Гамілія на III Нядзелю Вялікага посту, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Прыйшоў Езус ў самарыйскі горад, званы Сіхар, блізка да надзелу зямлі, які даў Якуб сыну свайму Юзафу. Была там студня Якуба. Езус жа, стомлены дарогай, сеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. Вось прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Езус кажа ёй: Дай Мне піць. Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы.

Жанчына самаранка кажа Яму: Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, самаранкі? (Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі.) Езус сказаў ёй у адказ: Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе «дай мне піць», то сама прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады. Жанчына кажа Яму: Пане, у цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая; адкуль жа ў Цябе вада жывая? Няўжо ты большы ад айца вашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і дзеці яго, і статкі яго? Езус сказаў ёй у адказ: Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў запрагне, а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не запрагне навекі, але вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае.

Жанчына кажа Яму: Дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць. Пане, я бачу, што Ты прарок. Бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што месца, дзе трэба пакланяцца, у Ерузалеме.

Езус кажа ёй: Павер мне, жанчына, што надыходзіць час, калі ні на гэтай гары, ні ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу. Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, што ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў. Але надыходзіць час, і цяпер ўжо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец. Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе.

Жанчына кажа Яму: Я ведаю, што прыйдзе Месія, які завецца Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё. Езус кажа ёй: Гэта Я, які гавару з табою.

Шмат самаранаў з горада гэтага паверыла ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла, кажучы: Расказаў мне ўсё, што я рабіла. Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён заставаўся там два дні. І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы слову Ягонаму. А жанчыне казалі: Мы верым ўжо не дзеля твайго апавядання, бо мы самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету.

Ян 4, 5–15. 19b–26. 39а. 40–42

Патрэбы фізічныя і глыбейшыя

Патрэба і яе задавальненне — гэта такі працэс, які на працягу дня мы перажываем шмат разоў, або, лепш сказаць, няспынна. Нашаму целу патрэбна не толькі ежа, вада, быць у цяпле, але перш за ўсё кісларод. Вельмі рэдка мы задумваемся над тым, як гэтыя асноўныя цялесныя патрэбы задавальняюцца, і настолькі прызвычаіліся да выгодаў цывілізацыі, што нам, напэўна, цяжка ўявіць, што ў іншых месцах людзі маюць, напрыклад, вельмі абмежаваны доступ да вады.

Сённяшнія літургічныя чытанні апавядаюць менавіта пра сітуацыі, звязаныя з патрэбай у вадзе. Ізраэльцяне падчас вандроўкі ў пустыні пасля зыходу з Егіпта адчуваюць смагу і наракаюць з гэтай прычыны на Майсея.

У Евангеллі Езус просіць вады ў самаранкі, якая прыйшла да студні, і гэтая сцэна — выдатная нагода для таго, каб нам глыбей усвядоміць, што Сын Божы — «стопрацэнтны» чалавек; што Ён меў такія ж цялесныя патрэбы, як і кожны з нас.

Аднак біблійныя аповеды адначасова ўказваюць на іншы ўзровень чалавечых патрэбаў. Канфлікт у Масе і Мэрыбе становіцца ўрокам веры для Ізраэля: яны атрымліваюць тое, аб чым просяць, але павінны зразумець, што давер да Пана важнейшы за часовую нязручнасць з прычыны недахопу вады. Размова ж Езуса з самаранкай пры студні паказвае, што Ягоная мэта ў звароце да яе глыбейшая, чым проста жаданне задаволіць фізічную смагу, а жанчына ў выніку атрымлівае штосьці нашмат больш істотнае, чым збан, напоўнены вадой: яна сустракае ні многа ні мала Збаўцу свету.

У Святым Пісанні смага робіцца вобразам патрэбы чалавечай душы ў Богу — смагі больш глыбокай і істотнай, чым любая фізічная патрэба (пар. Пс 63 (62), 2; 42 (41), 2). Мова Бібліі не абстрактная, а канкрэтная: праз вобразы фізічнай рэчаіснасці слова Божае дае нам зразумець тое, што нябачна, але што выказвае самую сутнасць чалавечага існавання. З іншага боку, зварот Езуса да самаранкі раскрывае гарачае жаданне Божага Сэрца быць у камуніі з чалавечай асобай: адарыць нас паўнатой жыцця, даць доступ да «крыніцы вады, якая цячэ ў жыццё вечнае».

