Пасярод нацысцкага кашмару нямецкі святар-езуіт выступаў у абарону жыцця і адначасова ратаваў людзей ад пагібелі.

Жахі, прынесеныя ў ХХ ст. рознага кшталту таталітарнымі рэжымамі, мелі ў сваёй аснове абясцэньванне чалавечага жыцця. Таталітарныя ідэалогіі абвяшчалі, што адзінкі нічога не каштавалі самі па сабе, а толькі адпаведна таго ўнёску, які яны рабілі для дзяржавы. Чалавечыя асобы былі проста часткай масы. Дзяржава была ўсім, займаючы месца Бога.

У  Германіі пад уладай нацыстаў гэта, сярод іншага, увасобілася у праграме эўтаназіі, якая спачатку распаўсюджвалася на дзяцей з ментальнымі і фізічнымі недахопамі. Потым улады пачалі знішчаць дарослых, якіх лічылі непрыдатнымі да жыцця.

Нацысцкая логіка была патройнай: іх праграма нібы паклала канец уяўным пакутам чалавека (адсюль і тэрмін “забойства з міласэрнасці”); пазбавіла “абцяжараныя” сем’і клопату пра такіх людзей і пакінула больш рэсурсаў, таго ж харчавання, для тых, хто можа прыносіць карысць дзяржаве. Нездарма нацысты называлі гэтыя бедныя душы “бескарыснымі едакамі”.

Сярод гэтага наслання Альфрэд Дэльп, нямецкі святар-езуіт, выразна акрэсліў, што значыць знішчаць тых, хто патрабуе нашай любові і клопату.

“Супольнасць, якая пазбаўляецца ад каго-небудзь, – супольнасць, якая дазваляе, мае магчымасць і хоча пазбавіцца ад таго, хто больш не можа бегчы, як хтосьці прывабны ці карысны – абсалютна не зразумела сябе”, – сказаў ён, як Мэры Фрэнсіс Коадзі захавала ў яго ранняй біграфіі пад назвай “Са звязанымі рукамі”. “Нават калі ўсе органы чалавека выйшлі са строю і ён ужо не можа гаварыць сам за сябе, ён, тым не менш, застаецца чалавекам. Больш за тое, для тых, хто жыве побач з ім, ён застаецца пастаянным заклікам да іх унутранай высакароднасці, да іх унутранай здольнасці любіць і да ахвярнай сілы. Забярыце здольнасць людзей клапаціцца пра хворых і лячыць іх, і вы робіце чалавека драпежнікам, эгаістычным драпежнікам, які на самой справе думае толькі пра ўласнае прыемнае існаванне”.

Жыццё падчас вайны

Айцец Пітэр Нгуен, езуіт і дацэнт Крэйтанскага ўніверсітэту ў Небрасцы, нядаўна выдаў грунтоўную біяграфію а. Дэльпа пад назвай “Супраць тытанаў: тэалогія і мучаніцтва Альфрэда Дэльпа” (Peter Nguyen SJ, Against the Titans: Theology and the Martyrdom of Alfred Delp) .

У гэтай глыбока філасофскай біяграфіі а. Нгуен разглядае аргументы а. Дэльпа супраць нястрымнага мілітарызму і вайны дзеля самой вайны, што было часткай паветра, якім даводзілася дыхаць у нацысцкай Германіі.

Назва кнігі звязаная з тэмай міфічнага Тытана, апантанага ўладай без увагі на сродкі, што ўласціва ўсім таталітарным рэжымам і што а. Дэльп знаходзіў такім агідным у нацызме. Такая філасофія была антыподам Казання на Гары.

На думку а. Дэльпа, хрысціяне былі пакліканы вызваліцца ад эгаізму і прагі да ўлады і аддаць усё ў Божыя рукі. Гэта азначала быць дзіцём Бога, а не патомствам смяротнага звера. Жыццё, кожнае жыццё, мела каштоўнасць, незалежна ад павярхоўных недахопаў.

“Хрысціянін адданы справе, якая павінна выконвацца ў свеце, але яна выходзіць па-за межы свету, бо недастаткова пабудаваць жыццё на сваёй гардыні і пагоні за людской славай і пашанай”, – цытуе а. Дэльпа аўтар біяграфіі. “Геройства само па сабе не з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю. Яно набывае каштоўнасць і годнасць ад сур’ёзнасці рэчаў, якія за ім стаяць, але тым больш ад каштоўнасцяў, дзеля якіх яно праяўляецца”.

Сведчанне мучанікаў

Альфрэд Дэльп поўнасцю разумеў сэнс хрысціянскага мучаніцтва і яго дабратворны ўплыў на тых, каго ён пакіне.

