6 лютага Каталіцкі Касцёл згадвае сваіх гераічных сыноў, членаў Таварыства Езуса: св. Паўла Мікі (1564-1597) і двух ягоных сабратоў: св. Яна дэ Гото і св. Якуба Кісаі – японскіх мучанікаў, а таксама бл. Карла Спінолу (1564-1622), святара, Себасцьяна Кімура, святара, і трыццаць трох іх сабратоў.

Калі японскія мучанікі прынялі смерць за веру, Паўлу Мікі было 33 гады. Ён нарадзіўся ў 1562 г. ў сям’і вайсковага капітана. Выхоўваўся ў езуіцкім калегіуме, у васемнаццацігадовым узросце сам уступіў у ордэн езуітаў, вучыўся ў семінарыях Адзуці і Такацукі. Павінен быў неўзабаве прыняць святарскае пасвячэнне і быў лепшым прапаведнікам Японіі.

Яну дэ Гото было 19 год; ён паходзіў з хрысціянскай сям’і, вучыўся ў езуіцкай школе ў Нагасакі, а затым паступіў у калегію для катэхізатараў у Сікі. Арыштаваны ў езуіцкім доме ў Осацы.

Якуб Кісаі вырас у будыйскім манастыры. Навярнуўшыся ў хрысціянства, ён ажаніўся з дзяўчынай-хрысціянкай, з якой пазней вымушаны быў развітацца, бо яна настойвала на вяртанні да язычніцтва. Затым ён уступіў у Таварыства ў якасці брата.

Вось як прынялі вянок мучаніцтва за Хрыста Павел Мікі і яго сабраты: 5 лютага 1597 года асуджаныя прыбылі на месца пакарання, дзе для іх ужо былі падрыхтаваныя крыжы. Кожны асуджаны паглядзеў на свой крыж і абняў яго. Каты не прыбівалі хрысціян да крыжоў, але прымацоўвалі да дрэва жалезнымі колцамі за рукі, ногі і шыю. У ката, які займаўся Паўлам Мікі, узнікла нечаканая цяжкасць: езуіт быў малога росту, і ногі не даставалі да ніжняй папярэчыны. Тады кат прывязаў Паўла да крыжа паласой тканіны. Каб тужэй завязаць вузел, ён жорстка наступіў Паўлу на грудзі. Адзін з місіянераў абурыўся, але Павел перарваў яго: “Пакіньце яго, айцец. Нічога страшнага”.

Калі ўсе былі гатовыя, усе дваццаць шэсць крыжоў узняліся амаль адначасова. Павел Мікі прамовіў сваё апошняе казанне: “Я японец і брат Таварыства Езуса. Я не здзейсніў ніякага злачынства і паміраю толькі за тое, што абвяшчаў Пана нашага Езуса Хрыста. Я рады, што паміраю за гэта. Гэта вялікае благаслаўленне, якое даў мне Бог. Запэўніваю вас, што няма іншага шляху да збаўлення. А паколькі хрысціянства вучыць мяне прабачаць кожнаму, хто чыніць мне зло, я ад усяго сэрца прабачаю караля і ўсіх, хто адказны за маю смерць, і вельмі прашу іх прыняць хрост”.

Затым ён звярнуўся да сваіх сабратоў, якія былі побач і заклікаў іх адважна сустрэць апошняе імгненне. Хутка пасля гэтага каты пачалі дабіваць мучанікаў дзідамі.

На месцы смяротнага пакарання японскія хрысціяне пасадзілі дрэвы, і кожную пятніцу збіраліся там, каб псальмамі праслаўляць Бога. Усяго на тым пагорку прынялі мучаніцкую смерць больш за 650 вернікаў.

Св. Павел Мікі і сабраты ягоныя, маліцеся за нас!