У імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Супакой вам!

Айцец Соса,
дарагія сябры,

З радасцю вітаю ўсіх вас у Ватыкане сёння раніцай і хачу падзякаваць за вашую прысутнасць. Вельмі дзякую вашаму Генеральнаму настаяцелю за добрыя словы. Малюся, каб вашая сустрэча была плённай, і каб праз яе Святы Дух умацаваў вас у пакліканні і дапамог членам Таварыства Езуса распазнаць новыя шляхі ажыццяўлення вашай місіі ў сучасным свеце.

Перыяд, у які мы жывём, многія называюць зменай эпох; гэты час вылучаецца хуткімі зменамі ў культуры, эканоміцы, тэхналогіях і палітыцы. У прыватнасці, штучны інтэлект ды іншыя інавацыі змяняюць нашае разуменне працы і адносін,  нават выклікаюць пытанні аб ідэнтычнасці чалавека. Экалагічная дэградацыя пагражае нашаму агульнаму дому. Палітычныя сістэмы часта ігнаруюць крык бедных. Папулізм і ідэалагічная палярызацыя паглыбляюць падзелы ўнутры краін і паміж народамі. Многіх людзей закранула спажывецтва, індывідуалізм і абыякавасць.

І ўсё ж Хрыстус працягвае пасылаць сваіх вучняў у гэты свет. Таварыства Езуса даўно прысутнічае там, дзе патрэбы чалавецтва сустракаюцца са збаўчай Божай любоўю: прысутнічае праз духоўнае кіраўніцтва, інтэлектуальную фармацыю, служэнне бедным і хрысціянскае сведчанне на культурных межах. Святы Ігнацый Лаёла і яго спадарожнікі не баяліся нявызначанасці і цяжкасцяў; яны крочылі на ўскраіны і перыферыі, дзе вера і розум перасякаліся з новымі культурамі і вялікімі выклікамі.

Добра сказаў святы Павел VI: “Паўсюль у Касцёле, нават у самых складаных і экстрэмальных сферах, на скрыжаванні ідэалогій… былі і ёсць езуіты” (Зварот да 32-й Генеральнай кангрэгацыі езуітаў, 3 снежня 1974 г.). У тым жа духу Папа Бэнэдыкт XVI  заклікаў мужчын “з глыбокай верай, высокай культурай і сапраўднай чалавечай і сацыяльнай чуласцю” служыць на гэтых “межах”, адлюстроўваць гармонію веры і розуму і адкрываць аблічча Хрыста тым, хто яшчэ не ведае Яго (пар. Зварот да айцоў Генеральнай кангрэгацыі Таварыства Езуса, 21 лютага 2008 г.).

Сёння я паўтараю: Касцёлу вы патрэбныя на межах – геаграфічных, культурных, інтэлектуальных, духоўных. Гэта месцы рызыкі, дзе знаёмых карт ужо недастаткова. Там, на ўзор Ігнацыя і езуіцкіх мучанікаў, якія пайшлі за ім, вы пакліканы распазнаваць, уводзіць навацыі і давяраць Хрысту, “падперазаўшы свае сцёгны праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой” (Эф 6, 14-15). Калі Дух вядзе апостальскую супольнасць у іншае месца дзеля большага дабра, часам даводзіцца адмаўляцца ад мілых сэрцу структур або роляў: практыкаванне ігнацыянскай “святой бясстраснасці”.

Адна з галоўных межаў сёння – шлях сінадальнасці ў Касцёле. Сінадальны шлях кліча ўсіх нас глыбей слухаць Святога Духа і адно аднаго, каб нашыя структуры і служэнні былі больш гнуткімі, празрыстымі і чуйнымі да Евангелля. Дзякую вам за ўнёсак у сінадальны працэс, асабліва за дапамогу касцёльным супольнасцям у распазнаванні, як ісці разам у надзеі.

