Кароль… інструментаў, бо так традыцыйна называюць арган у музычным свеце, загучаў у новасібірскай катэдры. Падзея адбылася 6-8 кастрычніка 2023 г. 

На мінулым тыдні, з пятніцы па нядзелю, адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы, звязаныя з інагурацыяй новага аргана ў каталіцкай катэдры Перамянення Пана ў Новасібірску па вул. Горкага, 100. Урачыстасці і сам праект арганізаваў Культурны цэнтр “Ініго”, якім кіруе наш сабрат а. Янез Север SJ. Аб складанасці праекта сведчыць цікавы факт, прыведзены ардынарыем дыяцэзіі біскупам Юзафам Вертам SJ: уся рэалізацыя – ад замовы да ўрачыстай інагурацыі аргана – доўжылася 6 гадоў, гэта значыць… столькі ж, колькі і будаўніцтва гэтай катэдры!

Новы арган, Diego Cera N 40, створаны і ўсталяваны вядомай філіпінскай кампаніяй “Diego Cera Organbuilders” з Манілы (Лас-Піньяс). Diego Cera N 40 – унікальны механічны барочны арган з 24 рэгістрамі, які мае два мануалы (ручныя клавіятуры) і каля 1500 труб. Гэта трэці інструмент такога тыпу ва ўсёй Сібіры. Адзін знаходзіцца ў каталіцкім касцёле ва Уладзівастоку, а другі… належыць Новасібірскай кансерваторыі, але цяпер ён на рэстаўрацыі.

Праграма мерапрыемстваў, звязаных з інаўгурацыяй аргана, выглядала наступным чынам:

  • У пятніцу, 6 кастрычніка, у 11.00 у біскупскай бібліятэцы адбылася прэс-канферэнцыя, а затым – кароткая неафіцыйная прэзентацыя аргана.
  • У суботу, 7 кастрычніка, а 18-й гадзіне ў катэдры Перамянення Пана адбылася пахавальная Імша, прысвечаная нядаўна спачыламу кс. Іагану Трумеру (Аўстрыя), галоўнаму натхняльніку і дабрадзею праекта. Падчас урачыстасці адбылося адкрыццё памятнай дошкі ў гонар кс. Трумера.

Потым можна было паглядзець відэаінтэрв’ю з дырэктарам кампаніі “Diego Cera Organbuilders” Сілвінам Тагле (Cealwyn Tagle), які, на жаль, быў вымушаны ў апошні момант адмяніць свой прыезд.

  • Урачыстае асвячэнне аргана адбылося ў нядзелю 8 кастрычніка ў 11.00 падчас святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Верт SJ. Канцэлебрантам быў Апостальскі Нунцый у Расіі арцыбіскуп Джавані д’Аньела.

Вядома, было шмат іншых высокіх гасцей з боку федэральных, муніцыпальных і рэгіянальных уладаў, а таксама са свету культуры. Каб паказаць важнасць гэтай падзеі, дастаткова згадаць, што адмыслова на ўрачыстасць прыехала дэлегацыя Марыінскага тэатра з Санкт-Пецярбурга, які знаходзіцца амаль за 4 тысячы кіламетраў ад Новасібірска! Гэта далей, чым ад Варшавы да Лісабона.

Цырымонія завяршылася ўвечары гала-канцэртам а 19.30, падчас якога выступілі выдатныя музыканты, у тым ліку, вядома ж, арганісты з мясцовай кансерваторыі.

Варта адзначыць, што новы арган, поруч з існуючым электронным, будзе выкарыстоўвацца як у літургічных, так і ў канцэртных мэтах. На працягу ўжо некалькіх гадоў у катэдры праводзяцца канцэрты, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю і з’яўляюцца адным з нешматлікіх месцаў сустрэчы розных канфесій і супольнасцяў з непадобнымі светапоглядамі.

Томаш Ортман SJ

На фотаздымку ўнізе – момант асвячэння новых арганаў.