У адной сваёй кнізе ірландскі езуіт Майкл Пол Галахер распавядае, як аднойчы на сустрэчы з бацькамі ў сярэдняй школе, падчас якой абмяркоўвалася тэма перадачы хрысціянскай веры наступным пакаленням, адна ўстрывожаная маці выказалася шчыра і наўпрост: “Вельмі добра гучаць словы аб тым, каб не настойваць занадта цвёрда на наведванні касцёла. Для вас, ойча, з вашымі ведамі тэалогіі, гэта проста: вы ведаеце, што вера можа прымаць шмат формаў і праходзіць праз розныя фазы росту. Але ўся гэтая тэорыя насамрэч не суадносіцца са штодзённым напружаннем сямейнага жыцця. І не супакойвае маёй трывогі, што мае дзеці могуць перастаць быць хрысціянамі, і што гэта будзе мая віна. Я не магу размаўляць з імі пра веру. У мяне няма адукацыі. Я не адчуваю сябе ўпэўнена. Але хачу, каб яны заставаліся католікамі, і адзіны спосаб, які я ведаю, – зноў і зноў заахвочваць іх хадзіць на святую Імшу. Што яшчэ я магу зрабіць?”
І той сказаў, сур’ёзна і з гумарам: “Патурбуйце іх сваім шчасцем”.
Мне здаецца, гэта цікавая прапанова, цікавы ракурс на пераказ дзецям сваіх каштоўнасцяў. Мы, бацькі, сапраўды не адчуваем сябе ўпэўнена ў сур’ёзных размовах з дзецьмі (менавіта, размовах, а не агучваннях сваіх патрабаванняў, як павінна быць). Але словы – гэта яшчэ не ўсё. Нават “добры прыклад” не вырашае ўсяго. А вось калі нас бачаць шчаслівымі, то гэта робіць найбольшы ўплыў. Гэта штодзённае запытанне, штодзённы выклік, адрасаваны дзецям: як у гэтым складаным, перагружаным самымі рознымі перажываннямі, няўдачамі, стратамі жыцці можна быць шчаслівым? Шчаслівым менавіта як чалавек веруючы, які прыносіць плады Духа, пра якія піша апостал Павел: “любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць” (Гал 5, 22).
Ясна, што не маецца на ўвазе, што бацькі ніколі не павысяць голас, не паддадуцца дрэннаму настрою і сваім заганам. Аднак, хіба слабасць замінае радавацца ў Богу? Хіба не ў трывозе выяўляецца вернасць? Хіба не перапрашэнне за крыўду прыносіць спакой і вучыць далікатнасці? Калі бачым падобныя сведчанні жывой веры ў іншых, то натхняемся больш, чым словамі. Як адзначаў Папа Павел VI, на людзей большае ўражанне робяць сведкі, чым настаўнікі: тое, што ўвасоблена ў жыцці бачным чынам, і ёсць сапраўдным настаўнікам. А ў добрага педагога хапае спосабаў творча патурбаваць вучня, вывесці з самазадаволенасці, прыцягнуць і запаліць тым, чым сам жыве. Што мы можам зрабіць, як не прасіць, у першую чаргу, веры для сябе? Хоць зернейка, хоць іскры, хоць крышынкі, каб самім быць шчаслівымі і “трывожыць” іншых гэтым шчасцем у Богу.
Тэрэса Клімовіч
Фота з архіва парафіі св. Уладзіслава ў Віцебску.