Папа Павел III 27 верасня 1540 года асобнай булай зацвердзіў новы каталіцкі закон (ордэн), бацькам якога па праву лічыцца Ігнацы Лаёла. Духам пачынальніка, ягонай нястомнай энергіяй і мэтанакіраванасцю было прасякнута ўсё жыццё закону.

Адной з задач Таварыства Езуса, улічваючы хуткае распаўсюджваыне пратэстантызму, стала змаганне з ерасямі шляхам пісьмовай палемікі, тэалагічных дыспутаў, выхавання і адукацыі моладзі вышэйшых станаў. Ігнацы, абраны першым генералам закону, на загад папы ўклаў ягоны Статут, чацвёртая частка якога была прысвечаная адукацыі.

Больш падрабязна праграма і методыка навучання выкладзеныя ў «Спосабе і ладзе навучання», які быў падрыхтаваны пасля генеральнай кангрэгацыі (з’езду) у 1581 годзе і, вытрымаўшы шэраг дапрацовак і выпрабаванняў школьнай практыкай, стаў з 1599-га абавязковым для школаў Таварыства на ўсім свеце. «Спосаб і лад навучання» быў складзены настолькі грунтоўна, прадумана і прадбачліва, што праіснаваў амаль без зменаў да другой сваёй рэдакцыі ў 1832 годзе. У ягоную аснову ляглі прынцыпы адукацыі Парыжскага ды іншых еўрапейскіх універсітэтаў, а таксама перадавыя педагагічныя канцэпцыі прагрэсіўных тэарэтыкаў школы эпохі Рэнесансу.

Магчыма, што перш за ўсё гэта паспрыяла імкліваму распаўсюджванню езуіцкіх школаў па ўсёй Заходняй Еўропе.

Першы навучальны калегіум закону ў Рыме быў адчынены ў 1551 годзе. А ў год смерці заснавальніка Таварыства Езуса (1556) езуіцкія школы існавалі ўжо ў Гішпаніі і Партугаліі, Францыі і Нямеччыне. Дамы і рэзідэнцыі езуітаў з’явіліся нават у Індыі, Бразіліі і Японіі.

Нямала спрычынілася да ўзрастання аўтарытэту і магутнасці Таварыства і сістэма кляшторнага выхавання. У кляштары кожны езуіт пад кіраўніцтвам магістра павінен прайсці шэраг пробаў, пад час якіх ён мусіць зрачыся матэрыяльных прывязаннасцяў і свецкіх спакусаў, пазбавіцца прагавітасці, эгаізму і пыхі. Дзеля ўнутранага ачышчэння выкарыстоўваюцца распрацаваныя Лаёлам «Духовыя практыкаванні», назвы раздзелаў якіх паказваюць паслядоўнасць медытацыяў: 1. Пра мэту чалавека; 2. Пра апошнія рэчы; 3. Пра жыццё і пакуту Хрыста; 4. Пра ягоную хвалу.

Тым часам пратэстанты ў Вялікім княстве Літоўскім разгарнулі чынную дзейнасць па стварэнні свайго універсітэта. Іх ачоліў беларускі магнат Мікола Радзівіл Руды. Сядзібай вучэльні мелася стаць старажытная беларуская сталіца — Вільня. Арганізацыю справы і клопаты пра запрашэнне прафесараў Радзівіл даручыў італійцу Бляндраце, былому доктару універсітэта ў Павіі. Аднак планам гэтым наканавана было не спраўдзіцца.

Намеры беларускіх пратэстантаў не з’яўляліся выпадковымі. Яны вынікалі з патрэбы Княства ва ўласным універсітэцкім цэнтры. Катэдральная школа, якая існавала ў Вільні з 1397 года і якая паводле свайго рангу павінна была б даваць вышэйшую адукацыю, заняпала і не нашмат перавышала сваім узроўнем ніжэйшыя парафіяльныя школы, якіх таксама было нягуста. Два каталіцкія біскупствы — Віленскае і Жмудскае — разам мелі ў сваім падпарадкаванні толькі каля 300 парафіяў. Школкі ж існавалі далёка не пры ўсіх іх. Крыху вышэй стаялі школы пратэстанцкія, але і іхнім узроўнем была незадаволеная тутэйшая шляхта. Дзейнічалі і шматлікія праваслаўыыя школы, пра якія, на жаль, захавалася вельмі мала звестак.

Патрэбу ў добра пастаўленай сістэме школьнай адукацыі адчувала не толькі свецкая арыстакратыя, але і духавенства. Віленскі біскуп Валерыян Шушкоўскі-Праташэвіч яшчэ да сваёй сустрэчы з езуітамі збіраўся запрасіць да Вільні настаўнікаў з Кракаўскай акадэміі.

Аднак пасля знаёмства ў 1564 годзе на Варшаўскім сейме з прадстаўнікамі Таварыства Езуса, Праташэвіч захапіўся ідэяй адкрыцця ў сталіцы Княства свайго універсітэта. Распачалася падрыхтоўка да ажыццяўлення гэтай задумы. I ўжо ў верасні 1596 года аўстрыйскі правінцыял Таварыства Езуса Лаўрэнцы Маджыо, у юрысдыкцыю якога потым будзе ўключаны новы навучальны асяродак, паслаў у Вільню брата Францішка Суньера. 3 ім разам прыбылі два ксяндзы — Бальтазар Гастаўнскі і Андрэй Фрызый, клерык Ёахім Пэтранэль і два законныя браты. Пасля ўрачыстага і надзвычай зычлівага прыёму біскупам і азнаямлення з планамі адкрыцця акадэміі, Суньер, хоць і не змог афіцыйна адкрыць калегіум адразу ж, аднак дазволіў сваім таварышам выкладаць асобныя прадметы. 3 кастрычніка таго ж года прыбылыя езуіты пачалі даваць лекцыі лаціны і грэцкай мовы рэкамендаваным ад біскупа асобам. А пад канец кастрычніка яны адчынілі найніжэйшыя класы з 60 вучнямі.

Менш чым праз год у Вільню завітаў сам правінцыял і 15 жніўня 1570 года абвесціў пра стварэнне калегіума. Першым яго рэктарам стаў Станіслаў Варшэвіцкі. Прэфектам школы і прафесарам рыторыкі быў прызначаны харват Тамаш Здэлярыч. Памагаў яму ў выкладанні рыторыкі шатландзец Ян Гай. Паэтыку вёў бельгіец Францішак Фабрыцыюс, а дапамагаў яму ірландзец Давід Дымус, які, апрача таго, выконваў абавязкі інструктара сцэнічных відовішчаў. У класе сінтаксісу вучыў Мацей Гаслер, у класе граматыкі Марцін Суабій і ў «інфіме», ніжэйшым граматычным класе,— Ёахім Пэтранэль. Як відаць з гэтага пераліку, як сярод прыбылых у 1569 годзе,так і ў складзе выкладчыкаў калегіума ў 1570-м меўся толькі адзін паляк (па іншых звестках, беларус) — Станіслаў Варшэвіцкі, усе астатнія паходзілі з краінаў Заходняй і Паўднёвай Еўропы.

