У дзень 29 красавіка 1621 г. султан Асман II на чале янычараў выйшаў са Стамбула на вайну з Рэччу Паспалітай. Фіналам вайны стала драматычная аблога лагера літоўска-польска-казацкіх войскаў пад Хоцінам. Абаронай камандаваў самы выдатны палкаводзец Еўропы гэтага часу, які ў 1605 г. разграміў шведаў пад Кірхгольмам, вялікі гетман літоўскі Ян Караль Хадкевіч (1560–1621). Бітва пад Хоцінам доўжылася 40 дзён. Сярод абложаных і праціўнікаў пачалася эпідэмія «малдаўскай гарачкі». 24 верасня ад яе памёр Я. К. Хадкевіч. Туркі, даведаўшыся пра гэта, пайшлі на генеральны штурм. Абаронцы Хоціна вытрымалі дзевяць атак і ўтрымаліся на месцы. Паводле падання, у вечар 28 верасня ў іх засталася толькі бочка пораху. Раніцай наступнага дня туркі прапанавалі мір, што знясіленымі абложанымі было ўспрынята як цуд. Яго аднеслі на рахунак малітоўнага пасрэдніцтва святога Станіслава Косткі. Спыненне турак пад Хоцінам было настолькі значным для сучаснікаў, што папа Рымскі Рыгор XV усталяваў штогадовую ўрачыстую літургію ў знак удзячнасці і змясціў яе ў літургічным календары каталіцкай царквы ў дзень 10 кастрычніка. Візію айца Таварыства Езуса Мікалая Аборскага, які ўбачыў у аблоках над Хоцінам Маці Божую з Дзіцём і святога юнака Станіслава Костку, які моліцца каля ее ног, можно і сёння кантэмпляваць у правым алтары трансэпту Гродзенскай катэдры.

Разам з вялікім гетманам Хадкевічам, які, дарэчы, быў цесна звязаны з Ваўкавышчынай і Бераставіччынай, з-пад Хоціна не вярнулася шмат гродзенцаў. У іх ліку быў  гродзенскі стараста Станіслаў Касабуцкі (Kossobudzki). Адпраўляючыся пад Хоцін, ён напісаў тэстамент, якім, у выпадку невяртання з бою, перадаваў вёску Сухая Баля для забеспячэння фундацыі езуітаў у Гродне. У 1622 г. езуіты вырашылі спрэчныя пытанні са спадчыннікамі Касабуцкага і прыбылі ў горад.

Гэта адбылося праз 35 гадоў пасля нерэалізаваных планаў Стэфана Баторыя заснаваць у Гродне калегіум. Пра тыя планы вядома, што кароль у 1585 г. запісаў 10 000 флорынаў для фундацыі гродзенскага калегіума і прыступіў да будаўніцтва касцёла. Для Баторыя гэта было настолькі важна, што ён звярнуўся наўпрост (ў абыход правінцыяла і генерала) да папы Рыгора XIII (1572–1585), а той ужо настойліва рэкамендаваў генералу Клаўдыё Аквавіве (1543–1615) прыняць фундацыю ў выглядзе выключэння з правілаў1.

Навошта Баторыю былі патрэбны такія намаганні і паспешлівасць? Гістарыёграфы праўлення Стэфана Баторыя, пачынаючы ад Рэйнгольда Гейдэнштэйна (Heidenstein, 1553–1620), падкрэсліваюць цеснае ўзаемадзеянне караля і езуітаў. Аднак нікім з іх не адзначана акалічнасць, што, за выключэннем Полацка, каралеўскія фундацыі езуітаў, як здзейсненыя, так і запланаваныя, размяшчаліся на геаграфічнай карце практычна ўздоўж прамой лініі: тры кропкі ў Трансільваніі, а затым – Брэст, Гродна, Вільня, Рыга, Дэрпт2. На адрэзку паміж Трансільваніяй і Брэстам на гэтай лініі апынуліся калегіум у Львове і ў Любліне, фундаваныя ў той час мясцовымі біскупамі. Прававы статус Інфлянт (Лівоніі) дазваляў Баторыю разлічваць на перадачу гэтай тэрыторыі ў спадчыннае валоданне магчымым нашчадкам.

Калі б смерць не перакрэсліла яго планы, то шлях з роднай каралю Трансільваніі ў адваяваныя ім Інфлянты (Лівонію) ўяўляў бы сабой ланцуг з размешчаных прыкладна на роўных адлегласцях езуіцкіх калегіумаў, якія па сутнасці былі вузламі інфраструктуры, гатовай у любы момант прыняць каралеўскі двор і разгарнуць функцыянаванне дзяржаўнага апарата. Гэта цалкам адпавядае папулярнай версіі, што Гродна ў цэнтры гэтага ланцуга разглядаўся Стэфанам Баторыем як будучая сталіца дзяржавы.

