Гамілія на IV нядзелю Вялікага посту, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Вучні спыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?» Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя. Пакуль дзень, нам трэба рабіць справы таго, хто паслаў Мяне. Надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць. Пакуль Я на свеце, Я — святло свету». Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў купальні Сілоэ!» (што перакладаецца «Пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым. А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: «Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?» Адны казалі: «Гэта ён!» Іншыя: «Падобны да яго!» А ён сам казаў: «Гэта я!» Тады пыталіся ў яго: «Як жа адкрыліся твае вочы?» Той адказаў: «Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі да купальні Сілоэ і абмыйся!” Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць». Тады сказалі яму: «Дзе Ён?» Той адказаў: «Не ведаю».

І павялі яго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. Фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся, і бачу». Тады некаторыя з фарысеяў казалі: «Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат!» Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды?» І падзяліліся яны. Зноў жа сказалі сляпому: «А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы?» Той адказаў: «Гэта прарок!» Аднак юдэі не паверылі, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў таго, які стаў відушчым. Яны спыталіся ў іх, кажучы: «Гэта ваш сын, пра якога кажаце, што нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?» Бацькі ягоныя адказалі: «Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым. Але, якім чынам ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, не ведаем. Спытайцеся ў яго самога, ён дарослы, сам пра сябе скажа!» Так адказалі бацькі ягоныя, таму што баяліся юдэяў, бо юдэі ўжо змовіліся адлучыць ад сінагогі таго, хто вызнае Езуса як Месію. Вось таму бацькі ягоныя і сказалі: «Ён дарослы, спытайцеся ў яго!»

Тады другі раз паклікалі чалавека, які быў сляпы, і сказалі яму: «Аддай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек — грэшнік». Ён адказаў ім: «Ці грэшнік Ён, не ведаю. Адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу». Зноў сказалі яму: «Што зрабіў Ён з табою? Як адкрыў табе вочы?» Ён адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, а вы не слухалі. Навошта зноў хочаце пачуць? Хіба і вы хочаце стаць Ягонымі вучнямі?» Яны зняважылі яго і сказалі: «Ты Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея. Мы ведаем, што з Майсеем размаўляў Бог. А вось той адкуль, мы не ведаем». І адказаў ім гэты чалавек: «Менавіта гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы! Мы ведаем, што Бог не слухае грэшнікаў; а таго, хто пабожны і выконвае волю Ягоную, таго слухае. Адвеку не было чутна, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння. Калі б Ён не быў ад Бога, нічога не мог бы рабіць». Сказалі яму ў адказ: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?» І выгналі яго прэч.

Езус пачуў, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў: «Ці верыш у Сына Чалавечага?» Той адказаў: «А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?» Езус сказаў Яму: «Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою». Ён жа сказаў: «Веру, Пане!» І аддаў Яму пашану. Тады сказаў Езус: «На суд прыйшоў Я ў гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя сталі сляпымі». Пачулі гэта некаторыя з фарысеяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?» Езус адказаў ім: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху. Але цяпер кажаце: “Бачым!”, і трывае грэх ваш.

Ян 9, 1–42

 Супрацоўнічаць з Панам, які аздараўляе

«Хто зграшыў — ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?» — пытаюцца вучні Езуса.

І сёння ўсё яшчэ часта можна сустрэць падобную ментальнасць нават сярод хрысціянаў: ёсць шмат людзей, якія шукаюць прычыну хваробы ці інваліднасці ў нейкім граху, у праклёне, успрымаюць падобны стан як Божую кару. Адказ Езуса адназначна адкідае такое тлумачэнне няшчасцяў у жыцці чалавека. Рэч не ў тым, каб адмаўляць, што дрэнныя паводзіны прыводзяць да адпаведных наступстваў і для саміх людзей, якія жывуць у нязгодзе з Божай воляй, і для іх атачэння. Аднак не ўсё зло, што здараецца ў гэтым свеце, можна патлумачыць такім чынам, не заўсёды можна знайсці непасрэдных вінаватых.

Адказ Езуса вучыць нас інакш ставіць пытанне: не «за што», а «дзеля чаго» здараецца тая ці іншая рэч.

«Сталася гэта дзеля таго, каб праз яго [невідушчага] выявіліся справы Божыя», — кажа Настаўнік, і такое бачанне рэчаіснасці нам варта пераняць ад Пана адносна ўсяго, што адбываецца ў нашым жыцці — і добрага, і дрэннага. Ніводная падзея ў гэтым свеце не з’яўляецца апошняй кропкай у гісторыі. Перад чалавекам заўсёды ёсць выбар, у якім духу ўспрымаць здарэнні, і драматычныя сітуацыі вельмі добра паказваюць, у што мы верым і на што спадзяемся.

Магчыма, сляпы ад нараджэння ўжо не меў ніякай надзеі на аздараўленне; не ўяўляў, што яго існаванне можа выглядаць інакш. Адносна некаторых сітуацый, напэўна, мы ставімся падобным чынам: не бачым ніякай іншай магчымасці; не ўяўляем, што можа адбыцца, каб нешта змянілася.

У выпадку з гэтым сляпым чалавекам ініцыятыва перамяніць яго жыццё належыць Пану: Езус верыць, што «справы Божыя» могуць адбыцца там, дзе з чалавечага пункту гледжання няма ніякіх шанцаў. Аднак невідушчы мусіць супрацоўнічаць з тым, хто нясе яму аздараўленне: у адрозненне ад іншых гісторый, пра якія ведаем з Евангелляў, цуд не адбываецца «тут жа», але Езус выкарыстоўвае як сродак сваю сліну, перамешаную з зямлёй, і кажа сляпому пайсці абмыцца ў адлеглай купальні Сілаам (і такое заданне для сляпога, можам уявіць, не было лёгкім…). Гэта «тэст» ягонай веры, гэта педагогіка Пана, які не ўспрымае чалавека як марыянетку, але чакае, што ў даверы да Яго мы зробім сваю частку высілку.

