Ян Бейзым (Jan Beyzym) (1850-1912) быў сапраўдным піянерам у доглядзе за пракажонымі ў той час, калі не існавала лекаў ад праказы, а тых, хто хварэў на гэтую хваробу, выдалялі з грамадства. Бейзым нарадзіўся ў Байзымах Вялікіх Валынскага краю на тэрыторыі сучаснай Украіны. Яго першапачатковая адукацыя праходзіла дома ў яго сямейным маёнтку, але яго бацькі разлучыліся пасля таго, як сям’я страціла сваю маёмасць у выніку паўстання 1863 года.

Атрымаўшы сярэднюю адукацыю ў Кіеве, ён уступіў у Таварыства Езуса 10 снежня 1872 г. У перыяд яго навіцыяту ў Новай Всі ўспыхнула эпідэмія халеры, і Бейзыму і іншым навіцыям было дазволена суправаджаць святароў і братоў падчас наведвання хворых у навакольных вёсках. Ён скончыў курс філасофіі і тэалогіі ў Кракаве і быў пасвечаны ў 1881 г. Яго першай апостальскай місіяй была праца ў школах Тарнопаля і Хырава, дзе ён выкладаў французскую і рускую мовы, а таксама кіраваў школьным лазарэтам.

Яшчэ ў 1879 годзе ён папрасіў дазволу працаваць сярод пракажоных, і за гады настаўніцкай працы гэтае жаданне толькі ўзмацнілася. Пасля абмену лістамі з айцом генералам Луісам Марцінам 40-гадовы Ян нарэшце атрымаў прызначэнне, якога так доўга прагнуў. У 1898 годзе ён адправіўся на Мадагаскар, а не ў Індыю, таму што мог размаўляць па-французску і дапамагаць французскім езуітам, якія працавалі з пракажонымі.

Айца Бейзыма прызначылі ў лепразорый Амбахівурака на ўскраіне Тананарыве ў закінутай пустыннай мясцовасці. Сто пяцьдзесят пацыентаў жылі ў крайняй матэрыяльнай і духоўнай галечы, знясіленыя голадам і хваробамі, не маючы доступу да самай элементарнай медыцынскай дапамогі. Смерць часта наступала як ад голаду, так і ад хваробы. Першым радыкальным крокам, які ён зрабіў, было жыць з пракажонымі, чаго больш ніхто не рабіў. Ён таксама прымяніў свой досвед працы ў лякарні і пачаў аказваць медыцынскую дапамогу, аглядаючы іх язвы. Таксама ён сам займаўся паляпшэннем дамоў, гатаваннем ежы і забеспячэннем дастатковай колькасцю вады. Дзяржаўны рацыён рысу быў недастатковым, таму ён хадзіў у горад і прасіў прадукты.

Усё ж ён неўзабаве зразумеў, што ім патрэбна сапраўдная бальніца, лекары і медсёстры. Праект быў занадта амбіцыйным для рэсурсаў місіі, але Бейзым не здаваўся. Ён аддаў праект пад апеку Маці Божай Чэнстахоўскай і пачаў прасіць сродкі ў каталіцкіх місіянерскіх арганізацый і часопісаў у Польшчы. Ягоныя лісты былі красамоўнымі і ўплывалі на людзей. Нават тыя, у каго не было лішніх грошай, ахвяравалі штосьці на будаўніцтва бальніцы. Езуіт выбраў месца ў Маране, недалёка ад Фіанаранцуа, бо там было добрае водазабеспячэнне і ўрадлівая зямля для сельскай гаспадаркі. Ён кіраваў будаўніцтвам і нават ствараў упрыгожванні для інтэр’еру капліцы. Бальніцу адкрылі 16 жніўня 1916 г., у ёй працавалі сёстры святога Юзафа дэ Клюні; пацыенты мелі бальнічную вопратку і стваралі малітоўную суполку. Пракажоныя прыбылі ў новую бальніцу, за 180 міль ад Амбахівуракі, цяжкае падарожжа заняло цэлы месяц, аднак яны хацелі быць са святаром, які аказаў ім такую ​​любоў і зычлівасць.

Сёння гэтая бальніца стаіць як непахісны помнік самаадданасці а. Яна. Ён працаваў над змяненнем грамадскага стаўлення, заахвочваў бедных людзей быць шчодрымі з тымі, хто быў яшчэ бяднейшым, і будаваў бальніцы для якаснага догляду за хворым, каб, перш за ўсё, вярнуць ім пачуццё годнасці і надзеі.

Бейзым памёр у Маране 2 кастрычніка 1912 г. Як у сваім асабістым жыцці, так і ў сваёй апостальскай працы, ён заўсёды трымаўся мэты, якую святы Ігнацый прадпісваў езуітам: большая хвала Божая і дабро душ. Ён пісаў: “Радзіма – там, дзе большае служэнне Богу і дапамога душам. Усё роўна, дзе ты жывеш: на экватары ці на Паўночным полюсе. Што сапраўды мае значэнне, дык гэта памерці ў служэнні Пану Езусу, знаходзячыся ў нашым святым Таварыстве. Прашу гэтай ласкі як для нашай дарагой Правінцыі, так і для сябе”.

Беатыфікаваны св. Янам Паўлам II 18 жніўня 2002 г.

Успамін – 12 кастрычніка.