Жывы дыялог з Панам

Езус сам пачынае размову з жанчынай: гэта дапамагае усвядоміць, што Бог першы выходзіць мне насустрач, ініцыятыва належыць Яму. Ад таго моманту, калі пасля трагічнай непаслухмянасці ў Эдэне Стварыцель пытаецца: «Адаме, дзе ты?» — Пан не перастае шукаць кожнага са сваіх дзяцей. Але з боку чалавека, як гэта ілюструюць паводзіны самаранкі з Езусам, паўстаюць розныя перашкоды. Жанчына з’яўляецца закладніцай варожасці, што існуе паміж самаранамі і юдэямі. Пазней яна выкарыстоўвае «тэалагічныя» аргументы пра месцы культу, што таксама падкрэсліваюць дыстанцыю з яе суразмоўцам. Аднак Езус «не здаецца»: Яго жаданне сапраўднай сустрэчы мацнейшае за людскія прадузятасці.

Езус жадае сустрэчы з кожным з нас, там, дзе я ёсць, каб раскрыць праўду пра мяне, бо Ён па-сапраўднаму ведае і прымае мяне, — напэўна, лепш, чым я ведаю і прымаю сябе, — не дзеля таго, каб асудзіць або нагадаць, як далёка я знаходжуся ад высокіх маральных стандартаў Евангелля, але каб паказаць сапраўдны шлях рэалізацыі чалавечых жаданняў, шлях аўтэнтычнай прыгажосці.

Пан задае правакацыйнае пытанне жанчыне пра яе сямейную сітуацыю не дзеля таго, каб асудзіць яе, але каб паказаць, што мэта яе пошуку — не ў чарговых адносінах (напэўна, не менш заблытаных, чым усе ранейшыя), а ў пазнанні Яго — Месіі, Збаўцы свету.

Гэты дыялог Езуса з самаранкай — прыклад для нашых размоваў з Панам. Такі прамы, непасрэдны дыялог з Езусам можа здацца чымсьці неверагодным, немагчымым, чымсьці не для нас. Ці я варты такой сустрэчы? Як і дзе яна можа адбыцца?

З’яўляецца страх, што такая размова з Богам невядома да чаго можа прывесці: можа, Ён захоча ад мяне чагосьці, на што я не гатовы, не згодны… Але Езус кажа: «Каб ты ведаў/ведала дар Божы!..» Так, як у выпадку самаранкі, нават калі Ён аб чымсьці просіць, у выніку гэта мы штосьці атрымліваем.

Прысутнасць Пана, дыялог з Ім — найвялікшы дар у нашым жыцці, які надае сэнс усяму іншаму.

Святы Ігнацый Лаёла прапануе ў кожнай малітве ўявіць Езуса, які знаходзіцца побач са мной, і весці размову з Ім — казаць пра ўсё тое, што ў тваім сэрцы, што цябе цешыць і трывожыць. Калі трымаем адкрытым сэрца, калі ўмеем быць у цішыні, напэўна таксама пачуем Ягоны адказ — магчыма, не як голас у галаве, але пазней у словах іншай асобы ці праз жыццёвыя абставіны.

Несці сведчанне пра атрыманы дар

Жывая сустрэча з Панам перамяняе спосаб нашай прысутнасці ў гэтым свеце і вядзе нас да сведчання іншым пра той дар, які мы атрымалі. Жанчына, якая, відавочна, выбірала дагэтуль у адзіноце прыходзіць да студні ў найбольш гарачую пару дня, цяпер спяшаецца расказаць жыхарам горада пра сустрэчу, якую перажыла. Адчуваць сябе прынятымі ў самай глыбіні, з усімі перыпетыямі нашай асабістай гісторыі, з нашым блуканнем і пошукам задавальненняў, якія ў выніку толькі прыносяць расчараванне; адчуваць сябе любімымі не за заслугі, а ва ўсёй нашай недасканаласці і патрэбе адкуплення з багны зла (пар. другое чытанне) — вось той досвед, што робіць нас місіянерамі і евангелізатарамі.

Калі мы перакананыя, што няма нічога больш важнага ў жыцці чалавека, чым пазнаць любячы твар Збаўцы, калі праз нейкія надуманыя аргументы не гасім агню Духа, які падштурхоўвае нас дзяліцца з іншымі, тады сведчанне будзе чымсьці натуральным для нас.

Варта задаць Пану пытанне: хто тыя, каму я пакліканы/пакліканая несці сведчанне і якім чынам? Магчыма, гэта ў першую чаргу мае самыя блізкія; магчыма, гэта адбудзецца не праз гарачыя прамовы, а праз добразычлівае стаўленне да асобы, якая ставіцца да мяне холадна ці варожа…

Няхай у гэты Вялікі пост мы нанава адкрыем сваю смагу і тугу па Божай прысутнасці і будзем гатовыя дзяліцца сведчаннем пра дар жывой веры, які нас перамяняе. Амэн.

Віктар Жук SJ

Ілюстрацыя: Барталамей Брынбург “Хрыстус і жанчына каля студні”, 1634