спакайнейшым будзе шалёны свет” (Эцці Гілесум).

Пане, Ты дапускаеш мой сум, каб я ўзрастаў у адносінах з Табой. Ты прагнеш, каб я больш Цябе пазнаваў, каб больш любіць і наследаваць. Навучы распазнаваць журботную заклапочанасць, якая мяне няволіць і руйнуе супольнасць з Табой і маім бліжнім. Навучы больш давяраць Тваёй прысутнасці. Навучы распазнаваць у гаркоце Тваю любячую і ўсемагутную дзею.

Нястрымана прагнеш усё забяспечыць, аднак маеш толькі нязначны ўплыў на маленькую частку жыцця! Калі спынішся і палюбіш цішыню, то зразумееш, што тваё “сёння” на самай справе заўсёды напоўнена супакоем, а тваё “заўтра” можаш даверыць Богу і Ягонаму Провіду…

Дзень 25

Калі Ён маліўся ў пэўным месцы і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў» (Лк 11, 1).

Праслаўляе Бога тваё жыццё ў цішыні і маўчанні. Вялікім праслаўленнем Бога з’яўляецца твая засяроджаная малітва. Малітоўнае жыццё, цалкам скіраванае на Бога, – найбольшае праслаўленне.

У Евангеллі паводле Лукі Езус пастаянна моліцца. Ён моліцца начамі. Для яго малітва – месца сустрэчы з Айцом. Езус моліцца, каб і я адшукаў прагненне малітвы, навучыўся ды распачаў нарэшце маліцца. Навучыцца маліцца, як Езус, – гэта адкрыцца на любоў Бога і Яго збаўчае дзеянне.

Шараговага хрысціяніна знявольвае меркаванне, што малітва палягае на дэтальным расповедзе Богу самых разнастайных рэчаў, быццам Ён усяго гэтага не ведае, на няспынным шуме, нібы Ён не чуе, і дынамічнай мітусні (у тым ліку літургічнай) перад Ім, быццам Яму гэта падабаецца. На самай справе добрая малітва з’яўляецца нечым зусім іншым, нечым значна прасцейшым.

Малітва – гэта перадусім слуханне таго, як Бог прамаўляе да нас у цішы і маўчанні. Бог прамаўляе ў цішыні нашых сэрцаў. Ён – вусны і Слова (логас), а чалавек пакліканы быць вухам. Нам варта паназіраць, як моліцца Езус, і настойліва прасіць, як апосталы: “Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў” (Лк 11, 1). Мы чамусьці шукаем розных узораў малітвы, жадаючы пераканаць сябе, што слоўныя баталіі з Богам, малітоўны шум, бясконцае замяшанне з’яўляюцца прыкметамі дзеяння Святога Духа. Езус – той адзіны настаўнік, які можа нас навучыць па-сапраўднаму маліцца. Маліцца для Яго азначае тое самае, што любіць і трываць з Айцом у маўчанні і ўнутранай самотнасці (пар. кард. Р. Сара, Сіла маўчання, 65).

Бог заўжды гатовы мяне выслухоўваць. Ён не супраць таго, каб я выгаварыўся перад Ім. Аднак мне нельга забывацца, што гэта Ён ёсць Словам, а я створаны быць вухам у першую чаргу.

Чалавек мае права на слова і можа, як яго Стварыцель, валодаць жыватворным словам, аднак спачатку неабходна дасканала авалодаць мастацтвам слухання Боскага Слова. Пачуўшы Слова, інакш кажучы, распазнаўшы Яго волю чалавек атрымлівае сілу абвяшчаць Слова і несці жыццё, як Ён – у любові. Слухаць Слова Бога – значыць любіць Яго і прагнуць выконваць Яго волю! Калі Бог у цішыні сам слухае мяне, хоць Ён ёсць Словам, то чаму я – вуха – у першую чаргу не павінен быў бы слухаць Бога, які ёсць любоўю? (1 Ян 4, 18).

“Я веру, што і цяпер па сілах вытрымаць і змірыцца з усім тым, што нас спаткала ў жыцці. Калі ў мяне накіпае так, што не магу трымацца, калі я зусім не ўяўляю, як вырашыць свае праблемы, тады застаюцца калені, каб укленчыць, і рукі, каб скласці іх у малітве. Гэта жэст, які ў нас, габрэяў, не перадаецца з пакалення ў пакаленне. Мы мусім яго выпрацоўваць, абліваючыся потам (…). Мой жыццёвы шлях быў незвычайным: гісторыя дзяўчыны, якая не ўмела кленчыць. Або ў іншай версіі, гісторыя дзяўчыны, якая навучылася маліцца. Гэта мой самы інтымны жэст” (Эцці Гілесум).

Малітва – спосаб жыцця і барацьба, а таксама размова з Богам. Ці мая малітва ёсць размовай? І ці з Богам? Ці ўвогуле я маю такую патрэбу? Час Вялікага посту можа быць часам рэфлексіі над сваім малітоўным жыццём.

Пане, навучы мяне маліцца! Дай мне перадусім чуллівае вуха для распазнавання Твайго любячага Голасу сярод мноства іншых галасоў. Пакліч, каб я заслухаўся! Ствары ўва мне ўважлівае сэрца, каб шукала і знаходзіла Тваю волю! Дай сілу для беззаганнага выканання Тваёй святой місіі суцяшэння і прабачэння, асабліва сёння. Няхай маё жыццё стане суцэльнай малітвай “дзеля большай хвалы Божай” (св. Ігнацый Лаёла).

Падумай, хто быў дагэтуль Янам (духаўніком), які цябе вучыў малітцца? Хто цяпер спрыяе табе ў паглыбленні мастацтва малітвы? Сёння ты, як адзін з Яго вучняў, можаш таксама прасіць самога Езуса навучыць цябе маліцца. Прасі шчыра і памятай, што Бог добры і шчодры!
Праслаў Бога за прагненне малітвы. За тое, што молішся нават без прагнення. За сухую малітву.

Дзень 26

Так кажа Пан: 

Я ўспомніў пра вернасць твайго юнацтва,
пра любоў тваю, калі ты была нявестаю,
калі хадзіла за Мною ў пустыні,
па незасеянай зямлі. 

…Бо Мой народ учыніў падвойнае зло:
яны пакінулі Мяне – крыніцу жывой вады,
каб вычасаць сабе вадасховішчы,
вадасховішчы дзюравыя,
што не могуць утрымаць вады” (Ер 2, 2; 13).

Бога праслаўляе тваё жыццё ў цішыні і маўчанні. Вялікім праслаўленнем Бога ёсць твая ўважлівая малітва ў пустыні сэрца.

Святы Альберт Ерузалемскі, аўтар першага статуту кармелітаў, навучае, што для таго, каб пазбегнуць падзення, трэба зберагаць маўчанне і даверыцца мудрасці, натхненням ды бязмоўнаму дзеянню Бога. Не варта “зневажаць Духа ласкі”. Здабыванне маўчання мае горкі прысмак аскетычных высілкаў, але Бог хацеў, каб гэтая барацьба была даступнай чалавеку.

Сёння чалавек заблытваецца ў безлічы слоў, пагружаецца ў вір пустаслоўя. Ён прабывае ў пастаяннай пагоні, няздатны да ціхмянасці і павагі да іншых. Чалавек страціў спакой і годнасць.

Мудрэц Сірах вельмі часта раіць стрыманасць, разважлівасць і добрыя паводзіны. Каб не зраніць душы ані сваёй, ані іншых людзей, каб нічога не стала прычынай цяжкага падзення ва ўчынках і словах, трэба ўмець тактоўна захоўваць таямніцу. Сірах асабліва хвалюецца за паводзіны тых, хто збіраеецца за адным сталом. “На падняцце душы, і на радасць і асалоду сэрца – віно, выпітае ў меру, у свой час. Горыч для душы – віно, калі п’юць яго многа, у злосці і звадцы. П’янства павялічвае шалёнасць неразумнага на яго загубу, аслабляючы яго моц ды калечачы” (пар. Сір 31, 38-40).

Людзі цішыні і маўчання, якія не кідаюць сваіх слоў на вецер, з’яўляюцца сапраўднымі людзьмі. Менавіта маўчанне дазваляе чалавеку ўвайсці ў лучнасць са Словам, якое прабывае ў глыбіні сэрца. Вось жа, у пустыні мы не размаўляем. Мы толькі слухаем: чалавек уваходзіць у маўчанне, якім ёсць Бог… Колькі ўва мне цішыні? Ці яна з’яўляецца для мяне цяжкім выпрабаваннем? Як часта дзеянне якога-небудзь “віна” паралізуе мяне, паказвае маю схаваную і ў той жа час слабую сутнасць? Як часта “таннае віно” знявольвае мой розум і волю?

“Маўчанне – не цнота, а шум – не грэх. Аднак Бабілёнская вежа была “пратэстам” супраць “граху” шуму. Сёння св. Літургія ператварылася ў шум (…) Усе малітвы становяцца знешнім і ўнутраным шумам: бяздушная і паспешная ружанцовая малітва… Гадзінкі спяваюцца без засяроджанасці. Нашае святарскае служэнне можа ператварыцца з часам у працу работніка, які чысціць гарадскія каналы. Кляштары перасталі быць месцам цішыні. Можна нават Крыжовы шлях пракрычаць без увагі”. Т. Мертан “Знак Ёны”.

Пане, толькі ў пустцы цішыні і маўчання, сам-насам з Табой, я магу быць сапраўдным. Пане, дазволь мне засмакаваць каштоўную цішу, у якой Ты ёсць. Навучы палюбіць цішыню, асабліва сёння, калі яе так моцна не хапае. Навокал так шмат грукату і полымя. Людзі перакрыкваюць адзін аднаго… Навучы мяне стрыманасці ў словах. Дай ласку глыбейшага слухання. Віно з Каны мае сімвал прысутнасці Святога Духа, які ёсць Духам жыцця і радасці (Ян 2, 1-11). Пане, дай нам усім радасці ад цішыні і маўчання ў пустыні Твайго Сэрца!

Намагайся перадусім пачуць ціхі голас Пана ў кожнай малітве. Час Вялікага посту – гэта час ачышчэння цішынёй! У Вялікую пятніцу, калі Хрыстус павісне на крыжы, лішнімі будуць любыя словы, і ўсё сціхне. Праслаў Пана за Яго ціхі, пяшчотны і любячы голас.

Дзень 27

Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. Раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. З’явіліся ім падзеленыя языкі, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. Усе напоўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць (Дз 2, 1-4).

Праслаўленнем з’яўляецца тваё жыццё, падараванае Богам у Святым Духу. Вялікім праслаўленнем Бога ёсць тваё ўсведамленне і прыняцце дару жыцця, якое няспынна падтрымлівае Дух.

Святы Дух не мае аблічча і не мае слова. Па сваёй прыродзе Ён нячутны і дзейнічае ў цішыні. Святы Дух прамаўляе праз прарокаў, святых і Божых людзей. Дух ніколі не чыніць вэрхалу. Ён прыходзіць у ціхім подыху ветрыку і дзейнічае з сілай і моцай. Дух вядзе кожнага чалавека да праўды. У маўчанні Ён вядзе чалавецтва да Хрыста, нагадваючы Яго навучанне. Адзіны раз, калі Святы Дух аб’явіў сябе гучна – гэта дзень Пяцідзясятніцы, каб абудзіць чалавецтва, навярнуць і ўратаваць ад граху.

Святы Дух жыве ў чалавеку і дае яму існаванне. Дух – бязмоўная сіла, якая падтрымлівае жыццё. Божы Дух – гэта Дух праўды, які можа дакранацца да майго сумлення, утвараючы неспакой, каб ачысціць мяне і прынесці Божы спакой. Святы Дух паказвае праўду, аднак не асуджае. Суцяшыцель заўсёды суцяшае сэрца чалавека. Гэта Ён заўсёды шэптам паўтарае ў глыбіні майго сэрца словы прарока Ісаі: “А цяпер так кажа Пан, які стварыў цябе, Якубе, і ўфармаваў цябе, Ізраэлю: «Не бойся, бо адкупіў Я цябе і назваў цябе імем тваім; ты — Мой. Калі пойдзеш праз ваду, з табой буду, і рэкі не затопяць цябе; калі будзеш ісці праз агонь, не згарыш, і полымя не спаліць цябе, бо Я — Пан, Бог твой, Святы Ізраэля, твой Збаўца: Я даў Егіпет на адкупленне цябе, Этыёпію і Сабу — за цябе, бо дарагім стаўся ты ў вачах Маіх і слаўным, Я люблю цябе і дам людзей за цябе і народы — за душу тваю. Не бойся, бо Я з табою, ад усходу прывяду патомства тваё і з захаду збяру цябе (Іс 43, 1-5).

Ці ў мяне ёсць вера ў тое, што Бог прысутны і дзейнічае з сілай і моцай у гісторыі майго жыцця і майго народу?