Фундаваны Баторыем для езуітаў касцёл будаваўся вельмі хутка, але смерць караля наступіла яшчэ хутчэй. Пасля гэтага палітычнае жыццё зноў перамясцілася ў Кракаў і Вільню. Правінцыял езуітаў саступіў недабудаваны касцёл пробашчу гродзенскай парафіі. Падараваныя каралём зямельныя надзелы былі здадзеныя ў арэнду з накіраваннем плацяжоў на матэрыяльнае забеспячэнне Віленскай акадэміі.

Такім чынам грунтоўна і надоўга езуіты ў Гродне пачалі абасноўвацца толькі ў 1622 г. Пад канец года ў горад прыбылі айцец Адам Калазэмбскі (Kołozębski) і айцец Захар Скарульскі (Skorulski). Даходаў ад фундацыі Станіслава Касабуцкага хапіла толькі для адкрыцця ў горадзе місіянерскай станцыі, нават без ніжэйшай школы. Таму ад моманту пасялення двух езуітаў на місіянерскай станцыі да адкрыцця школы з класамі інфімы і граматыкі прайшло тры гады. Першапачаткова езуіты жылі ў доме сваяка а. Скарульскага старасты пярстуньскага Массальскага, потым у купленым доме недалёка ад парафіяльнага касцёла, дзе выконвалі функцыю прапаведнікаў і вялі іншую пастырскую працу, маючы ў распараджэнні адну капліцу і тры канфесіяналы3.

Магдэбургскі статус Гродна і размяшчэнне яго сярод каралеўскіх сталовых маёнткаў не давала надзеі знайсці такога буйнога патрона, як Радзівілы ў Нясвіжы. Таму далейшае развіццё гродзенскага ордэнскага дома езуітаў было абумоўлена паступовым накапленнем асобных фундацый. Першай з іх стаў маёнтак Свіслач, падараваны былым пробашчам гарадзенскай парафіі смаленскім біскупам Францішкам Ісайкоўскім. Наступнае значнае павелічэнне рэсурснай базы гродзенскіх езуітаў адбылося ў выніку дару Кшыштафа Халецкага, які адпісаў ім маёнткі Хорастаў, Калбасіна і Малахавічы, што недалёка ад горада, а таксама дзякуючы дару езуіта Гераніма Дзевалтоўскага, які перад прынясеннем прафесіі (чатырох апошніх вячыстых манаскіх шлюбаў у асаблівай урачыстай форме) запісаў Таварыству сваю радавую вёску Шупене4.

У 1630 г. у школе была заснавана Марыянскія Кангрэгацыя студэнтаў і музычная бурса. Гэта азначала, што гродзенскі ордэнскі дом Таварыства Езуса ўмацаваў пазіцыі і ўступіў у перыяд росквіту.

У езуіцкай школе паслядоўна, дзень за днём вучылі латыні. Навучанне ішло праз вусныя маўленчыя практыкі малымі порцыямі. Порцыя вызначалася памерам васковай таблічцы вучня. Важна, што пісьмо служыла толькі для спрашчэння запамінання, але не для захоўвання інфармацыі. Навучэнцы рухаліся ўслед за выкладчыкам, які пастаянна «скармліваў» ім порцыі правільнай вуснай лацінскай мовы, ідучы па прыступках складанасці ў класах інфімы, граматыкі, сінтаксы, паэтыкі і рыторыкі. Курс калегіума быў разлічаны на пяць гадоў, але пры наяўнасці здольнасцей мог быць скончаны хутчэй. Навучэнцы пры дапамозе вусных мнеманічных тэхнік трывала ўкладвалі ў памяці корпус лацінскіх тэкстаў антычных і хрысціянскіх аўтараў, вылучыўшы з іх топасы – агульныя месцы (loci communes). У класе рыторыкі на базе топасаў вучыліся складаць уласныя стылістычна бездакорныя паэтычныя і празаічныя канструкцыі5.

