Гамілія на XXІIІ звычайную нядзелю, год B

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

Езус выйшаў з зямель Тыру і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод межаў Дэкаполіса. І прынеслі да Яго глуханямога, і прасілі, каб усклаў на Яго руку. Адвёўшы яго далей ад натоўпу, паклаў у яго вушы свае пальцы і, плюнуўшы на іх, дакрануўся імі да ягонага языка. І, паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффата! — што значыць: Адкрыйся. І адразу ж адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна.

Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны яшчэ больш апавядалі. І, будучы надзвычай здзіўленымі, казалі: Ён зрабіў ўсё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць.

Мк 7, 31–37

Фільм “Мары Эртэн” 2014 года, заснаваны на рэальных падзеях, расказвае кранальную гісторыю дзяўчыны Мары, якая нарадзілася слепа-глуханямой у Францыі напрыканцы ХІХ стагоддзя. Да 14-гадовага ўзросту яна жыла з бацькамі, якія мелі вельмі абмежаваныя магчымасці, каб выхоўваць такое асаблівае дзіця, і таму аддалі яе ў пансіянат манахінь. Там ёю занялася маладая сястра Маргарыта. З вялікай цярплівасцю манахіня шукала спосабу камунікацыі з Мары, якая часта паводзіла сябе як дзікі звярок, бо не атрымала адпаведнай адукацыі і не ўмела спраўляцца з эмоцыямі. У сястры Маргарыты ў рэшце рэшт атрымалася знайсці канал камунікацыі са слепа-глуханямой дзяўчынай пры дапамозе дотыку і знакаў, якія яна пальцам “пісала” на далонях сваёй падапечнай. Паступова дзяўчына навучылася манерам, а пазней нават магла чытаць складаныя па змесце кнігі, надрукаваныя шрыфтам Брайля. Паміж ёй і сястрой Маргарытай усталявалася вельмі асаблівая сувязь дзякуючы велізарнай цярплівасці, адданасці і любові манахіні.

Гэту гісторыю напэўна можна назваць цудам перамянення чалавечага жыцця, знявечанага інваліднасцю, хоць у параўнанні з сённяшнім евангельскім аповедам да дзяўчыны не вяртаецца фізічная магчымасць карыстацца органамі пачуццяў.

Падобна сведкам евангельскага цуду, калі даведваемся пра такія гісторыі, мы можам праслаўляць Бога за дзеянне Ягонай ласкі ў верніках і натхняцца прыкладам клопату пра бедных – не толькі ў “грашовым” сэнсе, пра які кажа сёння апостал Якуб у другім чытанні, але пра патрабуючых ва ўсёй разнароднасці чалавечай крохкасці. Адначасова рэальная гісторыя Мары Эртэн падкрэслівае, наколькі для поўнага раскрыцця патэнцыялу чалавечай асобы неабходна здольнасць карыстацца словам, якую звычайна нам забяспечвае слых і магчымасць гаварыць. Але як кожны іншы евангельскі эпізод пра аздараўленне, і гэты аповед указвае не толькі на матэрыяльны бок нашага існавання, а таксама на духоўнае яго вымярэнне.

Езус, уцелаўлёны Логас Божы, вяртае нам здольнасць чуць Бога і гаварыць Ягонымі словамі. 

Умець пачуць словы Пана

Здольнасць карыстацца словам адрознівае чалавека ад іншых зямных стварэнняў і адлюстроўвае нашу сутнасць як духоўных істотаў, створаных паводле вобразу Божага. У першую чаргу нам патрэбна ўменне слухаць і чуць. У духоўнай традыцыі Ізраэля гэтая праўда выяўлена ў першых словах малітвы з кнігі Другазаконня, дзе гучыць запаведзь любові да Бога: “Слухай, Ізраэль…

Нашы адносіны з Панам пачынаюцца з таго, што мы ўслухоўваемся і прымаем у глыбіні Ягоныя словы як праўду нашага жыцця.