Перад пачаткам заняткаў езуіты распаўсюдзілі ўлётку з інфармацыяй пра адкрыццё калегіума і са звернутымі да будучых студэнтаў вершамі на трох мовах: старагэбрайскай, грэцкай і лацінскай. 15 кастрычніка тэалагічным дыспутам распачалася ўрачыстасць  адкрыцця школьнага года. Тэзы дыспуту папярэдне былі вывешаныя на дзвярах віленскіх храмаў. Езуіты запрашалі іншаверцаў да слоўнага змагання. Сярод вялікай колькасці гасцей быў сам біскуп Валерыян Праташэвіч. Былі таксама і іншаверцы, але яны не наважыліся прыняць удзел у дыспуце, Таму прафесары самі рабілі закіды і абвяргалі іх. На другі дзень адбыўся дыспут па філасофіі, а на трэці — літаратурная дыскусія ў пытаннях паэтыкі і рыторыкі між вучнямі. Госці дзівіліся абазнанасці юнакоў і іх уменню весці спрэчкі. Нарэшце, на чацвёрты дзень была пастаўлена драма на антычную тэму пад назваю «Геркулес». Відовішча сабрала шмат магнатаў і шляхты, цэлыя натоўпы мяшчанаў і мела велізарны поспех. Прыкладна такімі ж урачыстасцямі з гэтага часу будзе адзначацца пачатак кожнага школьнага года ва ўсіх езуіцкіх калегіумах на Беларусі, якія з’явяцца пазней.

На заняткі прыйшлі 160 вучняў. А праз два гады, 25 лютага 1572 года быў афіцыйна адкрыты курс філасофіі, які падняў статус калегіума да няпоўнага вышэйшага. Ішла таксама падрыхтоўка да заснавання курсу тэалогіі. I нарэшце, 7 ліпеня 1578 года кароль Рэчы Паспалітай, у якую на федэратыўных пачатках уваходзіла Вялікае княства, Сцяпан Батура выдаў прывілей на пераўтварэнне Віленскага калегіума ў акадэмію з усімі правамі еўрапейскіх універсітэтаў: студэнты звальняліся ад мыта і падлегласці свецкім уладам, а навуковыя ступені, здабытыя ў ёй, мелі такую ж вартасць і тыя ж прарэгатывы, як і ў выпускнікоў, напрыклад, Кракаўскага універсітэта. Але яшчэ год пайшло на тое, каб пераканаць мясцовых магнатаў з Міколам Радзівілам на чале ў неабходнасці акадэміі і дабіцца ад іх змацавання прывілею пячаткаю Вялікага княства Літоўскага. 30 кастрычніка 1579 года папа Грыгоры XIII выдаў булу, у якой пацвердзіў каралеўскі прывілей і ўзвёў Віленскі калегіум да годнасці універсітэта.

Так у старажытным цэнтры беларускай культуры і дзяржаўнасці ўзнік першы універсітэцкі асяродак, аналагічны заходнееўрапейскім. Праз нейкі час ён змог паспяхова канкураваць з адукацыйным цэнтрам у Кароне — Кракаўскай акадэміяй, пераўзыходзячы яе ў перыяд свайго росквіту ўзроўнем адукацыі. Першым рэктарам Віленскай акадэміі стаў знакаміты прапаведнік, пісьменнік і палеміст Пётр Скарга. Вучні і прафесары Альма-матэр заваявалі ёй славу па ўсёй тагачаснай Еўропе.

Марцін Сміглецкі праславіўся сваёй «Логікай», якая была перадрукаваная ў Оксфардзе і карысталася ў Англіі вялікім попытам. Мацей Казімір Сарбеўскі, выдатны паэт і тэарэтык літаратуры, празваны «хрысціянскім Гарацыем», здабыў лаўровы вянок з рук папы, а ягокыя творы друкаваліся і вывучаліся ў буйнейшых гарадах Заходняй Еўропы. Вядомымі былі за межамі Княства і рытарычныя трактаты Жыгімонта Лаўксміна. Войцэх Віюк Каяловіч напісаў грунтоўную гісторыю Вялікага княства, якая мела поспех і пасля ягонай смерці, ды і цяпер уяўляе вялікую каштоўнасць для вывучэння нашага мінулага. Лінгвіст Канстанцін Шырвід, лексікограф Грыгоры Кнапскі, святы пакутнік Андрэй Баболя, знакаміты паэт-класіцыст Міхал Карыцкі, астраном Марцін Пачобут-Адляніцкі — пералік іх імёнаў можна доўжыць і доўжыць.

Даробак Віленскай акадэміі ў нацыянальную беларускую і ў сусветную культуру нельга пераацаніць. Апрача першых прафесараў, якія былі выхадцамі з розных еўрапейскіх краінаў, асноўны выкладчыцкі кантынгент праз нейкі час стаў фармавацца з прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва, пераважна з беларусаў і летувісаў. Большая частка студэнтаў таксама паходзіла з Беларусі і Жмудзі. Узіраючыся ў першыя праграмы навучання, у пераліку асобных класаў знаходзім і «клас рускі», у якім вучацца штодзённа зранку і пасля абеду чытаць і пісаць «па-руску», а потым перакладаюць і вучаць на памяць урыўкі з Евангелля альбо Катэхізму.

Без усялякага сумневу тут ідзе гаворка пра чытанне па-старабеларуску. Для выкладання «рускай» граматыкі меўся нават асобны прафесар. Ім, напрыклад, у 1587 годзе быў Лаўрэнцы Манікоўскі з Коўні. Катэхізм выкладаўся, відаць, паводле віленскага выдання катэхізму Пятра Канізія на старабеларускай мове 1585 года.

Можна меркаваць, што да сярэдзіны XVII стагоддзя выкладанне ў езуіцкіх школах, як і ў многіх іншых, у першых класах вялося па-беларуску, і толькі калі вучань ужо дастаткова засвойваў лаціну, стасункі між ім і настаўнікам працягваліся на гэтай мове.

