Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса прапануем для разважання і малітвы адну з медытацый а. Тадэвуша Драздовіча SJ з ягонай кнігі “Żar miłości. Medytacje o Sercu Bożym” (“Жар любові. Медытацыі пра Божае Сэрца”).

Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё – тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся” (Лк 15, 31-32).

У прыпавесці пра міласэрнага айца Езус адкрывае слухачам жаданні Свайго Сэрца. Лёсы абодвух сыноў пераплятаюцца са стаўленнем айца, заклапочанага жыццём сваіх дзяцей. Калі малодшы сын хоча адысці з дому, каб па-свойму зведаць жыццё, то атрымлівае частку маёмасці. У гэтай гісторыі нас можа збянтэжыць тое, што айцец не трымаецца за сваю ўласнасць і згаджаецца на збядненне сям’і.

Для Сэрца Езуса чалавечая свабода – бясспрэчная каштоўнасць, натуральны шлях да Бога і школа жыцця, дзякуючы якой можна знайсці, і не толькі на свята, выратавальную Божую Міласэрнасць. Другая каштоўнасць, надзвычай дарагая Хрыстоваму Сэрцу – гэта жыццё. Бог любіць жыццё і няспынна дзеліцца гэтым боскім дарам з чалавекам. Для Сэрца Езуса відавочнай з’яўляецца радасць з жыцця іншага чалавека, а вяртанне да жыцця – сапраўднае свята.

Старэйшы сын іншага духа, чым айцец. Натуральны рух бацькоўскага сэрца яму трэба тлумачыць і даводзіць. Для Бога выратаванне чалавека не мае цаны; ані пярсцёнак, ані сандалі, ані добрая гасціна нічога не значаць у параўнанні з магчымасцю абняць сваё знойдзенае дзіця. Старэйшы сын – гэта тып фарысея. Ён падлічвае, колькі ён працуе, як шмат ахвяруецца для айца і колькі атрымлівае ўзамен. Гэты баланс робіцца для яго неспрыяльным, калі заўважае, што камусьці ўдаецца зарабіць у айца больш. Аднак келіх горычы перапаўняецца ад весткі, што малодшы брат, замест заслужанай кары за змарнаванне маёмасці, атрымлівае вялікую прывітальную ўрачыстасць, толькі з’яўвіўшыся на гарызонце. Старэйшы не памятае, каб яго хоць раз так віталі.

Гэта ж колькі людзей мы хочам пакараць за іх памылкі і выкрасліць са спісу бяседнікаў! У прабачэнні больш радасці, чым у асуджэнні, і менавіта такой радасці Бог хоча нас навучыць.

Сэрца Езуса, цярплівае і вялікай міласэрнасці, змілуйся над намі!

Выява: Wayne Pascall “Марнатраўны сын”