Дух Бога таксама прамаўляе да твайго розуму і сэрца. У цішыні і маўчанні ты можаш спазнаць Яго дзеянне і пачуць Яго голас. Дух не мае слова, але Ён мае ціхі голас і моц. Які ты маеш досвед Духа Святога? Ці адчуваеш Яго ціхую і любячую прысутнасць і сілу? Дух Айца Нябеснага ёсць увесь час. Я цалкам у Яго абдымках, і Ён ніколі мяне не пакіне, гэтак жа як не пакінуў Сына на дрэве крыжа.

Няхай Божы Дух заўсёды моліцца ў пустыні нашых сэрцаў, у цішыні і маўчанні.

“Палюбі маўчанне па-над усё. Яно народзіць плод у тваёй душы. Словамі цяжка гэта растлумачыць. Найперш намагайся змоўкнуць. Дзякуючы маўчанню ў нас нараджаецца тое, што нас да яго прыводзіць. (…) Вялікім ёсць той чалавек, які ў цярплівасці прыручыў сваё цела і цудоўным чынам навучыўся прабываць толькі ў сваёй душы. Калі на адну шалю вагаў пакласці ўсе манаскія подзвігі, а на другую – маўчанне, то заўважыш, што гэтая другая пераважыць” (Ісак Сірыйскі “Аскетычныя пропаведзі”).

Маліцца – гэта любіць і быць з Езусам у маўчанні і ўнутранай самоце сэрца. У маўчанні прамаўляе Бог. Яно ачышчае Цябе. Давярай Яму ўсё больш.
Святы Духу, мы праслаўляем Цябе і дзякуем за Тваю мудрасць і сілу ў барацьбе, якой Ты нас адорваеш. Праслаўляем за ўсіх, хто вядзе гэтую барацьбу ў свеце яўна ці схавана, на каленях.

Жыватворны Духу Любові, просім Цябе, будзь з нашым народам сёння. Мы прымаем усе выпрабаванні. Аднак просім аб Тваім суправаджэнні!

Малітва да Духа Святога

Уладару Нябесны, Суцяшыцель, Дух Праўды!

Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, скарбніца дабра і Даўца жыцця,

прыйдзі і пасяліся ў нас, ачысці нас ад усяго благога, і асвяці душы нашыя. Амэн.

Праслаў Бога за Святога Духа і Яго ціхую прысутнасць у дыханні і ў кожнай іскры твайго жыцця! Хвала Пану за безумоўную любоў, якой Ён заўсёды нас сагравае.

Дзень 28

“Хто ад Бога, той слухае Божыя словы” (Ян 8, 47).

Праслаўленнем Бога з’яўляецца тваё жыццё. Яшчэ большым праслаўленнем – твае шырока адкрытыя духоўныя вочы на веліч Стварыцеля, які аб’яўляецца праз свае стварэнні!

Благаславі, душа мая, Пана,
Пане, Божа мой, Ты вельмі вялікі.
Ты апрануўся ў веліч і красу.
Ты ахінуўся святлом, быццам шатай.
(Пс 104, 1-2).

Святы Францішак з Асізі, углядаючыся ў прыгажосць прыроды, прапануе сузіраць гэты велічны дар з радасцю і праслаўленнем. Усё, што атачае нас навокал, створана Панам, і Божая любоў выўляецца ў Яго стварэнні. Прырода – гэта кніга, якую напісаў Бог. Створаны на вобраз і падабенства Божае чалавек – неад’емная частка гэтай кнігі. Больш за тое, гэтая кніга не завершана! Бог творыць сёння, у гэтую хвіліну. Ён творыць лёсы, стэпы, рэкі, моры… Ён творыць кожную кветачку, лісток, былінку… Ён творыць чалавека – цябе і мяне! Гэты працэс не спыняецца!

“Я стварыў зямлю, і чалавека на ёй стварыў Я” (Іс 45, 12).

Ці адчуваеш сябе часцінкай велічнага Божага твору! Ці сустракаўся з Богам праз прыроду? Што адчуваеш, калі Ён дакранаецца да цябе праз пяшчотны подых ветру, промень сонца, кроплю дажджу на шчацэ? Ці ўсведамлеш, што зямля, якая цяпер мае на сабе раны вайны, крычыць да цябе адным-адзіным словам – ЖЫЦЦЁ?!

“Для веруючага чалавека разважаць над стварэннем азначае чуць пасланне, прыслухацца да парадаксальнага голасу цішыні” (св. Ян Павел ІІ). Пан гаворыць у цішыні. Сузіранне прыроды ў цішыні сэрца вядзе наўпрост да сустрэчы са Стварыцелем, да ўсведамлення, што прыгажосць жыцця – гэта Божы дар. Сузіранне прыроды ў цішыні вядзе нас да ачышчння жыцця, да адчування і перажывання ўнутранай радасці, нягледзячы на ніякія цяжкасці. Прабываючы сам-насам з прыродай, мы прабываем з самім Богам і такім чынам уваходзім у цесныя адносіны са сваім Стварыцелем. У гэты момант нашае сэрца ўзрушваецца і прагне праслаўляць Бога. “Буду спяваць Пану пры жыцці маім, буду граць псальмы Богу майму, дакуль я ёсць… Благаславі, душа мая, Пана!” (Пс 104 (103), 33.35).

“Стварэнні – маўклівае слова Бога. Краса прыроды без слоў раскрывае нашым вачам неацэнныя багацці Айца, які ўвесь час прысутнічае сярод людзей. Боскага слова не чуе чалавечае вуха, а ўсё ж яно найглыбейшае з усіх слоў. Сонца, месяц і зоркі – цалкам бязмоўныя для нашых вушэй, але яны – сутнаснае слова і важнае пасланне ў нашым жыцці на зямлі” (пар. кард. Рабэр Сара “Сіла маўчання”)

Будзь праслаўлены, Пане,
З усімі сваімі стварэннямі,
А найбольш з нашым братам сонцам,
Якое дае дзень, а Ты свеціш праз яго.
Яно прыгожае і прамяністае,
А бляск яго
Нагадвае Цябе, о Найвышэйшы!

Будзь праслаўлены, Пане,
Братам нашым месяцам
І нашымі сёстрамі зоркамі,
Створанымі Табою ў небе,
Яркімі, каштоўнымі і прыгожымі.

Будзь праслаўлены, Пане,
Братам нашым ветрам,
Паветрам і аблокамі,
Надвор’ем і рознымі порамі часу,
Якімі Ты корміш сваё стварэнне.

Будзь праслаўлены, Пане,
Нашай сястрыцай вадой,
Вельмі карыснай,
Пакорнай, каштоўнай і чыстай.

Будзь праслаўлены, Пане,
Братам нашым агнём,
Якім Ты асвятляеш ноч,
А ён — прыгожы і радасны,
Палкі і моцны”.

Гімн св. Францішка, урывак

Пане, навучы мяне праслаўляць Цябе сваім жыццём. Глыбока крані маё сэрца прыгажосцю Твайго стварэння! Распальвай моц жадання служыць Табе, слухаць Цябе, выконваць Тваю волю. Навучы ўсім сэрцам спяваць Табе песні падзякі! Слава Табе, Пане, слава Табе!

Стварэнні – хвала Стварыцеля. Паглядзі на неба ці на птушак. Хіба яны не нясуць табе вестку пра веліч іх Стварыцеля? Каб убачыць і пачуць, трэба затрымацца і суцішыцца. Памятай пра штодзённік удзячнасці Богу. Праслаў Бога за захад сонца, птушак, дыханне…

Дзень 29

“З глыбіні я клічу Цябе, Пане. Пане, пачуй мой голас. Няхай Твае вушы пачуюць голас маіх малітваў” (Пс 130 (129), 1–2).

Хвала Бога – тваё жыццё. Большая хвала – тваё сэрца, гатовае быць выслуханым.

Пра цішыню ўжо было напісана досыць багата. Аднак тэма цішыні і маўчання вартая яшчэ большай увагі, асабліва ў час Вялікага посту, асабліва для нас сёння. Мы хочам зноў і зноў вяртацца да гэтай тэмы, каб духоўна практыкавацца ў мастацтве маўчання дзеля ацалення нашых сэрцаў, дзеля заўтрашняга дня і вечнасці. Мы не шукаем выключна тэарэтычных ведаў пра цішыню, але сустрэчы з Богам, які ў бязмоўі прамаўляе. Мы прагнем у час Вялікага посту хаця б крыху пагрузіцца ў цішыню, узяць на сябе цяжар маўчання дзеля сустрэчы з сэрцам Бога, якое перадусім нас выслухоўвае…

 “Пане, пачуй мой голас…”

Пан гатовы цябе слухаць. Ён стварыў цябе, каб выслухоўваць. Табе так цяжка слухаць Бога, бліжняга і самога сябе. Так паралізаваны чалавек, якога прынесли да Езуса, насамрэч не можа, не ўмее і не хоча слухаць. Магчыма, цяжкасць са слуханнем вынікае з тваёй няўважлівасці да таго, што Ён першы цябе выслухоўвае. Уяві Бога, які ўвесь час цябе слухае! Пан стварыў цябе, каб ты быў выслуханы. У гэтым выяўляецца Божая любоў, каб ты быў выслуханы самім Богам. Толькі Пан можа і прагне цябе выслухаць.

Ты прызвычаіўся казаць, што імкнешся слухаць Бога. Можа, хтосьці цябе ўжо выслухаў? Аднак ці ведаеш ты Бога, які выслухоўвае цябе? Для таго, каб кагосьці слухаць трэба спачатку быць выслуханым. Успомні, ці выслухаў цябе хтосьці – можа, тата, мама, сябар ці сяброўка?

Пра цішыню і маўчанне мы ўжо казалі, разважалі, маліліся. Ды, здаецца, замала, калі ўсё яшчэ трывожыцца тваё сэрца, а маўчанне падаецца такім складаным. Яно абсталютна неабходнае, каб дазволіць Богу весці нас праз слуханне.

“З глыбіні я клічу Цябе, Пане…”

Клічу з глыбіні майго маўчання. Там, у глыбіні, нараджаецца крык душы і спачування з ахвярамі трагедый, пераследу і войнаў. Там, у глыбіні жыве Бог, які слухае крык церпячых. Так, сам Пан выслухоўвае крык кожнага пакрыўджанага горам і вайной дзіцяці. Клікаць можна толькі з глыбіні сэрца. Там, у глыбіні адбываецца сустрэча. Каб твая малітва была пачутай, клікаць трэба з глыбіні сустрэчы з Богам. Ягонае Вуха заўсёды ўважлівае да майго воклічу, а маё занадта часта не навучана быць чуйным да Яго Слова і, па-над усё, да Яго Слухання. Чалавек, якога выслухалі, адчувае прыняцце і любоў.

“…Учыні, каб чалавек заўсёды памятаў, што Ты прамаўляеш нават тады, калі маўчыш; калі ён Цябе чакае, то адары яго суцяшэннем, запэўніваючы, што Ты маўчыш з любові і, што Ты прамаўляеш з любові, бо ў Тваім маўчанні, як і ў Тваім слове Ты заўсёды застаешся любячым Айцом; што Ты вядзеш нас, выкарыстоўваючы свой голас, і вучыш, выкарыстоўваючы сваё маўчанне” (С.К’еркегор).

Пане, дай мне чуйнасць да Твайго Слова. Навучы мяне маўчаць і заставацца ў цішыні Тваёй прысутнасці, каб пачуць Твой голас. І разам з тым, дазволь лепш усведамляць, што гэта Ты прагнеш мяне слухаць. А выслухоўваючы, Ты прытуляеш мяне, як сваё любімае дзіця. Пане, адары мяне досведам Твайго любячага Вуха.

Пан з любячай увагай глядзіць на цябе і заўсёды выслухоўвае цябе. Магчыма, Ён часам маўчыць, каб выпрабаваць цябе, прапануючы больш блізкія адносіны. Бог чакае, каб твае жаданні ачысціліся, каб ты шукаў больш Бога, чым Яго дароў. Праслаў Пана за тое, што Ён засёды гатовы цябе выслухаць.

Дзень 30

“Усё рабіце на славу Божую” (1 Кар 10, 31).

Славай Божай з’яўляецца тваё добрае жыццё ў пакланенні і служэнні Богу.

“Чалавек створаны, каб хваліць Бога, нашага Пана, шанаваць Яго і служыць Яму, і праз гэта збавіць сваю душу” (св. Ігнацый Лаёла).

Чалавек створаны для праслаўлення Бога.. Праслаўляць Яго – гэта бачыць Яго веліч ва ўсім, што Ён стварыў. Хваліць і праслаўляць Бога праз створаны свет – гэта заўважаць яго хараство: захад сонца, зоркі і месяц на небе, вецер, горы і даліны, нябесныя птушкі і кожная пралеска… “Благаслаўляйце Пана, усе дажджы і росы, хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі” (Дан 3, 64). Благаслаўляйце Пана крыніцы, моры і рэкі, ільды і снягі! Праслаўляем Творцу за шум дажджу, кожную кроплю вады, якая падае на твар, за водар і свежасць… Праслаўляць Бога – гэта бачыць Бога скрозь дождж, быццам Ён дакранаецца да цябе і выказвае сваю любоў. Бог быццам дорыць мне гэты дождж, акурат у гэтую хвіліну, маўкліва і велічна прысутны праз яго…

Праслаўляць Пана – гэта бачыць Ягоную дабрыню у прысутнасці і падарунках, якія Ён спасылае. Ягоная дабрыня выўляецца праз усёабдымны дар Касцёла. Яго міласэрнасць і прабачэнне ты атрымліваеш у кожным сакрамэнце пакаяння і Эўхарыстыі. Яго дабрыня выпраменьваецца скрозь кожную ўсмешку іншага чалавека і яго ўважлівае вуха. Дабрыня Бога прысутная ў кожнай крышынцы хлеба ў тваіх руках…

Праслаўленнем Пана з’яўляецца тваё добрае жыццё як Божы дар для цябе і іншых людзей. Найвялікшае праслаўленне – калі хтосьці аддае сваё жыццё за бліжняга. Бескарыслівае жыццё ўслаўляе Бога. Любоў да ворагаў і прабачэнне свайго крыўдзіцеля – гэта сапраўды вялікае праслаўленне Бога.