Неўзабаве пасля зацвярджэння Віленскай акадэміі былі закладзеныя Сцяпанам Батурам калегіум у Полацку (1580) і Міколам Хрыстафорам Радзівілам у Нясвіжы (1584). Яшчэ больш хуткімі тэмпамі пачала шырыцца ў Беларусі езуіцкая адукацыя з пачатку XVII стагоддзя. Паўстаюць школы ў Смаленску (1611), Бярэсці (1615), Оршы (1612), Гародні (1625), Навагародку (1637), Пінску (1638), Віцебску (1637).

Колькасць калегіумаў няўхільна ўзрастала і да сярэдзіны XVIII стагоддзя на Беларусі ў яе сучасных палітычных межах (г. зн. без Вільні, Смаленска і Дзвінска) налічвалася ўжо 16 езуіцкіх школаў: дзве з якіх (Полацкая і Пінская) былі поўнымі калегіумамі, якія адрозніваліся ад акадэміі, бадай, толькі тым, што не мелі права прысуджаць навуковыя ступені і не валодалі універсітэцкай аўтаноміяй. Нясвіжскі калегіум меў поўны курс філасофіі, а шэсць іншых былі школамі з няпоўнай філасофіяй (у Гародні, Мсціславе, Навагародку, Оршы, Віцебску і Бярэсці). Яшчэ сем калегіумаў мелі статус сярэдніх школаў (гімназіяў) — з курсамі паэтыкі і рыторыкі (у Менску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Жодзішках, Бабруйску і Мерачы). Такім чынам, у сярэдзіне XVIII стагоддзя на Беларусі існавала ўжо, прынамсі, 9 вышэйшых навучальных установаў гуманітарнага тыпу, блізкіх да універсітэта.

Структура і арганізацыя езуіцкіх школаў на Беларусі, як і ў Заходняй Еўропе, рэгламентавалася ўжо названым «Спосабам і ладам навучання». У адпаведнасці з ім поўны езуіцкі калегіум уключаў тры ступені: пяці-шасцікласны курс сярэдняй школы, які заканчваўся класам рыторыкі; трохгадовы курс філасофіі і чатырохгадовы — тэалогіі. Курс тэалогіі прызначаўся толькі для сяброў закону і кандыдатаў у духовы стан. Для свецкай моладзі даступныя былі сярэднія школы і значна радзей — філасофія. Калегіумы з філасофіяй і тэалогіяй лічыліся вышэйшымі, а без такіх курсаў — сярэднімі, альбо гімназіямі.

Гімназія складала аснову калегіума і мела такія класы: «інфіма»; сярэдні граматычны клас, альбо «граматыка»; вышэйшы граматычны клас, альбо «сынтакс»;— гуманітарны клас, альбо «паэтыка», і, нарэшце,— найстарэйшы клас, «рыторыка». Першы клас — «інфіма» і апошні — «рыторыка» найчасцей былі двухгадовымі. Пазней пры гімназіях пачалі ўтварацца падрыхтоўчыя класы, якія называліся «праформа». Агульная працягласць навучання ў сярэдніх школах, такім чынам, складала ў сярэднім 7—8 год. Аднак сюды не ўлічваецца яшчэ пачатковая адукацыя, паколькі езуіты прымалі ў свае школы дзяцей, якія ўжо навучыліся чытаць і пісаць альбо ў парафіяльнай школцы, альбо ад дырэктара, і абавязкова з ведамі ў лацінскай мове.

Дзеці паступалі ў гімназію ў 10 год, а заканчвалі яе прыкладна ў 17— 18. Далейшае навучанне на курсе філасофіі звычайна адбывалася толькі пасля двухгадовага навіцыяту і ўступлення ў закон, а нярэдка да гэтага дадаваліся яшчэ два гады навучання ў педагагічнай семінарыі. Пасля філасофіі клерык мусіў некалькі гадоў выкладаць у гімназіях у малодшых класах, а скончыўшы курс тэалогіі,— у старэйшых класах і на філасофіі.

Захаванне прафесарамі і магістрамі цэлібату, а таксама жыццё іх у кляштары пры школе, дазваляла кіраўніцтву закону лёгка перамяшчаць іх у канцы навучальнага года з калегіума ў калегіум, а універсальная адукаванасць давала магчымасць кожнаму лёгка пераключацца з прадмета на прадмет. Такое перамяшчэнне выкладчыкаў з аднаго месца ў іншае, з дысцыпліны на дысцыпліну адбывалася рэгулярна праз адзін — тры гады.

На чале калегіума стаяў рэктар, які прызначаўся генералам закону і кіраваў усімі справамі ўстановы. Навучальна-выхаваўчым працэсам загадваў памочнік рэктара — прэфэкт. У вялікіх калегіумах яму на дапамогу выдзяляўся яшчэ прэфэкт ніжэйшых класаў. Паводле навуковых ступеняў настаўнікі дзяліліся на прафесараў (пасля тэалогіі) і магістраў (пасля філасофіі).

Апрача звычайных, з 40-х гадоў XVIII стагоддзя езуіты пачалі ствараць так званыя «шляхецкія» калегіумы, у якіх на аснове пашыранай праграмы навучалася толькі свецкая арыстакратыя. Пры езуіцкіх школах меліся таксама ўстановы выхаваўчага характару — бурсы для бясплатнага навучання і ўтрымання беднай шляхты. 3 1740 года на базе бурсаў сталі арганізоўвацца канвікты (інтэрнаты) для багатых з захаваннем пэўнай колькасці месцаў і для шляхецкай беднаты.

Як вядома, уся адукацыйная сістэма ў еўрапейскіх краінах аж да канца XVIII стагоддзя мела класічны характар. Гэта значыць, што асноўным яе зместам было вывучэнне лацінскай і грэцкай моваў, антычнай літаратуры і міфалогіі, паэтыкі і рыторыкі. Езуіцкая педагогіка пад уздзеяннем рэнесансных мысляроў надала школьнаму класіцызму яскравы гуманітарны кірунак.

Канспект вучня езуіцкага калегіуму

У інфіме вывучэнне лаціны, якую шкаляр ужо трохі ведаў, даводзілася да сінтаксісу, а таксама ўводзіліся элементы грэцкае мовы. 3 аўтараў чыталіся выбраныя лісты Цыцэрона і лягчэйшыя эпіграмы. У другім класе выкладалася ўжо ўся лацінская граматыка, хоць і ў элементарным выглядзе (грэцкую мову праходзілі да сінтаксісу). Апрача таго, чыталіся болыш складаныя лісты Цыцэрона, творы Цэзара і «Журботныя элегіі» Авідыя. Клас сінтаксу ставіў сваёй мэтай дасканалае авалоданне лацінскай граматыкай разам з метрыкай.Тут вывучаліся лісты і прамова «Аб сяброўстве» Цыцэрона, «Фасты» Авідыя, «Энеіда» Вергілія. Дадаваліся заняткі па грэцкай мове (авалоданне ўсёй граматыкай, чытанне баек Эзопа).

