Айцец Пэдра Арупэ напісаў гэтыя разважанні пра значэнне Марыі і марыйнай пабожнасці для Ігнацыя і Таварыства Езуса для кнігі пра езуіцкіх святых і благаслаўлёных. Версія, прыведзеная ніжэй, была апублікавана выдавецтвам “Jesuit Sources” у зборніку лістоў і прамоў генеральнага настаяцеля.

Mater Dei mater mea est гэтае выказванне святога Станіслава Косткі выражае перакананне і досвед членаў Таварыства Езуса. Усе езуіты слушна вылучаліся асаблівай пабожнасцю да Марыі, нашай Маці. Ніводная маці не мела больш сыноў, ніводная не была такой благаслаўлёнай, такой вернай. Бо не было асобы настолькі святой, прыгожай і чыстай, настолькі ўшанаванай, настолькі   надзеленай дарамі Духа Святога. Ніводная маці не любіла свайго Сына так, як Яна. Маці ўсіх жывых, прылада ласкі, пачынальніца жыцця, Маці Божая, наша Маці, якая любіць нас і з любові моліцца за нас да Бога  і просіць за нас.

Марыя сапраўды з’яўляецца Маці Таварыства.

1. Найсвяцейшая Панна Марыя і святы Ігнацый

Марыя адыграла немалую ролю ў навяртанні і духоўным станаўленні святога Ігнацыя.

Адной ночы, лежачы без сну, ён выразна ўбачыў постаць Маці Божай з Дзіцяткам Езусам і атрымаў вялікае суцяшэнне, якое трывала доўгі час. Ён адчуў такую глыбокую агіду да свайго мінулага жыцця, асабліва да грахоў цела, што ўсе тыя вобразы, якія раней займалі яго розум, былі сцёртыя.

Мігель Кабрэра (1695-1768), “Навяртанне святога Ігнацыя Лаёлы”, фрагмент

Марыя таксама прымала ўдзел у складанні “Духоўных практыкаванняў” і “Канстытуцый”. Ранняе Таварыства бачыла ў ёй Virginem Dei Matrem, quae Societatis universae patrocinium suscepit (Панну, Багародзіцу, якая ўзяла на сябе апеку над усім Таварыствам).

Пабожнасць Ігнацыя, якая была non secundum scientiam (“не паводле ведаў”), паступова ачышчалася. У пачатку свайго шляху навяртання ён хацеў скарыстацца кінжалам і адпомсціць маўру, які абразіў гонар Марыі, але потым пакінуў кінжал і меч на алтары Нашай Пані і аддаў сваю вопратку жабраку ў вігілію Звеставання, а сам усю ноч маліўся, пакуль не дасягнуў вяршыні містычнай малітвы, калі Маці «заступілася за яго перад Сынам і Айцом». Усё ягонае жыццё было пазначана прысутнасцю Марыі: «ён бачыў Яе сваім унутраным вокам».

Пастаянная просьба Ігнацыя «да Маці» заключалася ў тым, «каб Яна паставіла яго побач са сваім Сынам». Гэтая ласка была яму дадзена, і «ён адчуў такую ​​перамену ў сваёй душы, што ясна ўбачыў, што Айцец паставіў яго са сваім Сынам так, што ён не мог у гэтым сумнявацца».

У тэкстах Ігнацыя Марыя заўсёды з’яўляецца разам з Сынам: у малітве ахвяравання напрыканцы “Кантэмпляцыі Валадарства Езуса Хрыста”, ва ўрачыстых абяцаннях першых езуітаў у базыліцы святога Паўла за Мурамі. Разважаючы пра беднасць дамоў езуітаў-прафесаў, 14 лютага 1544 года, ён цэлебраваў Імшу Нашай Пані, якая ахвяруе свайго Сына Айцу. Наступнага дня ён запісаў у “Духоўным дзённіку”: “Падчас кансэкрацыі я не мог не адчуваць і не бачыць Яе, як быццам Яна была часткай або брамай усіх ласкаў, што я адчуваў у душы. Падчас кансэкрацыі Яна паказала, што Яе цела было ў Целе Сына”.

