Чытаючы Біблію, мы можам сустрэць словы і тэрміны, не да канца нам зразумелыя, хоць па інтуіцыі мы больш-менш “здагадваемся”, пра што ідзе гаворка. Трэба лічыцца з тым, што лексікон Святога Пісання мае свае нюансы, на якія мы рэдка звяртаем увагу ў штодзённым карыстанні мовай. Таму патрэбныя пэўныя высілкі, каб правільна ўспрымаць Божае аб’яўленне.

Аднак такое намаганне прынясе шчодры плён: калі ў гэтым працэсе мы адкрываемся на святло Духа Святога, адбываецца навяртанне нашага розуму і сэрца. Бог сваім словам перамяняе нашае ўспрыманне рэчаіснасці і, перш за ўсё, адносінаў – з Ім і з нашымі бліжнімі.

Адным з такіх нялёгкіх для непасрэднага разумення паняццяў з’яўляецца “апраўданне”. Гэта слова найчасцей знаходзім у пасланнях апостала Паўла (асабліва ў Пасланні да Рымлянаў), аднак яно сустракаецца таксама, напрыклад, у прыпавесці Езуса пра малітву мытніка і фарысея ў ерузалемскай святыні: Пан кажа, што мытнік, просячы Бога аб міласэрнасці, адыходзіць “апраўданы”, а фанабэрысты фарысей – не (Лк 18, 14). Напэўна, першая асацыяцыя са словам “апраўданне”, якая прыходзіць у галаву, – гэта судовы працэс, дзе абвінавачаны можа быць “апраўданы”, гэта значыць, ачышчаны ад абвінавачванняў. Так можа адбыцца, бо даказана адсутнасць дзеянняў супраць закону альбо таму, што знойдзены змякчальныя акалічнасці. Іншая сітуацыя – калі хтосьці “апраўдваецца” ў адказ на крытыку ці вымову: шукае і прыводзіць аргументы, якія адхіляць віну. У кожным з гэтых выпадкаў парушана пэўная раўнавага, правільны стан рэчаў. Хтосьці паступіў несправядліва, і трэба вярнуць гармонію. Гэтыя прыклады часткова дапамагаюць зразумець, што маецца на ўвазе ў Святым Пісанні, калі ідзе гаворка пра апраўданне чалавека Богам: там таксама справа ў тым, што трэба выправіць стан рэчаў, які наступае праз парушэнне гармоніі, справядлівасці. Але што значыць “справядлівасць”? Нам і трэба цяпер разгледзець.

Справядлівасць і праведнасць

Габрэйскае слова ṣedāqāh (tsedaka), як і грэцкае dikaiosýnē, мае два асноўныя значэнні: справядлівасць і праведнасць.

У каталіцкім перакладзе на беларускую мову найчасцей ужываецца слова “справядлівасць” (“справядлівы” і г.д.) і ў адносінах да Бога, і да чалавека, але варта памятаць, што, падобна як з акрэсленнем “святы”, гэтая якасць у першую чаргу належыць Богу, а чалавеку – у той меры, у якой ён прыпадабняецца да Бога ў сваім жыцці. Дарэчы, калі хтосьці карыстаецца класічным – Сінадальным – перакладам на рускую мову, то заўважыць, што “праведный” адносіцца да чалавека, а “справедливый” – найчасцей да Бога. Трэба таксама мець на ўвазе, што “справедливость” перакладаецца старым адпаведнікам “правда”, а тое, што мы сёння называем “правдой”, перакладаецца як “истина”. Таму, напрыклад, у выразе “блаженны алчущие и жаждущие правды” насамрэч гаворыцца пра прагненне справядлівасці.

Справядлівы, або праведны чалавек – гэта той, хто паважае і падтрымлівае правільны стан рэчаў: не толькі з Богам і з іншымі людзьмі, але і з усімі Божымі стварэннямі. Што гэта за правільны стан рэчаў, чалавек даведваецца дзякуючы Божаму аб’яўленню, дадзенаму праз Запавет. Запаведзі і нормы, якія знаходзім у Пісанні, канкрэтызуюць жаданы праз Бога стан гармоніі. Але гаворка, канешне, не проста пра знешнія паводзіны, бо ўчынкі чалавека нараджаюцца ў ягоным сэрцы (пар. Мц 15, 19). Менавіта на гэтым – на неабходнасці глыбокай унутранай перамены, а не проста знешніх паводзінах – настойвае Пан Езус у Евангеллі (пар. Мц 5, 20).

