Гамілія на V Велікодную нядзелю, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. А калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце».

Кажа яму Тамаш: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?»

Езус сказаў яму: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не  прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі».

Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам». Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: “Пакажы нам Айца?” Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца.

Ян 14, 1-12

Верыць — стаць на скале, якой ёсць Хрыстус

Сённяшні евангельскі ўрывак пераносіць нас у вячэрнік, на Апошнюю вячэру Езуса з вучнямі. Гэта, напэўна, вельмі асаблівы і кранальны момант: перад сваёй смерцю Пан Езус жадае сказаць апосталам нешта вельмі важнае, можна сказаць, пакінуць ім тэстамэнт. Перш за ўсё, Ён хоча іх супакоіць, забраць іх трывогу перад болем расстання, перад перспектывай невядомага пасля Яго адыходу…

Трывога, непакой — напэўна, знаёмае ўсім нам адчуванне. У гэты час эпідэміі яно часцей, чым звычайна, можа нас ахопліваць — і праз страх заразіцца, і праз тыя эканамічныя наступствы, якія, магчыма, закрануць большасць з нас… Сам Езус таксама адчуваў турбаванне і хваляванне, напрыклад, перад магілаю свайго памерлага сябра Лазара (у грэчаскім арыгінале ўжываецца тое самае слова, каб апісаць і стан Пана ў тым эпізодзе, і Яго скіраванае вучням запрашэнне не турбавацца). Але гэты стан не быў вызначальным для Езуса, як не павінен быць і для вучняў.

Езус запрашае вучняў верыць: гэта адзіны адпаведны адказ на непакой і трывогу.

Вера — не проста інтэлектуальнае прыняцце нейкага факту, недаступнага нашым пачуццям, якога не можам бачыць ці дакрануцца да яго. У габрэйскай мове Старога Запавету дзеяслоў «верыць» звязаны з паняццем «стаяць моцна на скале» (дарэчы, слова «амэн» паходзіць ад таго ж кораня). Але Езус уводзіць у старазапаветнае паняцце нешта зусім новае: верыць, ці цвёрда абапірацца нагамі на скалу, цяпер значыць прыняць Яго самога як аблічча Бога, як канчатковае адкрыццё таго, што Бог хацеў сказаць людзям. Вера адгэтуль азначае асабістую сувязь з Езусам, Сынам Божам і Сынам Чалавечым, Братам і Збаўцам усіх і кожнага паасобку; азначае прыняць Яго як адзіную дарогу да мэты жыцця.

Дарога — куды?

Дарога — універсальны сімвал чалавечага існавання: яго можна часта сустрэць не толькі на старонках Старога Запавету, але і ў іншых рэлігіях. Быць на нейкім духоўным шляху азначае найчасцей прытрымлівацца пэўных прынцыпаў — маральных ці рытуальных, напрыклад. На гэтым фоне нам варта пачуць словы Езуса ва ўсёй іх надзвычайнай навізне і моцы: «Я — дарога, — кажа Пан, — ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як только праз Мяне». Езус — не проста настаўнік, прапаведнік нейкіх прынцыпаў, не проста той, хто фармулюе маральныя патрабаванні для сваіх паслядоўнікаў і з’яўляецца прыкладам для іншых. Ён сам, асоба з цела і крыві; асоба, з якой можна пабудаваць адносіны, — адзіная дарога ў дом Айца.

Кожная дарога мае мэту; «той, хто падарожнічае без мэты, дарма траціць свой высілак», казаў святы Марк Пустэльнік. Менавіта мэта акрэслівае дарогу да яе, а не наадварот; калі проста ісці туды, «куды вочы глядзяць», можна апынуцца ў вельмі кепскім месцы. Якая канчатковая мэта нашага жыцця?

Апостал Філіп у сваёй крыху недарэчнай просьбе па-свойму адказвае на гэтае пытанне і адначасова выказвае глыбокае жаданне кожнага чалавечага сэрца: убачыць Айца, свайго Стварыцеля, адчуць Яго прысутнасць і любоў.

Пытанне Філіпа недарэчнае толькі таму, што ён не заўважыў, як гэтая прысутнасць і любоў стала яму даступнай у асобе Езуса.

