Навучы мяне гэтак, як Ты, глядзець на людзей:
як на Пятра Ты зірнуў пасля ягонага адрачэння,
як наскрозь убачыў сэрца багатага юнака і кожнага вучня.

Я хацеў бы спаткацца з Табой такім,
які Ты па праўдзе ёсць,
бо Твой вобраз змяняе тых,
з кім Ты сустракаешся.

Помніш Яна Хрысціцеля першую сустрэчу з Табой?
А сотнікава пачуццё нявартасці?
А здзіўленне людзей, якія сталі сведкамі цудаў?

Як Ты ўражваў вучняў,
зброд у Аліўным садзе,
Пілата з жонкай,
сотніка ля падножжа крыжа…

Мне б хацелася пачуць і быць уражаным
Тваёй манерай гаварыць,
слухаючы, напрыклад, прамову ў сінагозе Кафарнаума

ці Казанне на гары, дзе Твая аўдыторыя
адчувала, што Ты “вучыш як Той, Хто мае ўладу”.

Пэдро Арупэ SJ

Крыніца: http://www.ignatianspirituality.com/ignatian-prayer/prayers-by-st-ignatius-and-others/teach-me-your-ways/

Выява: Fritz von Uhde “Хрыстус і Нікадэм”