Гамілія на VII Звычайную нядзелю, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб. А Я вам кажу не працівіцца злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, дай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.

Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга свайго і ненавідзь ворага свайго. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.

Бо, калі вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.

Мц 5, 38–48

Быць дасканалымі праз любоў

“Любіце ворагаў вашых…” Словы Евангелля, якія чуем сёння ў літургіі, – бадай што, самыя складаныя для ўспрымання (і яшчэ больш – для прымянення ў практыцы) з усяго вучэння Езуса. У той жа час, менавіта тут знаходзім самае сэрца боскай мудрасці, аб’яўленай чалавеку. “Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны”, кажа Езус. Гэты заклік гучыць як цалкам немагчымая праграма – і яна сапраўды немагчымая, калі мы думаем, што сваім уласным высілкам павінны яе выканаць. Як можам наследаваць Бога, якога “ніхто ніколі не бачыў” (Ян 1, 18)? — “Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў” (Ян 1, 18): Езус вучыць таму, што сам уцелавіць, калі з любові да нас дазволіць сябе прыбіць да дрэва крыжа.

Слухаючы заклік Божага Сына, які адкрывае нам твар Айца, спытаемся: наколькі мы гатовыя пайсці далей, чым нашая звычайная логіка; прыняць перспектыву, значна шырэйшую за норму, да якой мы прызвычаіліся?

Для гэтага патрэбны дар Духа Святога – Духа, які жыве ў нас, як нагадвае св. Павел у другім чытанні. Любоў, якой мы здольныя любіць, – гэта Ягонае дзеянне ў нас. Быць святымі паводле вобразу Адзінага Святога, як наказвае Кніга Левіта, значыць дазволіць, каб нашыя ўчынкі, словы, думкі былі прасякнутыя любоўю, бо “Бог ёсць любоў” (1 Ян 4, 16). Калі можам казаць пра дасканаласць, то так, як св. Павел: “Не тое, каб я <…> ўжо стаў дасканалым, але я імкнуся атрымаць тое, дзеля чаго мяне здабыў Езус Хрыстус” (Флп 3, 12). Менавіта тыя, каго Касцёл называе святымі, найбольш усведамлялі ўласную недасканаласць, бо калі чалавек набліжаецца да Божага святла, бруд граху, нават няцяжкага, становіцца больш відавочны. Наша дасканаласць – заўсёды дасканаласць “на шляху” ў той меры, у якой Божы Дух завалодаў намі. 

Дух Святы – крыніца любові

Затрымаемся над тым, пра што кажа сённяшняе другое чытанне: “Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?” Нам варта часта ўсведамляць гэтую праўду, дазваляць, каб яна выклікала ў нас належнае здзіўленне і захапленне. Менавіта Дух Святы “ўлівае” ў нашыя сэрцы любоў і надзею (Рым 5, 5); гэта Ён вучыць нас называць Бога нашым Айцом (Гал 4, 6), а Езуса – нашым Панам (1 Кар 12, 3), каб мы памяталі, ад каго народжаныя дзеля вечнасці, памяталі, што няма для нашай несмяротнай душы іншых гаспадароў і паноў, акрамя таго, хто адкрыў нам брамы Неба. Дух Святы дапамагае нам “засвоіць” мудрасць, якую адкрывае Хрыстус – тую мудрасць, якая з’яўляецца супрацьлегласцю зямной “хітрасці”, як тлумачыць св. Павел. Дух Святы асвячае нас – робіць усё больш падобнымі да Айца і да Яго Умілаванага Сына, нашага Брата.

Дух Святы ўзбуджае ў нас тую любоў, якая не абмяжоўваецца прыхільнасцю да тых, хто добры да нас, але ахоплівае тых, хто найбольш мае патрэбу ў Божай міласэрнасці.  

Праз тое, што Дух Святы жыве ў верніках, “усё вашае: ці Павел, ці Аполас, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё вашае”, піша апостал да карынцянаў. Імёны, якія ён ўзгадвае, можам для сябе перакласці так: “і біскуп, і пробашч, і Папа Рымскі…” – усе гэтыя людзі, і ўсё астатняе становіцца дарам для нас, калі мы жывём у святле Духа. “Вы ж – Хрыста, а Хрыстус – Бога”, дадае Павел: прыналежнасць да Езуса акрэслівае самую глыбокую нашу тоеснасць і адначасова вызваляе нас ад ролі “закладнікаў” логікі гэтага свету: не быць пераможанымі злом, адплачваючы злом за зло, але моцай Божага Духа перамагаць зло дабром (пар. Рым 12, 17.21). 

Моц любові, якая перамагае свет

Дух Уваскрослага пераварочвае нашае разуменне моцы і слабасці, перамогі і паразы. Калі мы застаемся ў парадыгме “зямной мудрасці”, сённяшняе евангельскае пасланне можа гучаць як рэцэпт пэўнай паразы ў гэтым свеце, дзе трэба ўмець «прабіцца», пастаяць за сябе. Можа здацца, што тут сабраныя ўказанні для «слабакоў», у якіх няма іншага выбару, як змірыцца са сваім падпарадкаваным становішчам. Хтосьці катэгарычна не згодзіцца з гэтымі словамі, бо жадае актыўна супрацьстаяць злу: маўляў, як такім чынам можна перамагчы насілле, калі не асуджаць яго і не супрацьдзейнічаць усімі сіламі? 

Каб вучэнне Езуса не здавалася адарваным ад нашай рэчаіснасці ідэалам, каб не стваралася памылковае ўражанне, што Евангелле пакідае бездапаможнымі ахвяраў насілля, працытуем энцыкліку “Fratelli tutti” Папы Францішка:

«Любіць прыгнятальніка не азначае дазваляць яму працягваць прыгнятаць нас ці дазваляць яму думаць, што ягоныя ўчынкі з’яўляюцца прымальнымі. Наадварот, сапраўдная любоў да такога чалавека стараецца знайсці спосаб, каб прымусіць яго спыніць прыгнёт; пазбавіць яго той улады, якой ён не здольны карыстацца, і якая нішчыць яго чалавечнасць» (п. 241).

Далей Папа сцвярджае:

«Прабачыць не азначае забыцца <…>. Тыя, хто сапраўды прабачае, не забываюць. Яны адмаўляюцца ад падпарадкавання той самай разбуральнай сіле, якая прычыніла ім столькі болю <…> Яны вырашаюць не прывіваць грамадству дух помсты, які рана ці позна вернецца да іх назад» (пп. 250–251).

Як жа актуальныя гэтыя словы ў кантэксце падзелаў у грамадстве і ваеннай агрэсіі, якая правакуе нянавісць і радыкальнае адчужэнне паміж цэлымі народамі! 

У іншым дакуменце,  адгартацыі “Amoris Lætitia”, Папа Францішак цытуе словы Марціна Лютэра Кінга: “Чалавек моцны — гэта асоба, якая здольная разарваць ланцуг нянавісці, ланцуг зла. Хтосьці павінен мець дастаткова веры і маральнасці, каб перарваць яго і прыўнесці ў структуру сусвету гэты моцны і магутны элемент любові” (AL 118).

Хрысціянская любоў, міласэрнасць, прабачэнне — не слабасць, а, наадварот, сапраўдная моц, здольная перамяняць жыццё асобных людзей і цэлых грамадстваў. Няхай мы сёння адкрыемся гэтай моцы, якая паходзіць ад Духа Святога, каб быць Божымі сведкамі ў гэтым параненым свеце. Амэн.

Віктар Жук SJ