Пакланяцца Богу перадусім азначае шукаць і спаўняць Яго волю, імкнуцца быць з Ім ва ўсім, што нас атачае і напаўняе. Нараджэнне дзіцяці – гэта прыняцце Яго волі для новага жыцця. Абарона Бацькаўшчыны – гэта святое выкананне Ягонай святой волі. Калі мы хочам служыць Богу, то аддаём Яму першае месца ў сваім жыцці. Служыць Богу можна праз служэнне свайму бліжняму. Выхоўваць дзіця – гэта служыць Богу.

Гэты дзень падараваны мне Богам – дзеля таго, каб я прыняў яго з удзячнасцю. Пане, дай мне сёння ласку любіць Цябе з пашанай і праслаўленнем; любіць бліжніх добразычлівым словам і шляхетным учынкам; любіць сябе з павагай як Божае стварэнне. Няхай дзень майго жыцця будзе пражыты на Тваю большую хвалу!

Пане, навучы праслаўляць Цябе ў паўсядзённасці: у працы і адпачынку, ва ўзаемаадносінах з блізкімі, у змаганні з сабой, у поспехах і паразах… Па-над усё дазволь праслаўляць Цябе сваёй малітвай уважлівага слухання. Дай мужнасць і сілу для барацьбы! Будзь са мной да самага канца, каб мая нага не спатыкнулася і воля не пахіснулася! Суправаджай мяне аж да Уваскрасення.

Ойча, прабач нам правіны нашыя і не ўводзь у спакусу, але збаў ад злога. “Бо Тваё Валадарства і моц, і хвала навекі. Амэн”.

Праслаў Бога за яшчэ адзін дзень жыцця! Падзякуй Яму за тры вялікія дары, якімі Ён цябе сёння адарыў.

Дзень 31

“Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам” (Мц 11, 29).

Тваё жыццё – праслаўленне Бога. Большае праслаўленне – гэта прыняцце жыцця з яго радасцямі і цярпеннямі, а значыць, у любові Хрыста і самога сябе.

“Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў” (Мц 11, 28-29).

Сёння Пан асаблівым чынам запрашае нас прыйсці да Яго. Вельмі часта, каб сустрэцца з Богам, мы неяк рыхтуемся. Збіраючыся ў святыню, адпаведна апранаемся, плануючы пайсці да споведзі, робім рахунак сумлення, перад малітвай запальваем свечку і кіруем позірк на абраз ці крыж на сцяне. Сёння, калі нашыя сэрцы поўныя болю, роспачы, неразумення, ранаў, нам не варта няшчыра ўсміхацца, саромецца сваіх пачуццяў, хавацца або ўтойваць ад Хрыста свае цяжары. Наадварот, нам трэба ўзяць гэта ўсё з сабой у дарогу, якой мы крочым да Яго. Стаць перад Богам у праўдзе свайго сэрца. Калі баліць – крычаць і плакаць! Што б гэта ні было – прынесці ўсё Хрысту, бо толькі Ён можа даць суцяшэнне, мір і спакой. Толькі Ён можа гэта зрушыць і панесці!

Ты можаш сёння аддаць Хрысту ўсе свае цяжары? Ці ўсведамляеш, што толькі ў Ім магчыма знайсці спакой, надзею, веру? Ці памятаеш той момант, калі Езус дакрануўся да твайго сэрца з вялікай пяшчотай і любоўю? Ці прагнеш адчуць гэта зноў? Ці разумееш, што найцяжэйшыя раны сённяшняга дня можа ацаліць толькі Ён? Што ты робіш дзеля гэтага?

Ціхмянасць, лагоднасць Езуса паходзіць з Яго любячага сэрца. Лагоднасць – гэта ўменне зразумець іншую асобу, здатнасць суперажываць яе цярпенню, болю, цяжкасцям, умець паспачуваць, абняць, выслухаць, памаўчаць. Лагоднасць заклікае адмовіцца асуджаць іншага, але ні ў якім разе не апраўдваць граху, які робіць чалавек. Быць “ціхім і пакорным сэрцам” азначае несці супакой. “Мяккі адказ уціхамірвае гнеў” (Прып 15, 1).

“Бо Я ціхі”, – кажа пра сябе Хрыстус. Езус – Бог і мог бы прыйсці на зямлю з трыумфам і пад трубныя гукі. Але Ён прыйшоў слабым і ціхім немаўляткам, прыехаў у Ерузалем на асле, памыў ногі апосталам і даў Сябе ўкрыжаваць.

Пакора – гэта здольнасць убачыць сваю абмежаванасць. Сёння мы па-асабліваму бачым свае немачы, падзенні, знясіленасць. Калі чалавек пакорны, то разумее, што пастаянна патрабуе Божай дапамогі. Пакорны чалавек не баіцца крытыкі. Пакорны чалавек удзячна прымае дапамогу ад іншых. Пакорны чалавек уважліва выслухоўвае малога і старога. Пакорны чалавек з радасцю гатовы паслужыць убогаму, галоднаму, сасмягламу і падарожнаму. Лагоднасць вучыць нас адкрывацца на іншага, не замыкацца ў сабе і на сабе, а пакора захоўвае Бога ў сэрцы.

Езус кажа пра Сябе, што Ён ціхі і пакорны сэрцам. Ціхмянасць Езуса струменіць з глыбіні Яго любячага Сэрца. Ён паказвае яе праз чуласць, пяшчоту, добразычлівыя і сяброўскія адносіны. Пакора Езуса выяўляецца ў Яго адданасці волі Айца. Сэрца Езуса не пярэчыць, а прымае ўсё жыццё без вынятку. І здзяйсняе гэта ў малітве да Нябеснага Айца.

Езус заклікае нас наследаваць Яго ў гэтых цнотах. Асягнуўшы іх, на ўзор Езуса, мы здолеем ціха і пакорна прыняць усё сваё жыццё з яго радасцямі і смуткамі. Задумайся, ці хочаш вучыцца ад Езуса Яго пакоры? Ці ты лагодны да Сябе і бліжніх? Езус запрашае цябе прыйсці.

Пане, калі боль, адчай, неразуменне мучаюць мяне, вылечы гэта сваёй пяшчотнай прысутнасцю. Калі я адчуваю сябе знясіленым і слабым, зрабі лягчэйшым мой цяжар. Дай сілы быць настойлівым у малітве, пакорным у чаканні, лагодным сярод супольнасці. Пане, я прымаю Тваё запрашэнне і гатовы прыйсці да Цябе з усімі цяжарамі. Веру, што прабыванне з Табой зробіць маё сэрца ціхім і падорыць мне спакой!

Праслаў Бога за пяшчоту, спагаду і зычлівасць іншых да цябе. За крышынкі лагоднасці ў табе, якія маеш да бліжніх!

Дзень 32

Заўсёды радуйцеся, няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце (1 Тэс 5, 16-18). 

Праслаўленнем Бога з’яўляецца тваё жыццё ў паўнаце радасці. Найбольшым жа праслаўленнем будзе твая ўдзячнасць за яшчэ адзін дзень жыцця. Удзячнасць азначае прыняцце дара і глыбокія адносіны з Даўцам усялякай ласкі.

Усе святыя маюць супольную рысу: глыбокую ўдзячнасць за любоў Бога да чалавека, якая выяўляецца ў вялікіх і малых Ягоных дарах. Удзячнасць – гэта праслаўленне! Святыя ніколі не былі бязгрэшнымі. Аднак іх аб’ядноўвала пастаянная свядомасць блізкасці Бога, які напаўняў іх сваёй любоўю і міласэрнасцю. Святы Пётр вызнае свой грэх, прыпадаючы да кален Езуса (Лк 5, 1-11). Пройдзе час, і ён будзе гатовы праславіць Пана, аддаючы сваё жыццё, бо спазнаў Яго бязмежную любоў.

“За ўсё дзякуйце” азначае таксама заўсёды дзякуйце. Святы Павел у пэўным сэнсе заклікае нас стаць відушчымі, каб мы пачалі пільна глядзець і распазнаваць Божую прысутнасць ва ўсім. Святы Ігнацый таксама вучыць “шукаць і знаходзіць Бога ва ўсім”. Пан прысутны ва ўсім! Яго любоў дае і падтрымлівае кожнае жыццё.

Святы Ігнацый Лаёла ў лісце да сабрата Саймана Радрыгеса (1534) напісаў, што ў святле ўсёабдымнай Божай дабрыні прычынай любога зла, якое толькі можна сабе ўявіць, і любога граху, з’яўляецца нашая няўдзячнасць.

Колькі ўва мне няўдзячнасці?

Няўдзячнасць – адна з найбольшых праяваў пыхі. Няўдзячны чалавек увесь час наракае. Няўдзячны чалавек прагны да ўсяго і захоплівае, прысвойвае ўжо адным сваім поглядам і думкай. Няўдзячны чалавек – гэта абсалютна сляпы і самотны чалавек, які не бачыць дароў, якія ўжо атрымаў і, галоўнае, не бачыць Даўцу жыцця.

З грэцкай мовы “ευχαριστία” – гэта падзяка. Святая Эўхарыстыя – малітва падзякі. Цэнтральная малітва хрысціянскага жыцця можа заахвоціць да рахунку сумлення: колькі ўдзячнасці ёсць у нашай свядомасці?

Сёння мы павінны дзякаваць Богу за тых, хто аддае жыццё, каб іншыя маглі жыць, аддае найкаштоўнейшы дар жыцця – за нас. Удзячнасць дазваляе нам узрастаць у праслаўленні Таго, Хто нам дорыць Сябе ў святой камуніі.

Пане, навучы мяне быць удзячным! Давзоль мне заўважаць Твае вялікія і малыя дары. Найперш дай мне ласку распазнавання Тваёй прысутнасці і дзеяння ў маім жыцці. Дзякаваць – значыць прымаць Тваю любоў. Прымаючы любоў, я магу радавацца дарам жыцця ў паўнаце. Дапамажы разумець, што ўдзячнасць – не дадатак, але аснова адносін з Табою і маім бліжнім.

О, Пане, я дзякую Табе…

Жыццё – гэта любоў. Любоў – гэта ўзаемнасць у даванні. Без удзячнасці няма камунікаццыі. Вучыся дзякаваць за малыя і вялікія дары… Удзячнасць – найлепшы шлях наследавання Хрыста, і ты можаш яго абраць. Праслаў Бога за блізкіх людзей! Праслаў за сяброў, праз якіх Ён заўжды поруч з табой.

Дзень 33

“Божа, Ты мой Бог, Цябе шукаю, Цябе прагне душа мая, маё цела па Табе тужыць у зямлі пустыннай, засохлай і бязводнай” (Пс 63, 2).

Праслаўленнем Бога з’яўляецца тваё ахвярнае жыццё для бліжніх, а таксама твой давер да любові Бога і іншых людзей.

Духоўнаму жыццю пагражаюць тры забойцы ўдзячнасці. Першым забойцам удзячнасці ёсць пыха, якая праяўляецца ў тым, што ты адмаўляешся ад дапамогі іншых людзей. Ты перакананы, што ты сам усё маеш і можаш асягнуць; што застанешся самім сабой, калі ўсё будзеш рабіць самастойна, не просячы ніякай дапамогі і дзякуючы выключна самому сабе (пар. В. Ламберт SJ, “З любові да рэчаіснасці”).

Ці ў табе ёсць гатоўнасць прасіць дапамогі? У час Вялікага посту ты можаш камусьці дапамагчы, але таксама можаш з пакорай папрасіць аб дапамозе.

Удзячнасць – мосцік паміж людзьмі. Толькі тое, за што ты падзякаваў, – тваё. Праз няўдзячнасць чалавек становіцца ўнутрана чужым самому сябе, бо не ўмее сабе дапамагчы і прыняць сябе.

А што сёння было найбольшым дарам для цябе і дапамагло стаць лепшай асобай, наблізіцца да свайго Сварыцеля? Прыгадай, хто сёння падарыў табе радасць або дапамог узрастаць у веры, надзеі і любові? Звярні ўвагу, колькі людзей рупліва папрацавалі, каб ты сёння мог з’есці сняданне. Спрабуй хаця б адзін раз “разматаць клубочак”, разважаючы над тым, колькі людской працы месціцца ў крышынцы хлеба, які ляжыць у тваіх далонях. Колькі людзей паспрыялі табе ў атрыманні адукацыі. Згадай імя сваёй першай настаўніцы і падзякуй Богу за дар яе жыцця і руплівую працу!

