11 лютага Папа Францішак абвясціў святой сваю суайчынніцу — Марыю Антонію ад святога Юзафа (María Antonia de San José), якую ў Аргентыне называлі проста Мама Антула — Маці Антося.

Аргентынка Марыя Антонія дэ Пас і Фігэроа (1730–1799) нарадзілася ў 1730 годзе ў вёсцы Сіліпіка непадалёк ад Сант’яга-дэль-Эстэра на поўначы Аргентыны. Пра яе дзяцінства амаль нічога не вядома, акрамя таго, што ў 15 гадоў яна прыватна дала абяцанне жыць чыстасці, дадаўшы да свайго імя імя святога Юзафа як свайго духоўнага апекуна. Верагодна, яна з ранняга ўзросту жыла ў цесным кантакце з карэнным насельніцтвам, што пазней абвастрыла яе адчувальнасць да сацыяльных праблем. Першапачаткова яе адукацыя зводзілася да ўмення пісаць, чытаць і лічыць, але, адораная вялікім розумам, яна змагла кампенсаваць недахоп вучобы жыццёвай мудрасцю.

Аднак найбольшы ўплыў на яе выбар аказалі езуіты і духоўнасць святога Ігнацыя Лаёлы, з якімі яна была звязана з ранняга дзяцінства.

Менавіта пад іх уздзеяннем пасля адпаведнай духоўнай падрыхтоўкі яна дала вышэйзгаданае абяцанне жыць у чыстасці, стаўшы — паводле тагачаснай тэрміналогіі — «благаслаўлёнай» (beata), што адпавядае сучасным свецкім кансэкраваным асобам.

Яна насіла цёмны габіт і жыла разам з іншымі жанчынамі — як дзевамі, так і ўдовамі, — у так званым «беатэрыі», або доме, дзе яны маглі не толькі жыць, але і праводзіць свае рэкалекцыі, духоўныя практыкаванні.

Пад духоўным кіраўніцтвам езуіта айца Гаспара Хуарэса яны займаліся дапамогай святарам, выхаваннем дзяцей, гатаваннем ежы, вышываннем, доглядам за хворымі і раздачай міласціны. Такім чынам, яны выконвалі ў значнай ступені тыя задачы, якія выконвалі ў Еўропе актыўныя ордэны і манаскія кангрэгацыі, якіх у той час у Аргентыне не існавала.

Але ў 1787 годзе кароль Іспаніі (тады Аргентына была часткай іспанскай кароны) Карл III Бурбон загадаў выгнаць езуітаў з усёй Паўднёвай Амерыкі, што стала шокам асабліва для Сант’яга-дэль-Эстэра, дзе Таварыства Езуса мела асабліва моцную пазіцыю. Тады 37-гадовая Марыя Антонія ад святога Юзэфа пачала думаць, што ёй рабіць у гэтай сітуацыі і неўзабаве адчула пакліканне да духоўных практыкаванняў. Перакананая, што гэта было натхненне звыш, яна даверыла свае намеры айцу Дыего з манаскай супольнасці мерсэдарыяў, які прыняў ад езуітаў пастырскую апеку над «бэатамі». Манах не толькі падтрымаў яе, але і прапанаваў супрацоўніцтва ў духоўнай сферы. Так паступова пачала нараджацца ідэя стварэння рэкалекцыйнага дома, і з часам да яе далучыліся іншыя людзі.

Такім чынам, Марыя Антонія рушыла ў дарогу босая, нічога не маючы з сабой, «узброіўшыся» толькі вялікім драўляным крыжам, які несла на плячах, як Езус на Галготу, і выявай Маці Божай Балеснай. Першапачаткова яна наведала бліжэйшыя наваколлі свайго роднага горада, але неўзабаве, пасля атрымання згоды біскупа Тукумана Хуана Мануэля Маскоза і Пэральты, яна таксама скіравалася ў гэты горад, затым у Хухуй, Сальту, Сан-Мігэль-дэ-Тукуман, Катамарку, Ла-Рыёху і Кордаву. Усяго за гэты час яна пераадолела больш за 2 тысячы кіламетраў.

