Гісторыя місіі езуітаў усходняга абраду ў Альбярціне каля Слоніма выклікае ў апошнія гады значную цікавасць сярод гісторыкаў. Для езуітаў былой Рэчы Паспалітай альбярцінскі кляштар быў унікальнай справай – адзінай місіяй нелацінскага абраду. Гэтая місія праводзіла шырокую апостальскую і асветніцкую дзейнасць сярод жыхароў Заходняй Беларусі, спрычыніўшыся такім чынам да развіцця Каталіцкай Царквы ўсходняга абраду (Грэка-Каталіцкай Царквы).

У 1923 годзе падляскі біскуп Пшэздзецкі звярнуўся да генерала езуітаў Ледухоўскага з просьбай аб дапамозе ва ўнійнай дзейнасці. Ледухоўскі прыняў рашэнне аб стварэнні адгалінавання езуітаў усходняга абраду, тым больш, што адзін святар у ордэне ўжо прыняў гэты абрад дзеля духовай дапамогі расейскім эмігрантам у Заходняй Еўропе [7, c. 44].

Датай народзінаў місіі можна лічыць 4 лістапада 1924 года, калі два святары-езуіты, француз а. Васіль Буржуа  і паляк а. Міхал Маліноўскі пераехалі ў ахвяраваны графам Пуслоўскім двухпавярховы дом у прадмесці Слоніма Альбярціне [7, c.44]. У гэтым будынку перад першай сусветнай вайной жылі дырэктары некалькіх фабрык, якія пасля вайны ўжо не дзейнічалі.

Адзін з пакояў быў прыстасаваны пад каплічку ўсходняга абраду, у якой служыў а. Буржуа. Былая альтанка была перароблена на капліцу заходняга абраду, у якую збіраліся на набажэнствы мясцовыя палякі. Айцы езуіты такім чынам узялі на сябе таксама абавязак апекавацца і вернікамі лацінскага абраду. У першы год існавання ў альбертынскую місію накіроўваліся на своеасаблівы выпрабавальны тэрмін святары, якія мелі жаданне перайсці з праваслаўя ў каталіцтва. Езуіты ж не абмяжоўваліся толькі працай з альберцінскімі вернікамі, але рабілі місійныя падарожжы па ўсёй Заходняй Беларусі [7, c. 44-45]. Напрыклад, а. Буржуа быў фактычным стваральнікам парафіі ў Бабровічах, каля Целяханаў.

У 1925 годзе да ўсходняй місіі езуітаў далучылася адразу 3 святары – Антоні Дамброўскі, Марцэлі Высакінскі і Ўладзімір Пянткевіч. Першы настаяцель, а.Васіль Буржуа, быў накіраваны на працу ў Чэхаславаччыну і мусіў пакінуць місію. Новым настаяцелем быў прызначаны а.Уладзімір Пянткевіч [7, c. 45]. Гэтую функцыю ён выконваў да сваёй смерці ў сакавіку 1933 года.

Айцец Уладзімір Пянткевіч быў значнай асобай у ордэне езуітаў. Ён працаваў выкладчыкам дагматычнай тэалогіі ў Кракаве, ягоныя публіцыстычныя творы друкаваліся ў часопісе “Przegląd powszechny”. Некаторы час ён выконваў функцыі правінцыяла свайго ордэна. Ягоны пераход ва ўсходні абрад дадаў вагі ўсходняй місіі езуітаў і альбярцінскаму кляштару [8, с. 83]. Віленскі біскуп Юры Матулевіч стварыў у Альбярціне парафію ўсходняга абраду, а кіраўніцтва ордэна езуітаў стварыла пры новай місіі навіцыят усходняга абраду [6, с. 173]. Варта адзначыць, што колькасць святароў місіі не была сталай, бо некаторыя езуіты накіроўваліся для працы на іншых пляцоўках, а на іх месца прыходзілі новыя. Колькасць манахаў і навіцыяў часам дасягала 30 чалавек.

У 1935 годзе настаяцель кляштара а. Станіслаў Рэпка-Ласкі распачаў будаўніцтва адразу двух святыняў – усходняга і лацінскага абрадаў, якія меліся стаяць побач і сымбалізаваць еднасць Каталіцкай Царквы і роўнасць абрадаў у ёй [6, с. 173-174]. Будаўніцтва было скончана ўвосень1937 года.

Праца з парафіянамі ажыццяўлялася пры дапамозе шэрагу арганізацый, якія стваралі своеасаблівую сістэму рэлігійнай асветы. Старэйшыя мужчыны аб’ядноўваліся ў т.зв. “парафіяльнае брацтва”, жанчыны – у Апостальства Малітвы. Для хлопцаў была створана “гвардыя Крыжа”, а для дзяўчат пры Апостальстве Малітвы існавала аддзяленне “Марыйнай Садаліцыі”. Для школьнікаў існавала “Еўхарыстычная круцыята”, для старэйшых дзяўчат – “Кола св.Тэрэзы”, а для наймалодшых дзяцей – “Кола Анёлаў Ахоўнікаў” [5, с. 93].