Пане, я не магу і не мушу ўсяго рабіць і ведаць сам адзін. Ты стварыў мяне, каб дапамагаць і любіць. Навучы мяне шукаць Цябе і пакорна прымаць Тваю любоў праз іншых людзей. Адары цнотай сталай удзячнасці. Дай разуменне, што жыццё – гэта Твая ласка і што я заўсёды магу атрымаць больш, спадзеючыся на Тваю ласку. Пане, я давяраю Табе! Пане, дзякую Табе за Тваю прысутнасць у маім жыцці.

Праслаў Бога за людзей, якія дапамагаюць узрастаць у веры, надзеі і любові.

Дзень 34

О, Пане, Божа наш, якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі. Веліч Твая ўзносіцца па-над нябёсамі. З вуснаў дзяцей і немаўлят Ты ўчыніў хвалу, каб утаймаваць ворага і мсціўцу (Пс 8, 2-3).

Ты праслаўляеш Бога, калі заўважаеш паўнату Яго дароў. Ты праслаўляеш Яго больш, калі цешышся Яго дарамі і ўсім сэрцам дзякуеш за іх.

Працягваючы ўчарашнюю тэму, паразважаем над другім забойцам удзячнасці, а менавіта над легкадумнасцю, з якой мы безуважна ўсё прымаем; чалавек не ўсведамляе, што здароўе, добрая праца, цудоўнае надвор’е і г.д. – гэта Божыя дары (пар. В. Ламберт, З любові да рэчаіснасці).

Бог стварыў цябе вельмі добра! Будзь Яму ўдзячным! Цябе ўвогуле магло не быць Тваё жыццё магло раптоўна абарвацца. Ты мог нарадзіцца з дэфектамі мовы, зроку, без тваёй цудоўнай далоні… Паглядзі на яе. Твая далонь – гэта сапраўдны шэдэўр Стварыцеля. Уяві зямны шар без дрэў і кветак… Уяві жыццё без сонечнага цяпла, чыстага паветра і празрыстай вады… Уяві жыццё без родных і сяброў… Ты адораны так шчодра. Гэта ўсё выяўляе бязмежную і безумоўную любоў Бога да цябе. Ты вельмі багаты. Ты – Божае дзіця. Ты здольны падзякаваць за ўсе дары з глыбіні сэрца. Ці прагнеш гэта зрабіць?

“Калі зважыш на годнасць Даўцы, — ніводзін дар Яго ня здасца табе ані малым, ані малавартым. Ня можа быць малым тое, што дае Бог Найвышэйшы” (Тамаш Кэмпійскі “Сьледам за Хрыстом”, пераклад Станіслава Грынкевіча).

Пане, навучы мяне заўважаць дары Тваёй любові. Навучы дзякаваць за мезены палец на руцэ. Дазволь радавацца вясне, якая надыходзіць, нягледзячы ні на што. Спеў птушак быццам перамагае гукі вайны. Ойча Нябесны, дай натхненне святкаваць кожную крышынку штодзённага хлеба. Прашу, перадусім навучы мяне распазнаваць і прымаць Тваю прысутнасць у іншых людзях, якіх Ты ставіш на маім жыццёвым шляху. Дзякую Табе за яшчэ адзін дзень жыцця, нават калі ён быў цяжкім. Дзякую, што Ты быў са мной і праз мяне для многіх іншых людзей. Дзякую, што Ты змяшчаешся ў кожным імгненні майго жыцця і напаўняеш яго глыбокім сэнсам. Дзякую і праслаўляю Цябе, што Ты заўжды змагаешся ўва мне і перамагаеш. Дзякуй, што Ты – мой Бог і што я прагну Цябе шукаць.

Праслаў Бога за твае далоні, якія Ён стварыў з вялікай любові! Праслаў Яго справамі сваіх рук!

Дзень 35

Бо Пан дае мудрасць, і з вуснаў Яго – веды і разважлівасць (Прып 2, 6).

Запрашаю цябе зноў на 15-30 хвілін малітвы праслаўлення. Ты праслаўляеш Бога, калі заўважаеш найменшы Яго дар. Ты праслаўляеш больш, калі радуешся Ягонаму дару, дзякуеш і шукаеш свабоды ў сваіх жаданнях большага.

Трэцім забойцам удзячнасці з’яўляюцца завышаныя патрабаванні. Будучы вязнем скажонага мыслення, чалавек лічыць, што мае права на ўсё, і патрабуе таго, што можа быць толькі падаравана (В. Ламберт SJ).

Ты – вельмі здольны чалавек. Ты ўмееш чытаць, пісаць, атрымаў адукацыю, плануеш жыццё… Спыніся на хвіліну і памяркуй, што ўсё гэта ты не здабыў самастойна. Калісьці цябе заахвоцілі да навучання і падарылі веды. Табе ўсё падаравана Богам, бацькамі і настаўнікамі. Ты можаш прагнуць большага. Аднак памятай, што празмерныя патрабаванні не дазваляюць табе ўбачыць тое, што ўжо ёсць пад рукой, а яно часта з’яўляецца надзвычай важным. Падаравана цалкам усё!

“Няшчасныя пад канец жыцьця цяжка адчуюць, якую бязглуздасьць ды марнату яны любілі” (Тамаш Кэмпійскі “Сьледам за Хрыстом”, пераклад Станіслава Грынкевіча).

Разважлівыя і мудрыя людзі могуць распазнаваць ужо сёння глыбокі сэнс жыцця. Каб быць шчаслівым, мне зусім не абавязкова ездзіць на новым мэрсэдэсе і жыць у асабняку. Я не мушу патрабаваць надмернага камфорту, калі ў свеце столькі бежанцаў, сіротаў, якія не маюць даху над галавой. Сёння я не маю права наракаць на жыццё, калі бачу малое дзіця, якое страціла бацьку на вайне. Я ўсведамляю, што павінен быць больш вольны ў сваіх патрабаваннях. Жыць для іншых. Служыць ахвярна. Перамагаць ворага ў сабе і, панад усё, дзякаваць за тое, што ўжо атрымаў, за яшчэ адзін дзень жыцця, за ўсход сонца, за бацькоў і добрага сябра, за пакліканне!.. Надмерныя патрабаванні часта не дазваляюць радавацца жыццю тут і цяпер.

“Заўсёды ласка даецца таму, хто з падзякаю яе прымае; звычайна Бог адбірае яе ў таго, хто пышніцца, а дае пакорнаму” (Тамаш Кэмпійскі “Сьледам за Хрыстом”, пераклад Станіслава Грынкевіча).

Пане, дай свабоду розуму і сэрца. Навучы бачыць Твае дары і годна іх прымаць. Навучы радавацца дарам жыцця. Адары свабодай для ўсё большай удзячнасці, каб я не жыў у нерэальных патрабаваннях, але здолеў “шукаць і знаходзіць Цябе ва ўсім” (св. Ігнацый Лаёла).

Праслаў Пана за красу прыроды, якая моўчкі аб’яўляе Сэрца Бога! Праслаў Яго за тое, што ты бачыш гэтую прыгажосць!

Дзень 36

Мудры слухае і павялічвае веды, а разумны прыдбае ўмеласць (Прып 1, 5).

Ты праслаўляеш Бога, калі дзякуеш Яму з усіх сіл, усім сэрцам і ўсёй душой. Глыбокая ўдзячнасць з’яўляецца праслаўленнем.

“Дзень і ноч дораць нам у кожным імгненні безліч дабра і хараства. Дастаткова толькі звярнуць на гэта ўвагу – і ўдзячнасць напоўніць нас. Хіба мы ўважлівыя? Вось пытанне. І акурат тут нам могуць дапамагчы аскетычныя практыкаванні. Ужо шмат год я, напрыклад, занатоўваю ў штодзённіку хаця б адну рэч, за якую я яшчэ ніводнага разу не падзякаваў” (Д. Стэйндл-Раст, OSB).

Дзякаваць азначае жыць у кантэмпляцыйнай засяроджанасці і рухацца да святасці. Удзячнасць – супольная рыса ўсіх святых. Удзячнасці нас вучыць любячая ўвага як аскетычнае практыкаванне, якое дапамагае заўсёды знаходзіць прычыну для падзякі. Ты можаш дзякаваць вось за гэты промень сонца, за глыток паветра і вады; дзякаваць за працягнутую і моцную далонь іншага чалавека, якую паціскаеш, але і за маленечкую дзіцячую; дзякаваць за абдымкі і ўсмешку; за цёплы кубак кавы ў сваіх азяблых руках і за таго, хто яе прыгатаваў; зноў і зноў нястомна дзякаваць за яшчэ адзін дзень жыцця… Ці заўважаеш гэта ўсё? Гэта аскетычныя практыкаванні ў Вялікім посце. Пагадзіся, зусім не простыя практыкаванні, асабліва цяперашнім часам. Галоўны выклік, ці хочаш практыкавацца і ўзрастаць у любячай увазе?

Прыгода з удзячнасцю толькі распачынаецца! Сёння! З Богам заўсёды ёсць пачатак і вечнасць. Удзячнасць перамагае ўсялякае зло і напаўняе сэрца радасцю і любоўю… Удзячнасць умацоўвае адносіны з Богам, бліжнімі і з самім сабой.

Сёння 36 дзень Вялікага посту 2023 года Божага. Гэты год ёсць Божым годам, нягледзячы ні на што. Дзякую з усіх сіл менавіта за гэты год гісторыі маёй краіны і майго жыцця (аскетычнае практыкаванне). Дзякую, што неўзабаве распачнецца Вялікі тыдзень. Ён даўно настаў і ў той жа час яшчэ ў чаканні. Ён нібы патрабуе нейкага “дапаўнення” (завяршэння) Мукі Пана. Хутка настане цішыня пустой магілы Хрыста. Ужо вось-вось – Хрыстовае ўваскрасенне! Дзякую за Яго ўваскрасенне, якое ўжо настала і на якое мы яшчэ чакаем, прагнем, як ніколі дагэтуль…

Дзякую менавіта за гэтыя нашыя жаданні Ягонага і нашага ўваскрасення! Дзякую за тое, што прагнем Ягонай прысутнасці і моцы ў маёй і нашай слабасці.

Буду спяваць Пану пры жыцці маім, буду граць псальмы Богу майму, дакуль я ёсць (Пс 104 (103), 33).

Езу Хрысце, Сыне Божы, змілуйся нада мной, грэшным!

Праслаў Бога за “прагненне большага пазнання Хрыста, каб Яго больш любіць і наследваць”.

Дзень 37

Езус спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Пётр сказаў Яму: «Ты – Хрыстус» (Мк 8, 29).

Хвала Бога – тваё і маё жыццё. Мы праслаўляем Пана яшчэ больш, калі ў сваё жыццё прымаем Пана як Сябра. Сябра, які з вялікай любові за кожнага з нас аддаў сваё жыццё на крыжы.

Пан пытаецца сваіх вучняў пра тое, што думаюць пра Яго людзі, а таксама яны, Ягоныя вучні. Вядома, Езусу не трэба ведаць, што пра Яго думаюць, бо Ён ведае гэта напэўна. Даць адказы на гэтае пытанне важна самім вучням, а значыць, і кожнаму з нас. Адказ на гэтае пытанне павінен быць узяты не з катэхізіса ці кніжак, а з асабістых адносінаў з Хрыстом. Ад Пятра Езус пачуў: “Ты – Хрыстус”. На што Пётр атрымаў адказ: «Шчаслівы ты, Сымоне, сыне Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты – Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго” (Мц 16, 17-18).

Пазнаць, кім для нас ёсць Хрыстус, – значыць, атрымаць моцны падмурак даверу да Бога. Такая аснова адкрывае шлях да яшчэ большая пазнання Пана.

“Для мяне Езус ёсць усім… Толькі так магу выказаць, што Езус Хрыстус азначае для майго жыцця ўсё… Забярыце Езуса з майго жыцця, і ўсё ўва мне разваліцца, нібы цела, з якога нехта дастаў шкілет, галаву і сэрца… Для мяне Езус Хрыстус – сябра, асабліва ў Эўхарыстыі” (а. П. Арупэ, SJ).

Для мне Езус Хрыстус – найбліжэйшы сябра, чый любячы позірк мяне заўсёды суправаджае; Ён – мой старэйшы Брат, а перадусім Ён – дасканалы чалавек. Ён – вельмі блізкі голас, які кліча мяне да Сябе і свайго Айца. Езус – гэта адносіны, таямніца адносін любові з маім бліжнім, з сабой і Айцом.

Кім для цябе з’яўляецца Езус, які аддаў сваё жыццё за цябе, і якога ты ўбачыш у Вялікую пятніцу на крыжы? Хто для цябе Хрыстус, калі чуеш цяжкія навіны, калі апынаешся пад рэальнай пагрозай смерці, калі страх напаўняе сэрца, калі родныя і блізкія далёка, магчыма, у небяспецы і ты адчуваеш сваё поўнае бяссілле? Кім для цябе ёсць Пан, калі ў гэты трывожны час абдымаеш сваіх дзяцей, мужа, бацькоў? Кім ты лічыш Езуса, калі сёння можаш спаць у цёплым ложку, у сваёй хаце або там, дзе табе далі прытулак, калі навокал людзі, якія цябе падтрымліваюць, саграваюць сваёй усмешкай і добрым словам?