Постаць Марыі пастаянна была ў цэнтры жыцця Ігнацыя, асабліва падчас напісання “Духоўных практыкаванняў” і “Канстытуцый”, неаднаразова з’яўлялася яму як у Манрэсе, так і ў Рыме. Гэтыя дакументы складаюць аснову Таварыства, і Марыя адыграла сваю ролю ў іх стварэнні.

2. Прысутнасць Марыі ў гісторыі Таварыства і ў жыцці кожнага езуіта

Марыя заўсёды прыходзіць у святле працы  Сына. Маці і Сын аднолькава належаць да таямніцы нашага адкуплення, у якой мы нарадзіліся як сыны Божыя. Паміж беззаганным зачаццем Марыі і Яе хвалой стаіць крыжовая ахвяра. Дзеля крыжа Марыі быў дадзены Сын, і дзеля крыжа Яна павінна была зноў аддаць Яго Богу. Гэтае мацярынства Марыі ў парадку ласкі пачалося “ад акту згоды, якую пры Звеставанні Яна верна выказала і якую без вагання захавала пад крыжам” (LG 62). Дзева Маці непарыўна злучаная са справай, дзеля якой Хрыстус пажадаў нарадзіцца з Яе. І таму Марыя таксама з’яўляецца Маці таварышаў Езуса; Яна нараджае іх як сыноў Хрыста і ставіць пад Ягоны штандар.

На працягу ўсёй сваёй гісторыі Таварыства было цесна звязана з Марыяй, паасобку і ў цэлым. Манаскія абяцанні езуіты складаюць Сыну Марыі, Езусу, які ёсць Усемагутным Богам і Спрадвечным Панам усяго сварэння, у прысутнасці Маці. Яна заўсёды лічылася пасрэдніцай усіх ласкаў, і Таварыства любіла Яе ў розныя перыяды як Пані, Каралеву і Маці.

Пра кожнага езуіта можна сказаць: tenerrimo affectu ferebatur in Beatissimam Virginem tamquam in Matrem suam (ён быў самым пяшчотным чынам прывязаны да Найсвяцейшай Панны як да сваёй Маці), аднак, падобна Ігнацыю, без празмернай эмацыйнасці. Няма такога святога ці благаслаўлёнага ў Таварыстве, які б не культываваў любоў да Марыі з сыноўнім пачуццём. Numquam quiescam donec obtineam amorem tenerum erga dulcissimam matrem Mariam (Ніколі не супакоюся, пакуль не дасягну пяшчотнай любові да найсаладзейшай Маці Марыі).

Таварыства рознымі спосабамі заўсёды адстойвала праслаўленне Марыі: праз тэалагічныя даследаванні, прапаведванне, навучанне веры, праз мастацтва, архітэктуру, місіі, Марыйныя Кангрэгацыі і перадусім праз сваё штодзённае жыццё. Ва ўсіх гэтых аспектах апостальская дзейнасць Таварыства была такой, што янсеністы казалі, што пад уплывам езуітаў хрысціянства вырадзілася ў «марыянства». Гэта была памылковая інтэрпрэтацыя максімы Ad Iesum per Mariam (да Езуса праз Марыю), якую Таварыства зрабіла сваёй. Праўда, аднак, месціцца ў тым, што да Марыі заўсёды ставіліся як да Маці, Спадарожніцы (Strada), “Заступніцы, Успамогі і Пасрэдніцы” – але заўсёды такім чынам, каб скіраваць увагу на Хрыста, як на гэтым настойваў Ігнацый.

3. Адметнасці пабожнасці Таварыства да Марыі

Асаблівай рысай пабожнасці езуітаў да Марыі з’яўляецца надзвычайны сыноўні давер да маці, якая цалкам аддалася служэнню сыну, стаўшы “слугою Пана”, што для Ігнацыя заўсёды было ўвасабленнем канчатковай мэты чалавека.

Тэолагі – Суарэс, Белармін, Канізій – апісвалі Марыю як Беззаганную, найпрыгажэйшую са стварэнняў, узвышаную над усімі анёламі і святымі, паколькі Езус Хрыстус – адзіны чалавек, які мог не толькі выбраць сваю Маці, але і стварыць Яе, у сваім усёведанні і ўсемагутнасці, як самае дасканалае стварэнне, узнесенае Панам да годнасці Каралевы Сусвету. 

