гамілія на ІI Нядзелю Вялікага посту, Год С

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Езус узяў з сабою Пятра, Яна і Якуба і ўзыйшоў на гару памаліцца. І калі Ён маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і вопратка Ягоная стала бліскуча-белай. І вось два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме. Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім.

А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: Настаўнік, добра нам тут быць. Паставім тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі. Не ведаў ён, што казаў. Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака.

А з воблака пачуўся голас, які казаў: Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце. І калі гучаў гэты голас, Езус апынуўся адзін.

І маўчалі яны, і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.

Лк 9, 28b–36 

Таямніца перамянення Хрыстовага і нашага

Сённяшняя евангельская падзея — вельмі асаблівы момант на шляху Езуса.

На кароткае імгненне вучням, якіх Езус бярэ з сабой, — і нам дзякуючы іхняму сведчанню — адкрываецца хвала Сына Божага, якая пераўзыходзіць любое ўяўленне.

За чалавечым абліччам Езуса з Назарэта, за Ягоным штодзённым высілкам, клопатамі і радасцямі Ягонага жыцця, за цярпеннем і болем хаваецца глыбіня славы Божай. Адначасова гэтая падзея гаворыць нешта вельмі істотнае і пра жыццё кожнага з нас: усё, што адбываецца з Езусам, асвятляе наш шлях і раскрывае канчатковы сэнс чалавечага існавання. Як нагадвае нам сёння святы Павел, Хрыстус «пераменіць нашае прыніжанае цела ў падабенства свайго праслаўленага Цела праз дзеянне моцы, якой Ён можа падпарадкаваць сабе ўсё» (Флп 3, 21).

Таямніца Бога — «жахлівая і прыцягальная» для чалавека, mysterium tremendum et fascinans, як сказаў адзін аўтар. Сённяшнія літургічныя чытанні ілюструюць абодва гэтыя вымярэнні чалавечай рэакцыі: Абрам з даверам прымае Божае абяцанне пра патомства і зямлю, але ў момант заключэння запавету яго ахоплівае «жах і вялікая цемра». Апостал Пётр з энтузіязмам кажа Езусу, як добра быць на гары Перамянення, але ўжо праз некалькі хвілін адчувае страх, калі яго і іншых вучняў ахінае воблака Божай прысутнасці.

У нашым жыцці могуць здарацца асаблівыя моманты, калі дзякуючы хараству прыроды ці незвычайнаму дотыку Духа да нашай душы мы ўсведамляем Божую веліч і адначасова сваю крохкасць.

Такія незвычайныя моманты нам дадзеныя для таго, каб узмацніць нашу веру і нагадаць пра Божую прысутнасць у нашым жыцці. Але нам варта памятаць, што Бог найчасцей незаўважальна дзейнічае ў паслухмянай Яму душы, пераўтвараючы нас паводле свайго боскага падабенства.

Малітва — прастора перамянення

Евангеліст Лука падкрэслівае, што перамяненне Хрыста адбываецца падчас малітвы. Езус, Сын Чалавечы, меў патрэбу ў тым, каб праводзіць час з Айцом у малітве. Гледзячы на Яго, мы ўсведамляем, наколькі нам неабходная прастора малітвы, каб і ў нас адбывалася перамяненне: каб Божы Дух ператвараў наша зямное жыццё ў пакуль нябачную звычайным вокам нябесную славу.

Езус выбірае гару — асаблівае месца для таго, каб пабыць з Айцом: і нам карысна пашукаць ці стварыць адпаведныя ўмовы для дыялогу з Богам (але, з іншага боку, цяжка знайсці ідэальныя ўмовы, таму няхай такі пошук не перашкодзіць прыступіць урэшце да малітвы).

Узыходжанне на гару — вобраз неабходнага высілку, каб мы маглі стаць перад нашым Панам у праўдзе, якія мы ёсць: у сваёй слабасці і адначасова ва ўсведамленні высокай годнасці нашага паклікання.

Уваходзячы ў малітву, памятайма, што ініцятыва заўсёды належыць нашаму нябеснаму Айцу: Ён чакае нас і выходзіць насустрач.