Навучанне ў класе паэтыкі падводзіла непасрэдна да вывучэння рыторыкі. Гэта падрыхтоўка палягала ў частых практыкаваннях, пашыраным чытанні аўтараў, пераважна, гісторыкаў, а таксама — «Энеіды» Вергілія, одаў Гарацыя, эпіграмаў Марцыяла і лягчэйшых прамоваў Цыцэрона. Тут выкладаліся паэтыка і пачаткі рыторыкі. Па грэцкай мове адпрацоўваўся сінтаксіс і чыталіся нескладаныя ўрыўкі з Фэагніда, Гесіёда, Грыгорыя Назіянскага.

Навукі ў гімназіі завяршаліся класам рыторыкі, прысвечаным выключна гэтай дысцыпліне, а таксама паэтыцы. У класе штудыявалі творы Цыцэрона з тэорыі красамоўства, працу аноніма «Да Гэрэнія», прамовы Цыцэрона, прозу Сенэкі, Лівія, Тацыта. Па грэцкай мове праходзілі метрыку, чыталі «Іліяду» Гамера, прамовы Дэмастэна, выбраныя эпіграмы.

Курс філасофіі грунтаваўся на творах Арыстоцеля, a тэалогія — на дактрыне Фамы Аквінскага.

Апрача філалагічных, філасофскіх і тэалагічных дысцыплінаў у складзе асноўных курсаў калегіума вывучаліся і такія прадметы, як гісторыя, геаграфія, фізіка, логіка і астраномія, якія ў праграмах асобна не выдзяляліся.

Навучанне ў езуіцкіх школах грунтавалася на пэўных метадычных прынцыпах цікавых і для сённяшніх педагогаў. Прынцып канцэнтрацыі патрабаваў засяроджання ў дадзены прамежак часу на адной граматычнай альбо моўнай з’яве. Напрыклад, у адзін дзень магло праходзіцца толькі адно граматычнае правіла, да якога падбіраліся прыклады, практыкаванні, урыўкі з тэксту з тым, каб дабіцца поўнага засваення гэтага правіла. Прынцып практычнасці палягаў у прымяненні засвоенага да жыцця. На аснове пройдзенага матэрыялу пісалі лісты і вершы, выступалі з прамовамі і дэкламацыямі, ставілі драмы. Адпаведна да навучальнай тэматыкі праходзіліся пэўныя раздзелы побыту: адзенне, посуд, жытло, войска, каб узбагаціць розум дзяцей звесткамі, узятымі з жыцця, а памяць — запасам словаў.

Асабліва падкрэслівалася недапушчальнасць перагрузкі. Таму дзённая норма матэрыялу, напрыклад, для класа граматыкі складалася з аднаго граматычнага правіла і чатырох сказаў з аўтара. Столькі ж задавалася і на дом.

Езуіцкія настаўнікі прытрымліваліся таксама прынцыпу паступовага ўскладнення заданняў і прынцыпу індывідуальнага падыходу. У ніжэйшых класах даваліся дыктанты для перакладу на родную мову, а потым выпраўленыя настаўнікам заданні перакладаліся назад на лаціну. Наступнай ступенню былі нескладаныя апісанні асобных прадметаў альбо падзеяў (дома, касцёла, жніва). Далей задаваліся разважанні пра якое-небудзь маральнае выслоўе і ягоныя тлумачэнні, вычляненне фразеалагізмаў і фігураў і замена іх іншымі альбо падобнымі.

Вышэйшай ступенню былі практыкаванні творчага характару, якія задаваліся ў класах паэтыкі і рыторыкі: напісанне вершаў на зададзеную тэму, выклад сваімі словамі скончаных урыўкаў з тэксту, пісьмовыя наследаванні антычным аўтарам прозай і вершам, нарэшце, складанне лістоў, панегірыкаў і прамоваў на зададзеную ці адвольную тэму. Тэматыка падбіралася залежна ад узроўню развіцця вучняў — больш здольным прапанаваліся дадатковыя заданні.

Для вывучэння і практычнага авалодання моваю важнае значэнне мела тое, што на ўроках і ў зносінах між сабой вучням забаранялася карыстацца роднаю моваю. Менавіта гэта давала, відаць, найбольшы вынік у засваенні лаціны. У наш час такая практыка атрымала назву «метада заглыблення» ў моўную стыхію і знаходзіць ужытак пры паскораным вывучэнні замежных моваў.

Практычна гэтае патрабаванне рэалізавалася наступным чынам. На кавалку драўніны ў форме жэтона выразаліся дзве літары N. L. (nota Linguae — знак мовы), і гэты жэтон уручалі аднаму з самых здольных вучняў. Калі той заўважаў, што нехта з ягоных таварышаў размаўляе не на лаціне, ён аддаваў гэты знак яму. А той, каб пазбегнуць пакарання, імкнуўся аналагічным чынам да абеду, а ў другой палове дня — да вечара, пазбавіцца знака. Зранку і пасля абеду настаўнік пачынаў урок з пытання: «У каго знак?» і прызначаў таму, у каго ён застаўся, якое-небудзь пакаранне, якое магло быць і цялесным. Калі ж вучань, якому апошняму быў перададзены жэтон, марудзіў з адказам, выкладчык пытаўся, хто яго меў перадапошнім і каму перадаў. Такім чынам, пазбыцца знака можна было, толькі перадаўшы яго іншаму альбо праз пакаранне. Гублялі яго вельмі рэдка, бо гэта цягнула за сабою вялікі грашовы штраф.

Меліся і жэтоны для кантролю за абычайнасцю, якія зваліся «Nota morum» (N. М — знак абычайнасці) і даваліся за дрэнныя паводзіны, неахайны знешні выгляд ды інш.

Другім спосабам заахвочвання да навукі была так званая эмуляцыя (спаборніцтва). Увесь клас разбіваўся на дзве паловы, з якіх адна звалася Pars Graeca — грэцкая частка, а другая Pars Romana — рымская частка. Кожны вучань «грэк» меў роўнага па ўзроўню суперніка «рымляніна». Напрыклад, калі «грэк» не адказваў на запытанне прафесара, падымаўся «рымлянін». Калі і ён не даваў адказу, выклікалася наступная napa і г. д. Залежна ад цяжкасці запытання настаўнік выстаўляў адпаведныя адзнакі (10 пахвалаў, 50 пахвалаў, 100 пахвалаў), якія потым заносіліся ў табелі, што віселі на сцяне ля кожнай паловы класа. У канцы тыдня альбо месяца вызначалася, які лагер перамог. Ён атрымліваў больш прэстыжную назву «Pars Romana» і займаў лаўкі пераможаных.

