28 жніўня 2023 года езуіцкі часопіс “La Civiltà Cattolica” апублікаваў на сваіх старонках стэнаграму размовы Святога Айца з яго сабратамі па Таварыстве Езуса. Яна адбылася 5 жніўня 2023 года ў лісабонскім езуіцкім каледжы імя святога Жуана дэ Брыта падчас візіту Папы ў сталіцу Партугаліі з нагоды Сусветных дзён моладзі.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік падкрэсліў, што марыць пра Касцёл, адкрыты на дзейнасць Святога Духа і таму вельмі часта падкрэслівае важнасць малітвы і духоўнага распазнавання. Ён звярнуў увагу таксама на каштоўнасць штодзённага рахунку сумлення.

Метад штодзённага сузірання атрыманых Божых дароў і ўсіх знакаў і ўчынкаў, якія могуць аддаліць нас ад Пана, мае на мэце выратаваць нас ад павольнага ўпадзення ў грэх. Пастаяннае ўгляданне ў сэрца па-сапраўднаму дзейнічае, але да яго трэба ставіцца сур’ёзна, – нагадаў Святы Айцец, дадаючы, што рахунак сумлення можа дапамагчы абараніцца ад многіх праблем, у тым ліку ад клерылізму.

Францішак заклікаў весці дыялог са светам, не замыкацца ў сваім коле з-за страху перад грахом, прысутным у ім. У той жа час, трэба быць асцярожнымі і не паддавацца свецкасці, адрозніваць дыялог ад пераймання. Тут варта зазірнуць углыб сябе, паглядзець на памкненні ў сваім сэрцы, а таксама на матывацыю, неабходна пытацца ў сябе: “Які дух рухае мной?”.

Пантыфік звярнуў увагу на неабходнасць развіцця, руху наперад, руху ўгару, адкуль адкрываецца лепшая перспектыва. Ён папярэдзіў пра небяспеку схільнасці “вяртацца назад”, якую называе “інд’етрызмам” (ад італьянскага indietro – назад). Папа прызнаў, што гэта тэндэнцыя існуе ў некаторых касцёльных колах, якія супраціўляюцца рашэнням Другога Ватыканага Сабора, і што гэты “рэакцыйны падыход” вельмі арганізаваны.

Святы Айцец лічыць, што “вяртанне назад бессэнсоўнае”, і што існуе “слушная эвалюцыя” у разуменні пытанняў веры і маралі. “Навучанне прагрэсіруе і ўмацоўваецца з часам”, – сказаў ён. Трэба мець карані ў традыцыі, з якой цякуць жыццядайныя сокі, але нельга імкнуцца да адсутнасці перамен. “Змены неабходныя”, а “разуменне навучання Касцёла як маналіту – памылковае”, – сказаў Папа, ставячы ў прыклад эвалюцыю поглядаў на атамную зброю, смяротнае пакаранне ці рабства, да якіх раней былі больш талерантныя адносіны з боку некаторых Папаў. Пантыфік папярэдзіў, што вера не павінна ператварацца ў ідэалогію.

Падчас папскай сустрэчы з партугальскімі езуітамі гаворка ішла таксама пра інклюзіўнасць Касцёла. Францішак нагадаў пра важнасць увагі да бедных, а таксама душпастырскай апекі над людзьмі, якім цяжка знасці сваё месца ў супольнасці вернікаў, напрыклад над гомасексуалістамі. Ён адзначыў, што ўсе пакліканы да жыцця ў Касцёле, але неабходна разважліва і ўважліва весці іх да як мага больш сталага жыцця верай. І тут кожны выпадак патрабуе асаблівага падыходу, – дадаў Папа.

Святы Айцец прызнаўся, што з вялікай радасцю назірае за падрыхтоўкай да Сінода Біскупаў. Ён нагадаў, што Сінод – не яго вынаходніцтва. Гэту форму аднавіў у Касцёле Павел VI, а цяпер мы рухаемся да сапраўднай і больш сталай сінадальнасці, якая заключаецца ў тым, каб паставіць у цэнтр Святога Духа і прыслухоўвацца да тых месцаў, дзе Ён, магчыма, хоча выявіць сябе.

Гаворачы пра тое, што выклікае ў яго найбольшае хваляванне, Папа сказаў, што гэта войны. “Мы бачым, што адбываецца ў свеце. Не трэба, каб я нешта дадаваў”, – з жалем сказаў Францішак.

На фота: Папа Францішак падчас сустрэчы з езуітамі ў Лісабоне падчас СДМ 2023 (Vatican Media).