10 верасня Каталіцкі Касцёл ўспамінае благаслаўлёнага Францішка Гаратэ (Francisco Gárate Aranguren) (3.02.1857 – 9.09.1929), сціплага брата-езуіта з Іспаніі.
У жыцці гэтага чалавека не было гучных подзвігаў і гераічных дзеяў. На працягу 40 гадоў ён быў брамнікам ўніверсітэта горада Більбао. І ўвесь гэты час ён быў не толькі проста ветлівым і добрасумленным работнікам, але таксама любімцам студэнтаў і заступнікам бедных.
Па ўспамінах людзей, якія ведалі яго, гэта быў глыбока духоўны, шляхетны і добры чалавек. Сучаснікі называлі яго “новым Альфонса Радрыгесам” у гонар святога Альфонса Радрыгеса SJ, які гэтак жа займаў сціплую пасаду ў навучальнай установе і быў нефармальным духоўным настаўнікам многіх студэнтаў, у тым ліку св. Пятра Клявэра SJ. Брат Францішак падтрымліваў студэнтаў на духу, даваў парады і суцяшэнне, клапаціўся, каб галодныя мелі ежу, а бедныя – вопратку. Яго ўласнае жыццё было надзвычай простым з пункту гледжання пакоя, пасілкаў і адзення. Ён пастаянна маліўся, дзе б ні быў, і заўсёды меў ружанец пад рукой. Пасля яго смерці былыя студэнты захавалі вялікую адданасць і пашану да брата, які так моцна любіў іх.
Бл. Францішак Гаратэ быў беатыфікаваны Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ у 1985 годзе.