У спаборніцтве заваёўваліся і школьныя тытулы, самыя вядомыя з якіх — дыктатар, імператар, аўдытар, аўдытар аўдытараў і цэнзар. Дыктатарам прызначаўся вучань, які вырашаў складаную задачу альбо адказваў  на пытанне, на якое не мог даць адказу ніхто іншы з класа. Ен атрымліваў асобную лаўку з таго боку, дзе стаяла катэдра прафесара, быў незалежны ад аўдытараў і цэнзараў, у спаборніцтве заробленыя ім пахвалы мог аддаць любому боку, а дамашнія заданні адказваў толькі прафесару. Аднак калі дыктатара лавілі на тым, што не ведае матэрыялу, ён неадкладна ішоў у кут на «лаву аслоў».

У задачу аўдытараў уваходзіла праверка перад урокамі да прыходу прафесара дамашніх заданняў у сваіх таварышаў. Пасля гэтага яны самі адказвалі зададзенае на дом аўдытару аўдытараў, а той, у сваю чаргу, аднаму з іх. Потым аўдытар аўдытараў запісваў вынікі апытання ў асобны сшытак, каб перадаць яго выкладчыку. Апрача кантролю дамашніх заданняў, імператары мелі гонар прадстаўляць калегіум пад час школьных урачыстасцяў і займалі ў класе першыя лаўкі.

Цэнзары апекаваліся абычайнасцю вучняў і ўсе іхнія правіны натавалі ў адпаведнай кніжцы, за што нярэдка даставалі кухталёў ад сваіх сяброў, бо за гэтыя запісы прызначаліся пакаранні.

Рабіліся і іншыя захады дзеля павышэння рэзультатыўнасці вучобы. Гультаяватых вучняў, якім не дапамагала «лава аслоў», вянчалі саламянаю каронаю, што вісела на цвіку на відным месцы. Калі і гэта не дзейнічала, вінаватага вадзілі па ўсёй школе, выгукваючы: «Асёл з аслоў павек вякоў!» Аднак да такой крайнасці справа даходзіла вельмі і вельмі рэдка: ужо «лаўка аслоў» была сур’ёзным папярэджаннем, і той, хто трапіў на яе, прыкладаў усе намаганні, каб хутчэй вярнуцца на сваё ранейшае месца.

Значна радзей ужывалася фізічнае пакаранне, якое магло выконвацца толькі чалавекам, запрошаным збоку. «Прыладамі» ў яго былі бярозавая розка і «дысцыпліна» — вяровачная плётка з некалькімі канчурамі, якімі можна было атрымаць да пятнаццаці ўдараў.

Уяўленне пра тое, у якіх умовах вучыліся дзеці, можна атрымаць з вопісу маёмасці Бабруйскага калегіума — ардынарнай езуіцкай школы, зробленага ў 1773 годзе. Вось урывак з гэтага архіўнага дакумента: «3 правага боку ад касцёла — школа з часанага дрэва, пакрытая гонтам з двумя комінамі, выведзенымі над дахам. Перад дзвярамі ганак. Дзверы падвойныя, на завесах з клямкай і жалезнымі засаўкамі. Пры іх  павешаны школьны званок. У сенях знаходзіцца памяшканне тэатра з маляванай столлю. Перад сцэнаю 11 лавак простай работы. Па правым боку з сеняў дзверы да класа рыторыкі на завесах з клямкаю. Печ у ім з зялёнай кафлі, лаўкі з абодвух бакоў. Каля сцяны простай работы катэдра для прафесара, а над ёю абраз св. Анёла Ахоўніка. Вокнаў 4 з белага шкла ў драўляных рамах. Далей, з таго ж боку, дзверы да класа граматыкі і сінтаксу на завесах з клямкаю. У ім печ з белай кафлі. Вокнаў 2 з белага шкла ў драўляных рамах. Лаўкі з абодвух бакоў пры сценах. Катэдра ля сцяны для прафесара, над якою абраз Найсвяцейшай Панны.

Па левым боку з сеняў дзверы да класа інфімы на завесах з клямкаю. У ім 4 вакны з белага шкла ў драўляных рамах. Печ з зялёнай кафлі. Лаўкі з абодвух бакоў пры сценах. Простай работы катэдра для прафесара, над якой абраз св. Станіслава Косткі. Падлога ва ўсіх класах паўсюль з дошак».

Дзеля здароўя дзяцей і іхняга фізічнага развіцця два разы на тыдзень, звычайна ў аўторак і чацвер, наладжваліся рэкрэацыі. Настаўнікі выпраўляліся са сваімі выхаванцамі на прыроду, рабілі шпацыры, гулялі ў паланту, іншыя гульні з мячом. Распаўсюджанай школьнай забавай былі двубоі на кіях.

Шмат часу ў школах аддавалася рэлігійным практыкам. Дзень пачынаўся з імшы, у якой бралі ўдзел і выкладчыкі і вучні. Пад час навучання з кожным годам шкаляры глыбей спасцігалі вучэнне Хрыста, няўхільна набліжаючыся да вянца навукаў — тэалогіі.

Менавіта «docta et eloquens pietas» (вучоная i красамоўная пабожнасць), як дарэчы і ў гуманістаў Адраджэння, лічылася мэтаю езуіцкай адукацыі, знаходзячы сваё дасканалае ўвасабленне ў курсе тэалогіі. Уменне правільна і прыгожа выказваць свае думкі, валодаць мастацкім словам і свяшчэннаю моваю — лацінаю, якое было мэтаю гімназіі і атрымлівала сваё лагічнае завяршэнне ў класе рыторыкі, разглядалася толькі як прыступка на шляху да гэтага найвышэйшага школьнага ідэалу.

Аднак не толькі засваенне пэўных праўдаў веры было неабходным для духоўнага прагрэсу вучня. Пост, малітвы, удзел у святах і розныя дабрачынныя практыкі павінны былі пасеяць у душы ў дзіцяці зерні «добpaгa i вечнага». Асаблівай заўзятасцю ў працы дзеля душаў бліжніх вызначаліся самі сябры закону. Наведванне хворых і зняволеных, спавяданне засуджаных на смерць і дарэнне ўбогіх — гэтымі справамі езуіты заўжды выгадна вылучаліся сярод іншых законаў. У перыяды пошасцяў, якія раней адбіралі жыцці тысячам людзей, часам толькі мніхі Таварыства Езуса (як, напрыклад, пад час паморкаў у Вільні і Менску), як вартавыя, чуйнавалі ў абязлюдненых гарадах, даглядаючы хворых, спавядаючы паміраючых, хаваючы нябожчыкаў і гінучы ўслед за імі.