Як прыклад дзейнасці можна разгледзець мужчынскае парафіяльнае брацтва. Яно мела тры мэты: зрабіць удзел сваіх сяброў у парафіяльным жыцці больш актыўным і свядомым; апостальства словам і прыкладам у колах, якія варожа ставіліся да Уніі; выхаванне ў сваіх сяброў каталіцкіх прынцыпаў жыцця. Сустрэчы сябраў брацтва, якія адбываліся раз на два тыдні, раходзілі наступным чынам.  Пасля кароткага ўступнага слова святара, які старшынстваваў на сходзе, слухаліся два рэфераты, падрыхтаваных сябрамі брацтва. Завяршалася спатканне дыскусіяй на тэму праслуханага, часамі вельмі актыўнай [5, с. 92-93].

Альбярцінская місія мела таксама свае філіі (званых станцыямі) ў Сынкавічах і Вільні, пры якіх былі створаны парафіі ўсходняга абраду. Пры Віленскай станцыі паўстала ў 1934 годзе Малая Семінарыя [2, с. 433]. У 1931 айцы з Альбярціну прынялі кіраўнцтва над чацвёртай пляцоўкай – Папскай Семінарыяй у Дубне на Валыні [7, с. 45], дзе рыхтаваліся будучыя святары ўсходняга абраду для ўсёй тэрыторыі перадваеннай Польшчы за выключэннем Галічыны. Апроч таго, місія распачала выданне рэлігійнай літаратуры на беларускай і расейскай мовах, у тым ліку месячнік “Да Злучэньня”, які рэдагаваў айцец Антон Неманцэіч [2, с. 433].

Што датычыць нацыянальнага складу кляштара ў Альбярціне, то пераважалі ў ім палякі. Аднак належалі да яго ў розны час французы (Васіль Буржуя і Філіп дэ Рэжы), беларус Антон Неманцэвіч, амерыканец Вальтэр Цішак. Часопіс “Oriens” падае, што ў 1933 да навіцыяту належылі 6 палякаў, 2 беларусы, адзін чэх і адзін украінец [7, с. 46-47].

Выхаванне будучых езуітаў усходняга абраду вялося ў вялікарасійскім духу, бо яны рыхтаваліся да працы ў Расіі, альбо сярод расійскай эміграцыі. Для расіянаў езуіты Вільні выдавалі нават часопіс “К соединению”. Аднак альбярцінсія айцы самі хутка зразумелі недарэчнасць рускай мовы ў працы сярод беларусаў і пачалі весці душпастырскую працу на іх роднай мове [1, с. 39].

13 верасня 1929 года ў ордэн езуітаў уступіў трыццацішасцігадовы а. Антон Неманцэвіч, вядомы сваёй беларускай дзейнасцю ў Пецярбурзе, дзе ён вучыўся і працаваў да 1920 года. У 1919-1920 гадах гэты святар быў два разы арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі, але ў выніку абмену вязняў трапіў у Польшчу. У 1925-1927 гадах Неманцэвіч вучыўся ў Рыме ў Папскім Усходнім Інстытуце, пасля сканчэння атрымаўшы тытул доктара тэалогіі [4, с. 276]. Па ўступленні ў ордэн езуітаў айцец Антон Неманцэвіч быў прызначаны на пасаду параха альбярцінскай парафіі ўсходняга абраду. Напэўна дзякуючы ягоным намаганням беларуская мова стала прысутнічала ў жыцці ўсходняй парафіі. Напрыклад, падчас асвячэння ўсходняй царквы ўвосень 1937 году біскупа Мікалая Чарнецкага віталі па-польску, на рускай мове і па-беларуску. Па-беларуску і па-польску дэкламаваліся вершы на святочнай вечарыне, прысвечанай гэтай знамянальнай падзеі [6, 174]. Іншы езуіт, Эдуард Войтчак, у анкеце “Місійнага гуртка” Пінскай духоўнай семінарыі, на пытанне аб мове пастырскай працы, адказаў каротка: “Беларуская мова неабходная і яе дастаткова” [1, с. 39].

Што да колькасці вернікаў у парафіях, якімі апекаваліся айцы-езуіты,  то Юры Туронак падае, што парафія ў Альбярціне налічвала ў 1927 годзе 200 вернікаў, 1 студзеня 1933 году – 509 (паводле часопіса “Oriens”) [7, с. 46], а ў 1938 годзе – 719. У Сынкавічах лічба павялічылася з 200 ў 1927 да 1425 ў 1938; у Вільні ж заставалася стабільнай – 140 [2, с. 435]. Такім чынам, бачым дынамічны рост колькасці вернікаў у двух з трох езуіцкіх парафій, што сведчыць пра плённасць працы альбярцінскіх езуітаў.

