Гамілія на XIV звычайную нядзелю, год В

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сінагозе.

Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: Адкуль у Яго гэта, і што гэта за мудрасць, якая дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры? І сумняваліся ў Ім.

А Езус казаў ім: Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй, у родных і ў доме сваім.
Таму не мог там учыніць ніякага цуду, толькі на некалькі хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. І дзівіўся іхняму бязвер’ю. І хадзіў па навакольных вёсках, і вучыў.

Мк 6, 1–6

Прычыны нашага бязвер’я

У мінулую нядзелю мы чулі словы Езуса пра важнасць веры, якая адкрывае чалавека магутнаму дзеянню Бога: «Вера твая ўратавала цябе!» — кажа Пан аздароўленай жанчыне, а да Яіра, бацькі памерлай дзяўчыны, звяртаецца: «Не бойся, толькі вер!» У сённяшняй жа евангельскай гісторыі Езус сустракаецца з супрацьлеглым стаўленнем сваіх слухачоў: іх бязвер’е выклікае ў Яго здзіўленне.

Прадузятасць суайчыннікаў маладога прапаведніка закрывае іхнія сэрцы для словаў мудрасці і моцы Божай, якая дзейнічае праз Яго. Гэты эпізод паказвае нам, што непасрэдны ўдзел у евангельскіх падзеях зусім не гарантаваў некаторым людзям лепшай пазіцыі для таго, каб паверыць у Божае пасланніцтва Езуса.

У нашай сітуацыі сёння гэта азначае, што пачутае тым ці іншым чынам пра Хрыста, набытыя веды пра Яго могуць не дапамагаць, а наадварот перашкаджаць нам прыняць Добрую Навіну пра Божае Валадарства.

Калі для жыхароў Назарэта прычынай дыстанцыі да Езуса былі доўгія гады знаёмства з Ім да пачатку Ягонай місіі, то для сённяшніх вернікаў надта часта перашкодай становіцца наадварот няправільна зразуметы «страх Божы»: боязь наблізіцца да той сферы, якая прыблізна ўспрымаецца як «боская», святая, недасяжная…

«Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона?» — усклікаюць прысутныя ў сінагозе Назарэта. Мы ж наадварот часта забываемся, што Хрыстус, Сын Божы, — гэта не толькі той, хто чыніў вялікія цуды і знакі (пар. Дз 2, 22), але і той, хто на працягу доўгіх гадоў зарабляў на жыццё звычайнай чалавечай працай. Па гэтай прычыне ў нас узнікае раздваенне паміж «духоўнай сферай» і рэштай жыцця: нам цяжка ўявіць, што Езусу-Месіі знаёмы наш досвед выканання штодзённых руцінных абавязкаў і стомленасці пасля працоўнага дня; што мы можам сустрэць Яго не толькі ў «святых рэчах», але і ў паўсядзённых намаганнях.

Усвядоміць і пераадолець «скандалы»

У кожным з нас па-свойму дзейнічае сіла, якая перашкаджае нам верыць, прымаць Хрыста ў сваё жыццё цалкам, «без аглядкі», і сённяшняе Божае слова падштурхоўвае нас усвядоміць нашыя прадузятасці ў адносінах да Бога і спосабу Яго дзеяння ў нашай рэчаіснасці. Варта патлумачыць, што маецца на ўвазе, калі ў евангельскім тэксце гаворыцца пра жыхароў Назарэта, што яны «сумняваліся ў Ім» (у новым перакладзе «абураліся на Яго»). Ад грэчаскага дзеяслова σκανδαλίζω ў сучасных мовах ёсць слова «скандал»: першапачатковае яго значэнне — пастка, перашкода на шляху, тое, аб што можна спатыкнуцца.

Для многіх людзей, у тым ліку веруючых, такім «скандалам», перашкодай на шляху веры, з’яўляецца недасканаласць і грахоўнасць членаў Касцёла, якім даручана ўлада ўдзяляць сакрамэнты і кіраваць народам Божым, прымаць тыя ці іншыя рашэнні адносна супольнасці вернікаў.