I ўсё ж, нягледзячы на вялікі выхаваўчы патэнцыял езуіцкіх школаў, дысцыпліна ў іх, перш за ўсё ў сярэдніх, часцяком была даволі нізкаю, асабліва ў перыяд адукацыйнага крызісу на пачатку XVIII стагоддзя. Карыстаючыся аўтаноміяй навучальных установаў там, дзе яна заканадаўча сцверджаная, і прысвойваючы яе там, дзе калегіуму не было нададзена ніякіх прывілеяў, студэнты нярэдка сур’ёзна парушалі законы. Баламуцтвы шкаляроў былі звычайнай з’явай у гарадах, дзе меліся калегіумы. Калі хто з гараджанаў наўмысна ці ненаўмысна абражаў аднаго са студэнтаў, ён ужо не мог быць спакойным за свой гонар і бяспеку датуль, пакуль пакрыўджаны не атрымоўваў сатысфакцыі. Яшчэ горш выглядала справа, калі ў адным горадзе былі навучальныя ўстановы розных законаў (як гэта было ў Вільні). Тады магло дайсці і да шабляў. А найбольш, трэба прызнаць, даставалася іншаверцам і асабліва яўрэям.

Сістэма адукацыі і выхавання, выпрацаваная езуітамі, была надзвычай дзейснай і жыццёвай, яна заваявала трывалую папулярнасць сярод інтэлектуальнай і сацыяльнай эліты Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, да якой належыць і Беларусь. У езуітаў атрымалі адукацыю многія сусветна вядомыя дзяржаўныя дзеячы і пісьменнікі: Мантэск’е, Дэкарт, Карнэль, Мальер, Вальтэр, славуты военачальнік прынц Кандэ і шмат іншых. У езуіцкіх школах вучылася шмат вядомых людзей нашага краю, сярод якіх такія дзеячы беларускай культуры, як Казімір Лышчынскі і Сімяон Полацкі.

Перавагі езуіцкай педагогікі прызнавалі нават іх праціўнікі. Вядомы нямецкі педагог-гуманіст Ёган Штурм пісаў: «Сярод іншых мніхаў,— калі б мніхі наогул маглі быць вартыя пахвалы,— яны заслужылі б пахвалу першымі. Бо тое, чаго не маглі дабіцца ад багасловаў і мніхаў ні добры і пабожны Райхлін, ні красамоўны і вучоны Эразм, ні Аляксандр Гетыхій і Рудольф Агрыкала, а менавіта каб мніхі, калі самі не хочуць прасвятляць навукамі, то каб дазволілі, прынамсі, іншым выкладаць іх,— гэта добраахвотна ўзялі на сябе езуіты. Яны навучаюць мовам і дыялектыцы настолькі добра, наколькі самі ў стане, выкладаюць вучням таксама і рыторыку». Яшчэ больш адназначна выказаўся Фрэнсіс Бэкан: «Што да педагогікі, то найкарацей можна сказаць наступнае: бяры прыклад з езуіцкіх школаў, бо лепшых не існуе ў свеце».

Кацярына II, якая пасля свайго візіту на Беларусь, аддала жандарам загад такога зместу: «Иезуитским монастырям н училищам сделайте особую опись. Вы за ними наипаче недреманно смотреть имеете, яко за коварнейшими изо всех латинских орденов». Пазней, у адным са сваіх лістоў, пісала: «Надо сознаться, что эти мошенники — отличные люди. Нигде еще не смогли устроить что-нибудь подобное их школам, хотя и ограбили их для этой цели».

Скіраванасць езуіцкай педагогікі на выхаванне гуманітарна адукаванага чалавека, які свабодна валодае лацінскай моваю і ўмее карыстацца мастацкім словам, як найлепш адпавядала ўмовам шляхецкай рэспублікі, якой было Вялікае княства Літоўскае да падзелаў Рэчы Паспалітай. Сувязі з Заходняй Еўропай, літургіі ў каталіцкіх храмах, судовыя працэсы, розныя соймы і соймікі, існаванне адносінаў тыпу «патрон — кліент» — усё гэта патрабавала як ведання лацінскай мовы, так і валодання паэтычнай мовай і прамоўніцкім майстэрствам.

Калі ж распаўсюджанне рацыяналізму і развіццё прамысловасці запатрабавалі больш рашучага ўвядзення ў школьныя праграмы прыродазнаўчых дысцыплінаў, пачалі рабіцца захады да школьнай рэформы. 3 40-х гадоў XVIII стагоддзя ў езуіцкіх калегіумах больш грунтоўна сталі вывучацца матэматычныя дысцыпліны і астраномія, уводзіцца новыя дысцыпліны: доследная фізіка, жывыя еўрапейскія мовы, а таксама ўрокі танцаў, музыкі і фехтавання.

Праведзеная рэформа дазволіла паслядоўнікам Лаёлы да моманту ліквідацыі закону папам Кліментам XIV (1773) дасягнуць высокага навукова-інтэлектуальнага патэнцыялу, які быў выкарыстаны Адукацыйнай камісіяй — першым у свеце Міністэрствам народнай асветы, створанай на землях Вялікага княства і Кароны, не далучаных па першым падзеле да Расіі.

На землях, якія адышлі да імперыі, насуперак папскай пастанове Кацярына II вырашыла захаваць закон разам з ягонай іерархіяй і школамі. Гэтым добра разлічаным палітычным крокам яна дасягала адразу некалькіх мэтаў: па-першае, ставіла сабе на службу самы ўплывовы і багаты закон, заваёўваючы сабе сімпатыі ўсяго каталіцкага свету і асабліва беларускай шляхты; па-другое, не трацячы ні капейкі грошай, захоўвала на захопленых тэрыторыях высокаразвітую сістэму адукацыі, што было вельмі важным, калі браць пад увагу абсалютную адсталасць расійскай адукацыйнай сістэмы ў параўнанні з Беларуссю; і, па-трэцяе, даходы ад езуіцкіх маёнткаў можна было выкарыстоўваць на патрэбы рускіх школаў, якія неўзабаве сталі насаджацца ў краі.

