3 студзеня Каталіцкі Касцёл успамінае ў літургіі Найсвяцейшае Імя Езуса, якім было названае Дзіця Марыі ў восьмы дзень пасля нараджэння, згодна звычаю. Гэты дзень з’яўляецца тытулярным святам Таварыства Езуса, якое носіць імя Збаўцы. Да нядаўняга часу езуіты святкавалі яго разам з урачыстасцю Багародзіцы 1 студзеня – на восьмы дзень ад Божага Нараджэння, але некалькі год таму генеральны настаяцель Адольфо Ніколас вырашыў перанесці ўспамін, каб адзначаць яго разам з усім Касцёлам. Манаграма IHS, якая абазначае Найсвяцейшае Імя, часта сустракаецца ў дэкоры святынь і іншых будынкаў, звязаных з ордэнам езуітаў. Хоць шанаванне Імя Езуса было ўведзена яшчэ да заснавання Таварыства (святы Бернардын Сіенскі быў адным з тых, хто актыўна развіваў гэтую форму хрысціянскай пабожнасці ў XV ст.), яно шырока распаўсюдзілася, дзякуючы менавіта езуітам. Манаграма з лацінскіх літар першапачаткова была транскрыпцыяй трох грэцкіх літар (ёта, эта, сігма), якія выкарыстоўваліся для скарачэння імя Езуса (іх можна сустрэць на грэцкіх іконах, у манускрыптах). У лацінскай традыцыі гэтыя тры літары былі “раскрытыя” пры дапамозе выразу “Iesus Humanum Salvator” (“Езус, Збаўца людзей”).

“І няма ні ў кім іншым збаўлення, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мы можам атрымаць збаўленне,” – абвяшчае апостал Пётр перад Сінэдрыёнам пасля аздараўлення кульгавага ад нараджэння (Дз 4, 12).

На выявах з міланскага касцёла езуітаў San Fedele манаграма IHS мае незвычайны элемент – постаць Дзіцяці Езуса. Традыцыйна там знаходзіцца сімвал крыжа. Няхай жа ў калядны час гэтыя вобразы нагадаюць нам, што Бог дзеля нашага збаўлення выбраў прыйсці да нас, як малое безабароннае дзіця.