У гэтым годзе мы адзначаем 45-ю гадавіну заснавання Езуіцкай службы бежанцам (JRS).

Гэта ласка, пазначаная не толькі гадамі працы, але таксама верай, спачуваннем, нястомным суправаджэннем і перадусім надзеяй.

JRS была заснавана ў 1980 годзе тагачасным генеральным настаяцелем і Слугой Божым Педра Арупэ SJ у якасці гуманітарнага, педагагічнага і духоўнага адказу на сітуацыю з бежанцамі. З таго часу JRS стала апостальствам велізарнага значэння і прыносіць таксама духоўную карысць Таварыству Езуса.

Бачанне Арупэ (“быць з” бежанцамі і іншымі вымушана перамешчанымі асобамі з’яўляецца фундаментальнай справай, а “рабіць для” іх –  справай важнай) працягвае натхняць JRS і сёння. Наша місія суправаджэння, служэння і абароны бежанцаў і перамешчаных асоб грунтуецца на глыбокай веры ў прысутнасць Бога ў гісторыі чалавецтва, нават у самыя цяжкія і трагічныя моманты. З гэтай веры нараджаецца нашая надзея.

 Патрэба, якая прывяла да заснавання JRS нікуды не знікла. ​​Ад Паўднёвага Судана да Украіны, ад М’янмы і Дэмакратычнай Рэспублікі Конга да Афганістана – канфлікты, гвалт і стыхійныя бедствы працягваюць у агромністых маштабах нішчыць супольнасці. За апошняе дзесяцігоддзе колькасць асоб вымушана перамешчаных і асоб без грамадзянства ва ўсім свеце павялічылася больш чым удвая і, паводле ацэнак, дасягне сёлета амаль 140 мільёнаў.

Нядаўнія скарачэнні ўрадам ЗША міжнароднай дапамогі яшчэ больш пагоршылі гэтую сітуацыю, з разбуральнымі наступствамі для некаторых найбольш уразлівых супольнасцяў свету. Але нават у такіх умовах жыве надзея: у стойкасці перамешчаных асоб і ў спагадлівай прысутнасці спадарожнікаў, падтрыманых абяцаннем Бога ніколі не пакінуць свой народ. У цяжкія часы мы асабліва ўспамінаем пра нашу агульную чалавечнасць — чалавечнасць, якая яднае нас па-за межамі і адрозненнямі, заклікае быць салідарнымі з церпячымі.

Я ведаю, што JRS адчула наступствы скарачэння фінансавання многіх сваіх праграм. Я ўдзячны за падтрымку, атрыманую ад сяброў і партнёраў па ўсім свеце, якая дазволіла JRS выканаць свае абавязацельствы перад перамешчанымі асобамі. Мая падзяка шматлікім партнёрам па місіі: езуіцкім супольнасцям і ўстановам, рэлігійным кангрэгацыям, інстытуцыйным партнёрам і ўсім прыхільнікам JRS.

Таксама хачу падзякаваць больш чым 11 000 спадарожнікам JRS: супрацоўнікам, валанцёрам, езуітам і іншым мужчынам і жанчынам з манаскіх супольнасцяў, якія штодня крочаць разам з бежанцамі. Ваша служэнне – гэта жывое сведчанне Божай любові і вернасці сярод перамешчаных асоб. Нашай прычынай існавання, крыніцай натхнення і творчай энергіі з’яўляюцца мільёны ўразлівых людзей, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы. Мае малітвы з імі, каб яны маглі захаваць годнасць і мужнасць.

У свеце, які адварочваецца ад патрабуючых, Таварыства Езуса працягвае сваю місію праз JRS, ідучы побач з тымі, хто быў вымушаны пакінуць свой дом, і гэтая адданасць толькі паглыбляецца. Давяраючы Богу, які заўсёды верны, мы спадзяёмся, што разам, з верай і адданасцю, мы можам зрабіць свой унёсак у будаванне свету, заснаванага на справядлівасці, паяднанні і спакоі.

Крыніца: https://www.jesuits.global/2025/11/12/jrs-45th-anniversary-a-message-from-jesuit-superior-arturo-sosa-sj/