Талінская рымска-каталіцкая дыяцэзія абвясціла новую дату беатыфікацыі арцыбіскупа Эдуарда Профітліха SJ (1890-1942): яна адбудзецца ў Таліне 6 верасня 2025 г. Раней беатыфікацыя была адкладзена ў сувязі са смерцю папы Францішка. Дэкрэт аб мучаніцтве Эдуарда Профітліха быў ім зацверджаны 18 снежня 2024 года.
Беатыфікацыя адбудзецца падчас святой Імшы ў 11.00 на плошчы Свабоды ў цэнтры Таліна. Гэта гістарычная падзея для Эстоніі і яе народа, але таксама і для Таварыства Езуса, членам якога з’яўляўся арцыбіскуп Профітліх. Застаючыся верным Богу, ён вырашыў раздзяліць лёс многіх эстонцаў, якія загінулі падчас акупацыі Эстоніі Савецкім Саюзам. Нягледзячы на тое, што ў яго была магчымасць вярнуцца на радзіму ў Германію, ён да канца застаўся верным свайму пакліканню і людзям, якім служыў. Ён прыняў пакутніцкую смерць у турме ў Кіраве 22 лютага 1942 года.
«Беатыфікацыя нашага арцыбіскупа-мучаніка Эдуарда Профітліха з’яўляецца пасланнем надзеі і аптымізму для ўсяго эстонскага грамадства», — адзначыў біскуп Філіп Журдан.
Пасля Імшы адбудзецца экумэнічная малітва з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфэсій, падчас якой будуць ушанаваныя ўсе ахвяры злачынстваў савецкага перыяду.
Сайт: www.profittlich.eu