Яшчэ адзін важны рубеж – гэта паяднанне і справядлівасць, асабліва ў свеце, які раздзіраюць канфлікты, няроўнасць і злоўжыванні. Сёння многія пакутуюць ад ізаляцыі, шмат незагоеных ран паміж народамі і пакаленнямі. У сваім нядаўнім разважанні я ўзгадваў візіт майго шаноўнага папярэдніка ў Лампедузу: мы павінны супрацьпаставіць “глабалізацыі бездапаможнасці” культуру паяднання, сустракаючыся ў праўдзе, прабачэнні і ацаленні; мы павінны стаць экспертамі ў прымірэнні, перакананымі, што дабро мацнейшае за зло (пар. відэазварот з нагоды прапановы аб уключэнні Лампедузы ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, 12 верасня 2025 г.).

Тэхналогіі, асабліва штучны інтэлект, таксама з’яўляюцца важнай сферай дзейнасці на межах. Тэхналогіі маюць патэнцыял спрыяць росквіту чалавецтва, але таксама нясуць у сабе рызыкі ізаляцыі, страты працоўных месцаў, новых форм маніпуляцыі. Касцёл павінен дапамагаць накіроўваць гэтыя працэсы з этычнага пункту гледжання, абараняць чалавечую годнасць і спрыяць агульнаму дабру. Нам трэба распазнаць, як выкарыстоўваць лічбавыя платформы для евангелізацыі, будавання супольнасці і барацьбы з ілжывымі багамі спажывальніцтва, улады і самадастатковасці.

Глабальныя апостальскія прыярытэты Таварыства, зацверджаныя Папам Францішкам у 2019 годзе як прывілеяваныя шляхі місіі, – гэта якраз тыя межы, на якіх спатрэбяцца распазнаванне і мужнасць. Ваш першы прыярытэт – паказваць шлях да Бога праз духоўныя практыкаванні і распазнаванне – адказ на глыбокае прагненне чалавечага сэрца. На кожным кантыненце, нават у секулярызаваных грамадствах, шмат людзей шукаюць сэнс, часта нават не ўсведамляючы гэтага. Як сказаў св. Аўгустын: “Ты стварыў нас для сябе, і неспакойныя сэрцы нашыя, пакуль не супакояцца ў Табе” (пар. Споведзь, 1, 1). Я заклікаю вас сустракацца з людзьмі, якія ў гэтым неспакоі жывуць: сустракацца ў рэкалекцыйных дамах, ва ўніверсітэтах, сацыяльных сетках, парафіях і нефармальных месцах, дзе збіраюцца людзі ў пошуку. Дзяліцеся радасцю Евангелля з пакорай і перакананнем. Заставайцеся кантэмплятыўнымі ў дзеянні, укаранёнымі ў штодзённай блізкасці з Хрыстом, бо толькі тыя, хто да Яго блізка, могуць прывесці іншых да Яго.

Ваш другі прыярытэт заклікае ісці побач з беднымі, з ізгоямі свету, з людзьмі, чыя годнасць была зняважана. Сёння многія з’яўляюцца ахвярамі эканамічнай сістэмы, у аснове якой ляжыць прыбытак, пастаўлены вышэй за годнасць чалавека. У сваёй нядаўняй Апостальскай адгартацыі Dilexi Te я падкрэсліў неабходнасць супрацьстаяць «дыктатуры эканомікі, якая забівае», дзе прыбыткі некаторых растуць у геаметрычнай прагрэсіі, у той час як большасць застаецца далёка ззаду (пар. 92). Гэты глабальны дысбаланс прымушае безліч людзей міграваць у пошуках сродкаў да існавання. Яны пакідаюць дом, культуру і сям’ю, часта сутыкаюцца з адкіданнем і варожасцю. Сапраўднае вучнёўства патрабуе як асуджэння несправядлівасці, так і прапанавання новых мадэляў, заснаваных на салідарнасці і агульным дабры. У гэтым плане вашы ўніверсітэты, сацыяльныя цэнтры, выданні і ўстановы, напрыклад, Езуіцкая служба бежанцам, могуць стаць уплывовымі інструментамі для пашырэння сістэмных змен. Нягледзячы на перашкоды ці няўдачы, з якімі мы час ад часу сутыкаемся пры ажыццяўленні гэтага служэння, варта пазбягаць крыўдлівасці, не ўпадаць у “стому ад спачування” або фаталізм. Наадварот, нам трэба даверыцца пераўтваральнай моцы Божай любові, якая ёсць тым гарчычным зярняткам, што становіцца вялікім дрэвам (пар. Мц 13, 31-32).