Важнай рысай справядлівасці як цноты з’яўляецца гатоўнасць дзейнічаць дзеля аднаўлення, адбудовы гармоніі і міру, калі яны парушаныя. Ад імя Бога аўтар псальму пасля пераліку беззаконных паводзінаў чалавека ўсклікае: “Ты гэта рабіў, а Я маўчаў. Ты думаў, што Я падобны да цябе? Я буду абвінавачваць цябе і адкрыю гэта перад табою” (Пс 50 (49): 21). Цяпер нам трэба разгледзець, як жа Бог дзейнічае, калі справядлівасць растаптаная, знішчаная.

Цяжба Бога з чалавекам

Бог, верны свайму Запавету з чалавекам, заўсёды захоўвае справядлівасць. Чалавек жа, наадварот, часта парушае свае абяцанні. Што рабіць, калі гэта адбываецца? Пан паважае свабоду чалавека, але, як толькі што было сказана, Ён не можа пакінуць несправядлівы стан рэчаў у якасці нармальнага. Як тлумачаць экзегеты, у Святым Пісанні мы знаходзім такі спосаб камунікацыі, як цяжба, спрэчка (rîb па-габрэйску): пакрыўджаны бок прад’яўляе свае прэтэнзіі ў адносінах да крыўдзіцеля і часта робіць гэта ў вельмі эмацыйнай форме, шчыра выказваючы той разбуральны эфект, які маюць несправядлівыя дзеянні. Для ілюстрацыі таго, як гэта адбываецца паміж людзьмі, варта прачытаць урывак Быц 31, 22-55: там красамоўна апісана спрэчка паміж Лабанам і Якубам, дзе абодва агучваюць свае прэтэнзіі адзін да аднаго. Мэта такой спрэчкі – не абраза іншай асобы, не знішчэнне міру, а вяртанне гармоніі, раўнавагі, справядлівасці. Канешне, тут неабходная гатоўнасць прабачыць віну і даць новы шанец крыўдзіцелю. Пан Езус у Евангеллях неаднойчы заахвочвае да таго, каб наўпрост мірыцца з тым, з кім ёсць нейкі канфлікт, бо інакш справа дойдзе да суда і тады наступствы могуць быць вельмі негатыўнымі (пар. Мц 5, 25).

На старонках і Старога, і Новага Запаветаў мы чуем часам вельмі жорсткія звароты, скіраваныя Богам праз прарокаў да свайго народу, дзе Пан выказвае сваю “крыўду”: дакладна называе тое, у чым правініліся Яго верныя. Дастаткова пачытаць пачатак кнігі Ісаі (1, 2-20), дзе адрасаты прарока акрэсліваюцца як “князі садомскія і гаморскія”, або прамовы Езуса да фарысеяў (Мц 23, 13-36), дзе Яго суразмоўцы названыя “пабеленымі пахавальнямі”. Такія заклікі не могуць быць нейтральнымі па сваёй форме: Пану не ўсё роўна, што адбываецца з Яго дзецьмі. Ён – не халодны, бясстрасны суддзя, які проста агучвае прысуд. Такі эмацыйны стыль мае на мэце ўзварушыць, скалануць таго, хто заблукаў, каб даць яму ўсвядоміць усю небяспеку супярэчных з Божай воляй паводзінаў. У той жа час Пан адкрывае дарогу да на-вяртання (у габрэйскай мове адно са значэнняў гэтага слова – менавіта “вяртацца”: вярнуцца да Бога, на правільны шлях). У такім разуменні адносінаў паміж партнёрамі Запавету лягчэй убачыць, як справядлівасць ідзе побач з міласэрнасцю, як гэтыя дзве якасці Бога – і нашыя, пры жаданні – насамрэч не супярэчаць адна адной.

Апраўданыя любоўю

Такім чынам, апраўданне як дар Бога праз Яго Сына, памерлага і ўваскрослага дзеля нас, – гэта ўсталяванне нанова справядлівых, гарманічных адносінаў са стварэннем, якое збочыла з правільнага шляху, але гатовае вярнуцца на добрую дарогу, прымаючы міласэрную любоў і прабачэнне. Гэтыя новыя адносіны заснаваныя на глыбокай блізкасці, абумоўленай унутранай пераменай: сваёй ласкай, якая дасягае самых нетраў нашай істоты, Бог, наш Тата, Які нас любць, прыцягвае да сябе сэрца, “неспакойнае, пакуль не знойдзе супакой у Ім” (св. Аўгустын). Нам не трэба шукаць “самаапраўдання”: мы апраўданыя, паяднаныя Божай любоўю, якой “дарэшты палюбіў” нас Бог у Сваім Сыне, і зноў і зноў дае нам доказы гэтай любові, выліваючы на нас сваю міласэрнасць. Няхай усведамленне гэтай праўды будзе прычынай няспыннай хвалы Богу на нашых вуснах!

Віктар Жук SJ

Крыніца: https://catholicnews.by/biblijny-leksikon-apra-danne/