Гамілія на VII Велікодную нядзелю, Год C

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.

Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.

Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, а Я пазнаў Цябе, і гэтыя пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я абвясціў ім Тваё імя, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.

Ян 17, 20–26

Езус — наш Заступнік

Пасля літургічнага святкавання Унебаўшэсця Пана сёння Слова Божае адкрывае нам перспектыву таго, што адбываецца далей. У Евангеллі, хоць мы зноў вяртаемся ў момант Апошняй Вячэры, у словах Езуса чуем пра Божую славу, у якой Ён прабывае пасля Уваскрасення і вяртання да Айца. У той жа час там, у Вячэрніку, Езус просіць за вучняў перад Айцом — і гэта тое, што Ён робіць няспынна як наш жывы і вечны Заступнік.

Увесь 17-ы раздзел чацвёртага Евангелля — гэта малітва Хрыста да Айца, засяроджаная на кульмінацыі Яго місіі — перамозе над смерцю праз Яго ўласную смерць, і адначасова гэта просьба за вучняў: не толькі сабраных у Вячэрніку, але ўсіх часоў і месцаў — за тых, за каго Езус аддае сваё жыццё.

Ведаць, што я блізкі/блізкая Сэрцу Езуса, што Пан Езус прадстаўляе мае справы перад Богам Айцом і ўсялякім чынам прагне мне дапамагчы, каб даць мне сапраўднае жыццё, — ці ж гэта не крыніца вялікай радасці, суцяшэння, надзеі для кожнага з нас?

У гэтай частцы сваёй малітвы Езус некалькі разоў паўтарае просьбу аб еднасці сярод тых, хто паверыць у Яго. У словах Пана мы адчуваем, наколькі важная гэта еднасць дзеля таго, каб вучні, з якіх складаецца Касцёл, маглі несці ў свет сведчанне, вартае даверу. Еднасць супольнасці вернікаў мае сваю крыніцу ў Богу, ва ўзаемадносінах любові паміж Асобамі Найсвяцейшай Тройцы: «каб былі адно, як і Мы адно <…> каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх». Таму сапраўдная еднасць — гэта ў першую чаргу справа Духа Святога і Ягоны дар, з якім кожны пакліканы супрацоўнічаць.

Касцёл робіць малітву Хрыста сваёй і ў кожнай Эўхарыстыі просіць Бога аб дары еднасці для сябе — сям’і Божых дзяцей. Злы дух, д’ябал (даслоўна з грэчаскай мовы «той, хто раздзяляе») — галоўны супраціўнік еднасці ў чалавечых супольнасцях на ўсіх узроўнях.

На жаль, вельмі часта, як добра ведаем са свайго досведу, у яго атрымліваецца ўносіць разлад паміж людзьмі і цэлымі народамі.

Хрыстус называе шчаслівымі міратворцаў (Мц 5, 9) — тых, хто дзейнічае, каб загаіць жудасныя язвы падзелаў, войнаў, канфліктаў. Гэтае Хрыстовае благаслаўленне скіравана да кожнага з нас: запрашэнне рабіць усё магчымае, каб вяртаць паразуменне, узаемную пашану і прыняцце, здольнасць выслухаць іншую асобу — усё, што можна падсумаваць адным словам: «любоў».

Дыялог — сродак на шляху да еднасці і супакою

Мы можам пачаць будаваць еднасць з малога — з тых штодзённых сітуацый і сустрэч, удзельнікамі якіх становімся Божым Провідам. Варта няспынна вучыцца мастацтву дыялогу, а менавіта здольнасці пачуць іншага чалавека не толькі павярхоўна, але з яе больш глыбокімі патрэбамі, пачуццямі, і ўмення сказаць сваё з павагай і любоўю, без ціску і агрэсіі. Мы не здольныя пабудаваць еднасць, калі хочам, каб яна абапіралася толькі на нашых уласных ідэях і ўяўленнях пра тое, што правільна, а што не.

У адгартацыі Amoris lætitia Папа Францішак шмат гаворыць менавіта пра шлях дыялогу, даючы некаторыя канкрэтныя парады. Напрыклад, ён піша: «Патрэбны час, добры час, прысвечаны цярпліваму і ўважліваму слуханню, пакуль другая асоба не выкажа ўсё, што хацела сказаць. Неабходна аскеза, каб не пачынаць гаварыць, пакуль не настане адпаведны час. Замест таго, каб даваць ацэнкі або парады, трэба ўпэўніцца, што я пачуў усё, што хацела сказаць другая асоба» (AL 137).

Крыху далей Папа дадае:

«Важна ўмець выказваць свае пачуцці, не ранячы другую асобу; выкарыстоўваць такую мову і спосаб маўлення, які мог бы лягчэй успрымацца, быў бы прымальны для другой асобы, хоць і змяшчаў бы патрабаванні» (AL 139).

Імкненне да еднасці і паразумення не павінна адбывацца коштам адмаўлення ад нашага Сredo, ад нашых найглыбейшых перакананняў.

Сённяшняя гісторыя з Дзеяў Апосталаў паказвае нам прыклад дыякана Стэфана, які сведчыць пра сваю веру ў Езуса Хрыста перад юдэямі, за што яго камянуюць. Для Стэфана больш важна не атрымаць прыняцце сваіх слухачоў, а быць у еднасці, лучнасці са Збаўцам, якога ён наследуе, молячыся за сваіх ганіцеляў: «Пане, не лічы ім граху гэтага!» Невыпадкова Лука кажа, што пры гэтым прысутнічаў Саўл — будучы апостал Павел: сведчанне і пралітая кроў мучаніка не застануцца дарэмнымі, але прынясуць плён навяртання многіх.

З’явіць Божую славу ў сваім жыцці

«Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне», — моліцца Езус. Калі прасякнемся гэтымі словамі і прымем іх да сэрца, яны стануць для нас крыніцай вялікага суцяшэння: Хрыстус сапраўды чакае нас у Божай славе, ужо «падрыхтаваў нам месца» (пар. Ян 14, 2)!

Але Пан таксама кажа: «Славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і Мы адно».

Калі мы захоўваем дар еднасці праз узаемную любоў, тады мы ўжо апранутыя ў славу Сына Божага: ззянне Яго славы, велічы, прыгажосці аб’яўляецца ў нас праз нашае жыццё ў Ім.

Успомнім знакамітую фразу святога Ірэнэя, айца Касцёла: «Слава Божая — жывы чалавек». Мы дасягаем нашай «славы», сапраўднай годнасці, калі праслаўляем Бога сваім жыццём. У кожным з нас закладзены патэнцыял непаўторным чынам раскрыць нейкую рысу Божай славы, бо ўсе мы — непаўторныя дзеці Айца, хоць, канечне, маем і шмат чаго агульнага з іншымі нашымі братамі і сёстрамі і пакліканыя да супрацоўніцтва з імі — да еднасці ў стараннях на карысць Божага Валадарства. Але перш за ўсё мы пакліканыя супрацоўнічаць з дарам Божага жыцця і любові, без якога не можам прынесці ў гэты свет нічога прыгожага і каштоўнага.

Дух Святы, якога мы па прыкладу апосталаў і Маці Божай у гэтыя дні з жаданнем і надзеяй чакаем, вядзе ўсё стварэнне да канчатковага праслаўлення ў Богу. Няхай Дух напоўніць нас верай і жаданнем праславіць нашым жыццём Бога і апынуцца ў Яго славе. Амэн.

Віктар Жук SJ

Фота: Віктар Ведзень/catholic.by