Мабыць адным з найвялікшых праяў сяброўства з’яўляюцца шчырыя абдымкі. Езус заўсёды чакае нас на Святой Літургіі, каб першым абняць нас. Наймацней мы можам абняць Езуса, прымаючы святую камунію. Эўхарыстыя – сяброўскія стасункі з Езусам. Любоў Хрыста настолькі бязмежная, што Ён аддае за свайго сябра жыццё. “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13).

“Найлепшы сябра – той, хто, не пытаючыся пра прычыны твайго смутку, можа зрабіць так, каб да цябе зноў вярнулася радасць” (св. Ян Боско).

Каб прыняць Езуса як сябра, трэба працягнуць да Яго пустыя далоні і адкрыць Яму сваё сэрца. Сяброўства Езуса – бясцэнны дар. Удзячнасць за гэты дар – найлепшы спосаб наблізіцца да Яго. Удзячнасць – фундамент даверу. Ва ўдзячным сэрцы багата прасторы для Бога.

Езу, дзякую Табе за Тваё сяброўства. За Твае моцныя абдымкі ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Праслаўляю за Твой любячы позірк, які асабліва адчуваю ў найбольш жахлівыя дні. Пане, навучы ўсё больш адчуваць Тваю любоў у сяброўсіх стасунках з Табою. Пане Езу Хрыстэ, умацуй мяне для выканання місіі любові і служэння ў гэтым свеце!

Праслаў Хрыста за ўсіх Яго сведкаў, якія спрыялі тваёй сустрэчы з Ім! Праслаўляй Яго, бо Ён добры!

Дзень 38

“Хай уся зямля баіцца Бога, перад абліччам Яго хай трымцяць усе жыхары свету” (Пс 33 (32), 8).

Праслаўленнем Бога ёсць боязь Божая. Вялікім праслаўленнем з’яўляецца любоў без страху.

“Паколькі боязь Божая – пачатак мудрасці, то няхай тыя, хто па-зямному думаюць, вучацца праз боязь… Страх абавязковы як уступ да сапраўднай пабожнасці, а потым прыходзіць любоў, якая вядзе да дасканаласці тых, якія былі падрыхтаваныя страхам… Не трэба нікога іншага баяцца ані нічым іншым кіравацца, як толькі баяззю Божай” (Св. Васіль Вялікі).

Зазвычай у нашым разуменні страх – гэта штосьці дрэннае і балючае. Гэта нейкія непрыемныя перажыванні, ад якіх хацелася б уцячы, схавацца, якіх хочацца пазбыцца. Людзі баяцца смерці, хваробы, страты працы, нападу злачынцаў, вайны, катастрофы, калецтва, гора і інш. Гэта нешта такое, аб чым цяжка гаварыць, думаць, а тым больш перажываць.

У Святым Пісанні боязь Божая – штосьці вельмі добрае і пазітыўнае. Тое, што звязана з Божай прысутнасцю ў жыцці чалавека. “Бойцеся Пана, святыя Яго, бо няма нястачы для тых, што баяцца Яго” (Пс 34, 10). Боязь Божая сведчыць аб адносінах з Богам. У боязі Божай чалавек мае досвед Яго любові і баіцца не адказаць на запрашэнне. Аднак боязь Божая азначае нейкі пачатак і патрэбу глыбейшых адносін з Богам, у якіх ужо няма страху невыканання запаведзяў, але выключна сузіранне. Душа шукае сустрэчы з Ім і, знайшоўшы, прабывае ў Ягонай прысутнасці. Пан паступова напаўняе жыццё. Усё жыццё ператвараецца ў малітву і праслаўленне Бога. Таму літургічныя дзеянні павінны поўніцца павагаю і богабаязнасцю (timor Domini) чалавека перад веліччу і міласэрнасцю Бога.

Боязь перад Панам – гэта не страх, які скоўвае і паралізуе, яна напоўнена вялікай павагай і глыбокім трымценнем перад Божай веліччу і міласэрнасцю; вучыць нас дыхаць глыбока і тым самым запрашае да свабоды. Боязь перад Усемагутным Богам вядзе да роздуму над тым, кім ёсць Бог і кім ёсць чалавек – менавіта кожны з нас.

Калі ідзеш у нядзелю ў святыню, магчыма, табой кіруе толькі даніна традыцыі або пачуццё абавязку пад пагрозай граху. Так было раней і, можа, так ёсць сёння. Святая Эўхарыстыя, аднак, з’яўляецца малітвай удзячнасці і праслаўлення Езуса за Яго любоў да цябе. У ёй прысутны Пан у целе і крыві. Ён прамаўляе праз Літургію слова і дае Сябе ў святой камуніі. Памятаем, Пан ёсць любоў! У любові няма страху. Дасканалая любоў праганяе страх. Дасканалая любоў не мае страху. Таму яна мацнейшая за ўсе мае страхі, перажыванні, трывогі, няпэўнасць, боль, уціск, бязладдзе.

Ці спяшаешся ў святыню, каб не спазніцца? Ці зберагаеш засяроджанасць на працягу літургіі? Ці знаходзіш радасць ад сустрэч з Езусам у Яго Слове і Эўхарыстыі? Ці ёсць для цябе штосьці больш важнае, чым сустрэча з Езусам у малітве? Ці сустракаеш Яго прыйсце і Уваскрасенне ў сваім жыцці, як гэта рабілі жанчыны міраносіцы “са страхам і вялікай радасцю” (Мц 28, 8)?

Святы айцец Піо з П’етрэльчыны казаў, што «любоў і боязь павінны ісці разам. Боязь без любові ператвараецца ў подласць. Любоў без боязі — гэта высакамернасць. Калі любоў існуе без боязі, яна становіцца неасцярожнай і не мае тормазу, не зважае, куды імкнецца…»

Пане, дзякую Табе за боязь Божую і за тое, што Ты няспынна клічаш да большага ўзрастання! Навучы мяне здаровай боязі Божай, якая будзе трывала абуджаць мяне да пошуку сустрэчы з Табой, жывым Богам. Няхай Твой Дух цалкам кіруе маім жыццём, каб нават досвед страху спрыяў распазнаванню Тваёй волі, каб больш любіць і наследаваць Цябе. Дай мне адчуванне пастяннай патрэбы сустрэчы, дзе ўжо няма страху…

Праслаў Бога за боязь Божую і за любоў без страху!

Дзень 39

А ім сказаў: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?» (Мк 4, 40).

Велікапосныя рэкалекцыі трываюць. Дарагія сябры, сёння зноў запрашаю вас на 15-30 хвілін малітвы праслаўлення.

Праслаўленнем Бога з’яўляецца цнота мужнасці. Вялікім праслаўленнем ёсць прысвячэнне – з вераю – свайго жыцця за бліжняга.

“Я ўжо не баюся Бога, а люблю Яго!” (св. Васіль Вялікі).

Цяжка разважаць і пісаць пра страх, калі навокал небяспека. Мозг нібы змушаны думаць толькі пра абарону… Не ідзецца пра нейкі звыклы страх, але пра страх смерці, які непазбежны, але часам ён бывае асабліва жорскім, з пахам паленага газу… Найбольшы вораг чалавека найчасцей знаходзіцца не звонку, а ўнутры яго. І гэтым ворагам ёсць страх. Адам і Ева засумняваліся ў любові Пана, таму і спалохаліся свайго Айца (Быц 3, 1-13). Страх выяўляе недавер да Бога, заўжды блізкага да нас. Страх азначае непрыняцце свайго бліжняга і самога сябе.

Хто альбо што выклікае ў табе найбольшы страх? Ці бачыш свой страх і ці можаш яго назваць? Ці ёсць у табе гатоўнасць размаўляць пра страх?

Непрызнанне страху – гэта праява пыхі. Вызнанне страху ў сабе прыніжае, але ў той жа час дазваляе ўзрастаць у пакоры і ўрэшце перамагчы страх. Ты можаш усе свае страхі аддаць Езусу, які змагаецца ў Аліўным садзе са сваім страхам і дасканала разумее цябе (гл. Мк 14, 32-42). Страх мае ў сабе рысы недаверу і недахопу любові. Давер дае мужнасць і адвагу. Без даверу становіцца немагчымым існаванне супольнасці з Богам (глыбокай еднасці з Ім) чалавечай супольнасці (апірышча ў іншай асобе) і супольнасці з сабой (прыняцця сябе).

Пане, дазволь мне распазнаваць і ўсведамляць свой страх. Дасканалы чалавек той, які дасканала ведае свае слабасці. Навучы мяне знаходзіць абарону ў Тваёй прысутнасці і пераадольваць страх у Тваіх абдымках. Навучы прыбягаць да Цябе, калі будзе страшна: у маіх думках, намерах, учынках і дзеяннях. Дай мужнасць не саромецца вызнаваць свой страх чалавеку, які можа выслухаць мяне, гэта значыць, панесці мой страх, але не заразіцца ім! Пане, дай узрастаць у мудрасці праз страх, каб ён не выпаліў мне сэрца. Прашу Цябе, дапамажы мне, каб страх стаў прадметам глыбокай размовы і нагодай для сапраўднай сустрэчы з Табой – жывым Богам. Перш за ўсё, дай мне веру, што Ты заўсёды побач, у чаўне майго жыцця, і няхай нават бура смерці не разлучыць мне з Табою, каб я маліўся не да зямнога жыцця, але да Цябе і больш верыў у вечнае жыццё.

Пане, прашу Цябе, проста будзь са мной у маім страху, як Твой Айцец быў з Табой у Аліўным садзе, калі Ты перажываў вялікі страх смерці. Ты, Пане, смерць смерцю зваяваў і жыццё нам дараваў! Ты, Пане, уваскрос! Дай і мне ўваскрашэнне са смерці ўсіх маіх страхаў, бо Ты ёсць Уваскрасенне і Жыццё, і Табе мы ўзносім хвалу.

Праслаўляй Бога за тых людзей, якія не спалохаліся барацьбы і з верай аддалі сваё жыццё за бліжніх.

 

Дзень 40

“Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца” (Лк 22, 42).

Праслаўленне Бога – гэта тваё і маё жыццё. Больш праслаўляе той, хто прымае Яго волю і ўмее стаяць у праўдзе перад Панам!

У нашых адносінах з Богам мы часта спрабуем граць розныя ролі і паводзіцца так, як звычайна ў стасунках у сям’і, на працы, у супольнасці. Мы баімся шчыра вызнаць свае страхі, боль, нянавісць, неразуменне, параненасць, заганы… Мы маскіруемся перад Богам, падмалёўваем сябе. Прыходзім у святыню, збіраемся маліцца, адкрываем Святое Пісанне і замест таго, каб сустрэцца і весці дыялог з Богам, пачынаем граць ролю добрага хрысціяніна ці грэшніка, і фактычна робімся фарысейчыкамі! У малітве, у размове з Айцом, Езус вучыць нас ставацца вольнымі, вучыць нас прагнуць свабоды! Толькі свабодны чалавек ёсць сапраўдным.

Пан глядзіць на сэрца кожнага з нас. Яму вядома пра нас усё, Ён не патрабуе, каб мы аблівалі сябе брудам або, наадварот, распавядалі Яму пра свае дасягненні і перамогі. Стаць перад Богам у праўдзе – гэта вялікая каштоўнасць духоўнага жыцця. Гэта шчырасць, гэта любоў, гэта пакора. Езус Хрыстус у Гетсіманскім садзе сустракаецца са сваім Нябесным Айцом і без боязі і сораму кажа Яму пра страх і боль, вылівае сваю душу, з вялікім даверам і любоўю: “Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх”. І нягледзячы ні на што, Езус гатовы прыняць волю Айца. Як Бог, Ён быў гатовы выканаць волю Айца цалкам, але як чалавек – Езус шукае падтрымкі ў любові і сіле Айца.

Ці цяпер, у часы выпрабаванняў, ты шчыры перад Панам? Ці Ён і цяпер з’яўляецца тваім Сябрам, ці, можа, паступова, з кожным прыкрым перажываннем Ён нібы аддаляецца? Ці шукаеш і распазнаеш Яго волю ў сваёй штодзённасці? Ці шукаеш падтрымкі і разумення ў Яго любові і ў сіле Айца? Ці можаш казаць пра гэта шчыра з Богам і іншым чалавекам? Ці жыве ў табе дух даверу?

“Хрысціянства і ўнутранае жыццё не могуць быць нечым накшталт адступлення ці стану выздараўлення” (Е. Пшывара SJ “Пра неба душы”). Агульны стан барацьбы ў тым, каб вытрымаць унутранае напружанне. Фанатызм, фундаменталізм у адназначнай ацэнцы дабра і зла, жорсткасць у схематычным адрозніванні сябра і ворага, веруючага і няверуючага – гэта ўцёкі ад сапраўднай і плённай барацьбы. Уцёкамі таксама можна назваць хваравітую аскезу, сутаргавую барацьбу, інакш кажучы, спадзяванне толькі на свае сілы. Духоўнае жыццё – гэта не сутаргі, але і не поўны спакой. Лагоднасць і моц, ціхае чаканне і воля да барацьбы ў духоўным жыцці могуць гарманічна суіснаваць. У тваёй барацьбе ты ніколі не самотны. Ніколі! Ты заўсёды можаш давяраць сябе і свае высілкі Пану.

