Каля 250 тысяч вернікаў з усяго свету, прадстаўнікі больш як 150 дзяржаў, дэлегацыі розных хрысціянскіх канфесій і рэлігій сабраліся на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане 18 мая 2025 года з нагоды ўрачыстай інаўгурацыі пантыфікату Льва XIV, – паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. 

Пасля прывітання Леў XIV накіраваўся ў Базіліку Святога Пятра, дзе разам з Патрыярхамі Усходніх Цэркваў ушанаваў магілу апостала Пятра, якая знаходзіцца пад галоўным папскім алтаром і велічным бронзавым балдахінам, створаным у XVII стагоддзі пад кіраўніцтвам Джан Ларэнца Берніні.

Затым Папа, Патрыярхі і іншыя іерархі накіраваліся ў працэсіі да алтара, усталяванага перад ватыканскай базілікай. Разам з імі ішлі дыяканы, якія неслі Евангелле, а таксама пастырскі палій і Пярсцёнак Рыбака – сімвалы папскага служэння. Падчас цэлебрацыі палій Льву XIV уручыў італьянскі кардынал Марыё Дзэнары. Затым кангалезскі кардынал Фрыдалін Амбонга Бесунгу прамовіў малітву за Святога Айца, а філіпінскі кардынал Луіс Антоніа Тагле – уручыў Пярсцёнак Рыбака.

Літургія прадугледжвала таксама цырымонію складання абяцання паслухмянасці новаму Пантыфіку. Ад імя кардыналаў гэты жэст здзейснілі кардыналы Франк Лео з Канады, Хаймэ Шпэнглер з Бразіліі і Джон Рыбат з Папуа-Новай Гвінеі. У абрадзе прыняў удзел таксама перуанскі біскуп Луіс Альберта Барэра, святар, дыякан, прадстаўнікі манаскіх супольнасцей, сярод якіх генеральны настаяцель езуітаў, а. Артура Соса, а таксама сужэнская пара і прадстаўнікі моладзі.

Згодна з Канстытуцыямі ордэна, акрамя вечных абяцанняў чысціні, беднасці і паслухмянасці, Таварыства Езуса таксама складае абяцанне паслухмянасці цяперашняму або будучаму суверэннаму Пантыфіку як намесніку Хрыста, нашага Пана. Гэта абяцанне ісці куды заўгодна, куды загадае Яго Святасць, што падразумявае гатоўнасць прыняць ад яго любую апосталькую місію.