З топасаў, якія ператвараліся ў каркас вусных і пісьмовых маўленчых практык, складвалася адзіная паняційная сфера, якая аб’ядноўвала выпускнікоў калегіума ў асаблівы культурны пласт. Яны не мелі патрэбы ўзгадняць паняцці пры зносінах на тэмы больш складаныя, чым бытавыя. Таму што адназначна разумелі адзін аднаго з паўслова. З 1599 г. і да другой траціны XVIII ст. набор лацінскіх тэкстаў для вывучэння ў калегіуме быў цверда замацаваны ў «Ratio studiorum» (езуіцкім школьным статуце). Адпаведна, і комплекс топасаў, які адтворваўся калегіумам, заставаўся амаль нязменным. Тэксты, якія гучалі ў езуіцкіх класах (адсюль назва «класічныя»), тычыліся толькі вечнага і нятленнага, таго, што адносіцца да высокай культуры. З іх былі наўмысна выключаны пазітыўныя («карысныя») веды, неабходныя для эканамічна эфектыўнага ўзаемадзеяння са зменлівым матэрыяльным светам. Таму можна сцвярджаць, што езуіцкія калегіумы служылі кропкамі ўзнаўлення культурных узораў, якія складалі культурную матрыцу палітычнага народа Рэчы Паспалітай – шляхты. Вучоба ў калегіуме праходзіла ў адрыве ад бацькоў у мужчынскім асяроддзі і нярэдка суправаджалася цялеснымі пакараннямі і іншымі цяжкасцямі. У тэрмінах сёнешнай педагогікі можна лічыць яе своеасаблівай ініцыяцыяй маладога хлопчыка ў дарослага прадстаўніка эліты прывілеяваных саслоўяў ВКЛ – шляхты і духавенства.

Кантрольнымі кропкамі ў працэсе духоўна-маральнага выхавання ў калегіуме былі акты штомесячнай споведзі. У асаблівых выпадках навучэнцы-члены Марыянскай садаліцыі ў класе рыторыкі маглі спавядацца раз на тыдзень. Перад споведдзю навучэнец заставаўся сам-насам і выпрабоўваў сумленне паводле тыпавага фармуляра. З такога фармуляра, прыведзенага ў дапаможніку для езуітаў-настаўнікаў а. Стэфана Шчанецкага (1658–1737), можна даведацца, што ідэальны навучэнец калегіума павінен быў культываваць пакору пачуццяў (не разглядаць непрыстойнае, быць стрыманым у ежы, пітве і сне), быць стрыманым у мове (не сварыцца, не хлусіць, не ачарняць і не вінаваціць іншых, не балбатаць пустое), кантраляваць думкі і эмоцыі (пазбягаць зайздрасці, падазронасці, гневу, жадання помсты і пачуцця радасці ад чужых няўдач), імкнуцца здзяйсняць добрыя ўчынкі, але цурацца боек, крадзяжу і «нясціплых дотыкаў»6. Характэрна, што пытанняў аб рэлігійных практыках у фармуляры выпрабаванні сумлення зусім няшмат і яны гучаць у кантэксце пажаданняў любіць Бога перадусім.

Музычная бурса пры Гродзенскім калегіуме Таварыства Езуса была фармальна самастойнай і незалежнай ад калегіума, у той жа час была ўцягнута ў яго ўнутранае жыццё. Для бурсы была прадугледжана асобная фундацыя. У якасці ўстаноўчага фонду бурсы гродзенскія езуіты ў 1630 г. атрымалі 3000 злотых, гадавы працэнт у памеры 250 злотых быў прызначаны на ўтрыманне бурсы.У 1665 г. на гэтую мэту выдаткавана 250 злотых, а ў 1737 – 300 злотых. Бурса забяспечвала ўтрыманне і навучанне 5 хлопчыкаў. З цягам часу яны выходзілі на самастойны хлеб, у тым ліку ў складзе платных музыкаў музычнай капэлы пры езуіцкім касцёле7.

Адукацыйны працэс і распарадак дня музыкаў, якія пражывалі ў бурсе, паўтаралі формы, прынятыя ў калегіуме. Атрымаўшы ў бурсе звычайна пяцігадовую музычную адукацыю, яе выпускнікі працавалі на музычнай ніве горада і гродзенскіх  ваколіц. Сеймавы статус Гродна абумоўліваў досыць частае знаходжанне ў Гродне каралеўскага і магнацкіх аркестраў, што дазваляла гродзенскім бурсістам знаёміцца з музычнымі навінкамі, слухаць выкананне самых выдатных віртуозаў Рэчы Паспалітай. Рэлігійны рэпертуар капэлы Гродзенскай бурсы, з аднаго боку, дэманстраваў ўспрымальнасць ёю актуальных плыняў з еўрапейскай касцельнай музыкі, а з другога – наяўнасць высокага ўласнага кампазітарскага патэнцыялу. Калі ў 1769 г. падскарбі надворны літоўскі і стараста гродзенскі Антоні Тызенгаўз ствараў у Гродне тэатральна-музычную школу, выпускнікі якой пазней склалі аснову Варшаўскай каралеўскай оперы, то яму не прыйшлося пачынаць на пустым месцы. Навучэнцы рэкрутаваліся з бліжэйшых вёсак, а ў глядзельнай зале збіралася мясцовая шляхта. І адны, і другія ўжо знаходзіліся пад музычным уплывам капэлы Гродзенскай бурсы, а таксама яе выпускнікоў – кантараў і арганістаў навакольных касцёлаў.