На далучанай частцы Беларусі захавалася шэсць калегіумаў, з якіх тры (Полацкі, Віцебскі і Магілёўскі) былі вышэйшымі, г. зн. з курсам філасофіі і тэалогіі. Сярэднюю адукацыю давалі гімназіі ў Оршы і Мсціславе, а школа ў Чачэрску — няпоўную сярэднюю. Ліквідацыя закону ў свеце і яго захаванне на Беларусі стала прычынай таго, што сюды сталі з’язджацца найлепшыя інтэлектуальныя сілы з калегіумаў, зачыненых у Заходняй Еўропе: немцы і італьянцы, гішпанцы і французы…

Прыток навуковага патэнцыялу з-за мяжы самым дадатным чынам паўплываў на ўзровень адукацыі. Яшчэ больш пашырыўся дыяпазон навучальных дысцыплінаў. Так, паводле праграмы 1796 года, апрача абавязковых лацінскай і грэцкай мовы, паэтыкі і рыторыкі, у калегіумах вывучаліся такія дысцыпліны, як руская, французская і нямецкая мовы, фізічная і палітычная геаграфія, агульная гісторыя, алгебра, тэарэтычная і практычная механіка, цывільная і вайсковая архітэктура, тэарэтычная і практычная гідраўліка, балістыка і піратэхніка, рамёствы. У вышэйшым курсе філасофіі выкладаліся таксама логіка, анталогія, этыалогія, касмалогія, этыка і псіхалогія, астраномія, эксперыментальная фізіка, оптыка…

Секулярызацыя Віленскай акадэміі і яе наступнае  пераўтварэнне ў свецкі універсітэт пад эгідаю Адукацыйнай камісіі паставіла беларускіх езуітаў перад праблемаю падрыхтоўкі вышэйшых ордэнскіх кадраў і прафесараў для калегіумаў. Пачалося доўгае і складанае змаганне за ўстанову акадэмічнага тыпу. Нарэшце, выкарыстаўшы палітычную каньюнктуру і спрыяльны момант, езуітам удалося дамагчыся ад Аляксандра II граматы на адкрыццё ў 1812 годзе другога на беларускіх землях універсітэта шляхам пераўтварэння старадаўняга калегіума ў Полацку ў акадэмію з усімі універсітэцкімі правамі і свабодамі.

Акадэмія мела права прысуджаць ступені магістраў і дактароў філасофіі і вызваленых навук, а таксама дактароў тэалогіі і права. Яна складалася з трох факультэтаў: моваў і літаратураў, філасофіі і вызваленых навук, тэалагічнага. Апрача прадметаў, указаных вышэй для калегіумаў, тут вывучаліся таксама хімія, батаніка, заалогія, мінералогія, трыганаметрыя, салідаметрыя, прыкладная матэматыка, палітычная эканомія і статыстыка, права натуральнае, цывільнае і народаў, тэалогія, касцельнае права, гісторыя касцёла, святое пісьмо. На філалагічным факультэце выкладаліся грэцкая, лацінская, старагэбрайская, польская, расейская, французская, нямецкая, італьянская, арабская і сірыйская мовы і створаныя на іх літаратуры. Звяртае на сябе ўвагу адмысловая філалагічная база акадэміі. Мовам навучалі людзі, для якіх яны былі роднымі і якія валодалі гэтымі мовамі ва ўсіх іхніх нюансах. Высокі ўзровень падрыхтоўкі слухачоў дазваляў прапаноўваць ім у якасці практыкаванняў, напрыклад, пераклады з французскай на грэцкую або з лаціны на нямецкую.

Пры акадэміі працавала друкарня, у якой было выдадзена шмат падручнікаў і навуковых трактатаў, літаратурных зборнікаў і лісткоў-аднадзёнак. У полацкай друкарні ўбачылі свет падручнікі лацінскай, французскай, нямецкай мовы, паэтыкі і рыторыкі, матэматыкі, былі перавыдадзеныя творы Фэдра, Тыбула, Цыцэрона, Нэпота, «Слоўнік старажытнасцяў», «Лацінска-польскі лексікон» і безліч іншых.

Акадэмічная бібліятэка мела велізарны на тыя часы кнігазбор, які налічваў каля 40 000 тамоў. Размяшчалася яна ў багата аздобленай і прасторнай зале. Апрача таго Полацкі універсітэт славіўся цікавым музеем з багатымі калекцыямі пладоў натуры, механічных прыладаў, архітэктурных мадэляў, медаляў і іншых старажытнасцяў, каштоўным зборам карцінаў. Акадэмія хутка ставала на ногі, пачынаючы ствараць канкурэнцыю Віленскаму універсітэту.

Са сценаў Полацкай альма-матэр выйшлі многія людзі, якія складаюць гонар беларускай культуры. Сярод іх — вядомы філосаф Анёл Доўгірд, знакаміты палітык і прамоўца Тадэуш Корсак, астраном і філосаф Якуб Накцыяновіч, славуты археолаг, гісторык і этнограф Канстанцін Тышкевіч, таленавіты мастак Валянцін Ваньковіч, пісьменнік, аўтар славутага «Шляхціца Завальні» Ян Баршчэўскі і шмат іншых.

Неўзабаве, калі ўжо пачала сталець маладая школьная сістэма ў Расіі, калі там утварылася Міністэрства народнай адукацыі, самадзяржаўе пачало адчуваць смяртэльную небяспеку з боку высокаразвітых навучальных установаў на захопленых землях. Першай ахвярай царызму стала Полацкая акадэмія. Яе зліквідавалі ў 1820 годзе праз восем гадоў пасля заснавання. Разам з ёю былі зачыненыя ўсе іншыя школы закону, а самі езуіты былі высланыя за межы імперыі. У віну ім ставілі перадусім недахоп лаяльнасці да рэжыму і падтрымку антыўрадавых настрояў.

