Сёлета спаўняецца 20 гадоў з таго моманту, калі па ініцыятыве ірландскіх езуітаў Алана МакГакьена і Пітэра Скалі з’явіўся рэсурс Sacred Space — «Святая прастора», дзякуючы якому можна зрабіць «духоўны перапынак» наўпрост перад экранам камп’ютара ці гаджэта.

Нядаўняе даследаванне паказала, што на працягу адной гадзіны ў сярэднім 700 чалавек з усяго свету моляцца пры дапамозе сайта, а часам колькасць карыстальнікаў дасягала і 20 тысяч у дзень. Неўзабаве пасля заснавання з’явіліся версіі на іншых мовах. Шэсць гадоў таму, у Вялікі пост 2013, адначасова пачалі працаваць рускамоўная і беларускамоўная версіі рэсурсу, якія атрымалі назвы «Пространство Молитвы» і «Прастора Малітвы» адпаведна.

Як паказвае зваротная сувязь з карыстальнікамі, для многіх вернікаў гэтыя рэсурсы сталі штодзённай дапамогай на іх духоўным шляху.

Рэсурс прапануе некалькі ўводных этапаў, каб лепш увайсці ў атмасферу малітвы, а затым урывак Евангелля з рыма-каталіцкай Літургіі Слова на кожны дзень. Чытанне суправаджаецца кароткім каментаром. Акрамя таго, на галоўнай старонцы можна ўбачыць разважанне на тыдзень і іншыя матэрыялы, а на слайдах этапаў малітвы — больш падрабязныя тлумачэнні адносна кожнага этапу. Прапанаваны спосаб малітвы грунтуецца на духоўнасці св. Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка ордэна езуітаў.

Ужо некалькі гадоў існуюць і старонкі ў сацыяльных сетках: Facebook і Вк. Сайты на розных мовах развіваюцца дзякуючы працы валанцёраў, якія займаюцца перакладам і размяшчэннем матэрыялаў.

Падчас Адвэнту і Вялікага посту рэсурс «Прастора малітвы» ў супрацоўніцтве з парталам Catholic.by ужо неаднаразова прапаноўваў «рэкалекцыі анлайн».

Матэрыялы для гэтых рэкалекцый рыхтуюцца сумесна з іншым сеціўным праектам езуітаў, гэтым разам брытанскіх: PrayAsYouGo, які прапануе штодзённыя чытанні з разважаннямі ў фармаце аўдыё. На сённяшні дзень існуюць польскамоўная і ўкраінскамоўная версіі аўдыё-разважанняў, а таксама адпаведныя аплеты для смартфонаў.

Крыніца: jesuit.ru

Пераклад і адаптацыя: Тэрэса Клімовіч/catholic.by