Жыццё калегіума не абмяжоўвалася толькі заняткамі ў класах. Дакладней, заняткі ў класах былі значна больш разнастайнымі, чым у сучаснай школе. З першых дзён працы школы і да роспуску ордэна актыўна працаваў школьны тэатр, які быў абавязковым элементам дыдактычнага працэсу. У адрозненне ад вельмі рэдкіх сучасных школьных тэатраў, у калегіуме тэатр адыгрываў выключна ўтылітарную ролю, забаўляльная ж функцыя была на другім плане.

Справа ў тым, што ва ўмовах палітычнага рэжыму шляхецкай дэмакратыі паспяховасць жыццёвай кар’еры маладога шляхціца шмат у чым залежала ад яго пісьменнасці і прамоўніцкага майстэрства. Дадзеныя якасці маглі адкрыць яму дарогу да выбарных пасадаў і звязаных з імі даходаў. Кар’ера кліента, якая прыносіць прыбытак пры двары магната, таксама патрабавала пэўнай ступені абчасанасці і куртуазнасці, якую малады чалавек набываў падчас падрыхтоўкі прадстаўленняў школьнага тэатра, а затым меў магчымасць прадэманстраваць перад прысутнымі ў першых шэрагах уплывовымі прадстаўнікамі кіруючых колаў. У гэтым сэнсе гарадзенскі калегіум меў відавочныя выгады. На шляху з Варшавы ў Вільню і назад  у горад часта наведваліся каралі Рэчы Паспалітай, магнаты і біскупы, затым тут сталі праводзіцца соймы. Мясцовым студэнтам гэтыя падзеі служылі аказіяй для дэманстрацыі прамоўніцкага і сцэнічнага майстэрства. Трэба адзначыць, што частка праграмаў відовішчаў гродзенскага калегіума захавалася і досыць даўно апублікаваная, але да гэтага часу не патрапіла ў поле ўвагі беларускіх даследчыкаў культуры.

У 1633 г. былі створаны ўмовы (набыты матэрыяльныя рэсурсы калегіумам і падрыхтаваны выкладчыцкія кадры правінцыяй ордэна), каб дадаць у адукацыйную праграму школы клас паэтыкі. На працягу двух наступных гадоў гродзенская езуіцкая місія авансавала да ўзроўня рэзідэнцыі. Калі ж у 1645 г. дадаўся клас рыторыкі, то меркавалася на працягу некалькіх гадоў падняць школу да ўзроўня поўнага калегіума. Але чаканні не спраўдзіліся. У 1648 г. пачаліся войны. Падчас нашэсця маскоўскіх войскаў у 1655–1662 гг. горад быў цалкам спалены і спустошаны, а рэзідэнцыя Таварыства Езуса спыніла сваю дзейнасць, а езуіты разам з жыхарамі горада хаваліся ў лясах8 [3, с. 1229].

Новы этап развіцця гродзенскай школы езуітаў адзначыўся карэннымі зменамі ў знешнім асяроддзі. Пасля заканчэння паласы войнаў сярэдзіны XVII ст. скончылася эпоха рэлігійнай талеранцыі і настаў час супрэматыі каталіцызму. У адукацыйнай прасторы гэта спрыяла поўнаму дамінаванню езуіцкай школьнай сістэмы, якая валодала ўнутранымі механізмамі для хуткага нарошчвання колькасці высокаматываваных настаўніцкіх кадраў.

У 1664 г. школа Таварыства Езуса ў Гродне зноў адчыніла дзверы студэнтам. Але ўжо ў рангу поўнага калегіума. У дзень інаўгурацыі 1664/65 навучальнага года члены Марыянскай Кангрэгацыі студэнтаў «для ўзняцця духу ва ўмовах жудаснага вакол спусташэння» ўрачыста перанеслі з вёскі Кульбакі каля Гродна ў свой Касцёл «цудамі славуты» абраз Найсвяцейшай Панны Марыі Снежнай. Гэты абраз – пісаная на медзі копія з рымскага арыгінала – дагэтуль знаходзіцца ў былым езуіцкім касцёле ў Гродне і носіць назву іконы Найсвяцейшай Панны Марыі Кангрэгацкай або Студэнцкай9.

