Адной чэрвеньскай раніцай Брэндан МакМанус SJ выйшаў на шпацыр, які быў надзвычай яму неабходны, а менавіта, вырашыў прайсці пешкі 500 міль па знакамітым іспанскім Каміна-дэ-Сант’яга (Camino de Santiago). Некалькі год таму ён страціў брата, які скончыў жыццё самагубствам; і пасля гэтай трагедыі Брэндан адчуваў сябе фізічна, псіхалагічна і духоўна параненым. Была патрэба ў нечым радыкальным, каб наноў запаліць у ім любоў да жыцця і аднавіць веру ў Бога.

У сваёй кнізе “Дарога адкуплення: ад гора да спакою дарогай Каміна-дэ-Сант’яга” а. МакМанус распавядае сваю гісторыю пілігрымавання па Каміна праз прызму ігнацыянскай духоўнасці. Не дзіва, што ён вынес шэраг урокаў, якія дапамагаюць чалавеку даць рады з жыццёвым падарожжам.

  1. Памятай, што ты пілігрым, які проста ідзе па жыцці. Ты выправіўся ў дарогу, у вандроўку ў невядомасць, каб быць адкрытым на Божы заклік.
  2. Бог – пілігрым, які заўсёды стараецца знайсці нас, нават у цяжкіх сітуацыях. Бог з табой, нават калі ты не з Богам.
  3. Хада дапамагае табе ўсталяваць сувязь са сваімі глыбокімі жаданнямі, з тым, чаго ты сапраўды хочаш. Калі мы ідзем за такімі прагненнямі, яны прыводзяць нас да Бога.
  4. Трымайся дарогі, сочачы за знакамі, якія можна знайсці толькі ў малітоўным разважанні і медытацыі. Давярай свайму ўнутранаму компасу, які дае накірунак.
  5. Рэгулярна прысвячай час роздуму пра свой шлях (напрыклад, рабі прагляд дня); будзь гнуткім, змяняючы паступова тое ці іншае па па дарозе. Не бойся пераменаў.
  6. Выдаткуй час на прыняцце рашэнняў; яны з’яўляюцца важнымі “скрыжаваннямі” ў жыцці. Ніколі не прымай паспешлівага рашэння, а лепш выгадай час і ўнутрана абдумай варыянты, перш чым зрабіць выбар.
  7. Калі збіўся з дарогі, май дастаткова пакоры, каб вярнуцца ў знаёмае, праверанае месца. Сцеражыся ганарлівасці, якая прымушае ісці далей, – ты толькі заблудзіш яшчэ больш.
  8. Валоданне чымсьці – з’ява часовая; не трымайся за рэчы занадта моцна. Імкніся да свабоды ад прывязанасці да рэчаў: карыстайся імі настолькі, наколькі яны карысныя, і адмаўляйся ад іх, калі яны становяцца перашкодай.
  9. На тваім шляху табе сустрэнуцца лютыя штормы. Важна не адхіляцца ад курсу, а моцна трымацца тых апорных структур, якія, на падставе твайго досведу,з’яўляюцца адпаведнымі (малітва, распазнаванне і рэфлексія). Не змяняй курс, не адмяняй раней прынятых рашэнняў і не перайначвай лад у час шторму.
  10. Важна абараняць сябе, а таксама мець добрыя ахоўныя сродкі супраць магчымых выпрабаванняў. Гэта азначае ведаць свае слабыя месцы і “несвабодныя” абшары, бо менавіта там ты, верагодна, будзеш ўразлівы. (Св. Ігнацый рэкамендуе ўмацоўваць абарону, каб прадбачліва ставіцца да праблемаў).

Спіс узяты з вышэйзгаданай кнігі Брэндана МакМануса SJ.

Крыніца: St. Ignatius Loyola’s 10 Guidelines for Negotiating Life’s Journey