Сіла ўяўлення, дадзеная чалавеку, – гэта цудоўны Божы дар, які дазваляе марыць пра будучыню, творча падыходзіць да рэчаіснасці, знаходзіць шляхі вырашэння складаных пытанняў. З дапамогаю ўяўлення ў малітве Божым словам, мы можам паставіць сябе на месца той ці іншай дзеючай асобы ў біблійнай сцэне. Калі ў штодзённым жыцці мы спрабуем паглядзець на нейкую праблему вачыма іншага чалавека, гэта спрыяе лепшаму разуменню сітуацыі, але ў падчас малітвы Божым словам вынік не абмяжоўваецца толькі лепшым бачаннем. Сутнасць у тым, каб стаць удзельнікам падзей і быць адкрытым на тое, што гэты ўдзел – пад уплывам Духа Святога – змяняе нас. Такая форма малітвы мае свае вытокі ў сярэднявечнай манаскай традыцыі lectio divina. Святы Ігнацый Лаёла пераняў і адаптаваў яе ў сваіх Духоўных практыкаваннях, каб яна магла выкарыстоўвацца і за межамі кляштараў.

Уваходзячы ў біблійную сцэну, мы атаясамліваем сябе з той ці іншай асобай, якая згадваецца ў тэксце, або становімся на месца мінака з натоўпу ці госця, якія маглі б там быць. Але спачатку абраны фрагмент павольна і ўдумліва чытаем некалькі разоў, каб затым можна было яго адкласці і дазволіць сюжэту разгарнуцца ў нашым ўяўленні. Не кожны з нас можа ўявіць месца і дзеючых асоб ва ўсіх падрабязнасцях, але і не варта залішне імкнуцца да маляўнічасці, калі яна прыходзіць з цяжкасцю, бо галоўнай мэтай малітвы з’яўляецца сустрэча з Панам, які дакранаецца да асабістай рэчаіснасці чалавека.

У якасці прыкладу скарыстаемся эпізодам прабачэння грэшніцы з Евангелля паводле Лукі: там ёсць “жанчына, якая была грэшніцай у горадзе”, фарысей Сымон, які “запрасіў Езуса паесці з ім”, і “тыя, хто быў за сталом разам з Ім” (Лк 7, 36-50). Таксама там маглі прысутнічаць людзі, якіх не запрашалі за стол. Прыслухоўваючыся, чыя постаць закранае нас найбольш, мы займаем яе месца і ўяўляем, што гэтая асоба бачыць і адчувае, дазваляем сабе, у пэўным сэнсе, згубіцца ў гісторыі, у людзях, іх словах і дзеяннях. Чым больш мы давяраем  Богу, які кіруе працэсам малітвы, тым больш свабодна ідзём за Духам туды, куды Ён вядзе.

Гэтаму аднаму евангельскаму фрагменту можна прысвяціць некалькі перыядаў малітвы, па чарзе разглядаючы падзеі з гледзішча жанчыны, фарысея, госця… Ёсць таксама роля вучня, якога Езус мог узяць з сабой у дом фарысея, цікавая тым, што ў тэксце Евангелля ён не згадваецца наўпрост, аднак, можна адчуць, што кожнага чытача Лука імкнецца зрабіць сведкам тых падзеяў.

Паразважаем крыху, што значыць суправаджаць Езуса ў непрыязнае да Яго асяроддзе. Уявім, як, ідучы за Ім, пераступаем парог дому фарысея, заўважаем інтэр’ер, прысутных гасцей, стаўленне Сымона як гаспадара, позіркі, рухі, шэпты. Памятаючы пра сваю ролю, стараемся нічога не прапусціць з таго, што робіць і як паводзіць сябе Настаўнік. Сочым, як развіваюцца падзеі, хоць назіраць за ўчынкам жанчыны будзе, напэўна, складана. Мы апынемся так блізка, убачым, як яна аблівае слязамі Яго ногі, цалуе, намашчвае мірам. Гукі, вобразы, пахі… Менавіта аб гэтым ідзецца ў малітве ўяўленнем – каб ніводнае з пяці пачуццяў не заставалася ва ўяўленні бяздзейным, але дапамагала перажыць усё як мага паўней.