Па Канстытуцыі 1673 г. горад Гродна быў вызначаны месцам для кожнага трэцяга сойма Рэчы Паспалітай за выключэннем элекцыйных, канвакацыйных і каранацыйных. Гэта быў зручны выпадак гораду адбудавацца, а гараджанам наблізіцца да цэнтру прыняцця фінансавых і палітычных рашэнняў, якім быў сойм. Вядома, што падчас соймаў гродзенскія езуіты казалі пропаведзі на польскай і нямецкай мовах, арганізоўвалі спецыяльныя служэнні.

Апошняя чвэрць XVII ст. ў гісторыі гродзенскага калегіума характарызуецца імклівым ростам. У тры прыёмы ў 1677–1684 гг., у 1691 г. і ў 1722–1744 гг. езуіты ўзвялі шырокі каменны будынак калегіума, які падчас соймаў таксама здавалі ў наём для соймавых камісій і канцылярый. Гадавы прыбытак гродзенскага дома Таварыства Езуса складаў у 1639 г. – 300 злотых, у 1665 г. – 1000 злотых, 1705 г. – 3000 злотых, 1764 г. – 8062 злотых. Таму, калі ў XVII ст. калегія магла ўтрымліваць ад 7 да 20 чалавек, то ў XVIII ст. – ад 26 да 38 чалавек10.

Акадэмічная супольнасць калегіума вырасла настолькі, што для абслугоўвання патрэбаў сваіх членаў яму спатрэбілася аптэка. Яе заснавалі пры калегіі ў 1687 г. Тут трэба адзначыць, што традыцыю пільнай увагі да здароўя навучэнцаў заклаў яшчэ Ігнацы Лаёла, які патрабаваў ад правінцыялаў і рэктараў асаблівага клопату аб высокіх санітарных нормах вучобы і побыту навучэнцаў і выкладчыкаў у калегіумах. Поспеху аптэкі спрыяла традыцыя езуіцкіх аптэкараў дзяліцца паміж сабой медычнымі сакрэтамі і рэцэптурай лекаў. Так, з 1643 г. аптэкі Таварыства славіліся эфектыўным супрацьмалярыйным pulver jesuiticus «езуіцкім парашком» (які ўяўляў сабой цёртую кару хіннага дрэва) – яго распаўсюдзілі па Еўропе езуіты Паўднёвай Амерыкі.

Прафесія аптэкара была досыць рэдкай у Таварыстве, і таму ўсе пятнаццаць гродзенскіх аптэкараў вядомыя па імёнах. Але гэта не значыць, што езуіт-аптэкар чым-небудзь адрозніваўся ад іншых членаў Таварыства Езуса. Знаходжанне на пасадзе аптэкара доўжылася тры-максімум чатыры гады, а затым брат або айцец-аптэкар перамяшчаўся на новае месца. На яго ж месца правінцыял прызначаў каго-небудзь іншага, прычым не заўсёды аптэкара па прафесіі. Аптэка адыгрывала толькі дапаможную ролю ў галоўнай справе Таварыства, якая, як вядома, заключалася ў фарміраванні ў маладога пакалення «навуковай і красамоўнай пабожнасці».

Яшчэ адным сведчаннем росквіту Гродзенскага калегіума езуітаў служыць паўстанне залежных ад яго місіянерскіх станцый у Гольне (1664), Котры (1664), Дзембраве (1676), Мерачы (1676) і Ратніцы (1676), Ваўкавыску (1736) і Урдаміне (1756). У Кашубінцах каля Котры гарадзенскія езуіты за свой кошт пабудавалі драўляны касцёл, у якім затым праводзіліся каталіцкія набажэнствы для мясцовай шляхты, а таксама ўніяцкія для падданых сялян. У Мерачы ў 1696 г. была адкрыта школа, адукацыйная праграма якой у 1726 г. пашырана на курс граматыкі, а ў 1747 г.на курсы паэтыкі і гісторыі. Місіянерская праца гродзенскіх езуітаў у Ваўкавыску таксама прынесла плён у выглядзе граматычнай школы11.

