Папа заклікаў вернікаў натхняцца прыкладам эквадорскага мучаніка, з Ордэна езуітаў, кс. Эмілія Маскоза, які быў забіты у 1897 г. падчас пераследавання Каталіцкага Касцёла ў гэтай краіне.

Адмысловы заклік Пантыфік скіраваў 17 лістапада 2019 г. пасля малітвы “Анёл Панскі” у Ватыкане.

“Няхай яго прыклад сціплага законніка, апостала малітвы і выхавальніка моладзі, падтрымлівае наш шлях веры і хрысціянскага сведчання”, – сказаў Папа і папрасіў у вернікаў апладысментаў для новага благаслаўлёнага.

А. Эмілія Маскоза загінуў за веру 4 мая 1897 г. Два гады таму ў Эквадоры выбухнула рэвалюцыя, якая мела на мэце “скончыць з тэакратыяй”. Былі арэштаваныя біскупы, над касцёламі ўсталяваны кантроль, законнікаў кідалі ў вязьніцы і маглі схапіць нават свецкіх, калі яны былі практыкуючымі хрысціянамі.

Кардынал Джавані Анджэла Бэчу, прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі: “Гэта здарылася падчас атакі войска на калегіум святога Філіпа ў горадзе Рыабамба. Мучаніцтва ўпісана ў кантэкст жорскага пераследавання Касцёла. Маскоза быў вельмі сціплым, непрыкметным святаром. Ён глыбока перажываў з-за таго, што як рэктар павінен быць арыенцірам для іншых. Часта прасіў вызваліць ад пасады. І ўсё ж, нягледзячы на сарамлівасць, усведамляў памеры небяспекі. А. Маскоза застаўся на сваім месцы. За дзень да смерці ён звярнуўся да ўладаў з просьбай аб вызваленні з вязьніцы сабратоў, бо адчуваў сваю адказнасць за іх”. Аднак яны ўсе загінулі ад рук рэвалюцыянераў, якія ў дадатак здзейснілі прафанацыю касцёла, знішчылі сакральныя рэчы і падпалілі яго.

Паводле Беларускай  і Польскай рэдакцый Ватыканскага радыё