Езу, дзякую Табе і праслаўляю Цябе за прыклад у прыняцці волі Айца! Дапамажы стаяць перад Табою ў праўдзе нават у найцяжэйшыя хвіліны жыцця! Прашу, будзь у маім сэрцы, калі я буду ў смяротнай небяспецы!

Ты – Святло жыцця, агарні мяне Сваім святлом!

Але не мая, а Твая воля няхай станецца!

Праслаў Пана за прыклад духоўнай барацьбы ў Гетсіманскім садзе! Праслаў Яго за сілы для нашай духоўнай барацьбы!

Пальмовая нядзеля або Нядзеля Мукі Пана

На другі дзень многія (…) узялі пальмавыя галінкі і выйшлі Яму насустрач, і ўсклікалі: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана, Кароль Ізраэля!» (Ян 12, 12-13).

Велікапосныя рэкалекцыі трываюць. Перад намі яшчэ адзін тыдзень для малітвы праслаўлення.

Бога праслаўляе твой ціхі і любячы голас. Яшчэ больш праслаўляе тваё ўважлівае і пакорнае слуханне.

“Усялякімі спосабамі дбай пра тое, каб праслаўлены быў (праз цябе) Айцец твой, які ў нябёсах” (св. Антоній Вялікі).

Вучні, уваходзячы з Езусам у Ерузалем, цешыліся Яго прысутнасцю і шматлікім воклічам “Гасанна!”. Аднак яны яшчэ зусім не разумелі, што адбываецца навокал іх. Вучні не заўважылі пачатку Мукі Пана. Першасвятары ўжо прынялі рашэнне пра забойства Езуса. Народ вітаў Хрыста, мроячы пра магутнага зямнога валадара, але ўжо неўзабаве будзе патрабаваць Яго ўкрыжаваць. Радасць людзей не была сапраўдным праслаўленнем волі Айца. Праслаўленне Пана – дух пакорны і сэрца пакорнае (Пс 51, 19). Дзеці, якія віталі Езуса у брамах Ерузалему, у сваёй лагоднасці, сапраўды Яго распазналі. Арыген называе гэтых дзяцей мудрацамі з абліччамі філосафаў.

У цішыні, маўчанні і ўдзячнасці ты таксама можаш суправаджаць Езуса. Ты можаш ісці за Ім на Галготу і глядзець, як жанчыны, якія пайшлі ажно пад крыж (Лк 23, 49). Пётр суправаджаў Езуса з мячом, а жанчыны былі ўзброеныя толькі вачыма, якімі яны калісьці сузіралі Яго. Ім удалося штосьці пабачыць. Таму яны гатовыя ісці за Ім да самага канца.

Каля брам Ерузалему Езуса сустракаюць тры катэгорыі людзей. Хто гэтыя людзі і дзе ты сябе распазнаеш? Ты можаш пабачыць сябе сярод натоўпу простых людзей, якія сёння ўсклікаюць “Гасанна!” Езусу, а ўжо заўтра будуць крычаць “Укрыжуй Яго!”. Яны штосьці чулі і ведалі пра Езуса, як Ён памнажаў хлеб, уваскрасіў Лазара і прамаўляў. Магчыма, ты сярод грэкаў, якія цікавяцца пазнаннем яшчэ адной філасофіі жыцця? Як часта ты апынаешся сярод гэтага натоўпу, калі сёння ўсміхаешся чалавеку ў вочы, а праз хвіліну ўжо асуджаеш яго? Як часта эмоцыі натоўпу і меркаванні іншых людзей маніпулююць табой? Як часта ў табе выяўляецца схільнасць адмаўляцца ад сваёй думкі пад ціскам атачэння?

Ты можаш сябе пабачыць сярод катаў, пачынаючы ад першасвятароў, кніжнікаў і фарысеяў, якія з-за сваёй зайздрасці і прагнасці да ўлады ўчынілі судзілішча над Езусам. Ты можаш быць на месцы Пілата, які хоць і не бачыць правіны Езуса, дыпламатычна намагаецца дагадзіць цэзару, рэлігійнай эліце ды ўзбуджанаму натоўпу. Пілат мае ўладу, аднак вышэйшую ўладу мае над ім страх. Як часта ты не знаходзіш у сабе сілы, каб абараніць імя іншай асобы, таму што баішся за сваё жыццё, кар’еру ці выгаду? Ты таксама можаш заўважыць сябе на месцы жаўнераў, звычайных выканаўцаў пакарання, тых, што непасрэдна “каштуюць” чужую кроў…

Ты можаш пабачыць сябе сярод родных, вучняў і вучаніц Хрыста, якія Яго зналі і любілі, як умелі. Ты можаш паставіць сябе на месца Пятра, які адрокся, таму што спалохаўся і засумняваўся. Пётр і іншыя апосталы не былі яшчэ гатовыя прыняць укрыжаванага Хрыста. Прыйдзе час, Езус у Эмаусе расплюшчыць ім вочы, і яны ўбачаць больш. Яны пойдуць за Хрыстом, будуць мець прагненне прыняць свае цярпенні і аддаць жыццё за Яго, аднак не таму, што яны сталі мацнейшымі, але таму, што адкрыліся на Яго любоў і прынялі яе. Пётр перамог праз любоў Хрыста да яго! Пётр канчаткова адрокся ад свайго “я” і сустрэўся з укрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом. Юда не захацеў…

Пане, дай мне ласку распазнавання Тваёй прысутнасці. Навучы слухаць і чуць Твой голас, які няспынна кліча да большага праслаўлення і блізкасці! Дазволь усімі сіламі дбаць пра тое, каб праслаўляць Айца, які на нябёсах, праз слуханне Твайго слова і праз слуханне бліжніх. Пане, дай мудрасці моўчкі сузіраць Цябе. Няхай сэрца ў цішыні і маўчанні заўсёды спявае: “Гасанна!” дзеля сапраўднай і асабістай сустрэч з Табой, жывым Богам – у Тваіх цярпеннях і ўваскрасенні.

Праслаў Пана ціхім і маўклівым сузіраннем, калі рэшта ўсклікае: “Гасанна!” Праслаў Яго ўважным слуханнем!

Вялікі панядзелак

“Ахвяра для Бога – дух пакорны, сэрцам зламаным і пакорным Ты, Божа, не пагарджаеш” (Пс 51, 19).

Ты праслаўляеш Бога сваёй пакорай, якая выяўляецца ва ўважлівым і любячым слуханні. “Пакора – аснова ўсіх цнотаў, а таму ў душы, дзе няма гэтай цноты, не можа быць нікіх іншых цнотаў, толькі адзін выгляд” (св. Аўгустын). 

Пакора – гэта ласка, якая перамяняе чалавечае сэрца і чыніць яго свабодным і адкрытым Богу. Без пакоры няма сапраўднага сузірання, а значыць, няма наследавання Хрыста, асабліва ў Яго цярпенні. Праявай пакоры з’яўляецца ўменне прыняць крытыку, але таксама здатнасць выказваць яе з любоўю… Крытыка свайго настаяцеля можа азначаць большую пакору, а яе адсутнасць – кар’ерызм, крывадушнасць ці баязлівасць. 

Пакора – гэта адвага быць праўдзівым у тым, каб прыняць сваю чалавечую прыроду, асабліва ў яе крохкасці. 

Пакора – гэта здольнасць успрымаць свет і сябе такімі, якія ёсць, з усімі выклікамі часу. 

Пакора – гэта ўменне радавацца самым простым рэчам і падзеям. 

Пакора – гэта ўменне бачыць цудоўнае ў шэрай будзённасці. 

Пакора – гэта калі ты прагнеш радавацца першаму нарцысу і філіжанцы ранішняй кавы, і, галоўнае, ты кожны раз радуешся па-сапраўднаму. 

Пакорны чалавек радуецца звычайным абдымкам і цэніць кожную працягнутую далонь у вітанні. Пакорны чалавек заўсёды вельмі ўдзячны за вялікія і малыя дары – за вочы іншага чалавека! Пакорны чалавек можа, умее і хоча цярпліва чакаць… 

Нарэшце, пакора – вялікі давер да Бога, які ўсемагутны, верны, любячы і клапатлівы, асабліва ў крызісе тваёй самотнасці. 

Пакорны чалавек прымае поспех і паразу са спакойным і свабодным сэрцам і ў перакананні, што і гэта мае сэнс. Пакорны чалавек пазбаўлены хвалявання і няўпэўненасці. Ён атрымлівае большую асалоду ад працэсу сваёй працы, чым ад яе выніку, або ад працэсу ўзрастання ў святасці, чым ад асягнення яе. Пакорны чалавек больш засяроджаны на асобе Езуса, чым на Яго навучанні і запаведзях…

Сузірай пакору Езуса на Яго крыжовым шляху на Галготу. Сузіранне Яго пакоры “апранае” ў пакору. Праслаўленне Пана – праява вялікай пакоры. Праслаўляй Яго асабліва за маленькія дары, у якіх месціцца Яго вялікая любоў! Вялікі дар Бога – твае расплюшчаныя вочы і луста хлеба на стале, яшчэ адзін дзень жыцця…

Колькі ў табе ёсць менавіта такой пакоры? Ці цнота пакора ўвогуле з’яўляецца для цябе каштоўнасцю? Ці ты сапраўды шукаеш і прагнеш Хрыстовай пакоры?

“Пане, дай мне сілу змяніць тое, што я магу змяніць. Пакору прыняць тое, што я не магу змяніць. І мудрасць адрозніць першае ад другога”.

Пане, Ты мяне заўсёды пакорна выслухоўваеш, хоць гэта Ты ёсць Словам Нябеснага Айца, які даў мне два вухі! Ты кожны раз выслухоўваеш мяне ў Таямніцы пакаяння і ў іншым чалавеку, каб падараваць мне новае сэрца. Пане, прашу Цябе, дай і мне пакору каб уважліва слухаць Цябе і маіх бліжніх! Навучай мяне пакоры больш бачыць хараство стварэння, каб адкрыцца на Тваю любоў, якой я патрабую! Пане, будзь праслаўлены за пакорных людзей у гісторыі майго жыцця. Дзякую Табе за ўсё… 

Праслаў Пана сваім пакорным слуханнем!

Вялікі Аўторак

Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл (Лк 1, 38).

Ты праслаўляеш Пана сваім пакорным слуханнем Божага Слова. Праслаўляеш выкананнем Яго волі.

“Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова,” – гэтымі словамі Марыя поўнасцю аддаецца ў рукі Бога Айца і адкрывае прастору для дзеяння Святога Духа. Толькі пасля гэтых слоў Бог можа ўцелавіцца ва ўлонні Марыі. На свой заклік Пан не сустракае ніякага супраціўлення ці перашкоды. Ён сустракае толькі адкрытасць і паслухмянасць, пакору і давер. І таму Марыя атрымлівае слова: “Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе”.

“Няхай мне станецца паводле твайго слова,” – Марыя захоўвала паслухмянасць Слову ў Бэтлееме і падчас уцёкаў у Егіпет, у Кане і пад крыжом на Галгоце… Багародзіца не толькі стрыманая ў словах. Яна надзвычай мудра ўмее разважаць і сузіраць вачыма веры. Яе малітвай стала адвечнае маўчанне ў Богу. Без Марыі немагчыма ўявіць сабе гісторыю збаўлення.

Багародзіца становіцца для нас прыкладам, як у гэты цяжкі час неймаверных і балючых страт, безнадзеі і болю, паверыць у Божую задуму адносна нас. Як адкрыцца Богу і па Ягонай ласцы напоўніцца даверам да Яго. Як немагчымае для чалавека, а магчымае для Бога, упусціць у сваё жыццё. І як, зрэшты, духоўна прамовіць сярод жыццёвых выпрабаванняў: “Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы!”

“Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова,” – гэтыя словы Марыі сталі пачаткам новага этапу збаўлення чалавецтва. Гэтыя словы ў тваім жыцці могуць стаць новым этапам твайго збаўлення. Ці ўсведамляеш гэта? Ці паспрабуеш прамовіць гэтыя словы ў глыбіні сваёй істоты, даць Богу прастору для дзеяння, адкрыць хаця б шчылінку ў сваім сэрцы для Яго любячага дотыку? Ці можаш хоць на некалькі хвілін свядома стаць перад Богам і сказаць: “Вось я, тут і цяпер, давяраю Табе, няхай са мной станецца паводле Твайго слова, і няхай Твая будзе воля!”?

“Не маем іншага даверу, акрамя таго, які чэрпаем ад Цябе, найпакорнейшая Дзева” (св. Яфрэм Сірыйскі).