Цудоўны ўласны касцёл Св. Францішка Ксаверыя гродзенскія езуіты будавалі ў 1678-1705 гг. Служэнне ў касцёле пачаліся ў 1700 г., а ўрачыстае прысвячэнне яго Св. Францішку Ксаверыю адбылося ў 1705 г. у прысутнасці саюзнікаў у вайне супраць Швецыі: караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II і расійскага цара Пятра I. У 1706 г. у прыбудаваную да касцёла капліцу быў перанесены цудоўны абраз Маці Божай Кангрэгацкай. У 1707–1709 гг. у касцёл з Кёнігсберга былі дастаўлены 6 бакавых алтароў працы Кшыштафа Пеўкера i яго майстэрні (Peuker, 1666–1735)12.

Перыпетыі Паўночнай вайны, акрамя візітаў каранаваных асоб, неслі калегіуму і страты, прычым не толькі ад шведаў. У 1707 г. саюзніцкія маскоўскія войскі абрабавалі аптэку і бібліятэку. У гэтым жа годзе князь Галіцын выкраў з бурсы двух музыкаў і разам з гарматным абозам вывез іх у Маскву. У 1708 г. харугвы Сапегі знішчылі місіянерскую станцыю ў Гольне.

Тым не менш, пасля заканчэння Паўночнай вайны ранг гродзенскага калегіума зноў павысіўся. У 1709 г. у яго сценах стаў чытацца курс філасофіі для клірыкаў і пабудаваны асобны каменны будынак аптэкі. Курс філасофіі адносіў калегіум да вышэйшай школы. Следствам гэтага стала ўладкаванне ў 1713 г. новага памяшкання бібліятэкі і павелічэнне збору кніг.

Наступная фаза актыўнага развіцця пачалася ў трыццатыя гады XVIII стагоддзя пасля заканчэння паласы войнаў. Бачным знакам гэтага стала ўпрыгожванне касцёла ў 1736–1737 гг. галоўным алтаром працы Яна Хрысціяна Шміта з Рэшля (Jan Chrystian Schmidt, 1701–1759)16. Трохузроўневы скульптурны алтар паводле дамовы не мог мець сабе падобных. А ўнікальнасць, як вядома, каштавала грошай.

Менш заўважнай прыкметай з’яўлення новай адметнасці ў жыцці калегіума стала ўвядзенне ў яе адукацыйную праграму ў 1737/38 навучальным годзе маральнай тэалогіі. Тэалогія ў навучальным плане азначала набліжэнне калегіума да ўзроўня акадэміі/універсітэта, а гэта, у сваю чаргу, падштурхнула да развіцця матэрыяльнай базы. У 1744 г. да пачатку пасяджэнняў сойма было скончана будаўніцтва ўсяго комплекса будынкаў калегіума. Пра бурныя падзеі сойма 1744 г. можна прачытаць у польскай даследчыцы Зоф’і Зялінскай14. Калегіум удзельнічаў у яго падзеях апасродкавана. У касцёле Св. Францішка Ксаверыя спаведнікі сядзелі ў канфесіяналах, каб ні адзін ахвотны ачысціць душу не быў пазбаўлены гэтай магчымасці. Святары-аперарыі служылі ватыўныя імшы па замове просьбітаў, якія вырашалі ў кулуарах сойма свае пытанні. Кожную нядзелю ў прысутнасці каралевы Марыі Юзэфы і яе фрауцымера для дэлегатаў сойма і гараджан прамаўляў пропаведзь пераведзены ў жніўні 1744 г. з Варшавы а. Фабіян Дахторавіч. Напярэдадні першага пасяджэння сойма яго пропаведзь кранула тэмы зорнага неба і зорак у тым сэнсе, што зоркі ззяюць на небе вечна, таму што не схільныя да зла карупцыі (гэта значыць іржы) у адрозненне ад людзей, чые душы не маюць зорнай трываласці і карумпаваныя прагай золата. Пропаведзі а. Фабіян апублікаваў15 у 1748 г. Параўнанне іх зместу з дыярыюшам сойма паказвае, што езуіты ў сваім касцёле імкнуліся падтрымаць дзеянні рэгалісцкай партыі.

Дэпутаты літоўскіх і польскіх правінцый падчас сойма збіраліся на асобных пасяджэннях-кансультацыях. Прадстаўнікам польскіх правінцый было адведзена памяшканне бібліятэкі калегіума. У выніку ў 1745 г. у бібліятэцы былі пастаўлены новыя шафы і змантаваныя жалезныя аканіцы. У 1752 г. канчаткова надбудаваны вежы і купалы касцёла. У 1763 г. надбудаваны паверх над аптэкай, а ў 1765 г. – ліхтар над галоўным купалам касцёла. У 1762 г. быў пашыраны змест курса тэалогіі і заснавана Брацтва Найсвяцейшага Сэрца Езуса з мэтай пашырэння набожных практык у студэнцкім асяроддзі.

