Каталіцкі Касцёл у Кыргызстане перажывае важную і гістарычную падзею: Папа Леў XIV узвёў Апостальскага адміністратара краіны, айца Энтані Джэймса Коркарана SJ у біскупскую годнасць. Гэтае рашэнне паказвае асаблівы клопат Святога Айца пра невялікую, але жывую каталіцкую супольнасць Кыргызстана, а таксама сведчыць аб даверы да шматгадовага служэння новага біскупа ў Цэнтральнай Азіі. Апостальская Нунцыятура ў Бішкеку апублікавала афіцыйнае камюніке аб прызначэнні 25 траўня 2026 года.

25 мая 2026 года Папа Леў XIV прызначыў Апостальскага Адміністратара ў Кыргызстане, айца Энтані Джэймса Коркарана SJ, біскупам, прысвоіўшы яму тытулярны пасад Этоса. Поўны тэкст афіцыйнага паведамлення:

Камюніке

Апостальская Нунцыятура (пасольства Апостальскай Сталіцы – Ватыкан) у Кыргызскай Рэспубліцы мае гонар паведаміць, што ў панядзелак 25 мая 2026 года Яго Святасць Папа Леў XIV узвёў вялебнага айца Энтані Джэймса Коркарана SJ, Апосталькага адміністратара ў Кыргызстане, у сан біскупа, надаючы яму тытулярны пасад Этоса.

Узвядзенне айца Коркарана ў сан біскупа з’яўляецца выдатным знакам сардэчных адносінаў, якія нязменна ўмацоўваюцца, паміж Апостальскай Сталіцай і Кыргызскай Рэспублікай. Яно таксама ўяўляе сабой асаблівае сведчанне павагі да кыргызскага народа, чые даўнія традыцыі гармоніі, адкрытасці і мірнага суіснавання карыстаюцца высокай павагай Апостальскай Сталіцы.

У той жа час гэтае рашэнне сведчыць пра бацькоўскі клопат Святога Айца Папы Льва XIV аб хрысціянскай супольнасці Кыргызстана. Узвысіўшы яе духоўнага пастыра да паўнаты біскупскага святарства, Вярхоўны Пантыфік міласціва аказаў асаблівы гонар мясцоваму Касцёлу і вернікам, даручаным яго пастырскай апецы. З гэтага часу Абраны біскуп будзе насіць касцёльны тытул: Яго Эксцэленцыя мансеньёр Энтані Джэймс Коркаран SJ.

Падрабязнасці аб даце і месцы біскупскага пасвячэння будуць пададзены пазней.

Апостальская Нунцыятура выказвае шчырую падзяку прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі за іх нязменную ўвагу, прафесіяналізм і супрацоўніцтва ў распаўсюджванні гэтай радаснай навіны, якая датычыцца жыцця Каталіцкага Касцёла ў Кыргызскай Рэспубліцы.

Бішкек, 25 мая 2026 г.

Біяграфічная даведка

Яго Эксцэленцыя мансеньёр Энтані Джэймс Коркаран SJ нарадзіўся 19 красавіка 1963 года ў Тусоне, штат Арызона. Амерыканскі святар-езуіт, у цяперашні час служыць Апостальскім адміністратарам Апостальскай адміністратуры ў Кыргызстане.

Ён уступіў у Таварыства Езуса ў 1985 годзе, прайшоўшы навіцыят у Гранд-Като, штат Луізіяна. У 1990 годзе ён скончыў Фордхэмскі ўніверсітэт у Нью-Ёрку, атрымаўшы ступень магістра па міжнароднай палітычнай эканоміцы развіцця. 

Па заканчэнні Уэстанскай Школы тэалогіі са ступенню магістра тэалогіі, ён атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1996 годзе ў Мобіле, штат Алабама.

У 1997 годзе быў накіраваны ў Новасібірск дзеля служэння ў Незалежным Расійскім Рэгіёне Таварыства Езуса. З 1998 па 2000 год ён займаў пасады духоўнага айца і рэктара перадсемінарыі ў Новасібірску, адначасова служачы ў парафіі святога Юзафа ў Бердску, Расія. Пазней ён вярнуўся да пасады духоўнага айца і рэктара перадсемінарыі з 2001 па 2008 год. У 2008 годзе быў прызначаны Генеральным вікарыем Праабражэнскай дыяцэзіі ў Новасібірску.

У 2005 годзе айцец Коркаран атрымаў доктарскую ступень па маральнай тэалогіі ва Уэстанскай Школе тэалогіі. З 2009 па 2017 год служыў Галоўным настаяцелем Незалежнага Расійскага рэгіёна Таварыства Езуса.

У 2017 годзе Папа Францішак прызначыў яго Апостальскім адміністратарам у Кыргызстане ў працяг яго шматгадовага пастырскага і місіянерскага служэння ў рэгіёне.

Каталіцкая інфармацыйная служба Цэнтральнай Азіі

Крыніца: https://catholic-kazakhstan.org/entoni-korkoran-vozveden-v-san-episkopa/

https://press.vatican.va/content/salastampa/en/bollettino/pubblico/2026/05/25/260525b.html