Жыццё Багародзіцы спавітае глыбокай таямніцай маўчання. У евангелістаў знаходзім няшмат слоў Марыі. Евангеллі паводле Марка і Мацвея не перадаюць аніводнага Яе слова. Яна, укрытая ў ценю Сына, знаходзіцца цалкам і дарэшты пад дзеяннем Святога Духа. У задуме Бога Марыя непарыўна звязана са слуханнем Слова Бога. Марыя не проста павярхоўна ўспрымае інфармацыю, а слухае, услухоўваецца, заглыбляецца, каб зразумець значэнне Слова. Тое, Каго Яна слухае і што Яна слухае, становіцца для Яе Таямніцай.

Марыя, навучы мяне прабываць у цішыні, каб у ёй я больш распазнаваў прысутнасць Твайго Сына і любіў Яго! Марыя, учыні мае вушы адкрытымі. Навучы мяне слухаць рэчаіснасць, у якой я жыву, выслухоўваць кожную асобу, якую сустракаю, асабліва тую, якая цяпер найбольш гэтага патрабуе. Суправаджай мяне праз Вялікі тыдзень Твайго Сына і нашых выпрабаванняў. Ты маўчала пад крыжам свайго Сына, зберагаючы ўсё, што адбывалася навокал, у сваім сэрцы. Табе Пан дазволіў сузіраць Таямніцу. Навучы і мяне ў пакоры слухаць Твайго Сына.

Праслаў Пана, як Марыя, пошукам і прыняццем Яго святой волі!

Вялікая серада

“І ўстанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць” (Мк 3, 14). 

Хвала Пана – тваё і маё жыццё. Большая хвала ў тым, каб пачуць і прыняць Яго запрашэнне, адгукнуцца на Яго заклік: быць з Ім!

“Найвышэйшы, праслаўлены Божа, асвяці змрок майго сэрца і дай мне, Пане, сапраўдную веру, непахісную надзею і дасканалую любоў, разуменне і пазнанне, каб выканаў Тваё святое і праўдзівае пасланніцтва” (св. Францішак Асізскі).

Першаснае пакліканне кожнага чалавека – быць з Панам. Вучань, прызначаны і пакліканы быць з Панам, каб ставацца сабою: Яго дзіцем і сябрам, суправаджаць Яго.

Галоўнае для Езуса ў прабыванні з чалавекам – не апостальства, а адносіны. Езус будуе блізкія сувязі, глыбокія, блізкія адносіны са сваімі сябрамі, з кожным асабіста. Гэтыя стасункі павінны стаць моцным мастком між Ім і апосталамі, а таксама асновай супольнасці вучняў. Менавіта такія адносіны ў будучыні стануць падмуркам даверу, падтрымкі і сяброўства. Менавіта такія стасункі з Ім дадуць апосталам сілу пайсці на крыж і несці Добрую Навіну людзям – прапаведваць.
Быць з Ім – гэта галоўнае апостальства і месца нараджэння Касцёла, яго місіі. Быць з Панам – мэта ўсяго апостальскага служэння. Быць з Ім, каб распазнаць волю Айца і ведаць Таго, Каго пасланыя прапаведваць. Быць з Ім каля крыжа, пад крыжом, на крыжы… на Ягоным, на сваім і тваім крыжовым шляху.

Быць з Ім – значыць быць з народам: з дзеткамі, жанчынамі і старымі ў час выпрабаванняў. Быць з Ім – гэта быць хаця б духоўна з тымі, хто змагаецца. Быць з Ім – гэта ўдзень і ўначы разважаць і распазнаваць лепшы шлях да перамогі. Быць з Ім азначае не губляць здаровы сэнс і быць увесь час на крыжовай дарозе тут, а не дзесьці далёка. Быць з Ім – гэта не быць абыякавым на пакуты бліжняга. Быць з Ім – гэта выслухаць хаця б аднаго спалоханага вайной, прыгнечанага чалавека, прыняць крыж, як гэта зрабіў Езус, мой Пан… Аднак, ва ўсім я прагну перадусім быць не з вайной, але з Ім, не завісаць у навінах пра вайну, але шукаць абдымкі Хрыста, каб канчаткова перамагчы і дайсці да радасці Яго ўваскрасення.

Тры гады апосталы былі пры Ім. Тры гады яны вучыліся ва “ўніверсітэце” Хрыста, назіралі за Ім, але галоўнага экзамена на Аліўнай гары і пад крыжом, здаецца, не здалі, Хрысту было балюча, што яны не могуць чуваць пры Ім нават адной гадзіны (Мк 14, 37).

Ці можаш маліцца шчыра і чуваць аддана ў цішы свайго сэрца, прабываючы з Ім? Ці разумееш, што Яму не баліць твой грэх, нават найцяжэйшы, але Яму баліць адлегласць паміж Ім і табою? Што ўвогуле для цябе азначае быць з Панам, быць пры Ім? Ці ўсведамляеш, што перш, чым стаць перад іншай асобай, ты пакліканы стаць перад Панам у малітве, чуванні, цішыні? Ці намагаешся ўвесь свой дзень – сваю працу, навучанне, прабыванне з сям’ёй і г.д. пражыць з пастаянным усведамленнем, што Пан поруч з табой, у табе?

“Твая малітва пакажа табе, у якім стане ты знаходзішся” (св. Ян Лесвічнік).

“У тыя дні Ён узышоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога. Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі” (Лк 6, 12-13). Езус кліча апосталаў падчас малітвы, падчас Яго інтымнага дыялогу з Айцом. Гэтак, як Езус быў цесна злучаны з Айцом, так і нас кліча да глыбокіх адносінаў з Ім. Езус неаднойчы паказвае вучням прыклад малітоўнага чування. У бязмоўнай глыбіні свайго сэрца кожны з нас можа адчуць прагненне быць з Ім, каб пазнаць, кім Ён сапраўды ёсць, стаць сведкамі Яго жыцця і ўваскрасення ў нашым свеце. Спачатку чалавек пакліканы навучыцца жыць Яго запаведзямі, а потым перайсці да значна большага і глыбшага: да ўнутранага жыцця з Панам. Быць пры Ім, прабываць з Ім, у Яго прысутнасці – гэта вучыцца больш любіць. Любіць Пана, а потым і свайго бліжняга.

Езу, я хачу быць з Табой заўсёды, няспынна! Навучы мяне пастаянна ўсведамляць Тваю прысутнасць і лавіць на сабе Твой любячы пагляд! Хачу дзяліць з Табой мае справы і адпачынак, боль і радасць, страты і здабыткі! Толькі дзякуючы Тваёй ласцы магу быць з Табою, а жыццё можа напоўніцца Тваім духам і Тваім жыццём.

Праслаў Пана за пакліканне “быць з Ім!”

Вялікі Чацвер

“Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець…” І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: “Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць” (Лк 22, 15. 19).

Праслаўленнем Бога з’яўляецца дар святой Эўхарыстыі. Праслаўленне – гэта адкрытасць сэрца на дар Бога ў Эўхарыстыі.

Калі Юда вырашыў здрадзіць і далучыўся да Сінедрыёна, ужо ўсё было падрыхтавана да арышту Езуса. Менавіта ў атмасферы здрады Езус рыхтаваўся да Пасхальнай вячэры. Езус не выяўляе здрадніка і дазваляе ворагам наблізіцца. Ён ідзе насустрач смерці, таму што галоўная мэта для Яго – выканаць волю Айца.
Для габрэяў Пасха ўяўляе сабой найпрыгажэйшае свята, па якім усе тужаць, бо яно азначае цэнтральную падзею гісторыі народу Ізраэля, “пераход” з няволі да свабоды.

Езус таксама тужыў па гадзіне пераходу да Айца. Езус часта казаў вучням пра мэту сваёй місіі: пра Ерузалем, пра сваю муку, пра Уваскрасенне. Езус ідзе на Галготу, на вяршыню крыжа і ў месца сустрэчы з Айцом. Ён дакарае вучняў за іх глухату і неразуменне Ягоных слоў. Пасля Апошняй вячэры вучні перапалохаюцца і пакінуць Езуса. Пакінуць аднаго ў пакутах…

Аднак цяпер, падчас вячэры, Езус прагне быць у імі ў радасці. Апошняя вячэра азначае радасць прысутнасці Пана са сваімі вучнямі. Езус прагне быць з імі, каб адкрыць сваё сэрца і адарыць любоўю. У прысутнасці Пана выяўляецца Яго любоў. Асабліва зараз Ён прагне быць з імі, бо праз імгненне будзе забіты і вернецца да Айца. Ён ужо не будзе фізічна побач з вучнямі. Сёння Ён прагне перадаць ім яшчэ штосьці важнае, устанавіць святую Эўхарыстыю, у якой хоча застацца з імі ў Целе і Крыві. Апошняя вячэра – гэта ўрачыстая гадзіна вялікай радасці. Сэрца Пана радуецца і прагне быць з табой і дзеля цябе ў гэтай падзеі.

Ці Апошняя вячэра з’яўляецца для цябе месцам радасці?

Апошняя вячэра напоўнена радасцю, аднак над ёю лунае прадчуванне блізкай разлукі, няўпэўненасці вучняў і здрады. Езус кажа, што Ён “вельмі хацеў спажыць гэтую пасху” са сваімі вучнямі. Наколькі моцнае тваё жаданне “спажыць гэтую пасху” з Езусам? У кожнай святой Эўхарыстыі Езус прагне быць з табою. Ці ў табе ёсць прагненне прыняць, спажыць гэтую Пасху? Ці ты ўважлівы і актыўны ўдзельнік святой Эўхарыстыі?

Наколькі вучні разумелі словы Езуса, калі Ён вымаўляў: “Гэта ёсць Цела Маё і Мая Кроў”? Што для цябе значаць гэтыя словы? Менавіта ў той момант Пан, Езус Хрыстус, быў прысутны на Вячэры фізічна і эўхарыстычна. “Гэта чыніце на Маю памяць,” – Касцёл даслоўна выконвае гэтае даручэнне на працягу тысяч гадоў. Мы верым, што праз гэтыя словы святара Хрыстовыя смерць і ўваскрасенне рэальна прысутнічаюць у святой Эўхарыстыі. Перамененыя хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста становяцца нашым саўдзелам, камуніяй, крыніцай найглыбейшага з’яднання з Езусам і Яго Касцёлам.

Прымаючы святую камунію, ці маеш свядомасць з’яднання з Богам? Ці святая камунія ёсць той крыніцай лучнасці з Ім, якая дазваляе наблізіцца да Яго? Ці ў святой камуніі ты шукаеш адзінства з Панам, са сваімі братамі і сёстрамі? Ці ёсць у табе хваляванне і любоў да Эўхарыстыі? Ці рыхтуешся да Эўхарыстыі – і не толькі праз эўхарыстычны пост, але праз чытанне Евангелля? Ці напярэдадні разважаеш пра нядзельную святую Імшу? Ці чакаеш Божай літургіі як сустрэчы з найлепшым Сябрам? Ці нядзельная Эўхарыстыя з’яўляецца для цябе найважнейшай падзеяй тыдня? Запрашаю цябе разважаць над сваім удзелам у святой Эўхарыстыі на працягу ўсяго жыцця. Ці змяняецца штосьці? Ці дбаеш пра паглыбленне свайго стаўлення да Эўхарыстыі? Ці ёсць у табе ўдзячнасць? Грэцкае слова “эўхарыстыя” азначае падзяку. Святая Эўхарыстыя ёсць малітвай падзякі. Ці прыходзіш на святую Імшу, каб дзякаваць за святую камунію, за муку Хрыста і Яго любоў? Ці хутчэй прыходзіш, каб прасіць? Ты можаш сёння дзякаваць Езусу за Яго Эўхарыстычную прысутнасць. Ты можаш дзякаваць, што дагэтуль маеш магчымасць прымаць святую камунію. Старэйшыя людзі памятаюць часы, калі вернікі не мелі гэтай магчымасці. Ці ўсведамляеш вялікі дар Бога ў святой Эўхарыстыі?

Заўважым, што наш удзел не заўсёды годны і поўны любові. Як часта мы распазнаём у сабе гультайства і абыякавасць да нядзельнай літургіі і нават забываемся перапрасіць за гэта Пана? Як часта мы няўважлівыя і рассеяныя настолькі, што пасля святой Імшы ўжо не помнім, аб чым было Евангелле? Дзякуем Пану, што Ён захацеў застацца з намі такім выключным чынам у постаці святой Эўхарыстыі. Шукаем час для малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у цішыні і прысутнасці Бога.

Апошняя вячэра – гэта свята ўстанаўлення сакрамэнтаў святой Эўхарыстыі і святарства. Словамі “Гэта чыніце на Маю памяць” Езус устанаўлівае сакрамэнт святарства. Мы можам разважаць пра ўсіх святароў, якія нас суправаджалі дагэтуль. Колькі іх было ў гісторыі нашага жыцця? Успамінаю цяпер а. Казіміра Манчынскага з Латвіі, які мяне рыхтаваў да святой камуніі. Пастыр і айцец. Святы чалавек! Успомнім імёны нашых духаўнікоў і іх гісторыі. Падзякуем за іх, што Бог паставіў іх на шляху нашага жыцця.