“Я павінен выракчыся і апусташыць сябе. Настаў час сяўбы, не жніва”, – пісаў ён. “Бог сее і будзе жаць. Я хачу, прынамсі, упасці ў глебу і ў Божыя рукі як плённае і здаровае насенне. Мне трэба ўзброіць сябе супраць болю і меланхоліі, якія часам ахопліваюць мяне. Калі Пан Бог жадае такога шляху, – а ўсё паказвае на гэта – тады я павінен крочыць ім свабодна і без горычы. Няхай іншыя жывуць лепей і шчаслівей, таму што мы памерлі”.

А. Дэльп нарадзіўся ў 1907 г. у нямецкім горадзе Мангейм. Яго маці была каталічкай, а бацька лютэранінам. Атрымаўшы канфірмацыю ў лютэранскай парафіі, ён пасля спрэчкі з пастарам скіраваўся ў каталіцкі касцёл, дзе ў выніку прыняў першую камунію і канфірмацыю.

Дэльп слухаў голас сумлення ў часы, калі многім, нават пабожным хрысціянам, лягчэй было захоўваць маўчанне і не падымаць галавы.

Ва ўмовах, калі нацысты разлічвалі, што страх будзе стрымліваць тых, хто пайшоў супраць цячэння, а. Дэльп стаў адзінокім голасам пасярод масавай істэрыі. Ён выдатна гэта разумеў, бачыў жудасную ізаляцыю, з якой сутыкнецца, адважыўшыся выкрыць ганебнасць праграмаў дзяржаўнага забойства.

Ужо знаходзячыся ў турме, 29 снежня 1944 г., усяго за тры месяцы да пакарання смерцю, ён пісаў аб тым, як адчуваў сябе на радзіме:

“Сёння чалавецтва Захаду духоўна бяздомнае, аголенае і выстаўленае напаказ. У той момант, калі мы пачынаем быць чымсьці, што выходзіць па-за межы пэўнай масы, мы надзвычай востра ўсведамляем тую ізаляцыю, якая заўсёды спадарожнічала вялікім людзям.”

Сумленная вера

Злачынствам а. Дэльпа, акрамя сумлення, якое ён не мог задушыць, было тое, што ён з’яўляўся членам падпольнага кола Kreisau, да якога ён далучыўся ў 1942 годзе. Назва паходзіла ад назвы маёнтку, дзе праходзілі сустрэчы і які належаў Гельмуту Джэймсу Графу фон Мольтке. Яго асудзілі і пакаралі смерцю за месяц да а. Дэльпа. У кола ўваходзіла 25 знакамітых грамадзян Германіі, якія разважалі аб Германіі пасля Гітлера і нацыстаў. Яны строілі планы і марылі аб краіне, заснаванай на хрысціянскіх прынцыпах, у тым ліку на каталіцкім сацыяльным вучэнні.

А. Нгуен адзначае, што, хоць а. Дэльп быў гучным крытыкам эўтаназіі, ён, на першы погляд, маўчаў пра лёс габрэяў, што насамрэч з’яўлялася стратэгічным выбарам. “Ён дапамагаў габрэям ратавацца ад нацыстаў і не хацеў звяртаць увагу на гэту таемную дзейнасць, – кажа а. Нгуен. – Дэльп быў часткай больш шырокай падпольнай сеткі неабыякавых немцаў, якія дапамагалі габрэям ратавацца ад нацысцкага пераследу. Ён забяспечваў прадуктамі харчавання і грашыма ўцекачоў з Германіі, якія рухаліся праз Мюнхен. Дэльп размяшчаў іх на сваёй плябаніі і ў дамах некаторых сваіх парафіянаў”.

Калі ў ліпені 1944 года спроба забіць Гітлера з боку некаторых прадстаўнікоў вышэйшага камандавання скончылася няўдачай, улады схапілі не толькі тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у замаху, але і ўсіх, хто быў заўважаны ў супраціўленні рэжыму.

Судовыя працэсы ў нацысцкай Германіі былі не чым іншым, як прапагандысцкім сродкам для падаўлення ўсіх думак пра супраціў. Да таго ж, а. Дэльп і іншыя мелі няшчасце трапіць да суддзі Роланда Фрайслера, “фанатычнага ненавісніка святароў”.

Стаць перад Хрыстом

Езуіцкі часопіс “America” распавядае аб апошніх хвілінах а. Дэльпа на зямлі: “Пакаранне адбылося адразу пасля трэцяй гадзіны дня 2 лютага 1945 г. Гэта было свята Ахвяравання Пана, адзін з тых традыцыйных дзён, калі езуіты складаюць свае апошнія абяцанні. Па загадзе Гітлера прах Дэльпа быў развеяны. Нічога не павінна было нагадваць пра яго людзям”.

Апошнія словы, сказаныя прысутнаму на экзекуцыі капелану, паказваюць упэўненасць а. Дэльпа, што на тым баку ёсць штосьці прыгожае:

“Праз паўгадзіны я буду ведаць больш, чым вы”.

Чарльз Люіс

Крыніца: Jesuit vs. the Nazis: The Remarkable Witness and Martyrdom of Father Alfred Delp