Не трэба хаваць, што розныя скандалы, звязаныя з паводзінамі членаў іерархіі Касцёла, супярэчаць Евангеллю Хрыстоваму і становяцца прычынай адыходу шматлікіх людзей з супольнасці Божага народа. Такія факты не могуць не засмучаць неабыякавыя сэрцы — яны засмучаюць і Сэрца Божага Сына, і менавіта ў лучнасці з Ім нам трэба вучыцца перажываць падобныя навіны і сітуацыі.

Для іншай катэгорыі людзей «скандалам», перашкодай для веры з’яўляецца прысутнасць зла ў свеце і пытанне, чаму Бог, калі Ён існуе і добры, дапускае насілле і цярпенне сваіх дзяцей. Яшчэ адна прычына для сумневаў у Богу — наша ўласная слабасць і няздольнасць перамагчы свае заганы, нягледзячы на шчырыя намаганні і просьбы да Пана…

Так ці інакш, гэтыя пытанні звязаныя з нашым разуменнем таго, хто ёсць чалавек у святле Божага аб’яўлення.

Як мы бачылі на мінулым тыдні, успамінаючы апосталаў Пятра і Паўла, Пан давярае слабым і грэшным людзям уладу адпушчэння грахоў і адначасова разлічвае на нас як на сваіх партнёраў у справе будавання Божага Валадарства, у якім не будзе насілля і цярпення. Мы пакліканыя вучыцца ўсё ясней бачыць у нас саміх, у нашых бліжніх перапляценне і крохкасці, слабасці, і той моцы, якая паходзіць ад нашай сувязі веры з Богам. Так, як у Назарэце Езус змог «толькі» (нібыта гэта мала) аздаравіць некалькіх хворых, так і мы становімся здольныя прыняць Божую моц, калі ўсведамляем свае хваробы і адкрываемся Езусу ў нашай слабасці.

Стаць носьбітамі прарочага сведчання

Езус у прымаўцы пра прарока без пашаны на сваёй бацькаўшчыне называе сябе менавіта прарокам. Яго місія большая за пасланніцтва любога іншага прарока да ці пасля Яго, але важная яе частка — абвяшчэнне Божага слова, якое вядзе чалавека да праўды.

Як для Эзэхіэля, чыё сведчанне чуем у сённяшнім першым чытанні, і іншых старазапаветных прарокаў, так і для самога Езуса — і для ўсіх Ягоных слугаў у розныя эпохі, — гэтая місія сустракаецца з супрацівам у гэтым свеце. У разважанні дагэтуль мы імкнуліся ўсвядоміць у першую чаргу, што для нас саміх з’яўляецца перашкодай у прыняцці Слова Жыцця, скіраванага да нас праз Езуса, і быць гатовымі супрацьстаяць такому супраціву з дапамогай Божага святла. Гэтае слова дасягае нас сёння і праз сучасных прарокаў — тых, хто не баіцца зазнаць неразуменне іншых і нават пераслед і якіх Пан запрашае нас прыняць у Яго імя, каб «атрымаць узнагароду прарока» (пар. Мц 10, 41).

Але на гэтым наша ўзаемадзеянне з прарочым словам не спыняецца: кожны ахрышчаны моцай сакрамэнту хросту становіцца ўдзельнікам місіі Хрыста як караля, святара і прарока.

Кожны з нас пакліканы несці прарочае пасланне Евангелля ў сваім асяроддзі — паводле натхнення Духа Святога: неабавязкова так, як гэта робяць вялікія прапаведнікі і хрысціянскія блогеры, затое такім чынам, які даступны толькі нам і нікому іншаму.

Такое заданне можа здавацца надта вялікім для нас, як гэта было амаль для ўсіх прарокаў, пра якіх даведваемся з Пісання. Але ў гэтай місіі рэч не ў нашых здольнасцях і ўменнях, а перадусім у тым скарбе, што напаўняе наша крохкае начынне (пар. 2 Кар 4, 7). Мы з’яўляемся носьбітамі чагосьці большага за нас саміх. Няхай Пан пакажа нам шляхі сведчання аб тым дары, які мы прынялі ад Яго ў нашым жыцці. Амэн.

Віктар Жук SJ

Фота Віталія Палінеўскага/Catholic.by