Падзякуем таксама за дар нашага святарства, калі мы з’яўляемся семінарыстамі і святарамі. Згадай гісторыю свайго паклікання. Ці ты ўдзячны да яго? Ці рупішся няспынна пра ўзрастанне ў сакрамэнце святарства? Святарства – гэта дар, заданне і выклік. Галоўная місія святарства – праслаўленне Бога і служэнне людзям. Ты шануеш гэты дар? Наколькі святарства ўплывае на тваё штодзённае жыццё, на малітву? Якая твая малітва як святара, якая твая споведзь і ўдзел у літургіі? Якое тваё святарскае служэнне? Ці не “згубіўся” ты ў ім?

“Будзьце лекарамі для параненых і даглядайце здаровых, вылечвайце хворых, а здаровых заахвочвайце да належнай веры” (св. Васіль Вялікі).

Пане, дзякую Табе за дар жыцця і асабліва за пакліканне да святарства!

Праслаў Пана за святыя сакрамэнты святарства і Эўхарыстыі!

Вялікая Пятніца

Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І, схіліўшы галаву, аддаў духа (Ян 19, 30).

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Дарагія сябры, сёння таксама запрашаю вас на малітву праслаўлення. Праслаўленнем Бога ёсць твой штодзённы крыж, які ты з вераю і любоўю нясеш.

“Мы павінны шукаць еднасці моўчкі, на каленях і перад Укрыжаваным” (св. Ян Павел ІІ).

Пад крыжом нашыя словы губляюць значэнне, бо ўжо ўсё сказана – гэта мой грэх і Яго безумоўная любоў! Адзінае, што магу, вымавіць словы пакаяння: “Пане, Езу Хрыстэ, Сыне Божы, змілуйся нада мной, грэшым/грэшнай!” І яшчэ прагну, стоячы на ​​каленях, прабываць у цішыні перад Укрыжаваным, заглыбіўшыся ў бязмоўную вечнасць… Ён ужо замоўк, і я прагну маўчаць і слухаць усім сэрцам!

Мука Езуса Хрыста дасканалым чынам паказвае нам наш крыжовы шлях. Звернем увагу, як Езус праходзіць гэты шлях. Яму вельмі цяжка, як і табе сёння, аднак Ён, тады і сёння, з вялікім высілкам і яшчэ большай любоўю да цябе, устае і ідзе далей. Ці заўважаеш у Яго цярпенні хаця б штосьці падобнае на сваё жыццё? Мы бачым таксама людзей, якія суправаджаюць Езуса. Яны плачуць над Ім, спачуваюць, прагнуць дапамагчы, як Вераніка. Іншыя людзі абыякавыя. Больш за тое, яны кпяць з Езуса, дадаюць пакутаў. Ці бачыш сябе сярод натоўпу, які асуджае Езуса? А, можа, ты пад крыжам, як Сымон Кірынеец, якога прымусілі несці крыж? Як часта цябе змушаюць да служэння, нямілага сэрцу? Магчыма, так адбываецца таму, што ты замала размаўляеш з Богам пра свой крыж і не шукаеш Яго волі?

Хрысціянін не павінен уцякаць ад цярпення. Сучасны чалавек вельмі часта наракае, як малое капрызнае дзіця, якое сячэ галіну, на якой сядзіць. А потым плача, бо звалілася ў гной… Трэба ўсведамляць, што мы здатныя чыніць зло. Укрыжаванне Хрыста дазваляе нам не падманваць сябе. Святы Ігнацый Лаёла навучае, што ў прысутнасці Укрыжаванага вельмі складана падманваць сябе і іншых.

Прашу Пана аб ласцы кантэмпляцыі ўкрыжаванага Хрыста. Надзвычай важна навучыцца сузіраць укрыжаванне, якое мне дазволіць убачыць сваё цярпенне (а ў ім – майго Пана) і прыняць яго ўсім сэрцам.

Прагну маліцца Божым словам перад Урыжаваным – у цішыні, на каленях. Перад Ім прагну запытваць, што я зрабіў для Хрыста за сваё жыццё? Што я раблю для Хрыста, якога сёння распінаюць? І што я маю зрабіць, хацеў бы зрабіць для Хрыста? Часта гэта я распінаю Хрыста праз сваю свядомую непаслухмянасць… Аднак магчыма я хацеў бы змяніць сваё жыццё? Можа, хацеў бы падзякаваць за Яго Крыж? Прашу, каб Бог даў ласку кантэмпляцыі крыжа ў цішыні. Няхай крыж прамаўляе да мяне!

Пане, навучы мяне палюбіць Тваю Муку ў штодзённым жыцці. Даё мне ласку не баяцца ўдзелу ў Тваіх цярпеннях.

Будзь праслаўлена Мука Твая, Пане!

 

Вялікая субота

Там з прычыны прыгатавання юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка (Ян 19, 42).

Хвала Табе, Пане, за Тваю Муку і Смерць, якія Ты пажадаў прыняць дзеля нашага збаўлення!

“Смерць – гэта нішто іншае, як сон, падарожжа, перасяленне, супакаенне, ціхая прыстань, вызваленне ад непакою і свабода ад жыццёвых клопатаў” (св. Ян Залатавусны).

Смерць зазвычай выклікае ў нас страх і непрыняцце. Чалавек не хоча прыняць смерць, таму што створаны для жыцця. Смерць – гэта вораг. Аднак я магу паглдзець на смерць па-іншаму…

“На самай справе, смерць, якой мы так часта баімся, – адна з найбольш чаканых для мяне падзей, якая напаўняе сэнсам маё жыццё… Памерці – значыць трапіць у абдымкі Пана…” (П. Арупэ, SJ).

У святле смерці Хрыста і Яго Уваскрасення – што для мяне смерць ?

Смерць – пераход у абдымкі Пана, сустрэча з Ім твар у твар, адшуканне сябе ў Ім, што дае супакой. Смерць – пачатак новага жыцця, больш свабоднага, лёгкага і праўдзівага, якое струменіць у вечнасць. Баяцца смерці – гэта баяцца жыцця. Смерць ёсць сярод штодзённага жыцця. У нараджэнні і выхаванні дзіцяці месціцца самаадрачэнне, а, значыць, паміранне свайго “я”. Цяжар будзённай працы – гэта паміранне. Калі маўчу і даю прастору для Божага голасу, я выбіраю смерць для майго “эга”, каб Бог мяне ажывіў. Калі цярпліва выслухоўваю кагосьці, я выбіраю смерць майго “я” дзеля жыцця…

У момант смерці Езуса на крыжы настала цішыня. Смерць спыніла Муку. Боль страціў паўнату ўлады. Смерць – гэта вызваленне. Ён уваскрос – і я ўваскрэсну.
Вялікая субота – дзень усведамлення і перажывання смерці Хрыста, які, выканаўшы волю свайго Нябеснага Айца і споўніўшы сваю місію на зямлі, спачывае ў магіле.

Вялікая субота – дзень вялікай цішы і маўчання. Не чуваць больш крыкаў натоўпу, асуджэння фарысеяў, здзекаў салдат, плачу жанчын… Ужо не чуваць ляскання зброі, удараў малатка па метале цвікоў, моцнага грому… Болей не чуваць! Цішыня…

Магчыма, у гэтай цішыні я магу адшукаць сябе. Прабываючы перад магілай Хрыста можна толькі дзякаваць. Толькі ўвайшоўшы ў цішыню, можна наблізіцца да Бога. Быць у цішыні дзеля Бога. Вялікія рэчы нараджаюцца ў цішыні. Магчыма сёння, у гэтай цішыні каля Панскага гробу народзішся новы ты/новая ты, нараджуся новы я. Бязмоўе і ціша фармуюць новага чалавека.

У цішыні і маўчанні ёсць штосьці сакральнае, што дазваляе адчуць смак вечнасці.

У Бога, які спачывае ў цішы і самоце магілы, мы можам навучыцца многаму. Нават тады, калі навокал шум і мітусня зямных спраў, і нават стрэлы і выбухі, плач дзяцей і маці, мы можам адпачыць у Богу! Адпачынак у Богу заўсёды поўны вялікай надзеі. Такі адпачынак глыбока заспакойвае сэрца.

“Вялікае маўчанне пануе сёння на зямлі, вялікае маўчанне і вялікая самотнасць. Вялікае маўчанне, бо Кароль спіць. Зямля здрыганулася і заціхла, таму што Бог спачыў у целе і пайшоў будзіць тых, якія спалі спрадвеку…” (Гамілія на Вялікую суботу, ККЦ п.635).

У абдымках Хрыста смерць не страшная, бо Ён ужо ўваскрос! Блізкасць Уваскрослага Хрыста перамагае ўва мне страх смерці. Яго любоў да мяне мацней за мой страх. У Ягонай прысутнасці нічога не палохае мяне. Смерць – толькі пераход да вечнага жыцця, як для Езуса яна стала пераходам у абдымкі Айца. Чаго мне варта баяца, гэта смяротнага граху, які нішчыць блізкія адносіны з Богам, аддаляе ад Яго Любові. Выбар граху азначае выбар смерці.

Вялікая субота з’яўляецца таксама днём чакання. Заўтра будзе Пасхальная раніца. Заўтра будзе нашая сустрэча з уваскрослым Хрыстом. Здаецца, усё стварэнне чакае гэтага дня. Але гэта будзе заўтра. Сёння няхай свет яшчэ крыху памаўчыць…

Пане, прагну сёння спыніцца і ўвайсці ў цішыню. Ты, які ёсць Богам жыцця, дай мне ласку не баяцца смерці і заўсёды выбіраць жыццё. Праз пазнанне Цябе я напаўняюся жыццём. Сустрэча з Табой – гэта сапраўдны пачатак жыцця. Святы Ігнацый Лаёла просіць аб ласцы большага пазнання Пана, каб Яго больш любіць і наследаваць. Пазнанне Хрыста дорыць любоў, а яна дадае больш жыцця. Любоў Хрыста да мяне пераадольвае страх смерці і саму смерць ува мне.
Пане, дзякую Табе за Тваю Смерць і Уваскрасенне. Дзякую Табе за Жыццё! Праслаўляю…

Праслаў Бога за Яго смерць! Праслаў Яго за стан чакання Ягонага Уваскрасення!

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы (Ян 20, 1).

Сёння – з ласкі Божай – працягваецца жыццё, але завяршаецца час Вялікага посту: час вялікіх рэкалекцый і духоўнага аднаўлення. У Вялікім посце ідзецца не пра аскетычныя высілкі чалавека, але пра дзеянне Бога, пра Яго любоў і перамогу жыцця над смерцю.

Сёлета мы вырашылі падарожнічаць да Уваскрасення шляхам праслаўлення. Жыццёвы шлях надзвычай цярністы ў гэтыя дні. Сапраўды цяжка праслаўляць Бога ў наш час… Аднак я перакананы, што ніводзін з удзельнікаў і ўдзельніц гэтых рэкалекцый не шкадаваў хвілін, прысвечаных малітве, і прыняў усе выпрабаванні, праз якія давалося нам прайсці. Перакананы, мы сталі мацнейшымі Богам!

У цябе былі сілы праслаўляць Бога за яшчэ адзін дзень жыцця, за сваіх родных і сяброў, якія застаюцца побач. З трымценнем сэрца хацелася штодня праслаўляць Бога за людзей, якія ахвяруюць сабой, аддана служаць іншым, захоўваюць вернасць свайму сумленню. Праслаўляць Бога за створаны свет. Папраўдзе было безліч нагодаў для праслаўлення…

Запытай сябе, ці пабольшала праслаўлення ў тваім жыцці? Ці змянілася нешта ў тваім стаўленні да ўдзячнасці?

Праслаўленне – спосаб жыцця. Чалавек праслаўлення – чалавек барацьбы, сапраўды жывы і непераможны. Чалавек праслаўлення з’яўляецца чалавекам Уваскрасення.

Яшчэ і яшчэ мы прагнем узносіць хвалу дзеля перамогі Хрыста і нашага ўваскрасення.

Праслаўляць Бога – гэта заўсёды шукаць Уваскрослага Хрыста і знаходзіць нашае паўстанне з мёртвых у Ім!

Дарагія Сябры, спадзяюся, што час гэтага Вялікага посту падараваў вам прысмак Хрыстовага Уваскрасення дзякуючы шляху праслаўлення. Спадзяюся, што гэты час стаў нагодай для большага ўзрастання ў веры, надзеі і любові, прынёс большую радасць, глыбейшы сэнс жыцця, таксама і праз блізкасць іншых людзей. Вельмі спадзяюся, што праслаўлення Бога ў вашых сэрцах стала больш, а праз вас – у цэлым свеце. Веру, што Пан закрануў вашае жыццё, розум, волю, сэрца і цела. Няхай праславіцца Яго Святое Імя! Калі так адбылося, то Уваскрасення стала больш! Дзякую вам за ўдзел у гэтых рэкалекцыях. Для мяне – вялікі гонар і радасць, малітоўна суправаджаць кожнага і кожную з вас у гэты складаны час.

Молімся! Верым! Спадзяемся! Любім! За ўсё дзякуем… Хрыстус уваскрос!

Айцец Міхайла Станчышын SJ