Ліквідацыя місіі езуітаў распачалася з выбухам ІІ сусветнай вайны ў 1939 годзе. У верасні, калі нямецкія войскі напалі на Польшчу, настаяцель а. Дамброўскі распусціў навіцыяў і частку святароў, аставіўшы толькі тых, хто быў патрэбны для абслугоўвання дзьвух парафій – лацінскага і ўсходняга абраду. Неўзабаве Чырвоная Армія заняла будынак місіі пад вайсковыя казармы, а царкву ўсходняга абраду, якая непасрэдна злучалася з будынкам, пасля шматлікіх правакацыяў з боку чырвонаармейцаў прыйшлося закрыць [3, с. 18-21].

Аднак ІІ сусветная вайна нечакана стала для альбертынскіх езуітаў і блаславеннем. Львоўскі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, уладу якого Польская дзяржава да 1939 года стрымлівала ў межах Заходняй Украіны, нечакана атрымаў магчымасць ажыццяўляць архіпастырскую апеку над каталікамі ўсходняга абраду не толькі на Заходняй Беларусі, але і ва ўсім Савецкім Саюзе. Ён нават блаславіў двух езуітаў – Вальтэра Цішака і Ежага Москву – на працу ў глыбі Расіі, аднак іх місія аказалася няўдалай [2, с. 23-24].

9 кастрычніка 1939 года мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі стварыў чатыры экзархаты (царкоўныя адміністратыўныя адзінкі на тэрыторыях, дзе па нейкіх прычынах немагчыма стварыць епархіі), у тым ліку і беларускі, прызначыўшы яго экзархам айца Антона Неманцэвіча. Апостальская Сталіца зацвердзіла гэтае прызначэнне толькі 5 студзеня 1942 года. Ва ўмовах нямецкай акупацыі Неманцэвіч звярнуўся ў Генеральны Камісарыят у Менску з просьбай аб легалізацыі ягонага статусу першага экзарха Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. 16 сакавіка 1942 году а. Неманцэвіч атрымаў згоду генеральнага камісара Вільгельма Кубэ, пасля чаго распачаў афіцыйную дзейнасць. Сядзіба экзархату назмяшчалася ў Альбярціне [2, с. 437]. У якасці афіцыйнай мовы экзархат планаваў выкарыстоўваць беларускую [1, с. 277].

Легальная дзейнасць экзархату працягвалася нядоўга. Летам 1942 году экзарх Антон Неманцэвіч у выніку даносу быў арыштаваны нямецкай паліцыяй і памёр у менскай турме СД 6 студзеня 1943 года. Адначасова была ліквідавана місія езуітаў у Альбярціне, а тэрарызаваны праваслаўнымі дзеячамі намеснік экзарха а. Леў Гарошка быў вымушаны з’ехаць з Альбярціна ў Баранавічы [2, с. 438].

Сёння будынак езуіцкай місіі ў Альбярціне, у якім знаходзіўся ў савецкія часы інтэрнат, стаіць пусты і паступова руйнуецца. Пабудаваная езуітамі царква усходняга абраду перададзеная Праваслаўнай Царкве, а царкву лацінскага абраду абслугоўваюць айцы капуцыны са Слоніма. Памяць пра езуітаў усходняга абраду аднак жывая, і гісторыкам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ўдалося пачуць таксама цікавыя звесткі пра іх дзейнасць з вуснаў мясцовых жыхароў. У гонар айцоў-езуітаў усходняга абраду вернікамі гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі ў 1997 годзе паміж царквой і касцёлам у Альбярціне ўсталяваны крыж.

Яшчэ адным плёнам дзейнасці ацоў-езуітаў, а асабліва айца Антона Неманцэвіча, за далучэнне якога да ліку блаславёных моляцца вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, з’яўляецца экзархат усходняга абраду, які існуе на Беларусі па сённяшні дзень. Праўда, ад моманта смерці айца Антона Неманцэвіча ён з’яўляецца вакантным, але Святая Сталіца ніколі не ліквідавала гэтай структуры. Такім чынам, беларускія грэка-католікі спадзяюцца на прызначэнне экзарха, які б стаўся праўным галавою Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

А. мгр Андрэй Крот

 

Літаратура:

  1. Надсан А. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі. Менск, 2006.
  2. Туронак Ю. Спробы адраджэння Ўніяцкай Царквы на Беларусі ў ХХ стагоддзі//Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006.
  3. Цішэк В. Флягерты Д. З Богам у Расеі. Пінск, 2003.
  4. Białoruski ruch chrześcijański XX wieku. Słownik biograficzno-bibliograficzny. Пад рэд. J. Garbiński, J.Turonek. Warszawa, 2003.
  5. Co słychać w Albertynie?//Oriens. Dwumiesięcznik poświęcony sprawom religijnym Wschodu. 1936. №3.
  6. J.U. Rozwój Albertyna//Oriens. Dwumiesięcznik poświęcony sprawom religijnym Wschodu. 1937. №6.
  7. Początki i rozwój Albertyna//Oriens. Dwumiesięcznik poświęcony sprawom religijnym Wschodu. 1933. №2.
  8. Urban J. Ś. p. O. Protoigumen Włodzimierz Piątkiewicz//Oriens. Dwumiesięcznik poświęcony sprawom religijnym Wschodu. 1933. №3.