Папа Леў XIV накіраваў 25 жніўня 2025 г. тэлеграму ўдзельнікам урачыстасцей у Гоа, прысвечаных 400-годдзю прыбыцця ў Індыю першага езуіта з Вялікага Княства Літоўскага, а. Андрэя Рудаміны. У сваім пасланні Пантыфік падзякаваў Усемагутнаму Богу за сведчанне гэтага святара-місіянера, “чыя цвёрдая каталіцкая вера бачная і сёння ў Літве”. Святы Айцец моліцца, каб святкаванне такой шчодрасці і адвагі ў нясенні збаўчага паслання Евангелля ўсім народам “заахвоціла многіх у наш час адказаць з такой жа цярплівасцю і разважлівасцю на задачу евангелізацыі”. Папа таксама выказвае спадзяванне на тое, што, будуючы на фундаменце місіянерскай руплівасці а. Рудаміны і яго выключнай спадчыны дыялогу і культурнай інтэграцыі, хрысціяне гэтага мясцовага Касцёла “будуць заахвочаны, асабліва ў гэты Юбілейны год, застаючыся засяроджанымі на надзеі, спрыяць як экуменічнаму, так і міжрэлігійнаму дыялогу, які можа служыць усяму грамадству ў якасці мадэлі братэрскай гармоніі, прымірэння і згоды”.
Андрэй Рудаміна (пол. Andrzej Rudomina-Dusiacki, лат. Andreas Rudamina, літ. Andrius Rudamina; каля 1595 – 3 верасня 1632) – езуіт, місіянер у Кітаі, перакладчык на кітайскую мову, адзін з чатырох першых польскіх місіянераў, якія прапаведвалі ў Кітаі падчас панавання дынастыі Мін і Цын.
Нарадзіўся каля 1595 года ў Рудаміне або Даўгелішках Старых, дзе правёў дзяцінства (цяпер тэрыторыя Літоўскай рэспублікі). Ён паходзіў з шляхецкага рода Рудамінаў-Дусяцкіх герба “Трубы”. Сярод знакамітых сваякоў Андрэя Рудаміны – дзядзька Мацей, бурмістр Вільні, і яго стрыечны брат Ян Рудаміна-Дусяцкі (каля 1543–1621 гг.), ваявода Браслаўскі. У адрозненне ад іншых членаў сям’і, ён не выкарыстоўваў падвойнае прозвішча «Рудаміна-Дусяцкі».
Спачатку ён вучыўся ў Віленскай акадэміі, дзе ў 1613 годзе скончыў курс логікі. Быў членам Марыйнай садаліцыі. Затым працягнуў вывучэнне філасофіі ў Майнцы (1616) і Лёвене (1617). Пасля вяртання ў Вялікае княства Літоўскае набыў маёнтак Лучай. Нейкі час прабываў пры сядзібе віленскага біскупа Яўстафія Валовіча, сваяка сям’і Рудамінаў-Дусяцкіх (сястра біскупа выйшла замуж за аднаго з Рудамінаў). Верагодна, менавіта тады (каля 1618 г.) ён пераклаў на польскую мову кнігу Жана дэ Шок’е дэ Сюрле «Thesaurus politicorum aphorismorum» (Рым, 1610 г.), апублікаваную пад назвай «O odmianie państw i zgubie panujących i o słusznym ratunku» (Вільня, 1652 г.).
Нягледзячы на першапачатковыя планы на свецкае жыццё, 31 мая 1618 года ён разам са сваім слугой Мікалаем Уласеўскім уступіў у ордэн езуітаў. У тым жа годзе ён прадаў Лучай свайму пляменніку Пятру. Пасля двухгадовага навіцыяту пры касцёле святога Ігнацыя ў Вільні ён склаў першыя манаскія абяцанні. Тады ж ён павялічыў сціплы фонд Віленскага канвента, перадаўшы 20 тысяч злотых на развіццё маёнтку Растыняны з вёскай Гелажы (сённяшняе староства Судэрва ў Літве). Затым Андрэй вывучаў тэалогію ў Віленскай акадэміі (1620–22), дзе пасябраваў з Мацеем Казімірам Сарбеўскім. Увосень 1622 года разам з Мацеем яны адправіліся ў Рым для працягу тэалагічнага навучання. 3 чэрвеня 1623 года Андрэй Рудаміна атрымаў святарскае пасвячэнне, а ў 1624 годзе завяршыў навучанне ў Рымскім калегіуме. Атрымаўшы дазвол ад генерала Таварыства Езуса Муцыё Вітэлескі выправіцца ў місію ў Кітай, 5 верасня 1624 г. ён пакінуў Рым і накіраваўся ў Лісабон.
Пасля падрыхтоўкі ў Лісабоне Андрэй Рудаміна адплыў з Партугаліі 6 красавіка 1625 года і дасягнуў Гоа 22 жніўня, дзе пачаў займацца святарскай працай і дабрачыннасцю. У 1626 годзе ён адплыў у Макаа. У Цзядзіне ён вывучыў кітайскую мову, літаратуру, звычаі. За гэты час напісаў дзве брашуры на кітайскай мове на тэму аскетызму пра цноты і заганы: «Васямнаццаць вобразаў сэрца» і «Дзесяць вобразаў працавітага чалавека і лянівага». У Кітаі ён выкарыстоўваў прозвішча Лу Андэ (盧安德; транскрыпцыя XVII стагоддзя: Lu Ngan-tö) і мянушку Паншы (磐石).
Разам з Дж. Алені ён уклаў «Адказы на розныя пытанні» – працу па пытаннях веры і прыродазнаўчых і матэматычных навук, апублікаваную ў 1630 годзе ў Фучжоу. Верагодна, у 1627 годзе ўдзельнічаў у канферэнцыі ў Цзядзіне, дзе абмяркоўвалася, якім кітайскім словам належыць выказаць імя Бога. Там ён сур’ёзна захварэў на туберкулёз.
З 1628 года Андрэй Рудаміна працаваў у правінцыі Фуцзянь. Яго здароўе ўсё больш пагаршалася. Верагодна, у 1630 годзе ён накіраваўся ў Фучжоу, каб палепшыць сваё здароўе і, па магчымасці, працягнуць сваю місіянерскую працу. Памёр 5 верасня 1631 года ў Фучжоу. Пахаваны там жа на місійных могілках у асобнай магіле ў форме капліцы.
Сучаснікі лічылі Андрэя Рудаміну святым чалавекам. Яго жыццё і смерць упершыню апісаў Бэнэдыкт дэ Матос у агіяграфічнай працы «Vita et mors P. Andree Rudomina ex litteris p. Benedicti de Matos socii eiusdem in missione sinensi», Soc. Iesu, Вільня, 1652). У 1900 годзе група амерыканскіх літоўцаў звярнулася да Папы Льва XIII з просьбай аб яго беатыфікацыі. У міжваенны перыяд літоўскія езуіты працавалі над беатыфікацыяй Андрэя Рудаміны. Справа беатыфікацыі была перагледжана з нагоды 600-годдзя хрышчэння Літвы ў 1987 годзе.
Паводле матэрыялаў Vaticannews.va; Andrzej Rudomina
Андрэй Рудаміна. Невядомы мастак, XVII стагоддзе