У абставінах сённяшняй культуры прычынай нашай духоўнай “глухаты” можа быць хутчэй празмерная колькасць словаў, якія нас дасягаюць, несучы велізарны аб’ём інфармацыі, але пры гэтым не наталяючы голад душы. Таму сёння мы маем патрэбу ў месцах, дзе для нас будуць гучаць словы “праўды і жыцця вечнага” (пар. Ян 6, 63.68): гучаць гучна і ясна, каб іх не заглушыў шум патокаў іншых словаў, якімі напоўнена наша штодзённасць.

Першай крыніцай словаў, якія задавальняюць голад душы, з’яўляецца Святое Пісанне, і перадусім – Евангелле: менавіта яно дае нам магчымасць пазнаць таго, каго апостал Ян называе Спрадвечным Словам, Логасам, праз якога ўсё сталася. Канешне, недастаткова проста фізічна пачуць Божае слова – трэба яшчэ  знайсці спосаб засвоіць яго, каб прыняць не як нейкі агульны безасабовы закон, а як слова, скіраванае жывым Панам асабіста да мяне, у канкрэтных абставінах майго жыцця.

Невыпадкова Езус адводзіць глуханямога далей ад натоўпу, каб сам-насам прамовіць да яго: так і мы патрабуем часу сам-насам з нашым Панам, каб Ён мог прамаўляць да нашага сэрца. 

З сённяшняга евангельскага ўрыўка бярэ пачатак адзін з рытуалаў, якія на працягу Вялікага Посту папярэднічаюць хрост дарослых. Падчас гэтага абраду святар дакранаецца да вушэй і вуснаў катэхумена, прамаўляючы слова “Эффата!” і тлумачачы яго сэнс: “адкрыйся, каб услухоўвацца ў Божае слова і вызнаваць веру дзеля збаўлення людзей і дзеля Божай хвалы”. Сэнс гэтага абраду мы пакліканы ўцелаўляць на працягу ўсяго нашага жыцця, прымаючы слова Езуса як ласку, якая сапраўды мае моц адкрыць наш розум і сэрца на тую праўду, што вядзе ў вечнасць. 

Перадаць далей пачутае 

Наша ўменне слухаць і чуць Пана, які звяртаецца да нас праз сваё слова, робіць нас здольнымі па-сапраўднаму пачуць і іншага чалавека – пачуць і выслухаць не павярхоўна, на прагматычным, банальным узроўні, але больш глыбока: яго ці яе боль і радасць, трывогу і надзею, а самае галоўнае – жаданне Бога і вечнага збаўлення, якое хаваецца ў самай глыбіні душы.

Як жа часта нам не хапае гатоўнасці і цярплівасці выслухаць іншую асобу, здольнасці далікатна задаць адпаведныя пытанні! Як балюча часам быць сведкамі таго, як, напрыклад, бацькі звяртаюцца да сваіх дзяцей са словамі, якія раняць і змушаюць расчаравацца ў любові! Праз той цуд, які Езус канкрэтнымі, фізічнымі жэстамі здзяйсняе ў сённяшнім Евангеллі, Ён паказвае сваё жаданне адкрыць нашы каналы камунікацыі для дзялення з іншымі ў духу любові самым істотным у жыцці.

Так, толькі калі наша сэрца напоўнена словамі Езуса, якія нясуць нам радасць, супакой, прыняцце, прабачэнне, тады мы становімся здольнымі дзяліцца гэтымі ж словамі з тымі, каго Пан ставіць на нашым шляху.

“Вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца”, кажа Езус (Мц 12, 34). Няхай Пан адновіць у нас сёння здольнасць чуць і прымаць у глыбіні сэрца словы, якія нясуць сапраўднае жыццё, і ўмець звяртацца да іншых з такімі ж словамі. Амэн. 

Віктар Жук SJ