У цэлым, яе добра прымалі: яна заслужыла вялікую пашану ў Кордаве, а вучэнне, якое яна прапаведавала, і місіянерская стараннасць, якую яна праяўляла, прынеслі выдатныя плады, у тым ліку шматлікія навяртанні. Менш чым за год яна арганізавала восем суполак па 200–300 чалавек у кожнай, якія займаліся духоўнай працай і евангелізацыяй.

Аднак калі напачатку верасня 1779 года ў кампаніі іншых «бэат» Марыя Антонія прыбыла ў Буэнас-Айрэс, прайшоўшы басанож амаль 1,4 тысячы кіламентраў, там яна сустрэла неахвотны прыём.

Яе лічылі вар’яткай, п’яніцай, фанатычкай і нават… ведзьмай. Мясцовыя негрыцянскія дзеці, убачыўшы, што яна прыйшла ў горад з дзвюмя сотнямі нявольнікаў, якіх прывяла з Сант’яга на дапамогу, кідалі ў яе камяні і абражалі. Мясцовы біскуп таксама выказваў недавер да яе на працягу некалькіх месяцаў, але калі ён пазнаёміўся з ёй бліжэй, то стаў яе абаронцам і шмат ёй дапамогаў.

Яе вялікім праціўнікам да апошняга часу быў віцэ-кароль Хуан Хасэ дэ Вэтрыс і Сальсэда, які шалёна ненавідзеў езуітаў. У гэтых умовах жанчына, якую на пачатку сваёй рэкалекцыйнай дзейнасці называлі «мама Антула», або матуля Антося, два гады вяла сваю дзейнасць сакрэтна. Не маючы магчымасці весці рэкалекцыі публічна, яна сустракалася з людзьмі ў дамах, якія арандаваў біскуп сем’ям, звязаным з Касцёлам. Поспех гэтых мерапрыемстваў быў настолькі вялікі, што ўсё больш і больш людзей удзельнічала ў практыкаваннях, і ў рэшце рэшт пра іх даведаліся ўсе.

Такім чынам, у 1780 годзе мама Антула купіла ўчастак зямлі на ўскраіне Буэнас-Айрэса (сёння ў межах горада), і там быў пабудаваны «Святы рэкалекцыйны дом». Сама яна не мела ўласных грошай, але, давяраючы Провіду і ходзячы па хатах «з просьбай», здолела здабыць неабходныя сродкі для пабудовы «дома Бога і для Бога». Яна таксама была вялікай прыхільніцай святога Каэтана з Тыены, які дзякуючы яе намаганням стаў вельмі папулярным у Аргентыне.

«Святы дом», Буэнос-Айрэс / Patricio Pidal/AFV

Уплыў гэтай свецкай катэхеткі і прапаведніцы быў настолькі вялікім ў канцы XVIII стагоддзя, што біскуп Буэнас-Айрэса загадаў, каб кожны семінарыст перад святарскім пасвячэннем атрымаў ад яе пацвярджэнне, што ён добра паводзіў сябе падчас рэкалекцый. Яе лісты да сяброў, езуітаў у Еўропе, перакладзеныя на розныя мовы, таксама адыгралі важную ролю і нават прывялі да рэформы некаторых кляштараў у Францыі.

Марыя Антонія памерла ў сваім «Святым доме» ў Буэнас-Айрэсе 7 сакавіка 1799 года ў стане меркаванай святасці. Працэс яе беатыфікацыі распачаўся ў 1905 годзе і завяршыўся праз год, але выбух дзвюх сусветных войнаў затрымаў далейшы ход справы, якая аднавілася толькі ў 1999 годзе. У 2010 годзе Папа Бэнэдыкт XVI зацвердзіў дэкрэт аб гераічнасці цнот Мамы Антулы, і пасля прызнання ў 2002 годзе цуду невытлумачальнага аздараўлення, што адбылося яшчэ ў 1905 годзе, Папа Францішак 3 сакавіка 2016 года зацвердзіў дэкрэт па гэтай кананізацыйнай справе. 27 жніўня таго ж года адбылася яе беатыфікацыя ў горадзе Сант’яга-дэль-Эстэра — сталіцы аднайменнай правінцыі на паўночным захадзе Аргентыны.

