3 верасня, у першую гадавіну смерці а. Станіслава Памыкалы SJ у касцёле святога Ігнацыя памаліліся за яго і асвяцілі памятную дошку. Святую Імшу, на якую прыйшлі знаёмыя, супрацоўнікі і былыя парафіяне святара з усяго горада, узначаліў біскуп Алег Буткевіч.

На пачатку літургіі а. Віктар Жук SJ, пробашч парафіі святога Уладзіслава, прывітаў біскупа Алега і іншых гасцей і падзякаваў ім за тое, што яны знайшлі час, каб разам ушанаваць памяць а. Станіслава. Таксама пробашч павіншаваў прысутных школьнікаў, студэнтаў і настаўнікаў з пачаткам новага навучальнага года.

Успамінаючы айца-езуіта падчас казання, біскуп Алег сказаў: “Сёння асабліва молімся за святой памяці а. Станіслава, які тут пакінуў сваё сэрца, а табліца, якую асвяцім, будзе нагадваць нам пра яго. Дзякуем Богу за дар яго жыцця і паслугу, асаблівым чынам у нашай дыяцэзіі. Айцец Станіслаў быў сапраўдным місіянерам усходу, ведаеце, што ён шмат гадоў працаваў у Расіі, а тут ён  бачыў магчымасць для пачатку хрысціянскага паяднання”.

“Езус нам сёння кажа, што без клопату пра збаўленне ўсё астатняе губляе сэнс. Усе гэтыя цяжкасці і праблемы, якія сёння маем, паходзяць у першую чаргу з таго, што чалавек ігнараваў і адкідваў шмат гадоў на постсавецкай прасторы існаванне асноўнай сваёй часткі. Чалавек – істота духоўна-цялесная да такога разумення мы сёння пастаянна павінны вяртацца, пастаянна ўсведамляць.

Сёння Езус гаворыць нам: “Хто хоча зберагчы жыццё, той яго згубіць”. Езус кажа пра тых, хто хоча зберагчы толькі фізічнае жыццё. А той, хто на першае месца паставіць збаўленне сваёй душы будзе жыць.

Айцец Станіслаў вучыў нас менавіта гэтым рэчам, спрабаваў нас у гэтым пераканаць, і, перад усім, сам вёў жыццё духоўнага чалавека. Таму няхай яго малітва нам дапамагае і ўмацоўвае нас на шляху духоўнага ўзрастання, дзеля якога ён працаваў”– сказаў біскуп.

На заканчэнне літургіі адбылося асвячэнне памятнай дошкі і малітва “Анёл Панскі” за святой памяці а. Станіслава.

Айцец Станіслаў Памыкала SJ адышоў у вечнасць дакладна год таму — 3 верасня 2022 года. Ён служыў у парафіі св. Уладзіслава з 2017 па 2020 гады. У Віцебскай дыяцэзіі нёс паслугу з 2011 года: спачатку ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім, пасля ў парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Віцебску. Да таго а. Станіслаў служыў у Расіі ў Сібіры і шмат выязджаў у іншыя краіны для прапаведвання і правядзення духоўных практыкаванняў па метадзе святога Ігнацыя Лаёлы.

Лаліта Арлоўская /catholicnews.by
Фота: а. Клеменс Верт SJ