Гамілія на ІІ Звычайную нядзелю, Год C

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

У Кане Галілейскай было вяселле і Маці Езуса была там. Быў запрошаны на вяселле таксама і Езус, і вучні Ягоныя. І, калі не хапіла віна, Маці Езуса сказала Яму: Не маюць віна.

Адказаў Ёй Езус: Жанчына, ці гэта Мая або Твая справа? Яшчэ не прыйшоў час Мой. Маці Яго сказала слугам: Тое, што Ён скажа вам, зрабіце.

Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры.

Езус сказаў: Напоўніце збаны вадою. І напоўнілі іх даверху. І кажа ім: Цяпер зачэрпніце і занясіце кіраўніку вяселля. І панеслі. Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў ваду, што стала віном, — і не ведаў, адкуль яно ўзялося, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду, — то паклікаў жаніха і кажа яму: Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль.

Такі пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аб’явіў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.

Пасля гэтага прыйшоў Ён у Кафарнаум, Ён сам і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.

Ян 2, 1–12

Заручыны Бога з чалавекам

«Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай…»

Паводле евангеліста Яна, першае аб’яўленне незвычайнай моцы Езуса адбываецца менавіта падчас вясельнага банкету. На працягу ўсяго Евангелля Ян не выкарыстоўвае слова «цуд», распавядаючы пра тое, што чыніць Хрыстус: замест яго мы знаходзім слова «знак» (як гэта адлюстравана ў новым беларускім перакладзе). Такім чынам евангеліст хоча данесці да сваіх адрасатаў, што ў дзеяннях Езуса, якія пераўзыходзяць звычайны парадак рэчаў, заўсёды прысутнічае больш глыбокае значэнне: яны не толькі вырашаюць нейкія цяжкасці ў жыцці канкрэтных людзей, але таксама ўказваюць на паўнату Божага дару, які крыецца ў асобе Хрыста для нас і які становіцца даступны нам праз веру. Таму амаль кожная дэталь аповеду раскрывае тое ці іншае вымярэнне адносінаў чалавека з Богам і запрашае занурыцца ў гэтую таямніцу.

Вяселле — гэта вельмі асаблівы, адзіны ў сваім родзе момант, калі дзве асобы звязваюць праз шлюб свае жыцці ў любові, каб паводле Божай задумы стварыць новую цудоўную рэчаіснасць дзеля ўзаемнай асалоды і падтрымкі, а таксама для стварэння і служэння новаму жыццю.

Гэтая мадэль эксклюзіўных адносінаў і вернасці паміж мужчынам і жанчынай у Святым Пісанні становіцца вобразам адносінаў паміж Богам і Яго выбраным народам.

У сённяшнім першым чытанні чуем прыклад гэтага сімвалізму: «Як жаніх радуецца нявесце, так узрадуецца табою твой Бог», кажа прарок Ісая (Іс 62, 5). Святы Павел піша эфесцам, што адносіны любові паміж мужам і жонкай адлюстроўваюць таямніцу сувязі паміж Хрыстом і Касцёлам (пар. Эф 5, 25–33).

Сваёй прысутнасцю на вяселлі ў Кане Пан Езус асвячае сувязь паміж сужонкамі і прымае ўдзел у той асаблівай радасці, якой адзначаецца іхні ўзаемны дар адно аднаму. Адначасова слова Божае кажа нам праз гэты «пачатак знакаў», што з аб’яўленнем Езуса надыходзіць момант «заручынаў» паміж Богам і чалавечым родам: у Хрысце дасканалым чынам спалучаюцца боская і чалавечая натура; у Ягоным Уцелаўленні чалавецтва ўваходзіць з Богам у непарушную сувязь. Так, як «на пачатку» Бог задумаў, што «мужчына <…> злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам» (пар. Мц 19, 5. 8), так цяпер, у новым пачатку, як тлумачыць святы Павел, «целы вашыя — гэта часткі Хрыстовыя <…> і святыня Духа Святога» (1 Кар 6, 15. 19).

Запрасіць Езуса ў сваё жыццё

Аднак не ўсё ідзе «гладка» на вяселлі ў Кане Галілейскай: у пэўны момант не хапае віна — важнейшага складніка свята ў міжземнаморскай культуры. Не ведаем, па чыім недаглядзе здараецца гэтая сітуацыя — верагодна, маладыя проста не разлічылі колькасць гасцей; старажытныя духоўныя аўтары бачылі ў гэтай дэталі ўказанне на матэрыяльную беднасць жаніха і нявесты і іх сем’яў…

Для нас гэты недахоп азначае непазбежнасць у нашым жыцці — і ў прыватнасці, у сямейных адносінах — такіх сітуацый, дзе відавочнай становіцца наша няздольнасць «быць на вышыні», запэўніць, каб усё ішло належным чынам; дзе агаляецца наша слабасць і радыкальная чалавечая абмежаванасць, несамадастатковасць. І як жа важна ў такія моманты, каб на «свята нашага жыцця» быў запрошаны Езус!..