11 лютага 2024 года ў прамоўленай з нагоды кананізацыі гаміліі Папа Францішак, між іншым, сказаў:

«Яна была вандроўніцай Духа. Пераадолела тысячы кіламетраў пешкі, праз пустыні, небяспечнымі шляхамі, каб несці Бога. Сёння яна з’яўляецца для нас прыкладам апостальскай руплівасці і смеласці. Калі езуіты былі выдаленыя, Дух Святы запаліў у ёй місіянерскае полымя, якое паходзіла з даверу Провіду і вытрываласці.

Яна заклікала заступніцтва святога Юзафа, а каб зашмат яму не назаляцца, таксама святога Каэтана з Тыены. У сувязі з гэтым яна ўвяла набажэнства да апошняга, а яго першая выява трапіла ў Буэнас-Айрэс у XVIII стагоддзі. Дзякуючы Маме Антуле гэты святы, заступнік Божага Провіду, трапіў у дамы, кварталы, транспартныя сродкі, крамы, фабрыкі і сэрцы, каб ахвяраваць годнае жыццё праз працу, справядлівасць, штодзённы хлеб на стале бедных.

Молімся сёння да Марыі Антоніі, святой Марыі Антоніі дэ Пас ад святога Юзафа, каб яна нам вельмі дапамагла. Няхай Пан благаславіць нас усіх», — сказаў на заканчэнне гаміліі Святы Айцец.

Падчас кананізацыі удзел у святой Імшы ў базыліцы святога Пятра браў прэзідэнт Аргентыны Хаўер Мілей. Яго суправаджала прадстаўнічая дэлегацыя высокіх аргентынскіх уладаў. На ўрачыстасць прыбыло каля паўтысячы аргентынцаў, якія занялі ў базыліцы першыя лаўкі. Неаторыя трымалі нацыянальныя сцягі. Сярод канцэлебрантаў былі аргентынскія іерархі: кардынал Віктар Мануэль Фэрнандэс, кардынал Марыё Полі, а таксама Мітрапаліт Буэнас-Айрэса арцыбіскуп Хорхэ Ігнасіё Гарсія Куэрва.

Пасля заканчэння літургіі Папа Францішак на інвалідным вазку пад’ехаў да прэзідэнта, з якім яны сардэчна абняліся.

«Гэта вельмі важны момант у гісторыі Аргентыны», — сказаў пра кананізацыю Мілей.

Кананізацыя Мамы Антулы стала магчымай дзякуючы прызнанні Святым Пасадам цуду, які прыпісваецца яе заступніцтву. Гэтым цудам было невытлумачальнае з пункту гледжання медыцыны аздараўленне Клаўдыё Перусіні пасля ішэмічнага інсульту ў спалучэнні з гемарагічным інфарктам некалькіх вобласцяў, глыбокай комай, сэпсісам, рэфрактэрным сэптычным шокам з паліорганнай недастатковасцю.

Перусіні, 64-гадовы выкладчык філасофіі, таксама браў удзел у кананізацыйнай святой Імшы. З Папам Францішкам яны знаёмыя з 1976 года. У маладосці Перусіні распачаў навіцыят у езуітаў, аднак у рэшце рэшт па парадзе будучага Папы застаўся свецкім. Тым не менш айцец Хорхэ Марыё Бэргольё не перастаў быць яго спаведнікам і духоўным кіраўніком. У 2017 годзе, калі пасля 28-і дзён, праведзеных у вегетатыўным стане, Перусіні нечакана вярнуўся да здароўя, Папа яму патэлефанаваў, і яны размаўлялі паўгадзіны.

Падчас свайго пантыфікату Папа Францішак ужо кананізаваў аргентынскага пробашча Хасэ Габрыэля Брачэра і Артэмідэ Дзацці — італьянскага лекара, які працаваў у Аргентыне. Мама Антула стала першай жанчынай з Аргентыны, якая была абвешчана святой.