З памерлымі можна камунікаваць. Яны ведаюць нас і, нават знаходзячыся цяпер у небе з Богам, ведаюць пакінуты імі свет і адносіны гэтага свету з Богам і з Ягонымі адвечнымі планамі, якія яны ўжо могуць непасрэдна сузіраць. Такім чынам, у Божым святле яны ведаюць нашыя справы і праблемы, размаўляюць пра іх між сабой і з Богам.

Яны не толькі ведаюць нас, але і знаходзяцца побач. Гэта праўда, што яны пакінулі свет, каб быць там, дзе прабываюць праслаўленыя целы Езуса і Марыі, а менавіта, па-за межамі ўсяго Сусвету. Але яны ўсё яшчэ ўмешваюцца ў зямныя справы і прысутнічаюць тут сваімі малітвамі, сілай сваёй любові, натхненнем, прыкладамі, плёнамі свайго заступніцтва. Сваёй любові да блізкіх, да нас, да мяне, да цябе яны не страцілі. Яны захоўваюць яе ў небе, перамененую і не скасаваную нябеснай хвалою.

Бацькі, сваякі, дарагія сябры размаўляюць з Богам пра нас, прадстаўляюць Яму нашыя намеры і цяжкасці. Яны моляцца за нас, каб нашыя планы, намеры, каштоўнасці выспявалі ў нас і маглі дасягнуць той дасканаласці, якая дазволіць нам аднойчы радавацца абліччу Бога разам з імі і як яны.

Ёсць спосаб прысутнасці нашых памерлых, які я хацеў бы падкрэсліць. Яны прабываюць пры кожным табэрнакулюме і пры кожным алтары, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя. У Эўхарыстыі ёсць уваскрослы Езус, ёсць сіла Ягонага ўваскрасення, а разам з уваскрослым Езусам прысутнічаюць усе святыя, усе памерлыя ў Пану. Яны прысутнічаюць са сваёй адарацыяй і любоўю да Езуса, якая адначасова з’яўляецца любоўю да нас, сабраных вакол Эўхарыстыі. І асабліва прысутнічаюць тыя, хто любіць нас больш за ўсё, хто нам дарагі і хто разам з намі ўшаноўвае Езуса.

Гэта праўда, што паміж бачным і нябачным светам існуе і застаецца жудасная заслона. Аднак не менш рэальна і тое, што любоў мацнейшая за смерць, і любоў Хрыста напаўняе сэрцы і жыццё нашых памерлых блізкіх. Тая самая міласэрная любоў, якая ёсць у нас, ёсць і ў іх, але ў іх яна жыве ў паўнаце. І, менавіта з гэтай паўнаты, яны дасягаюць нас, і мы таксама далучаемся да іх, з нашай любоўю і малітвай.

У веры, малітве і Эўхарыстыі мы маем сродкі, месца і асяроддзе для сапраўднай сувязі любові з памерлымі.

Кардынал Карла Марыя Марціні

Гамілія ў дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў, 1983 г.

Фота: Марына Сінкевіч