Нам слушна баліць тое, што ў сучасным свеце не хапае пачуцця граху. Аднак мы мусім прызнаць, што хапае пачуцця граху, разуметага як пачуццё непарадку. Людзі ўсё больш пераконваюцца, што свет сыходзіць на дрэнныя сцежкі, усё часцей чуюцца скаргі на карупцыю палітыкаў, дэградацыю асяроддзя і эксплуатацыю бедных краін багатымі. Чаго тады не хапае? Усведамлення крыніцы гэтага непарадку, разумення, што ён вынікае з супраціву любові, Божай задуме, з недаверу да Бога Айца. Не хапае адчування майго асабістага саўдзелу ў гэтым недаверы да Айца. Бязладдзе свету ўспрымаецца як аб’ектыўная рэальнасць, за якую адзінка не нясе адказнасці.
Думаю, мы як пастыры пакліканы даваць тэалагічнае тлумачэнне каранёў непарадку, які існуе ў свеце, і вызнаваць яго як асабісты грэх, як віну кожнага з нас. Мы пакліканы выразна падкрэсліць прычыны ўсяго гэтага, г.зн. недаверу да Бога Айца, нашага найлепшага Пана, да Яго любові і справядлівасці.
Часта і не без пэўнага неспакою мы задаёмся пытаннем, як падтрымліваць сапраўднае пачуццё граху і пакаяння. Прапаную тры кароткія рэфлексіі.
1. Першая датычыць таго пачуцця граху, якое прапануецца Божаму народу прынамсі ў чатырох момантах эўхарыстычнай літургіі.
Спачатку – чын пакаяння, які ёсць чынам асабістым (“бо зграшыў я вельмі”), засяроджаным на міласэрнасці (“Няхай змілуецца над намі Бог Усемагутны”, Kyrie eleison).
Моцна кранае мяне таксама пачуццё граху і прабачэння, якое асаблівым чынам з’яўляецца ў моманце эўхарыстычнай кансэкрацыі: Кроў, “якая […] будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў”. Тут месціцца вялікі роздум над грахом чалавецтва і над празмернасцю міласэрнай Крыві Хрыста, якую паказваюць верным праз урачыстыя словы, якія прамаўляе святар-цэлебрант.
У малітве “Ойча наш” супольнасць звяртаецца да Айца, паўтараючы малітву Езуса: “Адпусці нам правіны нашыя”; гэтае пастаяннае аднаўленне просьбы прабачыць нам прадстаўлена як фундаментальная пастава хрысціяніна, які прызнае сябе грэшнікам.
Урэшце, непасрэдна перад камуніяй, усклікаем да Пана: “Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, змілуйся над намі”. Баранак Божы ў Эўхарыстыі ёсць Тым, хто бярэ на сябе грахі свету, а супольнасць кліча Яго і абвяшчае гэтую моц Божага Баранка.
Таму, паколькі літургія святой Імшы змяшчае ў сабе гэтае слушнае пачуццё граху і міласэрнасці, душпастыры могуць заўсёды з яе чэрпаць, каб фармаваць вернікаў.
2. Другая рэфлексія датычыць адносін паміж пачуццём грахоўнасці і цэлебрацыяй сакрамэнту пакаяння.
На жаль, трэба прызнаць, што ў гэтай сферы не ўсё ў парадку, крызіс індывідуальнай споведзі працягваецца.
Сапраўды, нямала асоб усцяж прагне асабістага паяднання з Богам, калі толькі ёсць магчымасць прыйсці да споведзі. Аднак трэба прызнаць неабходнасць вырашэння феномену вялікай колькасці тых, хто прыступае да камуніі, і нешматлікіх споведзяў. Трэба шукаць глыбейшыя прычыны гэтага становішча і спрабаваць выправіць яго. Распачаць варта ад глыбокага асабістага пачуцця граху і міласэрнасці, звяртаючыся, магчыма, да форм пакаяння, блізкіх да практык старажытнага Касцёла. Я маю на ўвазе практыкі, якія маглі б паглыбіць у чалавеку адчуванне сваёй крохкасці перад грахом поруч з усведамленнем Божай міласэрнасці (гэтыя два аспекты – слабасць і міласэрнасць – сцісла спалучаны між сабой).
Усведамленне ўсеабдымнай Божай міласэрнасці сустракаецца рэдка, бо мы не абапіраемся на рэалістычнае разуменне ўласнай неадэкватнасці перад Богам, але баналізуем чалавечую слабасць праз тое, што, не прызнаём яе зневажальнага характару ў адносінах да Божай міласэрнасці, не бачым, што яна з’яўляецца прычынай нашай замкнёнасці на магутнае дзеянне Духа.
3. Трэцяя практычная рэфлексія датычыць нашай асабістай споведзі, якая павінна ажывіць у нас пачуццё граху і міласэрнасці.
Каб дасягнуць гэтай мэты, я звычайна прапаную распачаць споведзь з праслаўлення і падзякі Богу за Яго дары, за Яго поўную любові задуму, за дабрыню, якая праяўляецца ў жыцці кожнага з нас (confesso laudis). У святле Божага дару мая неадпаведнасць Ягонай задуме можа выявіцца больш выразна і з большай асабістай праўдай.
Таму просім праз заступніцтва Марыі, каб нам было дадзена гэтае пачуццё пакаяння, так моцна патрэбнае ў той гістарычны момант, у які мы жывём.
Кардынал Карла Марыя Марціні SJ
Фрагменты рэкалекцыйных разважанняў