Хто сляпы?

Далейшы аповед евангеліста Яна паказвае, як аздараўленне дзіўным чынам становіцца крыніцай складанасцяў для былога невідушчага. Спачатку суседзі, а потым і фарысеі не вераць таму, што адбылося, і ўцягваюць яго ў свае дэбаты, скіраваныя супраць Езуса. Аднак гэты нечаканы канфлікт на самым пачатку жыцця ў новай якасці для былога сляпога жабрака ператвараецца ў нагоду лепш зразумець, што адбылося з ім, і, што важней, акрэсліць сваю пазіцыю ў адносінах да Езуса.

Тут мы яшчэ раз знаходзім пацверджанне той праўды, што складанасці і перашкоды — не кара і не доказ нашай няправеднасці, а спосаб узрастаць у веры і цнотах.

Вызнанне Езуса Месіяй напрыканцы эпізоду — не менш важнае, чым зрок, што жабрак атрымаў дзякуючы Езусу. У гэтым заключаецца сапраўдная здольнасць бачыць: не проста карыстацца фізічным зрокам, але распазнаць у Езусе пасланага Богам Месію, Збаўцу.

Паралельна з тым, як былы сляпы паступова бачыць усё ясней не толькі святло зямное, але Таго, хто ёсць «святлом свету», евангеліст паказвае, як адбываецца адваротны працэс з фарысеямі, якія адмаўляюцца прызнаць «справы Божыя», здзейсненыя Езусам. Яны ўсё больш пагружаюцца ў цемру ўласных прадузятасцяў, закрываючыся на праўду. Евангелле ставіць перад намі пытанне пра нашу (ня)здольнасць бачыць: як часта мы становімся закладнікамі сваіх прадузятасцяў, не жадаючы прызнаць відавочнага? Як часта бліскучая мішура гэтага свету асляпляе нас, засланяе прастату праўды? Як часта мы бачым рэчы і людзей скажонымі, бо глядзім на рэчаіснасць праз прызму ўласных інтарэсаў, свайго эгаізму, жадання дамінаваць і кантраляваць усіх? Ці ж не дазваляем страху сказіць, пераблытаць прапорцыі таго, як выглядае стан рэчаў? Ці наш позірк часам не «загіпнатызаваны» негатывізмам, так што не ўмеем заўважыць прыгажосць, якая нас акружае? Ці жадаем узрастаць у благаслаўленні/шчасці тых, «хто не бачыў, а паверыў» (пар. Ян 20, 29)?..

Праўда, што большую частку інфармацыі з нашых органаў пачуццяў мы атрымліваем праз зрок. Аднак сучасная навука сцвярджае, што велізарная частка нават фізічнай рэчаіснасці недаступная чалавечаму воку: для яе пазнання патрэбныя зусім іншыя інструменты. Гэты факт дапамагае нам усвядоміць у пакоры, што можам толькі прымаць на веру — ці з верай/даверам — тое, што нябачна. «Я не гляджу, як глядзяць людзі, бо чалавек бачыць тое, што навідавоку, а Пан заглядае ў сэрца», — кажа Бог Самуэлю ў сённяшнім першым чытанні.

Няхай Пан дасць нам здольнасць бачыць так, як Ён бачыць, і тады мы будзем па-сапраўднаму відучшымі.

…што значыць «пасланы»

Евангеліст Ян узгадвае ў сваім аповедзе пэўныя дэталі, якія зусім не другасныя, але маюць сімвалічнае значэнне. Затрымаемся над тым, што Езус кажа сляпому пайсці абмыцца ў купальні Сілаам, якая знаходзілася на адлегласці каля аднаго кіламетра на поўдзень ад святыні. Як тлумачыць евангеліст, назва купальні перакладаецца «пасланы». Крыху раней Езус кажа пра сябе (не ў першы раз у Евангеллі) як пра «пасланага» ў гэты свет сваім Айцом.

Сустрэча з Езусам гэтага чалавека на шляху аздараўлення працягваецца ў тым месцы, куды ён ідзе ў паслухмянасці слову Пана, пасланага ў свет, каб прынесці сапраўднае, вечнае святло людзям. Адначасова аздароўлены сам становіцца пасланым: яму даверана сведчанне пра тое, што з ім адбылося, і пра Таго, хто перамяніў яго жыццё. Хоць першы яго аповед сустракаецца з супрацівам, гэта зусім не азначае, што яго дзеянні бессэнсоўныя. Трэба спадзявацца, што пазней яго сведчанне перад многімі іншымі людзьмі прынесла багаты плён веры.

Можам тут узгадаць яшчэ аднаго чалавека, які стаў сляпым на тры дні па дарозе ў Дамаск, а пасля таго, як да яго вярнуўся зрок, стаў «пасланым», апосталам — Саўла, будучага Паўла.

Езус ператварае сваіх вучняў у апосталаў, пасланых несці сведчанне пра Яго: гэта датычыцца і нас, нават калі кола людзей, перад якімі маем магчымасць сведчыць, вельмі абмежаванае.

Адкрыемся на тое святло, што нясе нам Сын Айца, пасланы да нас, і будзем несці сведчанне пра Яго. Амэн.

Віктар Жук SJ