Гамілія на І Нядзелю Адвэнту, Год A

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Езус сказаў сваім вучням: Як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх: так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзятая, а другая пакінутая.

Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Бо ведаеце, што, калі б гаспадар дому ведаў у якую варту прыйдзе злодзей, дык не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце.

Мц 24, 37–44

Цемра, у якой заззяе Святло

Перыяд Адвэнту ў нашай частцы свету адпавядае той пары, калі дні ўсё карацейшыя, а ноч — даўжэйшая. Мы чакаем таго пераломнага моманту, калі святло «пераможа» і дзень урэшце пачне паволі даўжэць. Менавіта тады мы святкуем Божае Нараджэнне: тую вялікую падзею, калі ў нашым свеце заззяла «святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет» (Ян 1, 9).

Пакуль жа мы чакаем гэтага моманту, усё больш відавочным становіцца, як моцна нам патрэбна праўдзівае Святло, якое прыходзіць рассеяць цемру.

У сённяшнім першым чытанні чуем запрашэнне прарока: «Прыйдзіце, і пойдзем у святле Пана!» Ісая ўдакладняе, што гэта азначае ў першую чаргу: «Перакуюць мячы свае на плугі <…>. Не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць». Як жа востра гучыць гэты заклік сёння, калі мы з’яўляемся сведкамі вайны і жудасных злачынстваў, якія яе суправаджаюць!

Час, у які нам даводзіцца жыць, здаецца цёмнай ноччу з прычыны насілля, несправядлівасці і шматлікіх іншых праяваў зла ў нашым свеце, грамадстве і, магчыма, таксама ў нашым асабістым жыцці.

Перыяд Адвэнту — гэта нагода ўсвядоміць, што нам сапраўды патрэбна збаўленне, умяшальніцтва Таго, хто можа перамяніць стан рэчаў, хто можа рассеяць цемру, у якую пагрузіўся свет.

Чалавек не ўратуе сам сябе: толькі ў сваёй фантазіі Мюнхгаўзэн мог выцягнуць сам сябе за валасы з багны. Каб мы былі збаўленыя, павінен нас наведаць «Усход з вышыні, каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў цені смяротным, каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою» (Лк 1, 78–79).

«Ноч найцямнейшая перад світанкам», — кажа прымаўка: гэты час Адвэнту можа стаць для нас часам надзеі, калі мы, усведамляючы бездань зла, паклічам імя Бога і з верай будзем чакаць Ягонага ўмяшальніцтва як Адзінага, хто можа нас збавіць, адначасова імкнучыся ўсім сэрцам быць паслухмянымі Яго слову, якое нясе святло і мае ўладу рассеяць цемру.

Чуваць — не спаць духоўна

Словы Пісанняў, якія чуем сёння ў літургіі, нагадваюць, чым заканчваецца зямное існаванне чалавецтва і кожнай чалавечай асобы: судом Пана «над плямёнамі» і прыйсцем Сына Чалавечага. У евангельскім урыўку шмат разоў паўтараецца гэта слова: «прыйсце», «прыйдзе».

Варта звярнуць увагу на тое, што Езус, праводзячы паралель з днямі Ноя, пералічвае звычайныя чалавечыя заняткі: «елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж», працавалі… Ці хтосьці будзе «ўзяты» ў Божае Валадарства ці не, залежыць не ад знешніх дзеянняў, а ад унутранай паставы. Гэтае стаўленне выражаецца ў тым, каб «чуваць» і «быць гатовымі».

Для тых, хто не чувае — то бок у духоўным сэнсе «спіць», не зважае на Божую прысутнасць і, такім чынам, не ўсведамляе сапраўднай вартасці рэчаў — чалавечыя заняткі становяцца самамэтай альбо, лепш сказаць, абмяжоўваюцца матэрыяльным, зямным гарызонтам і вузкім асабістым інтарэсам.

Замест таго, каб быць сродкамі ў дасягненні нашай вечнай мэты ў Богу, яны ператвараюцца ў тое, што кіруе намі, а не наадварот. Каб гэта не адбывалася з намі, Адвэнт — традыцыйна таксама час, калі мы бяром на сябе пастановы адмовіцца ад тых другасных рэчаў, якія паглынаюць занадта шмат часу, увагі і энергіі, адцягваючы ад галоўнага — ад засяроджанасці на Пану.

Адвэнт — не пост, але перыяд аскезы: «аскеза» з грэчаскай мовы перакладаецца як «практыкаванне». Мы маем патрэбу ў духоўных практыкаваннях гэтак жа, як цела патрабуе нагрузкі. Сэнс гэтай аскезы падсумоўвае святы Павел у другім чытанні: «Апраніцеся Панам Езусам Хрыстом і не дагаджайце целу ў пажадлівасці». Памятаем, што пад «целам» тут апостал мае на ўвазе не фізічную частку нашай істоты наогул, а тое вымярэнне чалавека, якое супрацьстаіць духу, знаходзіцца пад уплывам «цемры». Інакш кажучы, чаканне прыйсця Пана — выдатная нагода для таго, каб шчыра паглядзець на тое, што перашкаджае мне быць адкрытым на Бога, што знявольвае мяне, робіць надта залежным ад зямных рэчаў.

Апрануцца ў Хрыста

«Апраніцеся Панам Езусам Хрыстом», — заклікае апостал Павел, указываючы шлях да таго, каб адкрыцца збаўленню, і адначасова тлумачачы, што значыць «апрануцца ў зброю святла», як ён піша раней. Вопратка ў Святым Пісанні ўказвае на тоеснасць чалавека. Каб быць гатовымі на прыйсце Пана ў хвале, нам трэба «апрануцца» Ім, прыняць Ягоную тоеснасць Умілаванага Айцом, пасланага ў свет прынесці святло чалавецтву.

Езус кажа сваім вучням: «Вы — святло свету» (Мц 5, 14), і нам варта з даверам прыняць гэтае пасланніцтва — канечне, усведамляючы, што не сваім уласным святлом мы здольныя свяціць, але настолькі, наколькі прасякнуты святлом Хрыста. Каб прасякнуцца ім, нам неабходна выходзіць насустрач Ягонай прысутнасці ў малітоўным чуванні, услухоўваючыся ў словы збаўлення, якія гучаць у Евангеллі і іншых Пісаннях. Касцёл у літургічных чытаннях у гэты перыяд нагадвае нам цудоўныя Божыя абяцанні, якія абавязкова споўняцца для тых, хто верыць.

Няхай у гэты перыяд Адвэнту, адмаўляючыся ад другаснага, мы створым прастору для таго, каб Пан перамяняў нас сваёй любячай, жыццядайнай прысутнасцю.

Паміж Ягоным першым прыйсцем у пакоры і другім прыйсцем у хвале Пан наведвае нас штодзённа, і менавіта ў гэтай паўсядзённасці мы вучымся распазнаваць Ягоную схаваную прысутнасць. Няхай перыяд Адвэнту дапаможа нам настроіцца на Ягоную хвалю. Амэн.

Віктар Жук SJ