Ваш трэці прыярытэт – суправаджаць моладзь на шляху ў будучыню, поўную надзеі, – надзвычай важны. Сучасная моладзь разнастайная: студэнты, мігранты, актывісты, прадпрымальнікі, вернікі і асобы, якія знаходзяцца на ўзбоччы. Нягледзячы на разнастайнасць, маладых людзей яднае прагненне аўтэнтычнасці і перамянення. Яны трываюць “у руху”, у пошуках сэнсу і справядлівасці. Касцёл павінен знайсці мову, зразумелую для моладзі, і гаварыць на ёй: учынкамі, прысутнасцю і словамі. Таму важна ствараць месцы, дзе яны могуць сустрэцца з Хрыстом, адкрыць сваё пакліканне і працаваць для Валадарства. Наступны Сусветны дзень моладзі ў Карэі стане ключавым момантам для гэтай місіі.

Ваш чацвёрты прыярытэт – клопат пра наш агульны дом – адказвае на заклік чалавечы і боскі адначасова. Як пацвердзіў Папа Францішак у энцыкліцы Laudato si’: “Моладзь патрабуе ад нас зменаў. Разважае, як гэта магчыма, што мы імкнемся будаваць лепшую будучыню, не думаючы аб крызісе навакольнага асяроддзя” (13). Экалагічнае навяртанне – глыбока духоўны працэс; яно заключаецца ў аднаўленні нашых адносін з Богам, адно з адным і са стварэннем. У гэтай справе нельга абысціся без пакорнага супрацоўніцтва, паколькі ніводная ўстанова не можа справіцца з гэтым выклікам паасобку. Няхай вашыя супольнасці будуць прыкладам экалагічнай устойлівасці, прастаты і ўдзячнасці за Божыя дары.

Тэрміновасць абвяшчэння Евангелля сёння такая самая, як і ў часы святога Ігнацыя. Пан кажа праз прарока Ісаю: “Вось Я ўчыню новае, і цяпер з’явіцца яно; ці ж не ведаеце пра гэта?” (Іс 43, 19). Вашая місія, дарагія браты, – дапамагчы свету ўспрыняць гэтую навізну: сеяць надзею там, дзе нібы пануе роспач, прыносіць святло туды, дзе валадарыць цемра.

Дзеля гэтага я заклікаю вас заставацца побач з Езусам. Як кажа Евангелле, першыя вучні былі з Ім цэлы дзень (пар. Ян 1). Заставайцеся з Ім праз асабістую малітву, цэлебрацыю сакрамэнтаў, набажэнства да Яго Найсвяцейшага Сэрца і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Іншы, але не менш дзейсны спосаб заставацца з Ім, – распазнаваць Яго прысутнасць у жыцці супольнасці. З гэтай глыбокай укаранёнасці вы атрымаеце мужнасць ісці куды заўгодна: гаварыць праўду, несці паяднанне, ацаляць, працаваць на карысць справядлівасці, вызваляць палонных. Ніводная мяжа не будзе для вас неадольнай, калі вы крочыце з Хрыстом.

Я спадзяюся, што Таварыства Езуса здолее чытаць знакі часу з духоўнай глыбінёй, і што вы прымеце тое, што спрыяе чалавечай годнасці, і адкінеце тое, што яе змяншае; што вы будзеце спрытнымі, крэатыўнымі, вернымі распазнаванню і заўсёды місійнымі – “in fieri”, як сказаў Папа Францішак на вашай апошняй Генеральнай кангрэгацыі (Зварот да 36-й Генеральнай кангрэгацыі Таварыства Езуса, 24 кастрычніка 2016 г.). Няхай Пан вядзе вас на сучасныя межы і яшчэ далей, абнаўляючы Касцёл і будуючы Валадарства справядлівасці, любові і праўды.

З падзякай за вашу служэнне я даю сваё Апостальскае благаслаўленне.

Папа Леў XIV

24 кастрычніка 2025 года