Пабожныя практыкі студэнтаў не заўсёды кампенсавалі буйныя норавы гродзенскіх студэнтаў. Пад канец кадэнцыі рэктара Казіміра Юрагі (Juraha, рэктар у 1749 – 1753 гг.) студэнты калегіума ўламіліся ў гарадскую турму, дзе сядзеў нейкі слуга падпалкоўніка камісара каралеўскіх эканомій, асуджаны за здзейсненае злачынства на смерць. «Разагнаўшы варту і выламаўшы дзверы, асуджанага пусцілі вольна». Камісар унёс скаргу ў трыбунал на рэктара і калегіум. Яны на суд не з’явіліся. Тады трыбунал завочна прысудзіў калегіуму «10 000 злотых грыўны і заезд на вёску Котра». Спатрэбілася шмат намаганняў рэктара Віленскай акадэміі Яна Юрагі (брата гродзенкага рэктара) і падскарбія літоўскага Юрыя Флемінга (Fleming, 1699–1771), каб трыбунал адхіліў свой прысуд і задаволіўся цялесным пакараннем студэнтаў, прызначаным ім рэктарам калегіума16.

У 1765 г. гродзенскае староства ўзначаліў Антоній Тызенгаўз (1733–1785) надворны падскарбі літоўскі, які стварыў у Гродне, як выказваліся сучаснікі, «квітнеючую Галандыю». Адначасова з ўкараняемымі Тызенгаўзам навінкамі з’явіліся навацыі ў езуіцкім калегіуме. У 1770–1773 гг. тут сталі выкладаць матэматыку і сучасныя мовы: нямецкую і французскую. У 1772 г. быў нават адкрыты шляхецкі канвікт і яго прэфектам быў прызначаны Францішак Ксаверый Богуш (1746–1820), які адыграў значную ролю у далейшым развіцці сістэмы адукацыі Рэчы Паспалітай.

На жаль, гэтыя навацыі былі апошнімі. У 1773 г. у Рыме папа выдаў булу аб роспуску Таварыства Езуса, якая па сутнасці разбурала існуючую больш за дзвесце гадоў адзіную еўрапейскую адукацыйную прастору і ўскосна стварала матэрыяльную базу для ўтварэння нацыянальных школьных сістэмаў. Квітнеючы гродзенскі калегіум быў перададзены новастворанай Камісіі нацыянальнай адукацыі, якая на яго базе ў Гродне стварыла акруговую школу – адну з дзевяці ў Рэчы Паспалітай. Для калегіума гэта стала катастрофай. У 1772 г. яго кадравы склад налічваў 42 чалавекі. З іх месца у новай школе для працы і жыцця было прадастаўлена толькі васьмі прафесарам. Іроніяй лёсу склалася так, што апошні рэктар калегіўма насіў прозвішча аднаго з двух першых езуітаў, прыбыўшых у Гродна ў 1622 г. Ім быў а. Юзаф Скарульскі (1718–1776)17.

Напрыканцы кароткага нарысу пра езуіцкі калегіум ў Гродне трэба адзначыць, што, нягледзячы на салідны спіс даследванняў звязанай з гродненскімі езуітамі праблематыкі, комплекснае апрацаванне яго гісторыі ўсё яшчэ чакае свайго аўтара. Да гэтага трэба дадаць, што ва ўмовах гучных нараканняў на перманентную рэформу сучаснай школы падаецца вартым зірнуць больш уважліва на падставы езуіцкай адукацыйнай сістэмы, якая, будучы практычна нязменнай на працягу двух стагоддзяў, пазаставіла трывалыя сляды ў генетычным кодзе беларускай культуры.

Уладзімір Ляўшук кандыдат гістарычных навук, загадчык кафедры турызму і культурнай спадчыны Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы.

Апублікавана ў Зборніку навуковых артыкулаў “STUDIA THEOLOGICA GRODNENSIA”, выпуск 14, 2021 г.

