Вярніся да вады

Чытаю:

Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных і не ўзыходзіць на шлях грэшных, і між насмешнікаў не засядае; але ў Законе Пана яго асалода, над ім разважае ўдзень і ўначы.

Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, якое плод прыносіць у свой час, і лісце яго не вяне, а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.
Пс 1, 1-3

Гляджу:

Разважаю: Як гэтыя дрэвы, шчаслівы чалавек укаранёны ў Божым Законе. Днём і ноччу ўпітвае тое, што напаўняе яго жыццём. Гэтай вадой ёсць сама любоў, з якой Бог пасадзіў дрэва-чалавека ў спрыяльным асяроддзі. Шчаслівы разважае пра любоў, а не марнуе час на абмеркаванні, які грэшны шлях лепшы, бо кожны грэх аддаляе ад Бога.

“Бачу людзей, нібы дрэвы, што ходзяць”, – кажа сляпы з Бэтсаіды, калі Езус дакрануўся ягоных вачэй першы раз (Мк 8, 22-26). Тады ён яшчэ не стаў відушчым, не мог бачыць “усё выразна”, пакуль Езус не ўсклаў рук яшчэ раз, аднак ягоныя словы пра людзей-дрэвы, якія ўмеюць хадзіць, выклікаюць давер. Бо якім жа чынам яны, уладкаваныя Панам пры вадзе, апынаюцца ў пустынях і пакутуюць ад смагі? Адкуль у нас, дрэў, пасаджаных пры вадзе святога хросту, з’яўляецца той сухі скрып унутры, смутак горкіх пладоў і дарэмных намаганняў? Ці не пажадалі мы іншай вады, больш “салодкай”, больш лёгкай або вясёлай? Калі ілюзія напоўненасці развеялася, мы ўбачылі, што сталіся непадобнымі на сябе, “сталіся агідныя, як тое, што палюбілі” (Ос 9, 10).

Калі ты – адно з такіх дрэў, дазволь сабе ўспомніць смак сапраўднай асалоды: смак Божай любові і прысутнасці. У Ягоным любячым позірку ты адкрываеш раніцай вочы, робіш глыток кавы, спрабуеш маліцца, дома, у капліцы ці ў дарозе, абдымаеш блізкіх, жартуеш ці хаваеш злосць, памыляешся, чакаеш зялёнага святла, пішаш сябрам, думаеш (ці баішся думаць) пра заўтра, заплюшчваеш вочы на падушцы, часам не знаходзячы нават сіл успомніць, за што менавіта кажаш Богу “дзякуй за ўсё”. Шлях вяртання да патокаў вады пачынаецца з увагі да Яго любові, да Яго хвалы, якой поўніцца свет.

Дзякуй Пану за зямлю, у якую ўраслі твае карані. Дзякуй за паветра, якім дыхаеш. Дзякуй за сонца, што зазірае ў вочы і ахінае сваім святлом з ціхай раніцы аж да вечара, калі на развітанне апранае дрэвы ў каштоўную пазалоту – дармовы дар, які не затрымаеш “на заўтра”. Можна толькі прыняць яго, як далікатны цёплы пацалунак.

Што, калі пачаць “натаваць” у памяці не страты, а Божыя пацалункі? Дар жыцця, жэсты сяброўства, клопату і прабачэння, дзякуючы якім мы выраслі і навучыліся жыць з людзьмі, – гэта абдымкі і пацалункі Айца. Кожнае дзіця – Божы пацалунак, асобна для таты і для мамы… Ды што там, кожная споведзь – пацалунак Айца, які дачакаўся вяртання дзіцяці з далёкага краю, ахопленага засухай. Нават калі не ўдаецца назваць з досведу кожную споведзь “вяртаннем у абдымкі”, адкладаць яе – значыць прымушаць міласэрнага Айца стаяць на дарозе ў чаканні, а самому, галоднаму, стомленаму і зраненаму, туляцца па небяспечных дарогах. Думкі (і “парады бязбожных”), якія трымаюць нас здалёк ад Бога, сушаць і без таго не вельмі здаровае дрэва. Таму споведзь – частка клопату пра сябе, праява любові да сябе, а споведзь у пастаяннага спаведніка – праява большай любові. Як трапна акрэсліў адзін святар: “Споведзь – гэта дотык да жыцця”.

Слухаю: што Бог абуджае цяпер у сэрцы.

Спрабую: памаліцца ружанец удзячнасці. Пачатак звычайны (Веру ў Бога, Ойча наш і тры Вітай Марыя), а затым – замест таямніц – Ойча наш і дзесяць падзяк. Дзякуем Богу за ўсё, што ўдасца ўспомніць. Такі ружанец не зусім просты, як можа здавацца. Сапраўды, мы ўдзячныя Богу і за вялікія, і за малыя рэчы, матэрыяльныя і духоўныя, але канкрэтна назваць пяць дзясяткаў – не адразу ва ўсіх атрымаецца. Само па сабе адкрыццё ўласнай нячуласці або наўпрост чэрствасці да Божай дабрыні, абмежаванасці свайго зроку, які заўважае толькі негатыў, і таму падобных рэчаў – ужо нагода падзякаваць за большае пазнанне сваіх немачаў. Не трэба праз сілу імкнуцца выканаць усё практыкаванне. Калі атрымаецца частка – гэта ўжо сур’ёзная духоўная праца, а няздольнасць “зрабіць усё ідэальна” стварае месца для большай пакоры, вучыць адрозніваць паміж руплівасцю і перфекцыянізмам, сапраўднай крохкасцю і лянотай.

Як варыянт (на выбар): памаліцца ружанец удзячнасці за адну асобу. Увесь ружанец прысвяціць малітве падзякі за чалавека, ад якога мы атрымалі нейкае дабро. Молімся звычайны ружанец, але ў асобных дзясятках прыгадваем і дзякуем за выгляд гэтай асобы, яе ўсмешку, твар, рухі і г.д. Затым за яе ўнутраны свет, зычлівасць сэрца. За дабро, якое чыніць (або чыніла) у свеце і канкрэтна для мяне. За тое, што Бог абраў менавіта гэтую асобу, каб выявіць сваю любоў і задаволіць нейкую маю патрэбу. Толькі Ён можа аддзячыць ёй напоўніцу. Магчыма, Ён захоча скарыстацца мной дзеля гэтага, натхняючы мяне выказаць сваю ўдзячнасць тым ці іншым спосабам.

Тэрэса Клімовіч