Наша слабасць — не праблема сама ў сабе: пытанне ў тым, што мы робім з гэтым.

Каменныя збаны, прызначаныя для ачышчэння, у евангельскім аповедзе сімвалізуюць Закон Старога Запавету: ён, найлепш вядомы нам праз Дэкалог і галоўную запаведзь, з’яўляецца важнай і неабходнай часткай гісторыі Божага аб’яўлення і нашых адносінаў з Богам. Адначасова, як шмат разоў падкрэслівае святы Павел у сваіх пасланнях, Закон паказвае ўсю нашу няздольнасць жыць паводле Божых наказаў (пар. Рым 7, 9–13).

Езус, які прыйшоў, каб не «адмяніць Закон ці Прарокаў, а каб выканаць» (Мц 5, 27), надае сапраўдны сэнс усім старазапаветным запаведзям: Ён ператварае ваду Сінайскага запавету ў віно Новага Запавету, які прыносіць паўнату жыцця і радасці.

Вада — гэта штосьці неабходнае для выжывання, віно ж дадае да нашага існавання іншае вымярэнне: яно «весяліць сэрца чалавека» (Пс 104 (103), 15), дазваляе святкаваць і радавацца ў еднасці з сябрамі. Калі Езус запрошаны ў жыццё нашае і нашых сем’яў — і калі мы ўмеем шчыра прызнацца, што самі не даем рады, — тады сітуацыя нястачы мае шанц ператварыцца ў благаслаўленне праз умяшальніцтва Пана сусвету і нашых сэрцаў.

Быць паслухмянымі Слову, як Марыя

Евангельскі аповед указвае на прысутнасць яшчэ адной асобы, чыя ініцыятыва неабходная, каб адбыўся цуд: Марыі, Маці Езуса. У адказ на заўвагу Маці пра недахоп віна Хрыстус звяртаецца да Яе: «Жанчына», такім чынам нібыта ўказваючы, што Яна — новая Ева. Сапраўды, Яна «спакушае» свайго Сына — новага Адама, каб Ён «парушыў правілы» (бо Яго гадзіна яшчэ не надышла), але гэтая «спакуса» не дзеля зла, а дзеля дабра.

У Чацвёртым Евангеллі Маці Езуса ўзгадваецца яшчэ толькі адзін раз — калі з дрэва крыжа Божы Сын аддае Яе як Маці свайму ўмілаванаму вучню.

Марыя — пасрэдніца паміж Езусам і тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе.

«Тое, што Ён скажа вам, зрабіце,» — гэтыя словы Маці Збаўцы не перастае скіроўваць да тых, хто даручаны Яе апецы. Яна кажа паступаць так, як сама ўчыніла, калі адказала Богу «так» на Яго запрашэнне ўвайсці непаўторным чынам у гісторыю збаўлення.

Супраць непаслухмянасці Евы, Марыя для нас з’яўляецца ўзорам паслухмянасці: прыняцця ў сваім жыцці таго слова, якое не адбірае свабоду, а, наадварот, вядзе да паўнаты свабоды ў супрацоўніцтве з вялікім Божым планам для чалавецтва — сям’і Божых дзяцей. Праз сваю прысутнасць і ўважлівасць Марыя не толькі дапамагае ўратаваць маладых ад сораму, але і спрыяе таму, што вучні Езуса вераць у Яго. Дакладна гэта і далей робіць Маці Божая: жадае прывесці ўсіх да веры і паслухмянасці свайму Сыну, каб аб’явілася Ягоная слава ў іхнім жыцці. Дзеля гэтага мы створаны і пакліканы — каб жыць у славе Спрадвечнага і Усемагутнага Бога, які адкрывае нам свой твар у Езусе Хрысце.

Святы Ірэнэй, айцец Касцёла, кажа: «Слава Божая — жывы чалавек». Наш Пан жадае даць нам паўнату жыцця, дае каштаваць праз камунію з Ім новае віно Божага Валадарства. Няхай сёння і кожны дзень мы будзем напаўняцца славай Божай праз паслухмянасць Хрысту, які чыніць нас святынямі Духа Святога. Амэн.

Віктар Жук SJ

Крыніца фота: nashkraj.info