Спасылкі:

1  Załęski, S. Jezuici w Polsce : w 5 t. – Lwów ; Kraków : Drukiem i nakładem, drukarni ludowej, 1900–1906. – T. I : Walka z różnowierstwem. 1555–1608, cz. I : 1555–1586. – S. 370–374

2  Carrez, L. Atlas Geographicus Societatis Jesu / L. Carrez. – Paris : apud Georgium Colombier, 1900. – S. 12.

3  Załęski, S. Jezuici w Polsce : w 5 t. – Lwów ; Kraków : Drukiem i nakładem drukarni ludowej, 1900–1906. – T. IV : Dzieje 153 kolegiów i domów Jezuitów w Polsce, cz. III : Kolegia i domy założone w drugiej dobie rządów Zygmunta III i za rządów Władysława IV 1608–1648. – S. 1226.

4  Ibidem, s. 1227.

5  Natoński, B. Szkolnictwo jezuickie w Polsce // Z dziejów szkolnictwa jezuickiego w Polsce : wybór artykułów / oprac. J. Paszenda. – Kraków, 1994. – S. 33–62.

6  Kochanowicz, J. Podręcznik pedagogiki Stefana Sczanieckiego SJ z 1715 roku. Professio circa puerorum in virtute, sapientia et politie institutionem / J. Kochanowicz. – Kraków : Wydawnictwo WAM, 2001. – S. 75–79.

7  Ляўшук, У. Qui Cantu Templum Exornabant, або аповесць пра музычную бурсу ў Гародні // Гарадзенскі гадавік. – №3. – 2014. – С. 11–16.

8  Załęski, S. Jezuici w Polsce : w 5 t. – Lwów ; Kraków : Drukiem i nakładem drukarni ludowej, 1900–1906. – T. IV : Dzieje 153 kolegiów i domów Jezuitów w Polsce, cz. III : Kolegia i domy założone w drugiej dobie rządów Zygmunta III i za rządów Władysława IV 1608–1648. – S. 1229.

9  Biblioteka Uniwersytetu Warszawskiego, sygnatura Sd. 713.1920: Summaryusz Cudow yłask Znákomitszych Naświętszey Panny MaryeyStudentskiey w Kongregaciey GrodźieńskieyIchmośćiow PP. Studentow, pod titułem Annuntiationis, u WW. Oycow Societatis IESUNa rozżarzenie ufnośći Utrapionych zebrany, a zadozwoleniem Iaśnie Wielmożnego PrzewielebnegoIegomośći X. Alexandra Kotowicza BiskupaWileńskiego do druku podany w Wilnie wDrukarni Soc: IESU, Roku Zbawienia 1686.

10  Paszenda, J. Kościół pojezuicki (farny) w Grodnie // Kultura artystyczna Wielkiego Księstwa Litewskiego w epoce baroku / red. J. Kowałczyk. – Warszawa : Instytut Kultury, 1995. – S. 199–224.

11  Liaushuk, U. Terra Jesuitica Grodniensia, czyli o domach zakonnych zależnych od grodzieńskiego kolegium jezuickiego // Studia Paedagogica Ignatiana. – 2019. – Т. 22. – № 4. – С. 49–72.

12  Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa trockiego : w 4 t. / red. Maria Kałamajska-Saeed. – Kraków : MCK, 2012–2018. – T. IV/2. – S. 25.

13  Przeracki, J. Artyści działający na Warmii w XVIII wieku (Krzysztof Peucker, Jan Chrystian Schmidt, Chrystian Bernard Schmidt, Krzysztof Sand, Jan Witt, Jan Ignacy Witt, Jan Antoni Frey, Piotr Andrzej Kolberg i Józef Joachim Korzeniewski) // Komunikaty Mazursko-Warmińskie. – 2011. – Nr 3. – S. 441–499.

14  Zielińska, Z. Walka “Familii” o reformę Rzeczypospolitej 1743–1752. – Warszawa : Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1983. – S. 87–158.

15  Głos poselski w głosie kaznodzieyskim, przedtym na seymie grodzieńskim, w kościele S. Franciszka Xawiera Societatis Jesu, przy łaskawey przytomności Nayiaśnieyszey Królowy Polskiey z zbawienną instrukcyą do uszu formowany, teraz dla obszernieyszey dusz ludzkich informacyi, drukarską sztuką na oko wydany 1748. W Warszawie w drukarni J.K. Mci y Rzeczypospolitey Kollegium Societatis Jesu. – 216 s.

16  Załęski, S. Jezuici w Polsce : w 5 t. – Lwów ; Kraków : Drukiem i nakładem, drukarni ludowej, 1900–1906. – T. III: Prace misyjne nad ludem 1648–1773. Cz. 2: 1700–1773 – 1902. – S. 1033.

17  Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564–1995 / oprac. L. Grzebień SJ przy współpracy zespołu jezuitów. – Kraków : WAM, 1996. – 888 s.