Падчас доўгага лячэння параненай нагі Ігнацыю Лаёле адкрыліся вочы на глыбокія духоўныя рэчы. Першапачаткова Бог камунікаваў з ім праз летуценні, адводзячы яго ад эгаістычнай пыхі і кіруючы да самаадданага служэння іншым.  Аднак толькі ў рэфлексіі, азіраючыся на свой досвед, Ігнацый здолеў разабрацца, што на самай справе адбывалася. Яму спатрэбілася нямала часу, каб навучыцца ў поўнай меры слухаць тое, што кажа Бог, утаймоўваць свае імпульсіўныя парывы і па-сапраўднаму служыць свету.

Па сутнасці, Бог павольна і цярпліва працуе з намі цераз самы разнастайны досвед, а мы маем патрэбу ў рэфлексіі (“позірку назад”), каб ясна гэта ўбачыць. Вечар – сапраўды добры час, каб абярнуцца назад і ўзважыць досвед пражытага дня.  Безумоўна, мы пабачым узлёты і падзенні, смех і слёзы, святло і цемру. Можна лёгка палічыць гэта “мінулым” ці скончаным і выкінуць з галавы, засяроджваючыся толькі на тым, каб рухацца далей. Аднак, калі ўсё ж увайсці ў гэты просты працэс, можна зрабіць дзіўныя адкрыцці.

Ігнацыянскі метад пад назвай “Прагляд дня” (які яшчэ называюць лацінскім словам “Examen”) з’яўляецца практычным і эфектыўным спосабам зрабіць рэфлексію часткай нашага імклівага жыцця. Звычайна ён займае 15-20 хвілін у канцы дня або ў любы час. Прысвячаючы час на разважанне або прагляд складанага і часта мітуслівага штодзённага досведу, мы глядзім з іншага ракурса. Вось у чым парадокс: час прагляду дня дае нам магчымасць больш шанаваць перажытае.

Абярнуўшыся, мы часта заўважаем тое, што прапусцілі, разумеем важнасць маленечкіх момантаў святла і пачынаем цаніць дары, якія атрымліваем кожны дзень. У самым пачатку мы стараемся знайсці ў сабе ўдзячнасць за ўсё добрае, што адбылося. Гэта дапамагае зрушыць звыклы негатыў у кірунку большай надзеі, інакш кажучы, такога спосабу бачання, які адлюстроўвае Божы позірк. Далей мы запрашаем Езуса паглядзець на наш дзень, быццам уключаем фільм для сумеснага прагляду. Бачачы дзень так, як Ён, мы дзівімся багаццю жывой Божай прысутнасці ў свеце. Мы пачынаем разумець, як і дзе супрацоўнічалі з Богам, а дзе адмаўляліся ад супрацоўніцтва, і, асаблівым чынам, як мы можам у будучыні выбіраць і дзейнічаць лепш.

Ідэя заключаецца не ў тым, каб вінаваціць сябе за няўдачы ці памылкі, а ў тым, каб жыць так, як Бог прагне для нас. Удумліва праглядаючы пражыты дзень, з Божай дапамогай, нам лягчэй убачыць нашае супрацоўніцтва ці яго адсутнасць. З практыкай прыходзіць “адчуванне” або разуменне, што было добрым і сапраўды паходзіла ад Бога, а што наадварот, мела дрэнную крыніцу. Такі прагляд дня сілкуе нашае імкненне пражыць наступны дзень больш усвядомлена, распазнавальна і актыўна, у літаральным сэнсе робячы малітву дзейнай і жывой. Так, спатрэбіцца практыка і цярплівасць, але з часам гэты метад пачынае працаваць вельмі эфектыўна, спрыяючы ўцелаўленню ў жыццё нашай  хрысціянскай адданасці праз тое, як мы дзейнічаем і якія прымаем рашэнні.

Карысць прыносіць і працэс “прапрацоўкі” перажыванняў, праблемаў і дароў, калі мы глядзім на ўсё вачыма Бога і можам прымірыцца настолькі, каб аддаць гэта ў Ягоныя рукі і затым мець добры адпачынак і сон.

Спачатку знайдзі ціхае месца і заплануй 15 хвілін малітвы. Можна запаліць свечку, некаторым людзям яна прыгадвае аб закліку “жыць у святле”.

Прагляд дня складаецца з наступных пяці крокаў:

  1. Папрасі Бога аб святле: пастарайся ўбачыць дзень Божымі вачыма, а не толькі сваімі; паглядзі, што выходзіць на першы план.
  2. Падзякуй за пражыты дзень – гэта дар Божы. Быць удзячным не заўсёды лёгка, негатыў можа паспрабаваць узяць верх, але заўсёды ёсць хаця б некалькі промняў святла, на якіх трэба засяродзіцца.
  3. Праглядзі дзень у храналагічным парадку: азірніся назад пад кіраўніцтвам Святога Духа. Часта ты будзеш здзіўлены тым, што зрабіў, якіх людзей сустрэў, і многім іншым, на што да вечара ўжо паспеў забыцца.
  4. Паглядзі ў твар сваім памылкам і недахопам: усяму таму, што не так, – прызнай памылкі. Паразважай, што варта зрабіць, каб стала лепш.
  5. Падумай пра заўтрашні дзень: папрасі Божай дапамогі, каб пражыць яго лепшым чынам, пастанаві вучыцца і дасканаліцца.

Карысна запісваць свае назіранні, думкі, ідэі ў дзённік ці нататнік, каб праясніць іх для сябе.  Натуральным наступствам гэтага практыкавання з’яўляецца жаданне зазірнуць у надыходзячы дзень: аб якім дні я мару? Што мне б хацелася, каб адбывалася ў ім? Чаго хочацца пазбегнуць? Зноў жа, варта знайсці час, каб паразважаць над гэтым усім – магчыма, у якасці асобнага практыкавання – і адказаць сабе на пытанне: чаго я насамрэч хачу і што задаволіць прагу маёй душы? Мэта такога высілку ў тым, каб “настроіцца на хвалю” Бога, які блізкі да нас, які жадае нам толькі дабра і хоча весці з намі дыялог праз рэфлексію і малітву.

Брэндан МакМанус SJ