Варта таксама разумець, што вельмі верагодна злы дух, наш вораг, будзе выкарыстоўваць усялякія магчымыя інструменты, каб перашкодзіць нам маліцца: пераконваць, што так мы толькі губляем час, што ёсць шмат іншых спраў, якімі трэба заняцца — а калі нават у нас атрымаецца прыступіць да малітвы, то адсутнасць канцэнтрацыі нібыта робіць гэты досвед пазбаўленым сэнсу… Што малітва — для тых, хто святы, хто ўмее «правільна» маліцца, а не для цябе, грэшніка і недарэкі… Не трэба паддавацца такім спакусам, усведамляючы, дзе іх крыніца.

«Пане, навучы нас маліцца» — гэтая просьба вучняў (Лк 11, 1) павінна часта быць і нашай просьбай, бо ніхто ніколі не стане ў малітве такім «экспертам», які не мае патрэбы ў Божай дапамозе.

Напэўна, няма ніводнай асобы, якая магла б пахваліцца дасканалай засяроджанасцю падчас сустрэчы з Богам: трэба лічыцца з тым, што наша ўвага часта блукае па самых нечаканых месцах.

Як раяць духоўныя настаўнікі, у такім выпадку найлепш з цярплівасцю вяртацца да зместу малітвы, аддаючы Богу ўсё, што нас турбуе і клапоціць.

Ёсць шмат прыгожых формаў славеснай — індывідуальнай і супольнай — малітвы на падставе гатовых тэкстаў, але няхай у нашым спатканні з Богам будзе месца для спантаннага дыялогу: магчымасць расказаць Пану тое, што нас радуе і хвалюе, турбуе і суцяшае. Хоць Евангелле сведчыць пра тое, што Езус маліўся пры дапамозе псальмаў, але можам уявіць, што Яго малітва перш за ўсё была менавіта дыялогам з Айцом у Духу — дыялогам, які не выключае маўчання і проста прабывання ў прысутнасці Іншага. Не трэба паддавацца спакусе абясцэньваць тое, што я магу сказаць Богу, альбо думаць, што «Бог і так усё ведае — навошта Яму штосьці гаварыць»: Пану прыемна быць з намі ў дыялогу! Менавіта дзякуючы такой нашай адкрытасці Ён перамяняе нашае бачанне рэчаў і спосаб дзейнічаць у гэтым свеце.

Слухаць і быць паслухмянымі Сыну

«Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце!» — гучыць голас Айца для вучняў, прысутных на гары Перамянення — і таксама сёння для нас, вучняў Езуса. Гэты заклік датычыцца і тых прывілеяваных момантаў сустрэчы з Панам у малітве, калі мы ўслухоўваемся ў Ягоныя словы, пераказаныя нам у Евангеллях, і таксама рэшты нашага жыцця, калі мы «спускаемся» з гары і, адноўленыя, занурваемся ў нашу штодзённую рэчаіснасць.

Мы не можам усвядоміць нават малой часткі таго, што адбываецца падчас нашай сустрэчы з Богам, але верым у дзеянне Ягонай ласкі, якая перамяняе нас, а праз нас — гэты свет, калі мы шчыра імкнемся быць паслухмянымі Ягонаму слову (у габрэйскай мове «слухаць» і «слухацца, быць паслухмянымі» — адзін і той жа дзеяслоў).

Яшчэ адно вельмі асаблівае слова з лексікону св. Лукі ў сённяшнім урыўку, на якое варта звярнуць увагу, — ἔξοδος, «зыход» (перакладзенае як «адыход» Езуса ў Ерузалеме). Гэтае невыпадковае слова нагадвае нам пра вызваленне Ізраэля з егіпецкай няволі, кульмінацыяй якога быў пераход праз Чырвонае мора. Выбраны народ глядзеў у вочы смерці, стоячы на беразе мора; таксама Езус сутыкнецца з рэчаіснасцю смерці, паглядзіць ёй у вочы — і нават дазволіць, каб фізічная смерць стала Яго лёсам. Але менавіта такім чынам, прымаючы мукі і смерць, Ён прыносіць вызваленне ад смерці духоўнай сынам Адама.

Няхай вера ва Уваскрослага Пана напоўніць нас «надзеяй насуперак надзеі» (пар. Рым 4, 18) асабліва перад абліччам цярпенняў нявінных ахвяраў войнаў. Няхай праз моц пасхальнай веры і надзеі, паслухмяныя натхненню Духа ў нашых сэрцах, мы будзем гатовыя перамяняцца самі і перамяняць наш паранены свет. Амэн.

а. Віктар Жук SJ