«Шчаслівыя, хто не бачыў, а паверыў»

Нам варта зрабіць гэтую просьбу Філіпа нашай: «Пане, пакажы нам Айца», гэта значыць адкрый нам самога Сябе, дапамажы ўсвядоміць, хто Ты ёсць для майго жыцця. У пытанні Філіпа адчуваецца жаданне нейкага дадатковага доказу, чаканне адчуць і ўбачыць Божую прысутнасць больш яўна, больш відавочна. Можа часам здавацца, што Богу падабаецца гуляць з намі ў хованкі, і нам хацелася б змяніць правілы гульні, хацелася б ясней бачыць, чаго ад нас чакае Бог. Але вера прадугледжвае нашу свабоду — інакш чалавеку не заставалася б нічога іншага, як прыняць відавочнае, і ў гэтым няма свабоднага выбару.

Езус у тым жа вячэрніку пасля свайго ўваскрасення скажа Тамашу: «Шчаслівыя, хто не бачыў, а паверыў», і гэтае благаслаўленне мы хочам прыняць сёння. Што яно азначае для нас у канкрэтыцы нашай штодзённасці, на розных сцежках жыцця: у сям’і, на працы, падчас адпачынку, у адносінах з іншымі? Менавіта ў падрабязнасцях нашага існавання Езус хоча быць для нас Шляхам, быць унутраным компасам для нашых выбараў, дзеянняў, словаў, спосабу мыслення і ўспрымання рэчаіснасці.

Дарога жыцця і сцежкі штодзённасці

Паглядзець дакладна на ўласнае жыццё і адкрыцца для прысутнасці Езуса ў канкрэтных яго абставінах — асабістае заданне для кожнага з нас, якое ніхто іншы не можа за нас зрабіць. Але што сапраўды важна ў гэтым нашым высілку — памятаць сённяшнія словы Езуса: «Хто верыць у Мяне, будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць».

Гэта, напэўна, гучыць як гіпербала, як перабольшванне з боку Езуса: як магчыма ўчыніць нешта больш вялікае, чым справы Пана? Тым не менш, менавіта такім чынам Пан выказвае вялікі давер, які Ён мае да нас: Яго вучні становяцца Яго рукамі, нагамі, вуснамі і чыняць тое, што сам Езус хоча ўчыніць, працягваючы сваю справу збаўлення ўсіх людзей.

Ці гатовыя мы адказаць на гэты давер? Ці асмелімся прыняць такое неверагоднае запрашэнне ўчыніць вялікія справы, ідучы шляхам Езуса, прымаючы дар Яго Духа?

Асмеліцца імкнуцца да большага

У гэтым нас натхняе прыклад іншых хрысціянаў, якія зрабілі выбар смела ісці за Хрыстом. Сёння хачу падзяліцца з вамі адным такім прыкладам, пра які на мінулым тыдні ішла гаворка ў навінах: Папа Францішак дазволіў распачаць беатыфікацыйны працэс італьянскага падлетка па імені Матэо Фарына, які памёр ад раку мозгу зусім нядаўна, у 2009 г., ва ўзросце 19 гадоў. У сваім дзённіку Матэо пісаў, што хоча быць прысутным у сваім асяроддзі — сярод іншых падлеткаў, такіх, як ён сам, — несучы ім Божае святло, якім ён быў асветлены, прынесці маўкліва яго сярод іх і заразіць іх «вірусам любові». Матэо казаў, што ён хоча быць часткай групы, але не рабіць памылак іншых, значыць не грашыць і не адмаўляцца ад сваёй хрысціянскай веры. Ён прызнаваў, што гэта складана, але ўсё ж магчыма!

Кожны з нас, незалежна ад нашага ўзросту, мае выбар: ці ў нашым атачэнні «ісці за натоўпам», быць як усе, ці прыняць як прыярытэт сведчанне пра Хрыста, пра маю асабістую сувязь з Ім. Дзеля гэтага, канечне, гэтая сувязь павінна быць жывой і моцнай.

Сёння Пан Езус аднаўляе сваё запрашэнне да мяне і цябе — выбраць Яго як шлях нашага жыцця, як Збаўцу і Сябра, які праз дар свайго Духа робіць нас здольнымі ўчыніць вялікія рэчы.

Няхай той жа Дух дапаможа нам смела прыняць гэтае запрашэнне і так знайсці сапраўдную радасць і шчасце.

Віктар Жук SJ