Цікава пазнаёміцца са сведчаннем, якое М. Марошкін прыпісвае аднаму з езуіцкіх гадаванцаў у сваёй кнізе «Езуіты ў Расіі» (Спб., 1867): «Известно, что иезуиты владели монастырем Спаса, находящимся недалеко от Полоцка; монастырь этот находится в живописной местности; здесь была летняя резиденция иезуитских генералов и их усыпальница; в мае месяце иезуиты давали здесь рекреации воспитанникам своей Полоцкой коллегии и имевшегося при ней конвикта; на рекреациях позволялось иезуитским воспитанникам петь разного рода песни; песни эти были большею частию революционно-польского содержания или, как называли их, патриотические, следовательно, явно возмутительные и антипатриотические с точки зрения русского подданного. Чтобы обмануть бдительность русского правительства и избежать судебного преследования, иезуиты придумали такую хитрость: они переложили все революционные польские песни на напевы самых употребительных русских песен, так что под напев самой обыкновенной н общеизвестной русской песни, вроде «Сени мои» или: «Вниз по матушке по Волге», пелась самая бунтовщицкая польская песня, вышедшая из шайки Костюшко, и русское правительственное туземное чиновничество, слушая подобные песни, восхищалось родными мотивами и русскими звуками и не подозревало в этом ничего революционного; не подозревало, что в этих революционных песнях участвуют дети русских родителей, может быть, его собственные дети, которые под русские звукн призывают гибель своему отечеству и все мщення и кары неба…»

Абвінавачванне ў палітычнай нелаяльнасці было хутчэй за ўсё толькі падставаю для ліквідацыі закону. Асноўная ж прычына палягала ў тым, што існаванне гуманітарнай школы з даўнімі традыцыямі дэмакратызму і свабоды асобы, стаялі на шляху каланізатарскіх памкненняў царызму. Знішчэнне сістэмы адукацыі закрыццём спачатку Полацкай акадэміі, а потым Віленскага універсітэта (1832) і большасці сярэдніх школаў, ліквідацыя дзяржаўнай самастойнасці Вялікага княства праз ягоную анексію, касаванне дзеяння Статута 1588 года і судовых установаў, татальная русіфікацыя, паліцэйшчына і бяспрыкладны гвалт над асобаю — вось тыя «спрыяльныя» ўмовы, якія прывялі да «бурнага развіцця беларускай культуры пасля доўгачаканага ўз’яднання з братняй Расіяй», як і дагэтуль пішуць нашы казённыя гісторыкі. Глыбокі заняпад і культурная дэградацыя, якія доўжацца дасёння — вось вынікі гэтага «ўз’яднання» пад штыхом «жандара Еўропы».

Закіды, якія дагэтуль робяць езуітам, зводзяцца да абвінавачванняў у паланізацыі насельніцтва Вялікага княства, у цемрашальстве, у эксплуатацыі народа і г. д. 3 іх найбольш сур’ёзнае першае, якое вельмі часта можна чытаць у нашай літаратуры. I яно было б слушным, калі б езуіты ўводзілі польскую мову ў школах насуперак жаданням іхніх утрымальнікаў — беларускай шляхты і магнатаў, калі б яны першыя пачалі карыстацца польскаю моваю ў навучанні, свядома імкнучыся перавесці на яе ўвесь навучальны працэс, калі б яны былі выхадцамі з Польшчы.

Аднак факты гавораць пра іншае. Яшчэ да прыбыцця езуітаў польская мова ў Княстве шырока выкарыстоўвалася іхнімі праціўнікамі — пратэстантамі: у палеміцы, у пісьме, у друку. Частка шляхты ўжо была спаланізаваная. Нягледзячы на гэта да сярэдзіны XVII стагоддзя ў школах закону пачатковае навучанне вялося на старабеларускай мове, пра што красамоўна сведчаць гадавыя справаздачы калегіумаў (напрыклад за 1584, 1602, 1603, 1607, 1608 гады), а таксама першыя праграмы Віленскай акадэміі, ужо згаданае выданне катэхізму, пераклады тэкстаў рэлігійнага і свецкага характару ды інш.

Паланізацыя школаў адбывалася, як у мінулым стагоддзі правільна заўважыў вядомы гісторык школы К. Харламповіч, разам з паланізацыяй шляхты. Менавіта шляхта паланізавала школу, а не наадварот. Калегіумы, матэрыяльны стан якіх цалкам залежаў ад грашовых і зямельных ахвяраванняў арыстакратыі, мусілі лічыцца з густамі сваіх дабрадзеяў. Да сярэдзіны XVII стагоддзя, калі большасць шляхты перайшла на польскую мову, перайшла на яе і езуіцкая школа. Калі ж напрыканцы XVIII стагоддзя пачала абуджацца нацыянальная свядомасць беларусаў, езуіты зрабілі захады да вяртання ў школы беларускай мовы. Былі выдадзеныя лісткі з рэлігійнымі песнямі і беларуская кантычка, прамаўляліся казанні. I такі падыход не падасца дзіўным, калі ўважаць на тое, што пераважную большасць выкладчыкаў на Беларусі складалі заўсёды беларусы. Ды і сама Канстытуцыя закону патрабуе, каб, прыбываючы ў чужую краіну, сябры Таварыства адразу ж навучаліся нацыянальнай мове і праводзілі сваю працу менавіта на ёй.

Некаторыя непаразуменні вынікаюць, магчыма, з-за няведання спецыфікі езуіцкай адукацыі. Рэч у тым, што мэтаю яе было дасканалае авалоданне лацінскай мовай, а не якой іншай. Нацыянальныя мовы ўжываліся толькі на пачатковай стадыі навучання, пакуль вучнем не засвойвалася ў дастатковай меры лаціна. Пэўная недаацэнка нацыянальных моваў была ўласцівай не толькі езуітам. Гэтая ўстаноўка мае свае вытокі ў часах Рэнесансу, калі верхам дасканаласці абвяшчаліся свяшчэнныя мовы — грэцкая, лацінская і старагэбрайская. Усе іншыя лічыліся непрыдатнымі для выказвання высокіх ісцінаў. Толькі ў эпоху Асветніцтва культ лаціны пачаў пераацэньвацца.

На іншых абвінавачваннях не варта спыняцца з-за іх неабгрунтаванасці. I нават калі дапусціць, што езуіцкі закон сапраўды вінаваты ва ўсіх тых смяротных грахах, якія яму прыпісваюць, мы змушаны будзем прызнаць, што след, пакінуты ім у беларускай гісторыі і культуры, настолькі значны, што не заўважаць яго і далей мы проста не маем маральнага права.

Дзейнасць двух універсітэцкіх цэнтраў, шэрагу вышэйшых і сярэдніх школаў, мноства выдатных архітэктурных помнікаў, безліч друкаваных і рукапісных матэрыялаў на розных мовах, каласальнае ўздзеянне на ментальнасць грамадства, на ягоны духовы лад — усё гэта патрабуе самай пільнай увагі, руплівых даследаванняў і ўдумлівых разважанняў, каб адшукаць ядро праўды ў наслаеннях хлусні, замоўчвання і адмаўлення.

1991 г.

Алесь Жлутка, кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі

Надрукавана ў выданні: З гісторыяй на “Вы”. Публіцыстычныя артыкулы. Выпуск другі. Укладанне У. Арлова. Мінск, 1994

Галоўная выява: Полацак, Рынак, Езуіцкі калегіум (D. Strukov, 1864-67)/commons.wikimedia.org