Калі ўзнікне жаданне, можна распытацца жанчыну, чаму яна прыйшла, што для яе мела значэнне і г.д. У той жа час, нашыя вочы павінны вяртацца да Езуса. Як прымае паводзіны гэтай жанчыны Той, Хто ведае дасканала яе гісторыю? Як рэагуе?

Затым за сталом гучаць словы, якія фарысей Сымон “сказаў сам сабе”, але дзякуючы Евангелісту іх чуем і мы: “Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца”. Вельмі лагічнае па сваёй сутнасці выказванне. Калі…, то… Нашая ўвага, дзякуючы здольнасці Лукі апавядаць гісторыі, кіруецца на Сымона і яго гасцей. Чаму ён увогуле запрасіў Езуса? Дзеля праверкі “прарок – не прарок” з загадзя акрэсленым вынікам? Дзеля цікаўнасці, дэманстрацыі перавагі прыстойнага фарысейскага дома над дамамі грэшнікаў?

Вучань, які суправаджае Езуса, можа падысці да таго ці іншага госця і прыватна паразмаўляць, навошта той прыйшоў, што думае пра Езуса. Напэўна, там мог быць і цынік, і падхалім, і шчыры абаронца Закона… І, магчыма, мы пачуем іх аргументы і лепш зразумеем. Зноў шукаем Езуса і слухаем Яго. Ён задае пытанне-загадку пра пазыкадаўцу, даўгі, дараванне. Такім знаўцам Пісання, як фарысей, не прывыкаць да загадак, іх поўна ў старазапаветных кнігах. Толькі аб любові Езус гаворыць, нібы мімаходзь. “Хто больш палюбіць?” – “Каму больш даравана”, слушна кажа Сымон, але ён ужо “папаўся”, бо Езус кажа аб зусім нядаўнім яго ўчынку. Гаспадар дому не даў вады, не даў пацалунку, не намасціў алеем. “Я прыйшоў у твой дом, і ты…” Гэтаму скупому на ласку Сымону і ягоным гасцям цяпер дадзены шанец “вельмі палюбіць”, як той грэшніцы (ці нават больш?). Бо ў іх, якія ганарацца сваёй моцнай верай і праведнасцю, замест любові зеўрае пустка. Аднак, чуючы, як Езус кажа жанчыне “Адпускаюцца табе грахі твае”, яны разважаюць над тым жа пытаннем, з якім прыйшлі: “Хто Ён такі?..” Што ўзнікае ў нашым сэрцы, калі мы бачым, як яны не распазнаюць Хрыста? Ці паказвае Езус нейкім чынам свае пачуцці? Магчыма, Ён дае нам магчымасць суперажываць разам з Ім.

На словах Езуса жанчыне – “Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў супакоі!” – евангеліст Лука апускае занавес над гэтым здарэннем. Але малітва не скончана, бо суправаджэнне Езуса не спынілася: мы застаемся і размаўляем з Ім пра ўсё, што адбылося, галоўным чынам, пра тое, што самі думалі і адчувалі. Слухаем і задаём пытанні або проста ў маўчанні прабываем у Яго перамяняючай прысутнасці.

Уяўленне у малітве не становіцца самамэтай, а прыводзіць да жывога Хрыста, які асабіста звяртаецца да чалавека – такога, які ён ёсць на дадзены момант. Малітва ўяўленнем вельмі практычная, бо дазваляе Божаму слову паступова ахопліваць усё жыццё чалавека, дапамагаючы адказваць Богу “так” і ўзаемадзейнічаць са светам у стылі Езуса, як Яго вучню.

Тэрэса Клімовіч

Апублікавана ў часопісе “Ave Maria” №11 (320) 2021

Выява: Пітэр Паўль Рубенс Пір у Сымона фарысея, 1618-1620гг.