6 верасня ў Таліне (Эстонія) будзе беатыфікаваны Эдуард Профітліх, мучанік († 1942), арцыбіскуп і член Таварыства Езуса.

Эдуард Профітліх нарадзіўся 11 верасня 1890 года ў нямецкім Бірэсдорфе. Пасля вучобы і фармацыі атрымаў святарскае пасвячэнне 27 жніўня 1922 года. Ва ўзросце 40 гадоў быў прызначаны кіраўніком Каталіцкага Касцёла ў Эстоніі. 31 мая 1931 года Папа Пій XI прызначыў яго другім апостальскім адміністратарам у гісторыі краіны. 

У 1935 годзе Эдуард Профітліх атрымаў грамадзянства Эстоніі. У 1936 годзе, пасля стараннага разгляду, Святы Пасад вырашыў, што «Зямля Марыі», як называлі Эстонію, павінна мець арцыбіскупа, і пасля прызначэння Піем XI айцец Профітліх атрымаў біскупскае пасвячэнне 27 снежня таго ж года. Яго біскупскім дэвізам быў Fides et Pax. 

Пасля 1940 года, пры савецкай уладзе, магчымасці душпастырскай працы вельмі скараціліся. З прычыны свайго паходжання арцыбіскуп Профітліх меў права вярнуцца ў Германію. Выбар не даўся яму лёгка. Пасля працяглага працэсу асабістага распазнавання і кансультацый з Рымам, а таксама пасля таго, як Папа Пій XII пакінуў канчатковае рашэнне ў яго руках, Эдуард Профітліх выбраў застацца са сваімі католікамі ў Эстоніі. 8 лютага 1941 года ён паведаміў пра сваё рашэнне сваёй сям’і ў Германіі. Варта прывесці фрагмент ягонага ліста: 

“Нават калі будучыня не выглядае ружова з чалавечага пункту гледжання, я вырашыў застацца. У рэшце рэшт, слушна, каб пастыр быў са сваёй аўчарняй, падзяляючы яе радасці і нягоды. Мушу сказаць, што, хоць мне спатрэбілася некалькі тыдняў на гэтае рашэнне, я прыняў яго не са страху ці трывогі, але з вялікай радасцю. А калі ўрэшце прыйшло разуменне, што я павінен застацца, мая радасць была такой вялікай, што я з удзячнасцю і радасцю памаліўся Te Deum. Увогуле, я так моцна адчуваў Божую ласку ў сваёй душы, што рэдка калі ў жыцці быў такім шчаслівым, як у чацвер па абедзе, пасля прыняцця рашэння; і ніколі не цэлебраваў Святой Імшы з такой пабожнасцю, як у пятніцу, на наступны дзень пасля прыняцця рашэння. Я хацеў бы сказаць усім, якім добрым ёсць да нас Бог, калі мы цалкам аддаёмся Яму; якімі шчаслівымі мы можам быць, калі гатовыя аддаць усё – сваю свабоду і сваё жыццё Хрысту. Упэўнены, што шмат людзей малілася за мяне ў гэты час, просячы Бога, каб паказаў мне правільны шлях і шчодра адарыў мяне сваёй ласкай. (…)

Не ведаю, што прынясе будучыня. Ніхто не можа з усёй упэўненасцю прадбачыць, як будуць развівацца падзеі. Але ў адным цяпер я ўпэўнены: Божая воля ў тым, каб я застаўся тут, што робіць мяне шчаслівым, і я гляджу ў будучыню з вялікай надзеяй. Што б ні здарылася, я ведаю, што Бог будзе са мной. Таму ўсё будзе добра. Маё жыццё і – калі гэта станецца, – мая смерць, будуць жыццём і смерцю для Хрыста. (…) Гэта было б найпрыгажэйшым заканчэннем майго жыцця”. 

У ноч на 27 чэрвеня 1941 года Эдуард Профітліх быў арыштаны і перавезены ў Кіраў. Пасля жорсткіх катаванняў і цяжкіх допытаў яму было афіцыйна прад’яўлена абвінавачанне ў шпіянажы і контррэвалюцыйнай дзейнасці супраць Савецкага Саюза і вынесены смяротны прысуд. Яго апеляцыя была адхілена. З-за цяжкіх турэмных умоў ён памёр 22 лютага 1942 года яшчэ да выканання прысуду. 

Жыццё Эдуарда Профітліха нагадвае нам пра канкрэтную прыроду святасці, якая пражываецца ў служэнні іншым і вернасці Хрысту – нават коштам такой вялікай ахвяры. Ён жыў і памёр для Хрыста і стаўся прыкладам для Таварыства Езуса і для паўсюднага Касцёла.

Біяграфія і фота: profittlich.eu/en/elulugu