Марыя была плодам усемагутнасці Бога і была пастаўлена на служэнне Яго бясконцай любові, і таму як дачка Айца, Маці Сына, Абранніца Духа Святога “пасля Сына была ўзнесена вышэй за ўсіх анёлаў і людзей”, цяпер найбліжэйшая да Тройцы, і, па словах Льва XIII, які цытуе Яна Дамаскіна: eius in manibus sunt thesauri miserationum Domini (у Яе руках скарбы Божай міласэрнасці).

Святое Пісанне дапаўняе гэты вобраз, кажучы, што Марыя – найбліжэйшае да таямніцы Хрыста стварэнне, таму што Яна адна дала Яму чалавечую прыроду і найбольш поўна ўдзельнічала ў Ягоным крыжы. Яна – mater dolorosa, Маці Балесная, якая цярпела як ніхто іншы ў цэлым свеце і таму стала “нашай Маці ў парадку ласкі”, якая натхняе нас на спачуванне і ў той жа час заахвочвае быць сабой, такімі, якія мы ёсць. Калі мы бачым Яе церпячай «без вагання пад крыжам», і разумеем, што Езус дае Яе нам: «Жанчына, вось сын твой; сын, вось Маці твая», калі думаем пра «самотнасць нашай Пані з такім вялікім цярпеннем і знямогай», можам быць упэўнены, што Каралева Нябёсаў, узнесеная і магутная, ведае нашыя пакуты, бо ў болю нарадзіла нас, а любоў Яе саступае па сіле толькі Божай любові. Яна – Панна, якая “дае прыклад той мацярынскай любові”, з якой яна гатовая і здольная прыйсці на дапамогу. “Яна клапоціцца з мацярынскай любоўю пра братоў свайго Сына, якія ўсё яшчэ пілігрымуюць, аточаныя небяспекамі і цяжкасцямі”. З гэтай прычыны Яна з’яўляецца знакам надзеі і суцяшэння, і таму ў цяжкія хвіліны з нашых вуснаў вырываецца крык: monstra te esse matrem (пакажы, што Ты – наша Маці).

Такі дух сыноўства, як у дзіцяці да маці, быў уласцівы Ігнацыю. Менавіта гэты дух спрычыніўся да таго, што ён лічыў сябе “нікчэмным слугой” Марыі ў Бэтлееме, а калі ў нечым цярпеў няўдачу, то адчуваў “сорам ці штосьці падобнае перад Маці Божай”, як неаднаразова пісаў у сваім “Духоўным дзённіку”.

“Я ўбачыў вобраз Нашай Пані і зразумеў, наколькі сур’ёзнай была мая правіна ў той дзень, не без унутранага болю і слёз, бо мне здавалася, што я страціў прыхільнасць Нашай Пані, якая так часта малілася за мяне, пасля безлічы маіх няўдач, так шмат, што стаілася ад мяне, і я не адчуваў пабожнасці ані да Яе, ані да таго, што ў вышыні”.

“Калі я маліўся да Сына, каб дапамог мне з Айцом разам са Сваёй Маці, адчуў імпульс пайсці і стаць перад Айцом, і ў гэтым руху я адчуў, як мае валасы ўсталі дыбарам, а таксама моцны жар ва ўсім целе, а затым слёзы і пабожнасць падчас Імшы”.

Езуіт працягвае шукаць дапамогі і абароны ў Марыі, як у Маці, як сам Ігнацый спадзяваўся і прагнуў:

“Няхай спадабаецца Нашай Пані заступацца за нас, грэшнікаў, перад сваім Сынам і Панам, і вымаліць нам, каб у супрацоўніцтве з нашымі намаганнямі Яна змяніла нашыя слабыя і мізэрныя душы і зрабіла іх моцнымі і радаснымі на хвалу Божую”.

Пэдра Арупэ SJ 

Крыніца: https://jesuitportal.bc.edu/research/documents/1973_arrupemariandevotion/

Галоўная выява: алтар з абразом Маці Божай Спадарожніцы. Касцёл Il Gesù ў Рыме, капліца Madonna della Strada 
Georges Jansoone (JoJan), CC BY 3.0, Wikimedia Commons